ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,

бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл. Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.

Г.​Г.​Круглоў.

Бетонная глухая гравітацыйная плаціна: 1 — верхавая (напорная) грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУШ (франц. douche ад італьян. doccia вадасцёкавая труба),

прылада для аблівання цела тонкімі вадзянымі струменямі. Таксама гігіенічная і лячэбная водная працэдура, якая заключаецца ва ўздзеянні на цела чалавека струменяў вады рознай т-ры і ціску.

Выкарыстоўваюць Д. халодны (т-ра ніжэй за 20 °C), субхалодныя (да 34 °C), індыферэнтныя (34—36 °C), цёплыя (38—39 °C), гарачыя (40 °C і вышэй), кантрастныя (з пераменнай т-рай 10—25 і 45 °C); з лек.-прафілакт. мэтамі выкарыстоўваюць звычайна дажджавы, ігольчасты, пылавы, цыркулярны, узыходны, Д. Шарко, шатландскі; ціск вады ад 0,3 да 4 атм.

т. 6, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУМПФ (ням. Sumpf),

1) назапашвальная ёмістасць для вады ці гідрасумесі, якія потым перапампоўваюцца землясосам, вуглясосам ці інш. Пры рабоце з гідраманіторам З. — заглыбленне на пляцоўцы ўступа, куды падаецца пульпа з забою; пры рабоце з экскаватарам і гідратранспартам — бункер-змяшальнік, куды парода падаецца ад экскаватара, а вада — з водаправоднай сеткі.

2) Частка шахтавага ствала (ці шурфа), заглыбленая ніжэй самага глыбокага эксплуатацыйнага гарызонту. Прызначана для збірання рудніковай вады, размяшчэння скіпа ці клеці на час пагрузачна-разгрузачных работ і інш. 3) Адстойнік для прамывачнага раствору пры разведвальным бурэнні.

4) Заглыбленне ў ніжняй частцы стаяка ліцейнай формы. Прызначана для змякчэння ўдару струменя металу.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЗАНА́КІ І ІДЗАНА́МІ,

у японскай міфалогіі і рэлігіі сінта вышэйшыя багі (муж і жонка), апошнія з 5 пакаленняў багоў, якія з’яўляліся на свет парамі; першыя багі, якія мелі антрапаморфнае аблічча і маглі нараджаць іншых багоў. І. і І. стварылі сярэдні слуп Зямлі і Японскія а-вы, нарадзілі многіх багоў і багінь, у т. л. багіню Сонца Аматэрасу, бога ночы і Месяца Цукуёмі, бога ветру і вады Сусанаа.

І. і І. стварылі сярэдні слуп Зямлі і Японскія а-вы, нарадзілі многіх багоў і багінь, у т. л. багіню Сонца Аматэрасу, бога ночы і Месяца Цукуёмі, бога ветру і вады Сусанаа.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),

рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАНА́ДЫ,

рака ў Індыі. Даўж. 880 км, пл. басейна 132 тыс. км². Вытокі ва Усх. Гатах, цячэ па паўн.-ўсх. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Бенгальскі зал., утварае з рэкамі Брахмані, Байтарані і інш. агульную дэльту (пл. каля 15 тыс. км²). Сярэдні расход вады 2730 м³/с, у час летніх паводак да 50 тыс. м³/с. Частыя навадненні. М. нясе шмат наносаў. Зімой, у час засухі, М. — вузкая мелкая рака (расход вады каля 30 м³/с). Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Гідравузел Хіракуд. Суднаходная на 150 км ад вусця. На М. — г. Катака.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ФРАНСІ́СКУ (São Francisco),

рака ў Бразіліі, на Бразільскім пласкагор’і. Даўж. 2800 км, пл. бас. каля 600 тыс. км². Вытокі ў горным масіве Сера-да-Канастра, у вярхоўях мае горны характар, потым цячэ ў шырокай даліне тэктанічнага паходжання. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз берагавы ўступ пласкагор’я да Атл. ак., утварае парогі і вадаспады Паўлу-Афонсу. Высокія ўзроўні вады ў ліст.—маі. Сярэдні расход вады ў вусці 3300 м³/с. Буйное вадасх. Трэс-Марыяс і ГЭС (у верхнім цячэнні), некалькі ГЭС на вадаспадах Паўлу-Афонсу (у ніжнім). Суднаходная ў сярэднім цячэнні і ад вадаспадаў да вусця.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРО́БНАСЦЬ,

здольнасць арганізмаў (сапрабіёнтаў) жыць у забруджаных арган. рэчывамі водах. Паняцце «С.» сфармулявана заснавальнікамі сан. гідрабіялогіі ў Расіі Я.​Я.​Нікіцінскім, Г.​І.​Далговым. Вылучаюць воды полісапробныя (воды, якімі запаўняюць сажалкі біял. ачысткі і палі фільтрацыі), мезасапробныя (воды большасці рэк, у якія скідваюцца сцёкі гарадоў і прамысл. аб’ектаў) і алігасапробныя (воды незабруджаных вадаёмаў). Размеркаванне пэўных відаў раслін і жывёл у залежнасці ад ступені С. вады дазваляе выкарыстоўваць іх як біялагічны індыкатар ступені забруджвання вады арган. рэчывамі. У сувязі з інтэнсіўным забруджваннем вод ужываюць больш шырокае паняцце — таксафобнасць. Павелічэнне С. спрыяе эўтрафікацыі вадаёмаў (інтэнсіўнаму развіццю воднай расліннасці).

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАСЦЬ РАКІ́,

колькасць вады, якая пераносіцца ракой за пэўны час (дэкаду, месяц, сезон, асобны год або шэраг гадоў) у параўнанні з сярэднім значэннем (нормай за гэты перыяд).

т. 4, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧА́ЖЫНА,

акруглае або выцягнутае мікрапаніжэнне на балоце. Узровень вады ў М. перыядычна ўзнімаецца вышэй за расліны (пераважна вільгацялюбныя сфагнавыя імхі). Характэрны для вярховых балот на Пн Беларусі.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)