РАДЫЁПЕРАХВА́Т,

выяўленне, прыём і рэгістрацыя выпраменьванняў па працуючых радыёстанцыях; адзін са спосабаў радыёразведкі. Робіцца з мэтай раскрыцця зместу перадач або месцазнаходжання групоўкі (аб’ектаў і інш.) праціўніка. Гл. таксама Пеленгацыя.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЦЁК,

водны паток, які цячэ ў напрамку нахілу зямной паверхні па рэчышчы паміж выразнымі берагамі. Бывае натуральны (рака, ручай) і штучны (канал), пастаянны (цячэнне круглы год) і часовы (перасыхае, прамярзае).

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НКАС, баранкасы (ісп. barrancos),

глыбокія эразійныя барозны, якія праразаюць у радыяльным напрамку схілы конусаў вулканаў ад вяршыні да іх падэшваў. Утвараюцца ад размыву парод воднымі патокамі, што сцякаюць па схілах.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́КС (Бекс, Быкс),

гравёр па метале канца 18 — пач. 19 ст. Зрабіў 5 гравіраваных на медзі пліт для б-кі К.​Тышкевіча ў Лагойску (зберагаюцца ў Нац. музеі ў Варшаве).

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ШАП ((Bishop) Майкл) (н. 1936),

амерыканскі анколаг. Праф. ун-та ў г. Сан-Францыска. Навук. працы па даследаванні працэсаў новаўтварэння, клетачных механізмаў анкагенезу. Нобелеўская прэмія 1989 (разам з Х.​Вармусам).

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЮ́К Мікалай, бел. гравёр па шкле 18 ст. Родам з в. Налібакі (Стаўбцоўскі р-н). У 1766 гал. рысавальшчык Налібоцкай шкляной мануфактуры Радзівілаў. Гравіраваў кубкі, кілішкі, бакалы, кварты і інш.

т. 5, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫ РАД,

бесканечная паслядоўнасць усіх цэлых дадатных лікаў 1, 2, 3, ..., размешчаных па парадку іх узрастання. Члены Н.р. наз. натуральнымі лікамі, іх асн. ўласцівасці вывучаюцца лікаў тэорыяй. Гл. таксама Лік.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-СТЭ́НЛІ (Port Stanley),

горад, адм. ц. Фалклендскіх (Мальвінскіх) а-воў, на в-ве Усх. Фолкленд (Саледад). 2,3 тыс. ж. (1995). Марскі порт. Прадпрыемствы па апрацоўцы авечай воўны і мяса.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМ (ад лац. vacuum пустата) у тэхніцы, стан разрэджанага газу пры цісках, значна меншых за атмасферны. Паводзіны газу ў вакуумных прыстасаваннях вызначаюцца суадносінамі паміж даўжынёй свабоднага прабегу l малекул або атамаў і памерам d, характэрным для дадзенай прылады ці працэсу (напр., адлегласць паміж сценкамі сасуда, дыяметр трубаправода, адлегласць паміж электродамі). У залежнасці ад суадносін l і d адрозніваюць вакуум нізкі (пры l), сярэдні (пры l ≈ d) і высокі (пры l ≫ d). Пры яшчэ меншых цісках вакуум называюць звышвысокім, калі ў 1 см³ застаецца ўсяго некалькі дзесяткаў малекул (пры атм. ціску ў 1 см³ іх ​~10​19).

У вакуумных прыладах і ўстаноўках з d ≈ 10 см нізкаму вакууму адпавядае вобласць ціскаў вышэй за 100 Па, сярэдняму — ад 100 да 0,1 Па, высокаму — ад 0,1 да 10​−6 Па, звышвысокаму — ніжэй за 10​−6 Па. Уласцівасці газу ў нізкім вакууме вызначаюцца частымі сутыкненнямі паміж малекуламі газу, цячэнне газу вязкаснае, гал. роля ў праходжанні току належыць іанізацыі малекул. У высокім вакууме ўласцівасці газу вызначаюцца сутыкненнямі яго малекул са сценкамі сасуда, ток праходзіць толькі пры наяўнасці эмісіі электронаў і іонаў электродамі. Уласцівасці газу ў сярэднім вакууме прамежкавыя. Звышвысокі вакуум вызначаецца паводзінамі ў вакууме паверхняў цвёрдых цел. Ствараецца і падтрымліваецца вакуум вакуумнымі помпамі, вентылямі, клапанамі і інш. прыстасаваннямі і прыладамі (гл. Вакуумная тэхніка)-, вымяраецца вакуумметрамі. Выкарыстоўваецца вакуум ў вакуумнай металургіі, пры вакуумаванні бетону і сталі, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, стварэнні вакуумных пакрыццяў і інш.

У.​М.​Сацута.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУСНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

сукупнасць астранамічных геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні для вызначэння параметраў фігуры Зямлі і вырашэння навук. задач. Іх сутнасць — вылічэнне радыуса Зямлі заключаецца ў прамым ці ўскосным вызначэнні адлегласці SAB і адначасовым вымярэнні вуглоў Z1 і Z2 на вельмі аддаленую зорку, для якой AN∥BN. Пры гэтым ΔY = Y2−Y1 = Z2-Z1 і R = S:ΔY, дзе ΔY — у радыянах. З прычыны сплюшчанасці Зямлі велічыні S, што адпавядаюць аднолькавым ΔY, змяншаюцца ў напрамку ад экватара да полюсаў. На гэтым засн. вылічэнне змяненняў R ад a да b. Градусныя вымярэнні зроблены александрыйскім вучоным Эратасфенам у 3 ст. да н.э. паміж Александрыяй і Сіенай (Асуан). Адлегласць ён вылічыў па звестках пра рух караванаў, розніцу даўгот (7°22) па памерах сонечнага ценю шаста. Паводле разлікаў R = 6844 км (цяпер 6371,11 км). Градусныя вымярэнні выконваліся з выкарыстаннем метаду трыянгуляцыі і паліганаметрыі пры ўскосным вымярэнні SAB. У Расіі градусныя вымярэнні выкананы ў 1816—52 пад кіраўніцтвам В.​Я.​Струвэ і К.​І.​Тэнера па т.зв. дузе Струвэ ад Фугленеса (Ледавіты ак.) да Стара-Някрасаўскі (вусце Дуная); яна прайшла праз зах. раёны Беларусі. У шыротным напрамку (дуга 52-й паралелі: Зах. Еўропа — Усх. Прусія — Варшава — Арол — Ліпецк — Саратаў — Арэнбург — Орск). Градусныя вымярэнні ў Беларусі прайшлі праз Гродна і Бабруйск. Па сукупнасці градусныя вымярэнні розных краін у 1940 у СССР завершаны разлікі, паводле якіх а = 6378245 м, b = 6356863 м, прынятыя і на Беларусі.

А.​А.​Саламонаў.

Градусныя вымярэнні на паверхні Зямлі.

т. 5, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)