МАЛЬЁРКА, Маёрка (Mallorca),

востраў у Міжземным м., найбольшы з Балеарскіх астравоў. Належыць Іспаніі. Пл. 3640 км². Пераважаюць узгорыстыя раўніны, на ПнЗ — горы выш. да 1445 м. Паўн.-ўсх. і паўд.-зах. берагі расчлянёны буйнымі бухтамі. Міжземнаморскія ландшафты. Вырошчваюць цытрусавыя, вінаград, алівы. Рыбалоўства. Курорты (Пальма і інш.). Турызм.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЫ, Горы,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіні пораў года: Эўномія («добразаконне»), Дзіке («справядлівасць»), Эйрэна («мір»). Лічыліся дочкамі Зеўса і Феміды, сёстрамі мойраў і харыт. Паводле пашыраных міфаў, О. ўпарадкоўваюць жыццё чалавека, уносяць у яго ўсталяваную перыядычнасць, назіраюць за яго заканамерным рухам. У «Іліядзе» О. сцерагуць воблачную браму Алімпа.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДГО́Р’І,

паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭВАСЯ́Н (Грант Ігнатавіч) (н. 12.2. 1935, с. Ахнідзор, Арменія),

армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1962). Друкуецца з 1959. У кнігах аповесцей і апавяданняў «Мы і нашы горы», «Аранжавы табун» (абедзве 1962), «Жнівень» (1967), «Маці едзе жаніць сына», «Жыла зямлі» (абедзве 1973), «Наш бег», «Дрэвы» (абедзве 1978), «Ташкент» (1982), «Гаспадар» (1983) і інш. жыццё сучаснай вёскі, складаны свет чалавечых узаемаадносін, непарыўная сувязь чалавека і прыроды. Яго творам уласцівы паглыблены псіхалагізм і філас. сімволіка, тонкае паэтычнае светаадчуванне, лірызм і гумар. Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія Арменіі 1983. Дзярж. прэмія СССР 1984. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Васілевіч, У.​Васілевіч, М.​Гіль, М.​Татур, Г.​Шаранговіч, А.​Шарахоўская, Г.​Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Мы і нашы горы: Аповесці, апавяданні. Мн., 1988;

Рус. пер. — Твой род: Повести и рассказы. М., 1982.

Д.​Гаспаран.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАШУ́Й, Эдзін-Гол (у вярхоўі — Хэйхэ),

рака на Пн Кітая. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў ледавіках хрыбтоў Ціляньшань і Таалайшань (горы Наньшань), цячэ праз пустыні Алашань і Гобі, упадае некалькімі рукавамі (гал. — Марын-Гол, Іх-Гол) у азёры Гашун-Нур і Саго-Нур. Летняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЙН (Line),

падводныя горы ў Ціхім ак., частка сістэмы Цэнтральна-Ціхаакіянскіх горных падняццяў. Працягваюцца ад атола Джонстан да а-воў Туамоту. Даўж. 3400 км, шыр. да 200 км, падножжа на глыб. каля 5000 м. Найменшая глыб. над грэбенем 640 м. Найб. высокія вяршыні вулканічнага паходжання ўтвараюць а-вы Лайн.

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПТЫ,

рака ў Непале і Індыі, левы прыток р. Гхагхра (бас. р. Ганг). Даўж. больш за 600 км, пл. басейна каля 30 тыс. км². Пачынаецца ў Гімалаях, перасякае ў вузкай цясніне горы Сівалік, ніжняе цячэнне на Інда-Гангскай раўніне. Летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ніжэй г. Гаракхпур (Індыя).

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДА́Й-АСА́ХІ,

нацыянальны парк у Японіі на в-ве Хонсю. Засн. ў 1950. Пл. каля 190 тыс. га (уключае некалькі запаведнікаў). Размешчаны ў раёнах актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Бандай і Адзума): горы ўкрытыя шыракалістымі і хваёвымі лясамі, на вяршынях — лугі і хмызнякі. Шматлікія азёры. Своеасаблівая фауна (чорны мядзведзь, сернаказа, японская макака).

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫРА́НГА,

горы на Пн п-ва Таймыр, у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Сістэма паралельных або кулісападобных хрыбтоў і хвалістых плато працягласцю да 1100 км, шыр. больш за 200 км. Выш. да 1146 м. Складзены пераважна з габрадыябазаў. На У ледавікі (агульная пл. 30,5 км²). Камяністая тундра і арктычная горная пустыня.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЬСУ́,

правінцыя ў Паўн. Кітаі. Пл. 362,9 тыс. км². Нас. каля 35 млн. чал. (1994). Адм. ц. г. Ланьчжоў. Рэльеф пераважна горны. На Пн — горы Бэйшань (выш. да 2791 м), на Пд ад іх горы Наньшань (вышэй за 5000 м), Міньшань, Цыньлін. На крайнім У частка Лёсавага плато. Клімат кантынентальны. Ападкаў 150—400 мм, на ПдУ да 600 мм. Паўн. Ганьсу адносіцца да бяссцёкавых раёнаў Цэнтр. Азіі, сярэдняя дрэніруецца р. Хуанхэ і яе прытокамі, паўд. належыць бас. Янцзы. Пераважаюць горна-стэпавыя і горна-пустынныя ландшафты. С.-г. раён, апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі, значная частка штучна арашаецца. Пасевы пшаніцы, проса, гааляну, кукурузы, ячменю, цукр. буракоў, тытуню, бавоўны. Жывёлагадоўля качавая (авечкі, буйн. раг. жывёла і які, вярблюды, коні). Нафтаздабыча і нафтаперапрацоўка (цэнтр г. Юймынь). Здабыча каменнага вугалю, меднай і жал. руд. Прам-сць: хім., металаапр., атамная (вытв-сць расшчапляльных матэрыялаў). Асн. прамысл. цэнтр. — г. Ланьчжоў. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)