НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,

навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел. дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз. Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс. экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж. бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.

А.І.Варанько.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (НАРБ). Засн. ў 1927 у Мінску як архіў Кастр. рэвалюцыі, з ліп. 1938 наз. архіў Кастр. рэвалюцыі і сацыяліст. будаўніцтва БССР, з мая 1993 — Бел. дзярж. архіў, з чэрв. 1995 сучасная назва. З 1930 знаходзіўся ў Магілёве, з 1944 у Мінску. Захоўваюцца дакументы органаў дзярж. улады і кіравання Беларусі, рэсп., парт., камсам., прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, ВНУ, устаноў і арг-цый Часовага ўрада Расіі на тэр. Беларусі, бел. нац. і ням. акупац. устаноў перыядаў акупацыі рэспублікі Германіяй і Польшчай, асабістыя фонды дзярж. і грамадскіх дзеячаў Беларусі з сак. 1917 да нашых дзён. Мае 200 фондаў, 916,5 тыс. спраў (2000). Дакументы адлюстроўваюць падзеі Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, устанаўлення сав. улады на Беларусі, утварэння БНР і БССР, дзейнасць КПБ і ЛК.СМБ, аднаўленне нар. гаспадаркі і развіццё культуры ў 1920-я г., сацыяліст. буд-ва, нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, ням. акупац. рэжым, барацьбу бел. народа супраць акупантаў, развіццё партыз. руху і патрыят. падполля ў гады Вял. Айч. вайны, аднаўленне і развіццё эканомікі і культуры ў пасляваенны час, станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Архіў вядзе н.-д. дзейнасць, распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, тэорыі і методыкі архівазнаўства. Разам з інш. навук. ўстановамі рыхтуе дакумент. выданні. Працуюць аддзелы: забеспячэння захавання дакументаў і фондаў, інфарм.-пошукавых сістэм; справаводства, камплектавання і ведамасных архіваў, навук. выкарыстання, дакументаў і інфармацыі; асабістых фондаў; дакументаў Вял. Айч. вайны; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў; публікацыі дакументаў; бібліятэка (8,2 тыс. экз. кніг, 1,7 тыс. гадавых камплектаў часопісаў, 1,5 тыс. гадавых камплектаў газет).

В.Д.Селяменеў.

т. 11, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОТАДРУКАВА́ННЕ,

паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў.

Вядома з 2-й пал. 15 ст. У першых друкаваных царк. кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй (гл. Нотнае пісьмо). Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У.Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Ф.Нігера (1480, Венецыя). Да 17 ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» О.Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 А.Петручы вынайшаў рухомыя метал. шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 франц. друкар П.Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П.Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невял. частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1754 І.Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з 3 частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла ўзнаўляць любыя акорды. З ускладненнем муз. фактуры ў 18 ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С.Веровіо ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца 18 ст. ноты друкавалі непасрэдна з метал. дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на метал. формы для плоскага друку. У Расіі маскоўскі арганіст 17 ст. С.Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 С.Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—72). Свецкія муз. творы да 1770-х г. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І.Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—18, Астрахань).

На Беларусі Н. вядома з сярэдзіны 16 ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец 16—1-я чвэрць 18 ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я г.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У 17 ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найб. ранніх у Еўропе — «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы 16 — пач. 17 ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў (гл. Канцыяналы). У 17—19 ст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны. У 1850 — пач. 1860-х г. А.Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія муз. творы бел. кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, яго ж зб. «Польскія песні» і інш.

Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для Н.: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спец. знакамі, фотамех. спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.

Літ.:

Кунин М.Е. Нотопечатание: Очерки. 2 изд. М., 1966;

Иванов Г.К. Нотоиздательское дело в России: Ист. справка. М., 1970;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Л.П.Касцюкавец.

Да арт. Нотадрукаванне. Тытульныя лісты зборніка «Польскія песні» і «Паланэза» Ф.Міладоўскага.

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАТАЛІ́ЦКІЯ МІ́СІІ за мяжой.

Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.Германовіч, Надсон, Р.Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел. рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).

Л.У.Языковіч.

Да арт. Беларускія каталіцкія місіі за мяжой. Шыльда перад уваходам і інтэр’ер царквы св. Пятра і Паўла пры Доме марыянаў у Лондане.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНАЧА́РСКІ (Анатоль Васілевіч) (23.11. 1875, г. Палтава, Украіна — 26.12.1933),

савецкі дзярж. дзеяч, філосаф, пісьменнік і мастацтвазнавец. Акад. АН СССР (1930). Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1895—96). З 1892 у с.-д. руху, у 1910—17 чл. с.-д. груп «Наперад», «Пралет. л-ра» і «міжраёнцаў», супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах «Вперед», «Пролетарий» і інш. У 1917—29 нар. камісар асветы РСФСР; адзін з арганізатараў сав. сістэмы адукацыі. Садзейнічаў арг-цыі БДУ у Мінску (1921). Вял. ролю адыграў у развіцці кнігавыдання і бібліятэчнай справы, у арг-цыі перакладаў рус. кніг на замежныя мовы і ў выданні перакладаў на рус. мову. 3 вер. 1929 старшыня Вучонага к-та пры ЦВК СССР. Са жн. 1933 паўнамоцны прадстаўнік СССР у Іспаніі. Аўтар прац па эстэтыцы, філасофіі, міжнар. палітыцы, тэорыі і гісторыі л-ры, т-ра, выяўл. мастацтва, кіно, музыкі. Адзін з тэарэтыкаў сацыялістычнага рэалізму. Яго п’есы «Фауст і горад» (1918), «Олівер Кромвель» (1920), трылогія пра Т.Кампанелу (напісаны 2 ч.: «Народ», 1920; «Герцаг», 1922), «Падпальшчыкі» (1924, паст. т-рам імя Я.Купалы пад назвай «Чырвоная маска», 1925), «Аксаміт і лахманы» (1927) і інш. прасякнуты напружанай філас. думкай і ўзвышаным пафасам тыранаборства. Аўтар цыкла апавяданняў «Маленькія фантазіі», кінасцэнарыяў. Перакладаў на рус. мову ўрыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Ш.Пецёфі і інш. Высока цаніў творчасць Я.Коласа, М.Багдановіча, Я.Пушчы і асабліва Я.Купалы, якога называў «бацькам новай бел. паэзіі». Напярэдадні 25 годдзя літ. дзейнасці Я.Купалы апублікаваў арт. «Народны паэт Беларусі» (1930), прысвяціў яму верш-экспромт.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1963—67;

Статьи о литературе Т. 1—2. М., 1988.

Літ.:

Исаев С.Г. Жизнь и деятельность Луначарского (1917—32). Т. 1—3, кн. 1—5. Душанбе, 1992.

А.В.Луначарскі.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬНАДУ́МСТВА,

ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.Бруна, Б.Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.

На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.Будны, В.Цяпінскі, С.Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.Нарбут, у 19 ст. — Э.Жалігоўскі, І.Ястржэмбскі, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Багдановіч, М.Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Основы религиоведения. М., 1994.

Я.М.Бабосаў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКЦЫЯНІ́РАВАННЕ,

мэтанакіраванае выяўленне, набыццё і сістэматычнае камплектаванне збораў пераважна аднародных прадметаў. Аб’екты К. — разнастайныя рэчы духоўнай і матэр. культуры (творы выяўл. мастацтва, рукапісы, друкаваныя выданні, манеты і інш.), аб’екты прыроды (мінералы, расліны і інш.). К. вядома са старажытнасці. Прыватнае К. пачалося ў антычнасці, дасягнула росквіту ў Стараж. Рыме і Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння (14—16 ст.). У ВКЛ і Рэчы Паспалітай найб. стараж. калекцыі, у т. л. знакаміты збор габеленаў Жыгімонта II Аўгуста, належалі Ягелонам. Каштоўны збор твораў мастацтва мелі Ян III Сабескі і С.Патоцкі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі збіральніцтвам займаліся П.М. і С.М.Траццяковы (выяўл. мастацтва), М.К.Ценішава (этнаграфія), А.В.Марозаў (кераміка), А.С.Увараў (археалогія) і інш. Многія прыватныя зборы ператварыліся ў музеі (Луўр, Траццякоўская галерэя, Эрмітаж і інш.). У Зах. Еўропе ў 15—16 ст., у Расіі з 18 ст. сталі пашыранымі змешаныя зборы — кунсткамеры (у Расіі 1-я створана Пятром 1). У 20 ст. ў К. вылучыліся кірункі: навуковы (займаюцца пераважна музеі), навучальны (як сродак нагляднасці ў навуч. працэсе), аматарскі, які ўключае філатэлію, баністыку, філуменію (К. этыкетак), фалерыстыку (К. ордэнаў, медалёў, значкоў і інш.), філафанію (К. гуказапісу), філакартыю (К. паштовак) і інш. У Беларусі К. зарадзілася ў 12—14 ст. у канфесіянальных установах Полацка, Гурава, Віцебска і інш., прыватнае разгарнулася ў 16 ст. Найб. калекцыі ў 16—18 ст. былі ў Нясвіжскім замку Радзівілаў (рукапісы, кнігі, манеты, зброя і інш), у маёнтках Храптовічаў Шчорсы (Навагрудскі р-н) і Вішнева (Валожынскі р-н), у пастаўскай галерэі К.Тызенгаўза (творы італьян., галанд., франц., ням. мастакоў 16—18 ст.). У 19 ст. ўвага збіральнікаў была скіравана пераважна на помнікі айч. даўніны. Сярод калекцыянераў таго часу Я.П. і К.П.Тышкевічы ў Лагойску, М.П.Румянцаў у Гомелі і інш. Спецыялізаваныя калекцыі ствараюць калекцыянеры-аматары А.А.Стуканаў (паштовыя маркі), В.Н.Рабцэвіч і А.П.Арлоў (манеты), А.Я.Белы (бел. выяўл. мастацтва) і інш. З 1990 выходзіць газета «Беларускі калекцыянер».

У.С.Цярохін.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРУ́СА ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫІ,

сукупнасць даведачных выданняў, што выпускаюцца франц. выдавецкай фірмай «Ларус». Засн. ў 1852 франц. лексікографам П.Ларусам сумесна з О.Буае. Першыя выданні: «Petite encyclopédie du jeune âge» («Малая дзіцячая энцыклапедыя», 1853) і «Grand dictionnaire universel du XIX-e siécle» («Вялікі універсальны слоўнік XIX ст.», т. 1—17, 1865—90, т. зв. «Ларус XIX ст.»). Сярод інш. выданняў 19 ст.: «Nouveau Larousse illustré en 7 volumes» («Новы ілюстраваны Ларус», т. 1—7, 1897—1904, дадатковы том 1907), «Dictionnaire complet illustré» («Поўны ілюстраваны слоўнік», 1889; 140 перавыданняў). На базе апошняга даведніка, які спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і энцыклапедычнага слоўніка, быў падрыхтаваны «Petit Larousse» («Малы Ларус», з 1906 выдаецца штогод). Для аператыўнага папаўнення вял. энцыклапедый Ларуса найноўшымі звесткамі з 1907 выдаецца спец. энцыклапедычны час. «Larousse mensuel illustré» («Штомесячны ілюстраваны Ларус», 1907—98; у 1941—47 не выходзіў). З 1920-х г. выдаюцца прынцыпова новыя універсальныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі: «Larousse du ХХ-е siécle en 6 volumes» («Ларус XX ст.», т. 1—6, 1928—33), «Grand Larousse encyclopédique en 10 volumes» («Вялікі энцыклапедычны Ларус», т. 1—10, 1960—64, дадатковы том 1968; перавыданне т. 1—15, 1985—87), «Grand Larousse de la langue franęaise en 7 volumes» («Вялікі Ларус французскай мовы», т. 1—7, 1971—78) і інш. Выдадзены таксама энцыклапедычныя даведнікі агульнага прызначэння: «Nouveau Larousse universel» («Універсальны новы Ларус», т. 1—2, 1948—49), «Encyclopédie Larousse méthodique» («Сістэматычная энцыклапедыя Ларуса», т. 1—2, 1955), «Encyclopédie Larousse des enfants» («Энцыклапедыя Ларуса для дзяцей», 1957), «Larousse de la langue franęaise» («Слоўнік французскай мовы Ларуса», 1979), «Grand dictionnaire encyclopédique Larousse» («Вялікі энцыклапедычны слоўнік Ларуса», 1982) і інш. Выдаюцца таксама шматлікія галіновыя Ларусы (муз., мед., с.-г. і інш.).

Публ.: Энциклопедия для юношества («Ларусс»): Пер. с фр. М., 1998.

Літ.:

Гудовщикова И.В. Общие зарубежные энциклопедии. Л., 1963.

В.К.Шчэрбін.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ Акадэміі навук Літвы. Засн. ў 1941 у Вільнюсе на базе збораў евангелічна-рэфарматарскага сінода, арганізаванага ў сярэдзіне 16 ст. (захавалася каля 18 тыс. экз.), Дзярж. публічнай б-кі Урублеўскіх (засн. ў 1925, каля 180 тыс. экз.), б-кі Т-ва сяброў навук, прыватных збораў. Налічвае каля 3600 тыс. экз. (1988), у т. л. 176,3 тыс. экз. рукапісаў, 80 тыс. рэдкіх кніг і старадрукаў, 12 тыс. картаў і атласаў. У аддзеле рукапісаў 6 унікальных калекцый пергаментаў, у т. л. кірылічныя граматы (1503—1614), 22 калекцыі, створаныя пераважна дзярж. і грамадскімі ўстановамі: калекцыя рукапісаў б. Віленскай публічнай б-кі; «Барусіка»; рукапісы і дакументы з Каўнаскага гар. архіва, дзярж. ун-та; калекцыя Віленскага мастацкага музея; судовыя акты (1476—1924); матэрыялы перапісаў насельніцтва Літвы (1934—44); дакументы пра ням. Акупацыі 1915—18, 1940—44. У зборы «Рускіх рукапісных кніг» (11—19 ст.) пераважаюць стараж. бел. рукапісы, вывезеныя ў 2-й пал. 19 ст. з Супрасля, Жыровіч і інш. бел. манастыроў і цэркваў. Сярод рарытэтаў — Тураўскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі і Слуцкі паменнікі 16—17 ст., куцеінская Мінея 1669, і інш. Сярод рукапісаў Віленскай публічнай б-кі — апісанне межаў ВКЛ і Польшчы 1546, інвентар Друцкага замка 17 ст., кніга Лідскага гродскага суда 1630—31, акты па гісторыі Магілёва, фундушы, тастаменты, гісторыя берасцейскага базыльянскага манастыра да 1797, дыярыуш Сапегі 1730—31, «Кроника Витебская», зборнікі з арацыямі, актамі, гаспадарчымі і сеймавымі матэрыяламі, літ. творамі. Зберагаецца значная частка рукапісаў з Беларускага музея імя І.Луцкевіча. Захоўваюцца асн. матэрыялы пра дзейнасць рэфармац. аб’яднанняў на Беларусі і ў Літве з сярэдзіны 16 ст., каталіцкай царквы ВКЛ, асабістыя зборы бел., літ., рус., польск. вучоных і пісьменнікаў, у т. л. М.Балінскага, В.Біржышкі, У.Сыракомлі, І.Лапо і інш. Асобнымі калекцыямі зберагаюцца дакументы і матэрыялы Сапегаў, Тышкевічаў, Нарбутаў. У калекцыі кірылічных старадрукаў кн. «Лічбы» 1519 з пражскай «Бібліі» Ф.Скарыны, «Граматыка» М.Сматрыцкага (Еўе, 1619), выданні Мамонічаў, бел. брацтваў у Вільні і Еўі, Куцеінскай, Гродзенскай і Супрасльскай друкарняў 17—18 ст.

Г.Я.Галенчанка.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ музычная,

1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.

2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец. муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.

Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.Ж.Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш. Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.Грова (т. 1—4, 1879—1889).

У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Р.Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).

Т.А.Цітова.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)