Засн. ў 1967 у г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. Меў 2026 адзінак асн. фонду (1993). Сярод экспанатаў макет бел. хаты, прадметы сял. побыту і традыц. працы, мужчынскія і жаночыя нац. касцюмы; дакументы з гісторыі в. Рудобелка; матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыста М.Лапы, вядомых землякоў К.П.Арлоўскага, А.Р.Салаўя, М.А.Ляўкова, Л.Я.Адзінцова і інш.; пра падзеі Вял.Айч. вайны (баявыя дзеянні на тэр. раёна партыз. атрадаў і брыгад, патрыят. падполля, асабістыя рэчы і дакументы Герояў Сав. Саюза Ц.П.Бумажкова, Ф.І.Паўлоўскага, Ф.М.Языковіча і інш., вызваленне раёна ад ням. фашыстаў). Экспанаты музея расказвалі таксама пра ўраджэнцаў раёна, якія ваявалі ў Афганістане. 5.2.1994 у выніку пажару большасць экспанатаў загінула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕЯ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Дамаскі халіфат,
дзяржава арабаў у перыяд праўлення халіфаў дынастыі Амеядаў. Сталіца — Дамаск. На пачатку займаў тэр. Аравійскага п-ва, Месапатаміі, Палесціны, Сірыі, Ірана, Егіпта. У ходзе араб. заваяванняў да халіфата далучаны Паўн. Афрыка, б.ч. Пірэнейскага п-ва, ч. Сярэдняй Азіі, некат. княствы Паўн.-Зах. Індыі, Арменія, Азербайджан, ч. Грузіі. Амеяды распаўсюджвалі сярод заваяванага насельніцтва іслам, увялі ў справаводства араб. мову, рэарганізавалі войска (салдаты атрымлівалі плату з казны ці надзяляліся зямлёй), будавалі дарогі, каналы, караван-сараі і інш. Нестабільныя падаткі і нормы землекарыстання выклікалі нар. паўстанні (часам у форме сектанцкіх рухаў), апошняе з якіх у 747—750 пад кіраўніцтвам Абу Мусліма прывяло да звяржэння дынастыі Амеядаў і разбурэння халіфата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й «БЯРЭ́СЦЕ».
Заснаваны ў 1972, адкрыты 2.3.1982 на тэр. Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ў спецыяльна пабудаваным будынку. 14 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 2400 м², больш за 40 тыс. экспанатаў (1995). Знаёміць з паліт., эканам. і культ. развіццём Бярэсця ў 11—14 ст. Аснову экспазіцыі складаюць больш за 30 драўляных жылых і гасп. пабудоў, рэшткі маставых, частаколы і інш. збудаванні, выяўленыя ў выніку археал. раскопак Берасцейскага гарадзішча, якія дзякуючы кансервавальным якасцям магутнага культ. пласта добра захаваліся на выш. да 12 вянкоў. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні, а таксама рэдкія знаходкі — самшытавы грэбень з выразанымі кірылічнымі літарамі, касцяныя мастыхін, пісала, шахматная фігурка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕЦІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (усх. група); мова асецінаў. Пашырана ў Асеціі, на тэр.Цэнтр. Каўказа, у некаторых раёнах Грузіі і Паўд. Каўказа. Паходзіць ад моў качэўнікаў Паўн. Прычарнамор’я (скіфаў, сарматаў, аланаў і інш.). На асецінскую мову моцны ўплыў (асабліва ў фанетыцы і лексіцы) зрабілі каўказскія мовы. Мае 2 асн. дыялекты: іронскі (аснова літ. мовы) і дыгорскі.
Фаналагічная сістэма характарызуецца 7 галоснымі (моцнымі і слабымі) і 28 зычнымі, у т. л. змычна-гартаннымі гукамі. Граматычны лад аглюцінатыўны (у скланенні) і флектыўны (у спражэнні). Граматычнага роду няма. Першы пісьмовы помнік (грэч. Літары) — Зелянчукскі надпіс (941). У 1844 А.М.Шагрэн стварыў алфавіт на аснове кірыліцы, з 1923 пісьменства на аснове лац., з 1938 — рус. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, у Астраханскай вобл., на Прыкаспійскай нізіне. Засн. ў 1919 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу дэльты Волгі, месцаў масавых гняздоўяў птушак, лінькі вадаплаўных птушак, нерасцілішчаў і зімавальных ям прамысл. рыб. Пл. больш за 64 тыс.га. Падзяляецца на 3 участкі: Абжораўскі, Дамчыкскі і Трохізбінскі. З 1975 уся тэр. запаведніка належыць да водна-балотных угоддзяў «Дэльта Волгі». Расліннасць інтразанальная, тыповага дэльтавага характару; трапляюцца зараснікі каспійскага лотасу, чыліму, рдзесту, рагозу, трыснягу і інш.; рэліктавыя і эндэмічныя расліны. У фауне мноства птушак, часцей водна-балотных: лебедзь-шыпун, шэрая гусь, лысуха, чырвананосы нырэц, вялікі і малы бугаі, мышалоў, чаплі і інш. У дэльце акліматызаваныя рачны бабёр, андатра і янотападобны сабака; рэдкі эндэмічны від — хахуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМА́Н,
1) кіраўнік нерэгулярнага, незалежнага ад дзярж. улады вайск. атрада (часам шайкі разбойнікаў).
2) Вышэйшы начальнік казацкага войска — камандзір (вайсковы, наказны, паходны, кашавы атаман), начальнік казацкай адм.-тэр. адзінкі (аддзела, акружны, станічны, хутарскі атаман) або камандзір падраздзялення (куранны атаман). У Запарожскім казацкім войску існавалі кашавыя і куранныя атаманы, у Данскім — вайсковыя. На пач. 18 ст. атаман у Данскім войску назначаўся ўрадам, з 1723 ён наз. вайсковым наказным атаманам, з 1866 меў правы ген.-губернатара і камандуючага вайсковай акругай. Званне атамана адменена пасля Кастр.рэв. 1917. Адноўлена ў Расіі на пач. 1990-х г. у сувязі з адраджэннем казацкага руху.
3) У грамадз. вайну 1918—20 камандзір у часцях белай гвардыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,
міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя стала аўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1977 у г.п. Бешанковічы як музей баявой славы, з 1987 — гіст.-краязнаўчы музей. Пл. экспазіцыі 311 м², каля 6,8 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (касцяныя наканечнікі стрэл, каменныя і рагавыя сякеры, бівень маманта, фрагменты гліняных гаршкоў з раскопак, карты археал. помнікаў на тэр. раёна), матэрыялы пра падзеі часоў Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, калектывізацыі, Вял.Айч. вайны (абарончыя баі 1941, дзейнасць падп. антыфаш. арг-цый, партыз. атрадаў, брыгады «За Савецкую Беларусь», вызваленне раёна ў 1944). У экспазіцыі творы жывапісу, графікі, скульптуры (дыярама А.Гарбунова «Бітва пад Астроўнам у 1812», карціна В.Ціханенкі «Кірмаш у Бешанковічах» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЗО́Н (Bison bison) млекакормячае роду зуброў сям. пустарогіх. 2 падвіды. Быў пашыраны ад паўн.-зах. і цэнтр. Канады на Пд да цэнтр. Мексікі. У 19 ст. амаль знішчаны. Колькасць часткова адноўлена, пераважна на ахоўных тэр. ЗША і Канады (некалькі дзесяткаў тыс. галоў). Акліматызаваны ў цэнтр. Алясцы, завезены ў запаведнік Асканія-Нова.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,9 м, маса да 1 т. Выглядам і біялогіяй падобны да зубра. Тулава моцнае, масіўнае, з высокім «гарбом». Ногі кароткія, тоўстыя. Рогі круглыя, гладкія, чорнага колеру. Поўсць густая, цёмна-бурая, на галаве, шыі і плячах значна даўжэйшая. Палаваспеласць у 2—3 гады. У прыплодзе звычайна адно цяля. Корміцца расліннасцю. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.