РЫВАДА́ВІЯ ((Rivadavia) Бернардзіна) (20.5.1780, Буэнас-Айрэс — 2.9.1845),

палітычны і дзярж. дзеяч Аргенціны. У 1810 адзін з кіраўнікоў Патрыят. хунты — першага ўрада Аргенціны. У 1811—12 чл. кіруючага Трыумвірата, потым ваен. міністр, міністр унутр. і замежных спраў. У 1815—20 у Еўропе з дыпламат. місіяй. Лідэр унітарыстаў, якія стаялі за стварэнне цэнтралізаванай аргенцінскай дзяржавы. У 1821—24 міністр унутр. і замежных спраў, правёў шэраг эканам. і паліт. рэформ; агр., банкаўскую, ваен., дамагаўся аддзялення царквы ад дзяржавы. У лют. 1826 абраны прэзідэнтам Аб’яднаных правінцый Ла-Платы (са снеж. 1826 — Федэратыўная Рэспубліка Аргенціна). У чэрв. 1927 пад націскам паліт. праціўнікаў падаў у адстаўку і эмігрыраваў.

т. 13, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́Т (англ. budget літар. сумка),

заканадаўча зацверджаны роспіс грашовых даходаў і расходаў дзяржавы (гл. Бюджэт дзяржаўны), прадпрыемства (фірмы), установы на пэўны перыяд. Вылучаюць таксама Бюджэт спажывецкі, Бюджэт рабочага часу і інш.

т. 3, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМА́РШ (франц. demarche літар. выступленне),

пратэст, просьба або перасцярога па якім-н. пытанні, заява ўрада ці ведамства замежных спраў адной дзяржавы іншай дзяржаве. Можа быць выказаны ў ноце, мемарандуме і інш.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СУ,

вадасховішча ў Зах. Афрыцы н тэр. дзяржавы Кот-д’Івуар, на р. Бандама. Пл. 1500 км², аб’ём 29,5 км³, даўж. 150 км. Створана ў 1972—78 з мэтай энергетыкі і ірыгацыі.

т. 8, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),

1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.

Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.

2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.

3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л. спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.

4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл. Сухапутныя войскі.

5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).

6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАПО́ЛЬШЧА (Małopolska),

гістарычная вобласць Польшчы ў бас. верхняй і сярэдняй Віслы, у межах сучаснага Малапольскага ваяводства. У 9 ст. месца рассялення віслян і інш. плямён.

У 9—10 ст. землі М. ўваходзілі ў Вялікамараўскую дзяржаву і Чэшскае княства, з канца 10 ст. ў складзе стараж.-польскай дзяржавы Пястаў. Назва «М.» ўзнікла ў 14—15 ст. у адрозненне ад Вялікай (Старой) Польшчы (гл. Велікапольшча). У 11 ст. на тэр. М. існавалі 2 зямлі (правінцыі): Кракаўская з г. Кракаў (з 1040 сталіца Польшчы) і Сандамірская. У выніку распаду дзяржавы на ўдзелы абедзве зямлі ператварыліся ў княствы (пераважна належалі аднаму князю і ўтваралі ўдзел М.). Пасля ўз’яднання Польскай дзяржавы ў пач. 14 ст. з абодвух княстваў утвораны ваяводствы. У 1474 з Сандамірскага ваяв. вылучана Люблінскае ваяв., у 1564 да Кракаўскага ваяв. далучаны Асвенцімскае і Заорскае княствы. Пры падзеле Польшчы на правінцыі ў 1589 да М. далучаны ўкр. землі (ваяводствы Рускае, Валынскае, Падольскае, Брацлаўскае і Кіеўскае). У 14—16 ст. М. адна з найб. эканамічна развітых абласцей Польшчы, адыгрывала дамінуючую паліт. ролю ў дзяржаве. У 15 ст. шляхце М. і Велікапольшчы надаваліся асобныя прывілеі, існавалі 2 асобныя генеральныя сеймікі (для М. ў Новым-Корчыне). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай б.ч. М. далучана да Аўстрыі, ваяводствы Кіеўскае, Брацлаўскае і Падольскае — да Расіі. З 1809 паўн. ч. М. ў складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Каралеўства Польскага. У 1815—46 на тэр. Кракава з акругай існавала Кракаўская рэспубліка, у 1846 уключаная ў склад Аўстрыі. З 1918 уласна М. ў складзе адноўленай Польскай дзяржавы.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНКС (Banks),

група вулканічных астравоў на ПдЗ Ціхага ак., паміж а-вамі Санта-Крус і Новымі Гебрыдамі. Уваходзіць у склад дзяржавы Вануату. Пл. каля 800 км². Клімат гарачы і вільготны. Трапічная расліннасць.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫ́Я ВЫ́БАРЫ,

выбары, калі грамадзяне непасрэдна выбіраюць дэпутатаў прадстаўнічага органа або кіраўніка дзяржавы, у адрозненне ад выбараў непрамых, калі гэтых асоб выбіраюць ніжэй стаячыя органы або выбарчыя калегіі. Гл. таксама Выбарчая сістэма.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСТРЫ́КЦЫЯ (ад позналац. restrictio абмежаванне),

абмежаванне манаполіямі вытв-сці, продажу і экспарту тавараў з мэтай павышэння цэн і атрымання звышпрыбыткаў; абмежаванне цэнтр. банкам дзяржавы памераў крэдыту камерцыйным банкам з мэтай стрымлівання інфляцыі.

т. 14, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДРО́ША, Вядрошка,

рака ў Смаленскай вобл. Расійскай Федэрацыі, правы прыток Кацілаўкі (бас. Дняпра, недалёка ад г. Дарагабуж). Каля Вядрошы ў 1500 адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы. Гл. Бітва на Вядрошы 1500.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)