АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),
працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.Спенсера, Э.Гартмана, Х.Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.
Літ.:
Аристотель. Метафизика. М.; Л. 1934.
Я.М.Бабосаў.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ (Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),
апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.
А.П.Грыцкевіч.
т. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Амерыкана» (The Encyclopedia Americana),
універсальная энцыклапедыя ў ЗША. 1-е выд. выйшла ў Філадэльфіі ў 1829—33 (т. 1—13; скл. Ф.Лібер). З 1903 выдаецца ў Нью-Йорку (т. 1—16, 1903—04; з 1918 перавыдаецца ў 30 т.). Змяшчае каля 70 тыс. артыкулаў па гуманітарных, прыродазнаўчых і дакладных навуках, тэхніцы, эканоміцы, палітыцы. Асабліва падрабязны матэрыял прыводзіцца пра ЗША і інш. краіны Амерыкі. Большасць артыкулаў — сціслыя даведкі-дэфініцыі; грунтоўныя агляды даюцца пра асобныя краіны, усе стагоддзі новай эры (ад 1-га да 20-га), выдатныя творы сусв. л-ры, музыкі, філасофіі і эканомікі, амер. паліт. дзеячаў і інш. Найб. складаныя артыкулы маюць невял. слоўнікі тэрмінаў. Т. 30 змяшчае ілюстраваную храналогію сусв. падзей за апошнія 5 гадоў і алфавітны індэкс — больш за 350 тыс. тэрмінаў і слоў, што выкарыстаны ў артыкулах Амерыканскай энцыклапедыі. З 1923 у дадатак да Амерыканскай энцыклапедыі выдаецца 1-томны штогоднік.
В.К.Шчэрбін.
т. 1, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦКК ВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ. будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац. палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ. спадчыны і нац. культуры.
А.М.Малашка.
т. 1, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,
старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.
У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.
На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.
В.Л.Насевіч.
т. 1, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ, Аблвыкамзах,
першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-та Зах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Нестеренко Е.Н., Осмоловский В.П. Советы Белоруссии, окт. 1917 — янв. 1919 г. Мн., 1989.
т. 1, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНК СССР
(АДПУ),
орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВК СССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.
І.М.Кузняцоў.
т. 1, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭ́РА СІ́ЛЬВА ((Otero Silva) Мігель) (26.10.1908, г. Барселона, Венесуэла — 28.8.1985),
венесуэльскі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Чл. Венесуэльскай акадэміі (з 1972). У 1958—64 і 1974—80 сенатар. У 1928—29 удзельнічаў у барацьбе супраць дыктатуры Х.В.Гомеса, за што арыштоўваўся. У 1930—41 у эміграцыі. Заснавальнік і рэдактар газ. «El Nacional» («Нацыянальнай газеты») і інш. выданняў. У зб-ках вершаў «Вада і рэчышча» (1937), «25 вершаў» (1942), паэмах «Харальная элегія Андрэсу Элою Бланка» (1958), «Мора — гэта смерць» (1965) спалучэнне лірызму і грамадз.-філас. разважанняў. Праблемы бунтарства моладзі, прагрэсу і экалогіі, выбару ідэалаў і сродкаў барацьбы за іх, аднаўлення гіст. справядлівасці і інш. у раманах «Ліхаманка» (1939), «Мёртвыя дамы́» (1955), «Кантора № 1» (1961), «Смерць Анорыо» (1963), «Калі хочацца плакаць — не плачу» (1970), «Лопэ дэ Агірэ: князь Свабоды» (1979), «І стаў той камень Хрыстом» (1989). Аўтар літ. і паліт. эсэ.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1982;
И стал тот камень Христом // Иностранная л-ра. 1989. № 3.
І.Л.Лапін.
т. 2, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л МЕНШАВІКО́Ў»
(«БФМ»),
назва арг-цыі, прыдуманай у ліп. 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі па пытаннях эканам. развіцця Беларусі. Стварэнне «БФМ» было аднесена да 1928—30. Арганізатарамі і кіраўнікамі лічыліся А.І.Шэйнін і І.Я.Герцык (дацэнты БДУ), І.М.Рубенчык (урач), В.Ф.Берман і І.Л.Гарміза (супрацоўнікі Белкаапсаюза). Ячэйкі «арг-цыі» былі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, Нар. камісарыяце забеспячэння, фін. органах і спажывецкай кааперацыі БССР. Членам «БФМ» інкрымінавалася шкодніцтва, распаўсюджванне контррэв. л-ры, антысав. прапаганды. Да крымін. адказнасці прыцягнута 30 чал., 11 з іх праходзілі і як чл. «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі». Абвінавачванні грунтаваліся на паказаннях арыштаваных («прызналіся» 12 чал.) і сведак. Паводле рашэння Калегіі АДПУ БССР ад 23.7.1931 прыгавораны 6 чал. да 10 гадоў, 9 — да 5 гадоў, 7 — да 3 гадоў лагераў, астатнія да высылкі ў Сібір, Казахстан на 3—10 гадоў. У 1957 усе чл. «БФМ» рэабілітаваны.
Т.С.Процька.
т. 2, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л ПРАМПА́РТЫІ»
(«БФП»),
назва арг-цыі, прыдуманай летам 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі ў апараце кіраўніцтва прам-сцю БССР. Стварэнне «БФП» было аднесена да 1926. Паводле абвінаваўчага заключэння, кіраўніком лічыўся А.М.Каплан (кіраўнік прамсекцыі пры Дзяржплане БССР). Ячэйкі арг-цыі «дзейнічалі» ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, Белбудаб’яднанні, Белметалааб’яднанні, Белскураб’яднанні. Членам «БФП» інкрымінавалася «жаданне перараджэння сав. улады ў бурж дэмакр. рэспубліку», правядзенне мерапрыемстваў, якія «павінны былі перашкаджаць і тармазіць развіццё нар. гаспадаркі, ствараць прарывы і перашкоды». Да крымін. адказнасці прыцягнуты 30 чал., 8 з іх праходзілі і як чл. «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», што, на думку АДПУ, пацвярджала наяўнасць сувязі паміж «контррэвалюцыянерамі» Беларусі. Акрамя паказанняў сведак і прызнанняў арыштаваных, ніякіх доказаў існавання «БФП» не выяўлена. Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 23.7.1931 прыгавораны 10 чал. да 10 гадоў лагераў, астатнія да 5 гадоў лагераў. У жн. 1962 рэабілітаваны 1, у вер. 1989 — астатнія 29 чал.
Т.С.Процька.
т. 2, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)