галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці эл.-магн. хваль у дыяпазоне ад 300 МГц да 3000 ГГц. У залежнасці ад тыпу вырашальных задач сістэмы і прылады З.т. падзяляюць на інфармацыйныя (радыёсувязь, тэлебачанне, радыёлакацыя, радыёнавігацыя і інш.) і энергетычныя (прамысл. тэхналогіі, быт. прылады, мед., біял. і хім. абсталяванне, перадача энергіі і інш.). Прылады і сістэмы З.т. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях па радыёспектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, радыёастраноміі, у апаратуры і абсталяванні ваен. прызначэння і інш.
ЗВЧ хвалі па сваіх уласцівасцях набліжаюцца да светлавых, што дазваляе выкарыстоўваць іх для накіраванай перадачы сігналаў. У дыяпазоне ЗВЧ да 10 ГГц страты ў атмасферы Зямлі нязначныя, а хвалі з частатой больш за 30 МГц праходзяць праз іанасферу без адбіцця. Таму ЗВЧ дыяпазон выкарыстоўваецца для далёкай і блізкай (спадарожнікавай) касм. сувязі, даследаванняў радыёвыпрамянення Сонца і інш.касм. аб’ектаў. Перыяд ЗВЧ ваганняў сувымерны з часам пралёту электронаў у міжэлектроднай прасторы звычайных электравакуумных прылад, што вымагае выкарыстанне ў апаратуры ЗВЧ іх спец. тыпаў (клістронаў, магнетронаў, лямпаў бягучай хвалі, мазераў на цыклатронным рэзанансе, гіраконаў і інш.), а таксама паўправадніковых прылад (тунэльных, лавінапралётных, Гана дыёдаў, ЗВЧ транзістараў і інш.). Пашыраны спец. лініі перадачы (напр., дыэл. і поўныя хваляводы прамавугольнага, круглага ці інш. сячэння, палоскавыя, шчылінныя ці кампланарныя лініі), а таксама фільтры ЗВЧ, накіраваныя адгалінавальнікі, цыркулятары, рэзанатары (як вагальныя сістэмы). У ЗВЧ дыяпазоне можна размясціць значна большую колькасць каналаў сувязі, чым на больш нізкіх частотах, што дазваляе ажыццяўляць многаканальную тэлеф., радыё- і тэлевізійную сувязь.
Літ.:
Лебедев И.В. Техника и приборы СВЧ. Т. 2. 2 изд. М., 1972;
Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: Методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНАвайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,
вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.Вілар, Н.Каціна, Л.Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКІ О́РДЭН,
каталіцкая і ваен.-паліт.арг-цыяням. рыцараў-крыжакоў на тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі (гіст.Лівоніі) у 1237—1562, а таксама ўтвораная ордэнам феад. дзяржава. Створаны з рэшткаў разгромленага князямі ВКЛ у бітве пры Шаўляі (1236) ордэна мечаносцаў, які ў 1-й трэці 13 ст. падначаліў і прымусова хрысціянізаваў большасць лат. і эст. плямён; існаваў як частка Тэўтонскага ордэна. Ленная залежнасць рыцараў Л.о. ад мясц. біскупаў спынілася каля 1360. З 2-й пал. 15 ст. ў выніку аслаблення Тэўтонскага ордэна Л.о., якому належала каля 2/3лат. і эст. зямель, стаў фактычна незалежнай феад. дзяржавай. Ордэн складаўся з паўнапраўных членаў — братоў (400—500 чал. да 16 ст., 120—150 у сярэдзіне 16 ст.), святароў і паўбратоў (рамеснікаў і служачых). На чале яго стаяў пажыццёва выбраны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе ці Вендэне (цяпер Цэсіс, Латвія). З канца 14 ст. пры магістру існаваў савет з 5—6 вышэйшых чыноўнікаў, які вызначаў усю палітыку ордэна. Мясц. кіраванне ў абласцях, на якія быў падзелены Л.о., належала комтурам (военачальнікам) і фогтам (чыноўнікам пераважна з суд. функцыямі). Войска (каля 4 тыс.чал. у пач. 15 ст.) складалася з братоў з іх узбр. слугамі — кнехтамі і васалаў, а з канца 14 ст. таксама і з наёмнікаў. Л.о. у 13—15 ст. вёў войны супраць Полацкага княства, ВКЛ, Ноўгарада і Пскова, умешваўся ў іх паліт. справы. Ён удзельнічаў у войнах Маск. дзяржавы з ВКЛ 1500—03 (на баку ВКЛ) і 1512—22 (на баку Масквы).
Разгромлены маск. войскамі ў 1560 у час Лівонскай вайны 1558—83, яго тэрыторыя падзелена паміж ВКЛ (большая частка), Даніяй і Швецыяй. Як ордэн і дзяржава скасаваны 5.3.1562.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЧА,
гарадскі пасёлак у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 26 км ад Навагрудка, 49 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. 1498 ж. (1999).
Упершыню згадваецца ў 1401 у ням. хроніках як аб’ект ваен. паходаў крыжакоў. У 1428 вял.кн.ВКЛ Вітаўт перадаў сяло Л. сваёй жонцы Ульяне. У 1499 вял.кн.ВКЛ Аляксандр падараваў «двор Л.» свайму пісару Фёдару Рыгоравічу. 3 пач. 16 ст. мястэчка. У 1590 кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III даў Л. магдэбургскае права і герб (у 1644 атрыманы новы). У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Любчанскі замак. У 17 ст. дзейнічала Любчанская друкарня. У 1606—1832 Л. належала кн. Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ., з 1842 — Мінскай губ. У 1897 — цэнтр воласці, 3239 ж., 444 двары, жаночая царк.-прыходская школа, аптэка, царква, сінагога, мясц. прамысловасць, 70 крам, корчмы, штогадовы кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. і ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Любчанскага раёна Баранавіцкай вобл., гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 1825 чал. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1956 — у Навагрудскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, спецыялізаваны дом дзіцяці, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Ільінская царква (1910), рэшткі Любчанскага замка. Любчанскі парк. За 1,5 км на ПнУ ад Л. стаянка эпохі мезаліту і больш позняга часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—18 ст. ў г. Ляхавічы. Мураваны замак пабудаваны ў канцы 16 ст. гетманам Янам Хадкевічам замест невял. драўлянага замка. Займаў узвышэнне на левым беразе р. Ведзьма. Прамавугольны ў плане
(175 × 220 м),
абкружаны ровам, які жывіла вадой падпёртая плацінай рака. Земляны вал замка ў кожным куце пераходзіў у вял. бастыён развітой канфігурацыі з брустверамі, байніцамі для стралкоў і артылерыі. Пры кожным бастыёне быў каземат, дзе захоўвалі зброю, боепрыпасы і амуніцыю. Бастыёны злучаліся сістэмай падземных хадоў. Земляныя ўмацаванні былі абмураваны каменем і цэглай. Драўляны мост на палях, перакінуты цераз вадзяны роў, вёў у мураваную 4-ярусную браму замка з праездам у 1-м ярусе. Насупраць уваходу ў глыбіні замкавага двара стаяў 2-павярховы мураваны палац, рыты дахоўкай, а злева ад уваходнай брамы — арсенал. Уздоўж курцін на дзядзінцы размяшчаліся драўляныя будынкі службаў і казармаў. Л.з. адносіўся да адной з мадыфікацый новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы, пашыранай у Еўропе ў канцы 16 ст., і лічыўся самым моцным з падобных збудаванняў ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
Зімой 1595—96 Л.з. беспаспяхова штурмавалі казацкія загоны, у 1648—54 тройчы безвынікова асаджалі паўстанцы-сяляне і ўкр. казакі. У жн. — вер. 1655 замак не здолелі ўзяць рус. войскі на чале з А.М.Трубяцкім. Працяглую аблогу і неаднаразовыя штурмы войск рус. ваяводы І.А.Хаванскага вытрымаў замак вясной—летам 1660. Найб. разбурэнні прычынены замку ў Паўн. вайну 1700—21. У канцы 18 ст. замак страціў ваен. значэнне і паступова заняпаў. Археал. даследаванні Л.з. праводзіў М.М.Чарняўскі (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГУБЕ́РНСКІ ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т,
вышэйшы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў 1918—20.
Створаны 10.12.1918 у Мінску па ініцыятыве Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). Старшыня І.І.Рэйнгольд. Меў аддзелы: ваенны, фінансаў, зямельны, СНГ, працы, харчавання, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, ЧК і інш. Вёў работу па стварэнні на вызваленай ад герм. акупантаў тэр. губерні рэўкомаў і Саветаў, устанаўліваў і падтрымліваў рэв. парадак і законнасць. 7.1.1919 скасаваны ў сувязі з утварэннем БССР, аддзелы зліліся з камісарыятамі рэспублікі. 25.2.1919 адноўлены паводле пастановы ЦВКБССР у сувязі з утварэннем Літ.-Бел. ССР. Дзейнасць пашырыў і на Вілейскі пав. Віленскай губ. Старшыня І.С.Саваціеў. Рыхтаваў скліканне з’езда Саветаў Мінскай губ. 29.4.1919 скасаваны ў сувязі з пераездам урада Літ.-Бел. ССР з Вільні ў Мінск, аддзелы зліліся з наркаматамі, функцыі перайшлі да Савета абароны, СНК і інш.цэнтр. органаў рэспублікі. 26.7.1919 зноў адноўлены у Бабруйску ў сувязі з акупацыяй большасці тэр. Беларусі польск. войскамі, скасаваннем Савета абароны і згортваннем работы СНКЛіт.-Бел. ССР. Старшыня Р.В.Пікель. У жн. 1919 спыніў дзейнасць у сувязі з акупацыяй губерні польскімі войскамі. Створаны зноў 9.7.1920 у сувязі з пачаткам вызвалення Мінскай туб. ад польск. войск. Старшыня А.Р.Чарвякоў. Вёў работу па стварэнні органаў сав. улады на вызваленай тэр., забеспячэнні харчаваннем і абмундзіраваннем Чырв. Арміі, аднаўленні прам-сці і сельскай гаспадаркі, па нарыхтоўцы і размеркаванні харчавання, аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, рабіў захады да адкрыцця школ, наладжвання аховы здароўя. Спыніў існаванне ў сувязі з прыняццем 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і ўтварэннем Ваен.-рэв.к-таБССР. На базе аддзелаў рэўкома створаны камісарыяты ВРКБССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́СЭР Гамаль Абдэль, Гамаль Абд ан-Насыр (15.1.1918 Бені-Мур, Егіпет — 29.9.1970), егіпецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Палкоўнік. Герой Сав. Саюза (1964). Скончыў ваен. вучылішча Генштаба. Вызначыўся ў араба-ізраільскай вайне 1948—49: Адзін з заснавальнікаў тайнай арг-цыі «К-т свабодных афіцэраў», які 23.7.1952 скінуў караля Фарука II і ліквідаваў у Егіпце манархію. З 1953 вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі, нам. прэм’ер-міністра і міністр унутр. спраў, з 1954 прэм’ер-міністр Егіпта. У кастр. 1954 дамогся ад Вялікабрытаніі згоды на вывад брыт. войск з Егіпта. У 1956 абраны прэзідэнтам Егіпта. У ліп. 1956 нацыяналізаваў міжнар. кампанію Суэцкага канала, што прывяло да англа-франка-ізраільскай агрэсіі 1956 супраць Егіпта. У знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР і краіны сацыяліст. лагера. Быў прыхільнікам панарабскага руху. Падтрымаў ідэю аб’яднання Егіпта і Сірыі ў Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (назва ААР; у 1961 Сірыя выйшла, назва ААР захавалася за Егіптам да 1971), абраны яе прэзідэнтам у 1958. Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся ідэй «араб. сацыялізму», імкнуўся ператварыць Егіпет у развітую, індустр. дзяржаву, для чаго праведзена агр. рэформа, пачата індустрыялізацыя, будавалася вышынная Асуанская плаціна. У паліт. сферы ўсталяваў аўтарытарны, аднапартыйны рэжым. Першым з араб. лідэраў прыйшоў да ўсведамлення неабходнасці мірнага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту. У жн. 1970 пагадзіўся на 90-дзённае спыненне агню з Ізраілем.
Тв.:
Рус.пер. — Проблемы египетской революции: Избр. речи и выступления 1952—1970 гг.М., 1979.
Літ.:
Dekmedjian R.H. Egypt under Nasir. New York, 1971;
Lacouture J. Nasser. Paris, 1971;
Nutting A. Nasser. London;
New York, 1972;
Stephens R.H. Nasser: A political biography. New York, 1972;
Vatikiotis P.J. Nasser and his generation. London, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЗЕРАЎ (Юрый Мікалаевіч) (н. 26.1.1921, Масква),
расійскі кінарэжысёр. Брат М.М.Озерава. Засл. дз. маст. Славакіі (1971), Польшчы (1972), Чэхіі (1981). Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1977). Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1944), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1951), у 1977—92 выкладаў у ім (з 1984 праф.). У 1971—85 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. З 1949 на кінастудыі «Масфільм». Асн. кірунак творчасці — гісторыя Вял.Айч. вайны. Найб. майстэрства дасягнуў у эпічным кінацыкле «Вызваленне»; фільмы «Вогненная дуга», «Прарыў» (абодва 1970), «Напрамак галоўнага ўдару» (1971), «Бітва за Берлін», «Апошні штурм» (абодва 1972; за ўсе Ленінская прэмія 1972), дзе праз спалучэнне строгай дакументальнасці, маштабнасці гіст. абагульнення і прапрацоўкі вобразаў удзельнікаў падзей выявіў веліч подзвігу народа-пераможца. Сярод інш. фільмаў: «Салдаты свабоды» (фільмы 1—4, 1977, сумесна з Польшчай, Чэхаславакіяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Румыніяй, ГДР), «Бітва за Маскву» (фільмы 1—4, 1985), «Сталінград» (фільмы 1—2, 1989), «Вялікі палкаводзец Георгій Жукаў» (2-серыйны, 1996). У 1994 на аснове гэтых фільмаў створаны 24-серыйны тэлесерыял «Трагедыі стагоддзя», які ахоплівае ўсе падзеі 2-й сусв. вайны. Зняў відавы фільм «У Нікіцкім батанічным садзе» (1952), маст.-дакумент. фільм «Арэна смелых» (1953, з С.Гуравым; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1953), дакумент. фільмы «Дзень маладога чалавека» (1961), «Балада пра спорт», «Алімпійскае свята», «Развітанне з Алімпіядай» (усе 1980), «О спорт — ты свет!» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982), «Анёлы смерці» (1992); маст. фільмы «Сын» (1955), «Качубей» (1958), «Фартуна» (1959, сумесна з Албаніяй), «Вялікая дарога» (1963) і інш. Аўтар, сааўтар шэрагу сцэнарыяў сваіх фільмаў і фільмаў інш. рэжысёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМАТЫ́, Алма-Ата,
горад, сталіца Казахстана (да 1995). Размешчаны на ПнУ рэспублікі, каля падножжа паўн. схілаў хр. Заілійскі Алатау, на выш. 650—950 м, паміж рэкамі В. і М.Алмаацінкі. 1200 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог (аўтамагістралі на Бішкек, Сяміпалацінск і да мяжы з Кітаем). Аэрапорт. Буйны індустр. і культ. цэнтр рэспублікі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, электратэхн., станкабудаванне і інш.), харчасмакавая (кансервавая, тытунёвая і інш.), лёгкая (тэкст., футравая, трыкат., абутковая) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. ЦЭС, каскад ГЭС на В.Алмаацінцы. Алматы неаднойчы цярпеў ад землетрасенняў і селяў (зроблены супрацьселевыя збудаванні).
Засн. ў 1854 як рас.ваен. ўмацаванне Вернае на месцы казахскага паселішча Алматы. З 1867 г. Верны — цэнтр Сямірэчанскай вобл. Туркестанскага ген.-губернатарства. Быў месцам паліт. ссылкі. У 1921 перайменаваны ў Алма-Ату, у 1929—95 сталіца Казахстана (перанесена ў г. Акмала). Развіццю горада садзейнічала Туркестана-Сібірская чыг., пабудаваная ў 1930. З 1992 наз. Алматы.
Горад захаваў прамавугольную планіроўку. Яго сучасны выгляд вызначае ансамблевая сейсмаўстойлівая забудова, шырокія азялененыя праспекты і вуліцы. Сярод арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1941, арх. М.Прастакоў), Дом урада (1958, арх. Б.Рубаненка, Г.Сіманаў і інш.), цырк (1972, арх. У.Кацаў, І.Слонаў), высакагорны спарткомплекс «Медэа» (1972, 1975, арх. Кацаў і інш.), музей мастацтваў Казахстана (1976, арх. Э.Кузняцова, В.Навумава, Б.Новікаў), аэравакзал (1976, арх. І.Шчавелева, А.Лепік і інш.), гасцініца «Казахстан» (1977, арх. Л.Ухобатаў, Ю.Ратушны), т-р драмы (1980, арх. А.Бармурзаеў, М.Жаксылыкаў і інш.). Помнікі: Абаю (1960, скульпт. Х.Наурзбаеў), Аўэзаву (1980, скульпт. Я.Сергебаеў) і інш.
Дзейнічаюць (1989): Акадэмія навук, 15 ВНУ (у т. л.Каз.ун-т, кансерваторыя), 7 тэатраў (оперы і балета імя Абая, т-р драмы імя Аўэзава, лялек і інш.), 7 музеяў (гістарычны, мастацтваў Казахстана, Дом-музей М.Аўэзава і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР I (23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),
расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла І. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед.ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон І прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра І пачата буд-ваБабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач.вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап. дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц.ўнутр. і знешнюю палітыку (гл.Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры І міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).