БЕ́РХТЭСГАДЭН (Berchtesgaden),

горнакліматычны курорт у Германіі паблізу граніцы з Аўстрыяй (на. Пд ад г. Зальцбург). Размешчаны ў міжгорнай катлавіне Усх. Альпаў. Як курорт і цэнтр турызму развіваецца з 19 ст. Мяккая зіма і цёплае лета, ахаванасць ад вятроў, насычанае азонам чыстае паветра ствараюць умовы, спрыяльныя для лячэння неспецыфічных хвароб органаў дыхання, малакроўя, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Цэнтр зімовага спорту.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБО́П (англ. bepop), боп, рыбоп,

першы стыль т.зв. сучаснага джаза. Склаўся на пач. 1940-х г. у ЗША. У адрозненне ад свінгу выконваецца, як правіла, малымі ансамблямі (камба, 2—8 чал.). Вызначальныя рысы бібопа — павышэнне ролі салістаў-імправізатараў, выкарыстанне голасу ў якасці муз. інструмента. Для бібопа характэрныя насычаныя дысанансам тэмы, ускладненая мелодыка, рытміка, гармонія, фразіроўка. Заснавальнікі стылю Ч.Паркер, Дж.Гілеспі.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́НГЕМ (Bingham),

меднае радовішча на З ЗША (штат Юта), адно з найб. у свеце. Гідратэрмальнае меднапарфіравае з малібдэнам, да перыферыі руданосных інтрузій скарнавае і жыльнае. Запасы каля 1,5 млрд. т руды з сярэдняй колькасцю медзі 0,7% і малібдэну 0,029%. Як спадарожныя атрымліваюць плутоній, паладый, селен, нікель. Распрацоўваецца з 1880-х г. Здабыча каля 30 млн. т руды за год.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,

збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РКАВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1929—31. Утвораны 17.7.1924 як Валынецкі раён. 9.3.1929 перайменаваны ў Боркавіцкі раён. Да 26.7.1930 у складзе Полацкай акругі. Цэнтр — чыг. ст. Боркавічы. Пл. раёна 833 км², 558 нас. пунктаў з насельніцтвам 28 766 чал. (на 1.1.1925). Падзяляўся на 9 сельсаветаў. Скасаваны 8.7.1931, тэр. раёна перададзена ў Дрысенскі і Полацкі р-ны.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМБЕНЗІЛЦЫЯНІ́Д,

таксічнае хім. злучэнне, C6H5CH(Br)CN, мал. м. 196,01. Жоўтыя крышталі, tпл 25,4 °C, tкіп 242 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1516 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра у арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы. Выклікае моцнае слёзацячэнне; непераносная канцэнтрацыя ў паветры 4 мг/м³. Выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну як атрутнае рэчыва (гл. Лакрыматары).

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЦО́Ў Васіль Паўлавіч (літ. псеўданім В.В.; 1847, г. Екацярынаслаў — 9.12.1918),

рускі эканаміст, сацыёлаг і публіцыст, ідэолаг ліберальнага народніцтва. У працах «Лёс капіталізму ў Расіі» (1882), «Прагрэсіўныя плыні ў сялянскай гаспадарцы» (1892) і інш. ацэньваў развіццё капіталізму ў Расіі як з’яву шкодную, рэгрэсіўную, ідэалізаваў сял. абшчыны, абараняў дробную таварную вытворчасць. Лічыў немагчымай рэалізацыю ідэй марксізму ў Расіі.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створана ў 1946 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. як прамкамбінат. З 1969 камбінат буд. матэрыялаў, з 1981 сучасная назва. Уключае з-д сілікатнай цэглы, лесазавод, з-д па вытв-сці керамічнай цэглы і кафлі, цэх клеявой стужкі. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і керамічная, кафля пячная, стужка клеявая папяровая, сталярныя вырабы, мел школьны.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЮ́,

у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог ветру. Ваю народжаны двума светамі, з’яўляецца раніцай, запаўняе паветраную прастору. Ён тысячавокі, хуткі, як думка, у яго зіхатлівая калясніца і мноства коней, у калясніцы з ім бог грому Індра. Ваю шчодры, добразычлівы, узнагароджвае ахвяравальніка сынам, дае патомства, маёмасць, славу і інш. У слав. міфалогіі Ваю часткова адпавядае Вій.

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРАЗЕВАЕ СУ́ДНА,

марское ці рачное судна, якое рухаецца пры дапамозе ветразяў. Адрозніваюць па колькасці мачтаў (ад 1 да 7) і тыпу ветразевага ўзбраення. Бываюць з прамымі ветразямі (брыг, кліпер), косымі (шхуна), камбінаванымі (барк, баркенціна, брыганціна). Кіруюць ветразевым суднам (мяняюць курс, скорасць і інш.) узгоднена рулём і ветразямі. У сучасным флоце выкарыстоўваюцца як спартыўныя, турысцкія, прагулачныя, вучэбныя.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)