КАСЦЮКО́ВІЦКІ ЦЭМЕ́НТНЫ ЗАВО́Д, Беларускі цэментны завод. Размешчаны ў г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1987. Першая тэхнал. лінія магутнасцю 1,2 млн. т/год пушчана 11.9.1996. Завод уключае 22 цэхі, кар’ераўпраўленне, фірмы «Цэмбудрамонт» і «Цэментгандаль». Працуе на сыравіне мясц. радовішча мергелю «Камунарскае» (балансавыя запасы 335,75 млн. т). Вытв-сць цэменту вядзецца сухім спосабам. Асн. прадукцыя (1998): партландцэмент высокіх марак: ПЦм — 500 ДО, ПЦм — 550 ДО, ПЦм — 500 Д20, ПЦм — 600 ДО. Прадукцыя рэалізуецца на Беларусі.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ТВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.

У Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Лотвічы. Пластападобны паклад звязаны з краявымі марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі бураваты, слаба гліністы, з праслоямі розназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 12,8 млн. м³, перспектыўныя 14 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—20,2 м, ускрышы (пяскі, супескі) 1—7 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЖА,

радовішча пяску каля в. Гожа Гродзенскага р-на. Паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Нёман. Пяскі шэрыя і жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробна- і сярэднезярністыя, з лінзамі тонка- і буйназярністага пяску. Разведаныя запасы 23,85 млн. м³, перспектыўныя 9,96 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,6—12 м, ускрышы 0,2—3,3 м. Пяскі прыдатныя на вытв-сць сілікатна-бетонных вырабаў. Радовішча распрацоўваецца Гродзенскім камбінатам буд. матэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТА́ШЫНА,

радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяскоў ва Ушацкім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., каля вёсак Мажуйкі і Зерчаніцы. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял шэры, месцамі гліністы. Пяскі сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 25,2 млн. м³, перспектыўныя — 33,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,8—15 м, ускрышы (пяскі, торф) 0,2—3,4 м. Жвір і пясок прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВЯЛІ́КІ МОХ,

нізіннае балота ў Ганцавіцкім, часткова Ляхавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Бобрык 1-ы. Пл. 6,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,9 тыс. га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя 1,5 м. Запасы торфу каля 10 млн. т. Растуць пераважна асокі і мох сфагнум, на асобных участках журавіны. На значнай ч. балота лес з хвоі і бярозы, часткова з вольхі. Ёсць пясчаныя астравы і грады, укрытыя хваёвым лесам.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДДУ́БІЧЫ,

балота нізіннага і пераходнага тыпаў у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Беларусі (38,2 тыс. га) і ў вадазборах рэк Сцвіга і Маства ў межах Украіны. Пл. 48,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу — 19,5 тыс. га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,4 м. Запасы торфу каля 38 млн. т. На б. ч. лясы з хвоі і бярозы, растуць трыснёг, асокі, гіпнавыя і сфагнавыя імхі. Трапляюцца пясчаныя астравы і грады, парослыя пераважна хваёвым лесам.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДМАСКО́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН Складаецца з больш як 90 радовішчаў у Наўгародскай, Цвярской, Смаленскай, Калужскай, Тульскай і Разанскай абл. Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Вуглі выяўлены ў 1722, здабываюцца з 1855. Балансавыя запасы да глыб. 200 м — 4,1 млрд. т. Вугляносная тоўшча ніжняга карбону (магутнасць да 50 м) мае 4 прамысл. пласты (магутнасць 1,4—12 м) бурага вугалю (тэхн. група В-2). Цеплыня згарання на рабочае паліва 11,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабам.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-АЛЯКСА́НДРАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад в. Аляксандраўка. Адкрыта ў 1981. Распрацоўваецца з 1984. Паклады нафты пл. каля 2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Аляксандраўска-Баршчоўскай зоны падняццяў. Нафтаносны пласт залягае на глыб. 2770—2780 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя поравакавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 7 км на Пд ад р.п. Сасновы Бор. Адкрыта ў 1976. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 6,6 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну, на паўд. апушчаным крыле Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 3300—4050 м. Пароды-калектары — другасныя кавернава-поравыя даламіты. Нафта высакаякасная, маласярністая, маласмалістая, высокапарафіністая. Разведаныя запасы 15,5 млн. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Адкрыта ў 1985. Распрацоўваецца з 1986. Паклады нафты пл. каля 9 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносныя блокі залягаюць на глыб. 3450—4050 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т, перспектыўныя больш за 1,1 млн. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)