ПЕ́РЭС ДЭ КУЭЛЬЯ́Р (Pérez de Cuéllar) Хаўер (н. 19.1.1920, Ліма),

перуанскі дыпламат. Скончыў ун-т Сан-Маркас (Ліма). З 1940 на дыпламат. службе, з 1944 на розных пасадах у пасольствах Перу ў Францыі, Вялікабрытаніі, Балівіі і Бразіліі. У 1961—63 дырэктар юрыд. дэпартамента, у 1963—64 — дэпартамента па паліт. і дыпламат. пытаннях мін-ва замежных спраў Перу. У 1964—71 пасол Перу ў Швейцарыі і пасланнік у Аўстрыі, потым пасол у Нац. і Польшчы. З 1971 пастаянны прадстаўнік Перу пры ААН, з 1975 спец. прадстаўнік ген. сакратара ААН на Кіпры. З 1977 пасол Перу ў Венесуэле. З 1978 пам. па спец. паліт. справах, з 1979 — нам. ген. сакратара ААН. У 1982—91 ген. сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Мікалай (Мікалай Радзівілавіч, мянушка Стары; ? — 1509),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Радзівіла Осцікавіча (гл. ў арт. Радзівілы). З 1481 намеснік смаленскі, з 1488 кашталян трокскі і намеснік навагрудскі, што дазволіла яму ўвайсці ў склад Рады ВКЛ. З 1492 ваявода віленскі і канцлер ВКЛ. У выкананне завяшчання вял. кн. Казіміра IV у 1492 забяспечыў пераход улады ў ВКЛ да вял. кн. Аляксандра. Выступаў за шлюб Аляксандра з Аленай Іванаўнай, дачкой вял. кн. маскоўскага Івана III. Быў адным з ініцыятараў падпісання ў 1499 новага акта уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Кіраваў ВКЛ пры адсутнасці ў дзяржаве вял. князя. Згодна з завяшчаннем Аляксандра, садзейнічаў перадачы ў 1506 трона ВКЛ Жыгімонту I.

В.​С.​Пазднякоў.

М.Радзівіл Стары. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЗІН (сапр. Казанкоў) Мікалай Марыусавіч

(15.12.1872, С.-Пецярбург — 24.8.1935),

рускі акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1925). Унук М.І.Петыпа. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900). На сцэне з 1902. З 1903 акцёр Т-ра Корша ў Маскве, з 1908 працаваў у Адэсе, Кіеве, з 1914 у Маскоўскім драм. т-ры Сухадольскіх, з 1918 у т-ры б. Корша. З 1932 у Малым т-ры. Мастацтва П. вызначалася тонкім гумарам, жывасцю камед. дыялогу, пластычнай выразнасцю жэста; Дон Жуан («Дон Жуан» Мальера), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.​Уайльда), Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоу), Дульчын («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана), Захар Бардзін («Ворагі» М.​Горкага) і інш. З 1915 здымаўся ў кіно.

Літ.:

Н.​М.​Радин. М., 1966.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВАСЦЕ́НКА Аляксандр Андрэевіч (н. 11.6.1938, в. Новалугінцы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. філосаф і эколаг. Канд. філас. н. (1967). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1960). З 1965 у Мінскім пед. ін-це замежных моў (з 1972 заг. кафедры). З 1979 у ЦК КПБ (у 1990 заг. аддзела). З 1991 заг. аддзела ў Бел. н.-д. цэнтры «Экалогія». З 1993 у сакратарыяце Міждзярж. экалагічнага савета. З 1999 нам. дырэктара Міждзярж. экалагічнага фонду. Навук. працы па праблемах сац. палітыкі, развіцця нар. гаспадаркі, навукі і культуры, сац. структуры грамадства, экалагічных аспектах сац.-эканам. развіцця Беларусі.

Тв.:

Главное, бесценное богатство нашего общества. Мн., 1981 (разам з А.​І.​Самалем);

Великое завоевание народа. Мн., 1984;

Проблемы развития Республики Беларусь в контексте экологической безопасности. Мн., 1994 (у сааўт).

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМУ́ЦІН Васіль Емяльянавіч (28.6.1906, с. Ваўчкоў Перавоз Любомльскага р-на Валынскай вобл., Украіна — 13.8.1981),

адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Беластоцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Скончыў курсы Вышэйшай парт. школы пры ЦК КПСС (1952). З 1927 на камсам., з 1930 і ў 1939 на журналісцкай рабоце. З 1934 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, з 1942 рэдактар падп. газ. «Віцебскі рабочы», з 1943 1-ы сакратар Беластоцкага падп. абкома КП(б)Б, кіраўнік Беластоцкага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і журналісцкай рабоце, у 1950—53 нам. міністра лясной гаспадаркі БССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАНЧУ́К Валерый Барысавіч (н. 25.5.1948, г. Іванава Брэсцкай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў Маскоўскі ун-т (1971). З 1974 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1975 заг. лабараторыі). З 1998 у БДУ (з 2000 заг. кафедры). Навук. працы па матэм. мадэліраванні. Распрацаваў мадэлі, метады разліку, праграмнае забеспячэнне выліч. эксперыментаў для даследавання працэсаў падземнай гідрадынамікі; на аснове распрацаваных матэм. і праграмнага забеспячэнняў стварыў (разам з інш.) некалькі прадметных геаінфармацыйных сістэм.

Тв.:

Численное моделирование процесса неустойчивого вытеснения нефти водой (разам з У.​М.​Ентавым) // Изв. АН СССР. Механика жидкости и газа. 1979. №5;

Методика, инструментарий адаптации математических моделей процессов подземной гидродинамики (разам з С.​А.​Барвенавым, М.​Ф.​Кібашам) // Выбр. навук. пр. БДУ. Т. 6. Матэматыка. Мн., 2001.

т. 15, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОН ДЫК ТХАНГ (Tôn Đú’c Tháng; 20.8.1888, прав. Лангсюен, В’етнам — 30.3.1980),

в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1912 жыў у Францыі. Служыў у франц. ВМФ, удзельнік паўстання франц. ваен. маракоў у Севастопалі ў 1919. Пасля вяртання ў 1920 у В’етнам удзельнічаў у антыкалан. руху, чл. Т-ва в’етн. рэв. моладзі. У 1929—45 зняволены ў франц. турму, дзе ў 1930 далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (з 1951 Партыя працоўных В’етнама, ППВ). Чл. ЦК ППВ з 1951. З 1949 нам., з 1955 старшыня Пастаяннага к-та Нац. сходу Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ). З 1960 віцэ-прэзідэнт ДРВ, у 1969—76 прэзідэнт ДРВ. З 1976 прэзідэнт Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1955.

т. 15, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛЕНКА Мікалай Мікітавіч (17.4.1929, в. Ясяні Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 11.6.1999),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі шкла і сіталаў. Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1973). Скончыў БПІ (1952), дзе і працаваў (з 1972 заг. кафедры, адначасова прарэктар). З 1976 дырэктар Ін-та буд-ва і архітэктуры Дзяржбуда Беларусі. З 1978 у Бел. тэхнал. ін-це. З 1981 у БПА (з 1984 заг. кафедры). Навук. працы па распрацоўцы тэорыі сінтэзу неарган. матэрыялаў (у т. л. сілікатнага шкла, кампазіцыйных матэрыялаў, керметаў), тэхналогіі спец. матэрыялаў электроннай тэхнікі.

Тв.:

Диаграммы стеклообразных систем. Мн., 1959 (разам з М.​А.​Безгародавым);

Термические свойства стекла. Мн., 1962;

Спектральное исследование алюмосиликатных стекол. Мн., 1982 (разам з Г.​Я.​Малашкевічам).

В.​А.​Сычык.

т. 18, кн. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ВІЧ Анатоль Майсеевіч (н. 3.1.1928, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Канд. філал. н. (1958), праф. (1992). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951), з 1953 выкладае ў ім (з 1965 заг. кафедры, з 1974 нам. дэкана, у 1978—2001 дэкан). Даследуе пытанні марфемікі і словаўтварэння. Адзін з аўтараў навук. і навуч.-метадычных комплексаў для студэнтаў і навучэнцаў: «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (1989, з Л.​М.​Шакуном), «Сучасная руская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1993), «Супастаўляльны курс рускай і беларускай моў» (1999, з А.​А.​Гіруцкім і Л.​В.​Чарнышовай), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (2003, з М.​М.​Круталевічам і А.​А.​Лукашанцам) і інш.

Г.​А.​Гваздовіч.

т. 18, кн. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫНЕ́Ц Антон Эдвард (25.1.1804, в. Гейстуны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1885),

польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. З роду Адынцоў. Скончыў Віленскі ун-т (1823). У Вільні пасябраваў з А.​Міцкевічам, Я.​Чачотам, Т.​Занам, І.​Дамейкам, І.​Ходзькам. У 1821 стаў чл. т-ва філарэтаў, напісаў «Песню філарэтаў» (пераробка яе — «Песня» Ф.​Багушэвіча). У 1823—24 зняволены па справе т-ва. У 1825—26 выдаў у Вільні 2-томнік «Паэтычныя творы». У 1829—37 падарожнічаў па Зах. Еўропе, жыў у Дрэздэне. З 1838 у Вільні. У 1841—59 рэдактар газ. «Виленский вестник». З 1866 у Варшаве. У 1888 з І.​Дамейкам наведаў Беларусь. Аўтар мемуарных «Пісем з падарожжа» (1875—78), «Успамінаў з мінулага» (1884), вершаваных драм «Феліцыта, або Карфагенскія мучанікі» (1849), «Барбара Радзівілянка» (1860).

Літ.:

Цвірка К. Тэлемак з-пад Ашмянаў: Жыццё і творчасць А.​Э.​Адынца // Роднае слова. 1994. № 3.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)