малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).
Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА ПАЛІМЕ́РА, адносная малекулярная маса палімера,
сярэдняе статыст. значэнне адносных малекулярных мас макрамалекул, што складаюць палімер; адназначная характарыстыка макрамалекулы, абумоўленая ступенню полімерызацыі.
Значэнне М.м.п. залежыць ад малекулярна-масавага размеркавання палімера — суадносін колькасці макрамалекул рознай малекулярнай масы ва ўзоры палімера і спосабу ўсярэднення, які абумоўлены эксперым. метадамі вызначэння малекулярнай масы. Паводле спосабу ўсярэднення адрозніваюць сярэднялікавую (), сярэднямасавую (); Z-сярэднюю (), якую атрымліваюць пры вымярэнні седыментацыйнай раўнавагі (гл.Седыментацыя). Усярэдненыя малекулярныя масы маюць розныя адносныя значэнні
. М.м.п. вызначае многія яго ўласцівасці. З яе павелічэннем хутка мяняюцца фіз. і хім. ўласцівасці палімера, якія, аднак, дасягаюць некаторых гранічных значэнняў, і далейшае павелічэнне М.м.п. істотна не ўплывае на іх (напр., для поліэтылену высокай шчыльнасці аптымальнае значэнне малекулярнай масы — ад 105 да 3∙105).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў. Уключае чорную металургію і каляровую металургію. Вядзе здабычу і абагачэнне няруднай сыравіны для чорнай металургіі, вырабляе чорныя і другасныя каляровыя металы, трубы, метызы вытв. прызначэння, другасную апрацоўку чорных металаў, цвёрдыя сплавы тугаплаўкіх і гарачатрывалых металаў. На Беларусі найб. прадпрыемствы — Беларускі металургічны завод, Магілёўскі металургічны завод, Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Рэчыцкі метызны з-д. Сталь выплаўляюць таксама цэхі пераважна машынабуд. з-даў. У Мінску дзейнічае з-д па другаснай перапрацоўцы каляровых металаў. У 1997 М.п. уключала 19 прадпрыемстваў, на якіх занята 14 тыс.чал.; выраблена: чыгуннага ліцця 209 тыс.т, сталі 1220 тыс.т, гатовага пракату 1072 тыс.т, стальных труб 30,7 тыс.т (13 314 тыс.м), металакорду 40,4 тыс.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя А.Дз.Сахарава. Засн. ў 1992 у Мінску як Міжнар. каледж па радыеэкалогіі імя А.Дз.Сахарава. З 1994 Міжнар.ін-т па радыеэкалогіі, з 1999 сучасная назва. У 1999/2000 навуч.г. ф-ты: радыеэкалогіі; радыебіялогіі і экалаг. медыцыны; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1995. Савет па абароне дысертацый па экалогіі з 1999. З 1994 працуе кафедра ЮНЕСКА. Мае: цэнтры Нац. па выпрабаванні біял. актыўнасці хім. злучэнняў, 2 рэсп. па радыяцыйнай і экалаг. бяспецы (інфармавання насельніцтва і навукова-навуч.), лінгвістычны; спец. аддзелы (інфарм.-выдавецкі, тэхн. сродкаў навучання, новых адукац. тэхналогій); н.-д. сектар, у складзе якога 12 лабараторый, у т. л. лабараторыя гістэхналогій; лакальную камп’ютэрную сетку з выхадам у Інтэрнет; навукова-навучальную палявую станцыю ў Хойніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭФІ́РНЫЯ ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, якія фармуюць са складаных поліэфіраў, у асн. з расплаву поліэтылентэрэфталату. Гандл. назвы: лаўсан, дакрон, тэрылен, тэтэрон, тэргаль, элан і інш. Атрымліваюць таксама П.в. на аснове хімічна мадыфікаванага поліэтылентэрэфталату (т.зв. суполіэфірныя валокны) і ў значна меншай колькасці — з полікарбанатаў, поліэтыленоксібензаату, полібутылентэрэфталату, вадкакрышт. поліэфіраў і інш.
Для П.в. характэрны высокія трываласць, тэрма-, святло-, атмасфера- і зносаўстойлівасць. Устойлівыя да ўздзеяння кіслот (акрамя канцэнтраваных азотнай і сернай) і раствораў шчолачаў, многіх арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць пры хім. чыстцы. Інтэрвал рабочых т-р ад -60 да 170 °C. Суполіэфірныя валокны пазбаўлены асн. недахопаў П.в. (цяжкасць фарбавання, гідрафобнасць, моцная наэлектрызаванасць і калянасць вырабаў). Выкарыстоўваюць у вытв-сці разнастайных тканін, трыкатажу, дываноў, штучнага футра, шыннага корду, тканін для гумава-тэхн. вырабаў, электра- і фільтравальных матэрыялаў і інш.
На Беларусі П.в. выпускае Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЗА́Й, Рэмзі (Ramsay) Уільям (2.10.1852, г. Глазга, Вялікабрытанія — 23.7.1916), англійскі хімік і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1888). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1913). Вучыўся ва ун-тах Глазга (1866—70), Гайдэльберга і Цюбінгена (д-р філасофіі; 1872). З 1872 ва ун-це Глазга, з 1880 праф. Брыстольскага, у 1887—1913 — Лонданскага ун-таў. Навук. працы па фізічнай, арган. і неарган. хіміі, гісторыі хіміі і фізікі. Адкрыў аргон (1894, разам з Дж. У.Рэлеем), неон, крыптон і ксенон (1898, разам з М.Траверсам). Вылучыў гелій з газаў клевіту (разнавіднасць уранавай смаляной руды; 1895). Вызначыў месца інертных газаў у перыяд. сістэме хім. элементаў (1900, адначасова з Дз.І.Мендзялеевым). Эксперыментальна назіраў самаадвольны радыеактыўны распад радыю і радону з утварэннем гелію (1903, разам з Ф.Содзі). Нобелеўская прэмія 1904.
Літ.:
Соловьев Ю.И., Петров Л.П. Вильям Рамзай, 1852—1916. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ у Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.6.1934. Пл. 52,4 тыс.км². Нас. 2475,4 тыс.чал. (1994). Цэнтр — г.Варонеж. Найб. гарады: Барысаглебск, Ліскі, Новаваронеж, Астрагожск, Росаш, Калач.
Прырода. Варонежская вобласць размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрапейскай раўніны. Заходняя ч. (Данское правабярэжжа) ляжыць на Сярэднярускім узв. (выш. да 268 м), моцна расчлянёная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Усходняя (Данское левабярэжжа) займае плоскую Окска-Данскую раўніну (выш. 80—178 м) і Калацкае узв. (выш. да 234 м) з ярка выяўленым эразійным рэльефам. Карысныя выкапні: мел, цэментныя мергелі, вогнетрывалыя, керамічныя і фарбавальныя гліны, граніт, медна-нікелевыя руды, кварцавы пясок. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -9 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака Дон з прытокамі Патудань, Ціхая Сасна, Чорная Калітва, Варонеж, Біцюг, Асярэдзь, Хапёр (з прытокам Варона). Варонежскае вадасх. Пераважаюць чарназёмныя глебы. Буйныя лясныя масівы, у асн. дубровыя і хваёвыя бары, абвешчаны запаведнікамі; захаваліся ўчасткі карэннага стэпу. Варонежскі запаведнік і Хапёрскі запаведнік.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (самалёты-аэробусы, экскаватары, с.-г. машыны, цеплаходы буксірныя); станкабудаванне; абсталяванне кавальска-прэсавае, эл.-энергет., для аграпрамысл. комплексу і футравай прам-сці; транспарцёры, рэзервуары для нафтапрадуктаў, электрарухавікі; прыладабудаванне (тэлевізары, радыёпрыёмнікі, відэамагнітафоны, эл. прылады, сродкі выліч. тэхнікі); рамонт абсталявання для АЭС, лакаматываў і інш.; развіты хім. (сінт. каўчук, аміяк, салетра, фарбы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля, домікі садовыя), лёгкая (абутковая, трыкат., вытв-сць дываноў і баваўнянай тканіны), харч. (масла-тлушчавая, цукр., малочная, мясная, плодакансервавая) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (вогнетрывалыя вырабы; жалезабетонныя канструкцыі, фундаменты і пліты; цэгла керамічная). Новаваронежская АЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень, жыта), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік) і кармавых культур. Вырошчваюць зернебабовыя і бульбу. Садаводства. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свіна-, авечка-, конегадоўля). Птушкагадоўля. Гал. чыгункі Масква—Варонеж—Растоў-на-Доне, Харкаў—Пенза, аўтадарогі Масква—Варонеж—Растоў-на-Доне, Курск—Варонеж—Барысаглебск, Масква—Астрахань. Перасякаюць тэр. газаправоды Стаўраполле—Масква, Шабялінка—Астрагожск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСО́РБЦЫЯ (ад лац. ad... на, да + sorbere паглынаць),
паглынанне рэчыва з газавага або вадкага асяроддзя (адсарбату) паверхняй, мікрасітавінамі цвёрдага цела (адсарбенту) ці вадкасці. Адсорбцыя — прыватны выпадак сорбцыі, якая ўключае абсорбцыю. У аснове адсорбцыі ляжаць асаблівыя ўласцівасці рэчыва ў паверхневым слоі, колькасна яна характарызуецца паверхневым нацяжэннем. Падзяляецца на фізічную абсорбцыю і хемасорбцыю, без рэзкага размежавання паміж імі; часта спалучаецца ў адзіным працэсе.
Фізічная адсорбцыя — вынік міжмалекулярных узаемадзеянняў (дысперсных сіл і сіл электрастатычнага характару); менш трывалая, абарачальная (адначасова адбываецца дэсорбцыя) працякае адвольна з памяншэннем паверхневай свабоднай энергіі і выдзяленнем цяпла. Скорасць фіз. адсорбцыі залежыць ад хім. прыроды і геам. структуры адсарбенту, канцэнтрацыі і прыроды рэчываў, што паглынаюцца, т-ры, дыфузіі і міграцыі малекул адсарбату; калі яна роўная скорасці дэсорбцыі, настае адсарбцыйная раўнавага. Пры хемасорбцыі малекулы адсарбату і адсарбенту ўтвараюць хім. злучэнні.
Велічыню адсорбцыі адносяць да адзінкі паверхні ці масы адсарбенту; яна павялічваецца пры павышэнні канцэнтрацыі адсарбату і памяншаецца пры павышэнні т-ры. Пры цвёрдых адсарбентах велічыню адсорбцыі вызначаюць па колькасці паглынутага рэчыва ці па змене канцэнтрацыі адсарбату; пры вадкіх — па змене паверхневага нацяжэння. Адсорбцыя адыгрывае важную ролю ў цеплаабмене, стабілізацыі калоідных сістэм (гл.Дысперсныя сістэмы, Каагуляцыя, Міцэлы), у гетэрагенных рэакцыях (гл.Тапамічныя рэакцыі, Каталіз). Выкарыстоўваецца ў храматаграфіі, прамысл. тэхналогіях, мае месца ў многіх біял. і глебавых працэсах. Адсорбцыя ў біялагічных сістэмах — першая стадыя паглынання рэчываў з навакольнага асяроддзя субмікраскапічнымі калоіднымі структурамі, арганеламі і клеткамі. У рознай ступені ўласціва працэсам функцыянавання біял. мембран, узаемадзеяння ферментаў з субстратам, антыцелаў з антыгенамі (на пач. стадыі), нейтралізацыі таксічных агентаў, усмоктвання пажыўных рэчываў і інш., дзе істотнае значэнне маюць паверхневыя ўласцівасці асобных кампанентаў біял.сістэм. У мед. практыцы індыферэнтнымі, нерастваральнымі адсарбентамі карыстаюцца для выдалення з арганізма соляў цяжкіх металаў, алкалоідаў, харч. інтаксікантаў, пры метэарызме, вонкава — у выглядзе прысыпак, мазяў і пастаў — пры запаленні скуры і слізістых абалонак для падсушвання. На з’явах адсорбцыі грунтуецца шэраг метадаў біяхім. даследаванняў.
Літ.:
Адамсон А. Физическая химия поверхностей: Пер. с англ.М., 1979;
Кельцев Н.В. Основы адсорбционной техники. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кгкрышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.
Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б.СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс.т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс.т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.