ДА́ЎЭСА ПЛАН,

план забеспячэння выплаты рэпарацый Германіяй, устаноўлены для яе дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя пасля 1-й сусв. вайны). Распрацаваны ў 1923—24 міжнар. к-там экспертаў на чале з Ч.Даўэсам (адсюль назва). Зацверджаны 16.8.1924 на спец. канферэнцыі ў Лондане. Прадугледжваў выдаткаванне Германіі пазыкі ў памеры 200 млн. дол. (у т. л. 110 млн. банкамі ЗША) для стабілізацыі яе валюты (маркі), устанаўленне кантролю саюзных дзяржаў над герм. дзярж. бюджэтам, грашовым абарачэннем, крэдытам і чыгункамі, вызначыў памеры плацяжоў Германіяй у першыя 5 гадоў па 1—1,75 млрд. марак у год, потым па 2,5 млрд. марак у год. Прыняцце Д.п. садзейнічала паскарэнню вываду франц. і бельг. войск з Рура пасля рурскага канфлікту 1922—23, павелічэнню замежных інвестыцый у эканоміку Германіі і, як вынік, аднаўленню герм. эканам. патэнцыялу. У 1930 заменены Юнга планам.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛЬ ((Kohl) Гельмут) (н. 3.4.1930, г. Людвігсгафен, Германія),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р філасофіі (1958). З 1947 чл. Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС), у 1966—74 старшыня арг-цыі ХДС у зямлі Рэйнланд-Пфальц, у 1973—98 федэральны старшыня ХДС. Дэп. гар. савета Людвігсгафена (1960—66), ландтага зямлі Рэйнланд-Пфальц (1959—76, старшыня фракцыі ХДС у 1963—69), бундэстага (з 1976, у 1976—82 лідэр апазіцыі). У 1969—76 прэм’ер-міністр зямлі Рэйнланд-Пфальц. У 1982—98 федэральны канцлер ФРГ. Пры ім адбылося аб’яднанне Германіі (3.10.1990, святкуецца як нац. свята ФРГ), паглыбілася еўрап. інтэграцыя, умацаваліся міжнар. пазіцыі ФРГ, развілося супрацоўніцтва Германіі з краінамі СНД.

Літ.:

Стрелец М.В. Федеративная Республика Германия под властью христианско-либеральной коалиции: основные итоги. Брест, 1998.

М.​В.​Стралец.

Г.Коль.

т. 8, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТГО́МЕРЫ Аламейнскі

(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),

брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РТАС (Афанасій) (свецкае імя Антон Вікенцьевіч; 21.9.1904, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.11.1983),

бел. рэліг. дзеяч, гісторык праваслаўнай царквы. Магістр багаслоўя (1933). Скончыў тэалагічны ф-т Варшаўскага ун-та (1930). У 1942—44 епіскап віцебскі і полацкі. Удзельнік Усебеларускага царк. сабора 30.8—2.9.1942, на якім была абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ). З 1944 у эміграцыі ў Германіі, кіраваў бел. прыходамі ў брыт. зоне акупацыі. 6.5.1946 разам з епіскапатам БАПЦ далучыўся да Рус. зарубежнай правасл. царквы (РЗПЦ). З пач. 1950-х г. архіепіскап РЗПЦ у Аргенціне, з 1970 у Аўстраліі — архіепіскап сіднейскі і новазеландскі. З 1971 жыў у Аргенціне. Даследаваў гісторыю праваслаўя Беларусі, у 1947 выдаў у Германіі «Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы».

Тв.:

Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990.

Л.​У.​Языковіч.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫ́ЧНАЯ СТРАФА́,

від 10-радковай страфы. Ужывалася ў паэзіі 16—17 ст. у Францыі, потым у Германіі і Расіі, дзе ў 18 ст. была традыцыйнай для ўрачыстых одаў. Адычная страфа аб’ядноўвала 4- і 6-радкоўе па схеме АбАбВВгДДг, пісалася 4-стопным ямбам з пэўным чаргаваннем рыфмаў.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (15.3.1920, в. Ліпск Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. —29.5.1994),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з 1945 на фронце. Стралок, камандзір аддзялення М. вызначыўся ў сак. ў баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1980 працаваў у нар. гаспадарцы.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ ЛА́ГЕРЫ ДЛЯ ПЕРАМЕ́ШЧАНЫХ АСО́Б у Германіі і Аўстрыі.

Існавалі ў 1945 — пач. 1950-х г. Пасля 2-й сусв. вайны саюзніцкія акупац. ўлады стварылі лагеры для часовага ўтрымання грамадзян інш. дзяржаў, якія па розных прычынах апынуліся ў Германіі і атрымалі статус перамешчаных асоб. У 1945 створаны 3 бел. лагеры: у Рэгенсбургу (амер. акупац. зона), Ватэнштэце і Гослары (англ. акупац. зона), пазней яшчэ каля 20 бел. лагераў у Зах. Германіі і некалькі ў Аўстрыі. У іх налічвалася каля 2 тыс. беларусаў. Лагеры (на іх не распаўсюджвалася юрысдыкцыя герм. улад) мелі сваю адміністрацыю. Пад кіраўніцтвам нац. к-таў была створана адукац.-асв. сістэма: дашкольныя ўстановы, пач. школы, гімназіі, школы для дарослых, прафес. курсы. Бел. школы мелі нац. характар. Пры лагерах існавалі нац. арг-цыі — Ліга бел. паліт. вязняў у Нямеччыне, Задзіночанне бел. ветэранаў, Бел. студэнцкае згуртаванне, Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. Яны здолелі наладзіць на пач. 1947 выпуск амаль 20 газет і часопісаў — «Бацькаўшчына», «Шляхам жыцця», «Шыпшына», «Зважай», «Крывіцкі светач», «Беларуская думка» і інш. У сувязі з дазволам для перамешчаных асоб выбару месца сталага пражывання і ад’ездам іх у розныя краіны свету лагеры на пач. 1950-х г. былі ліквідаваны.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Максімюк Ян. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью Ёрк;

Беласток, 1994.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТШУ́ЛЬ (Алена Барысаўна) (н. 4.4.1964, Мінск),

бел. спартсменка (міжнар. стаклетачныя шашкі). Скончыла Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1985). Чэмпіёнка (1980, 1982—84, 1986), віцэ-чэмпіёнка (1979, 1987) свету ў асабістым першынстве. Чэмпіёнка СССР у асабістым першынстве (1978, 1979, 1982). Пераможца і прызёр усесаюзных спаборніцтваў. З 1991 жыве ў Германіі.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМЫКО́ВІЧ (Мікалай Захаравіч) (3.5.1916, в. Чырвоная Слабада Акцябрскага р-на Гомельскай вобласці — 14.12.1976),

поўны кавалер ордэна Славы. З 1941 на Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Удзельнік абарончых баёў на тэр. Беларусі, Украіны, Курскай бітвы. Камандзір гарматы ст. сяржант Асмыковіч вызначыўся ў баях на Беларусі, Украіне і ў Германіі.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТО́ШКІН (Віктар Дзмітрыевіч) (н. 10.5.1925, в. Новая Мільча, цяпер у межах Гомеля),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Камандзір мінамётнага разліку сяржант Вятошкін вызначыўся пры фарсіраванні Віслы, Одэра і ў баі на подступах да Эльбы.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)