ПО́РАЗАЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1825—28 з цэглы і бутавага каменю. Прамавугольны ў плане будынак накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам. Сцены складзены з абчасанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз і франтон гал. фасада цагляныя, атынкаваныя. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (18 ст.) — характэрныя ўзоры нар. манум.-дэкар. мастацтва. У падбрамнай званіцы — звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749.

С.​А.​Друшчыц.

Поразаўскі Міхайлаўскі касцёл.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРО́СА»,

«Ляда», бел. нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.

А.​Ю.​Лозка.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРКО́Ў (Віктар Рыгоравіч) (н. 4.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна),

украінскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1979). Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1946), з 1948 выкладаў у ім (з 1957 праф.). Аўтар карцін на ваенна-марскія тэмы, пейзажыст-марыніст. Сярод твораў: «Зіма» (1944), «Няскораныя» (1946), «Чарнаморцы» (1947), «Прыбой» (1952), «Пасля шторму» (1957), «Скалы ў моры» (1959), «Выстаялі» (1963), «Караблі ў паходзе» (1971), «Пуціна» (1976), «Яны змагаліся за Радзіму» (1977), трыпціх «Леся Украінка» (1979), «Ля роднага парога» (1980), «Наперадзе мір» (1984) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1976.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКА́Р (Мартын) (?—11.6.1658),

удзельнік антыфеад. вайны 1648—54 і паўстання 1657, палтаўскі палкоўнік (1648—58). Прыхільнік Б.Хмяльніцкага. У 1657 П. разам з кашавым Я.​Барабашам узначаліў нар. паўстанне, якое вясной 1658 ахапіла ўсё паўд. левабярэжжа Украіны з цэнтрам у Палтаве. У маі 1658 гетман І.Я.Выгоўскі з наёмнай ням. пяхотай, атрадамі крымскіх татар і казакамі з Пераяслаўскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага і Уманскага палкоў накіраваліся ў Палтаву. На дапамогу паўстанцам прыйшлі запарожскія казакі. Вырашальная іх бітва ў чэрв. 1658 з войскам Выгоўскага скончылася паражэннем паўстанцаў. П. загінуў у гэтым баі.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БЧЫК (Tetrastes bonasia),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Аселая птушка, селіцца парамі ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк. Гняздуецца на зямлі. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. раёнах. Нар. назва арабак.

Даўж. да 40 см, маса да 580 г. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. У самцоў на галаве чубок. Крылы кароткія, тупыя. Ніжняя ч. цэўкі і пальцы неапераныя. Манагам. Адкладвае 6—10, зрэдку да 15 яец. Расліннаедны. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Рабчык: 1 — самка; 2 — самец.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁШНІК, райковы верш,

від народнага верша (гл. Народнае вершаскладанне). Назва паходзіць ад райка. Р. выкарыстоўваўся вандроўнымі артыстамі, мядзведнікамі, валачобнікамі і каляднікамі ў тэкстах для батлейкі. Рытм Р. заснаваны на паўтарэнні вершаваных радкоў як пэўных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў, звязаных паміж сабой сумежнай рыфмоўкай. Колькасць складоў у радках неаднолькавая, няма ўпарадкаванасці ў размяшчэнні націскаў. З нар. творчасці перайшоў у л-ру. У бел. паэзіі ўжываўся ў ананімных творах, да яго звярталіся Цётка (верш «Ласы»), М.​Чарот (паэма «Босыя на вогнішчы»). У сучаснай бел. паэзіі амаль не выкарыстоўваецца.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ (Уладзімір Вацлававіч) (н. 21.7.1957, г. Слонім Гродзенскай вобл.),

бел. спартсмен (веславанне на байдарцы-двойцы). Засл. майстар спорту СССР (1976). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1982). У 1994—98 дзярж. трэнер Беларусі па веславанні. Чэмпіён XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у пары з С.​Нагорным (Украіна) на дыстанцыі 1000 м і сярэбраны прызёр на дыстанцыі 500 м. Бронз. прызёр чэмпіянату свету (1977, Сафія) на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён СССР (1976, 1977, 1980 — на дыстанцыі 500 м; 1977 — на дыстанцыі 1000 м).

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ ((Rambaud) Альфрэд) (2.7.1842, г. Безансон, Францыя — 10.11.1905),

французскі гісторык, дзярж. дзеяч. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1897), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1864). З 1881 праф. Сарбоны. У 1895—1903 сенатар, у 1896—98 міністр нар. адукацыі. Даследаваў паліт. гісторыю (у асн. Візантыі, Расіі, Германіі) і гісторыю міжнар. адносін. Прыхільнік франка-рус. збліжэння і актывізацыі Францыі ў сферы каланіяльнай палітыкі. Рэдактар (разам з Э.​Лавісам) шматтомнай калект. працы «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХІ́МАЎ (Набі) (7.11.1911, г. Каканд, Узбекістан — 1994),

узбекскі акцёр. Нар. арг. СССР (1964). З 1929 у Узб. т-ры драмы імя Хамзы (Ташкент). У 1946—61 выкладаў у Ташкенцкім тэатр. ін-це. Творчасці ўласцівы вастрыня сац. характарыстыкі, дакладнасць сцэн. малюнка, майстэрскае валоданне сродкамі тэатр. выразнасці ад вострага драматызму да гратэску. Сярод роляў: Етаў, Мамасаліеў («Мухабат», «Палёт» Уйгуна), Кузыеў («Шаўковае сюзане» А.​Кахара), Урганжы («Світанак рэвалюцыі» К.​Яшэна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Яга, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1967. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА (Іван Пятровіч) (н. 2.8.1939, в. Старая Аўрамаўка Харольскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1998). Вучыўся ў Вінніцкім муз.-пед. ін-це (1969—71). З 1958 саліст Ансамбля песні і танца групы Сав. войск у Германіі, з 1967 — Ансамбля песні і танца ракетных войск, з 1972 — Акад. ансамбля песні і танца Мін-ва абароны Беларусі. Валодае прыгожым голасам багатага тэмбру. У рэпертуары бел., укр., рус. нар. песні, творы бел. і рас. кампазітараў. Лаўрэат конкурсу салдацкай песні (Масква, 1968).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)