колькасць энергіі, затрачанай арганізмам чалавека ці жывёлы пры магчыма поўным мышачным спакоі для забеспячэння мінім. ўзроўню абмену рэчываў і функцыян. актыўнасці, неабходных для падтрымання жыцця. Мінім.энергет. затраты арганізма чалавека вызначаюцца ў стане мышачнага спакою ў ляжачым становішчы, нашча, праз 12—16 гадз пасля прыняцця ежы, пры т-ры камфорту (18—20 °C). Вымяраецца ў кіладжоўлях, кілакалорыях на адзінку масы або паверхні цела, за 1 гадз або 1 суткі; залежыць ад масы цела, росту, узросту, полу, віду, характару харчавання, умоў месцажыхарства і інш. Больш высокі ў маладых людзей, у мужчын (у параўнанні з жанчынамі), у людзей, якія займаюцца фіз. працай, у спартсменаў. У людзей, што галадаюць або доўга хварэюць, асноўны абмен паніжаны Паказанні асноўнага абмену выкарыстоўваюць для дыягностыкі некаторых захворванняў (напр., эндакрынных залоз). У жывёлагадоўлі па Асноўным абмене вызначаюць нормы кармлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСТО́ЎСКІ КАНА́Л,
у Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяв. Польшчы. Злучае Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Даўж. 102 км, на тэр. Беларусі 22 км. Сярэдняя глыбіня 1,8 м. Утвораны з сістэмы каналаў, азёраў (Нецка, Белае і інш. на тэр. Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і пратокаў паміж азёрамі. На Беларусі ўключае частку р. Чорная Ганча (даўж. 9 км) паміж в. Лясная і в. Сонічы і асобнае рэчышча (даўж. 6 км), якое злучае гэтую рэчку з Нёманам (каля в. Нямнова). Мае 18 шлюзаў, з іх 4 на тэр. Беларусі. Пабудаваны ў 1824—39 як водны шлях для перавозкі грузаў з бас. Віслы і Нёмана да Балтыйскага м. На б.ч. быў даступны для суднаў водазмяшчэннем да 100 т, часткова выкарыстоўваўся для сплаву лесу. Страціў ролю транспартнага шляху. Помнік гідратэхн. буд-ва. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПЕ́СЕННАЯ КАМІ́СІЯ.
Існавала ў 1923—24 пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. Створана з мэтай гарманізацыі бел.нар. песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А.Грыневіча, У.Тэраўскага, М.Янчука і інш.). У камісію ўваходзілі кампазітары М.Іпалітаў-Іванаў (старшыня), М.Аладаў, А.Аленін, А.Грачанінаў, А.Нікольскі, Я.Прохараў. Апрацавана больш як 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (вып. 1, 1928) і ў серыі «Беларускія народныя песні» (1929—30). Найб. каштоўныя апрацоўкі Грачанінава (для хору «Ішла каляда», «Перад Пятром», «Чаму селязень», «Перапёлка», «Ішоў раёк», для голасу з фп. «Зазвінела пчолачка», «Калыханка»), Аладава (харавыя «Ой, загуду», «Мужык жыту прадае», «На гары жораў круціўся»), Прохарава (харавыя «Ой, рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НДА (Benda),
чэшскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Старэ-Бенаткі, Чэхія.
Іржы (Георг) Антанін (30.6.1722—6.11.1795), кампазітар, скрыпач, дырыжор. З 1742 скрыпач прыдворнай капэлы ў Берліне, з 1750 у г. Гоце, прыдворны капельмайстар (1770—78). Выступаў з выкананнем сваіх твораў у Гамбургу, Вене, Парыжы, Берліне. Стварыў узоры меладрамы: «Арыядна на Наксосе» і «Медэя» (1775), «Пігмаліён» (паводле Ж.Ж.Русо, 1779). Аўтар зінгшпіляў «Вясковы кірмаш» (1775), «Дрывасек, або Тры жаданні» (1778) і інш., кантат, сімфоній, канцэртаў з аркестрам, санат, культавых харавых твораў.
Францішак (Франц; 22.11.1709—7.3.1786), скрыпач і кампазітар. З 1726 канцэртаваў па Зах. Еўропе. З 1733 у Берліне, прыдворны скрыпач, канцэртмайстар Каралеўскага аркестра. Аўтар сімфоній, канцэртаў для скрыпкі з аркестрам і для клавесіна, санат для скрыпкі з basso continuo, трыо-санат, скрыпічных п’ес. Напісаў «Аўтабіяграфію» (рус.пер. у час. «Музыкальный и театральный вестник», 1856, № 41, 42, 44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНО́КЛЬ (франц. binocle ад лац. bini два + oculus вока),
аптычная прылада, прызначаная для візуальнага назірання аддаленых прадметаў абодвума вокамі, а таксама для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Складаецца з 2 зрокавых трубаў з паралельнымі аптычнымі восямі.
Аптычная схема бінокля ўключае аб’ектыў і акуляр. У біноклі са зрокавымі трубамі тыпу Кеплера прамы відарыс аддаленага прадмета атрымліваецца пры наяўнасці паміж аб’ектывам і акулярам абарачальнай сістэмы, якая дазваляе значна зменшыць даўжыню прылады. Прамежкавы відарыс, што дае аб’ектыў, сапраўдны, у яго плоскасці размешчана сетка для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Такія біноклі даюць павелічэнне да 22 разоў. У біноклі з трубамі тыпу Галілея ролю акуляра выконвае рассейвальная лінза перад плоскасцю прамежкавага відарыса, у выніку чаго відарыс атрымліваецца ўяўным і прамым. З-за абмежаванага вугла зроку такія біноклі выкарыстоўваюцца толькі з малым павелічэннем (да 4 разоў), напр. тэатральныя.
Бінокль: а — Галілея (тэатральны); б — прызматычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
1) прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе і размнажэнне ў ім непажаданых для чалавека арганізмаў.
2) Выпадковае або антрапагеннае пранікненне (дзякуючы дзейнасці чалавека) у экасістэмы і тэхнал. прылады відаў жывых арганізмаў, якія не характэрны для дадзеных згуртаванняў і прылад і звычайна там адсутнічаюць. Біялагічнае забруджванне найчасцей мае мясц. характар, аднак яго адмоўныя вынікі могуць істотна павялічвацца дзякуючы здольнасці арганізмаў-забруджвальнікаў самастойна мігрыраваць на значныя адлегласці (напр., эладэя, каларадскі жук рассяліліся па ўсёй тэр. Беларусі). Асабліва небяспечнае біялагічнае забруджванне асяроддзя ўзбуджальнікамі інфекц. і паразітычных хвароб, шкоднікамі с.-г. раслін і іх канкурэнтамі. Папярэдзіць біялагічнае забруджванне можна своечасовым выяўленнем, лакалізацыяй і ліквідацыяй крыніц забруджвання, ажыццяўляючы комплекс мерапрыемстваў па санітарнай ахове навакольнага асяроддзя, увядзеннем каранціну, папярэднімі абгрунтаваннем і прагназаваннем магчымых вынікаў інтрадукцыі і акліматызацыі новых для дадзенай тэр. відаў раслін і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэзальнымі элементамі якога з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Адрозніваюць абразіўны інструмент са звязаным абразівам (шліфавальныя кругі, брускі, сегменты, галоўкі), на эластычнай аснове (шліфавальная шкурка, стужка) і ў выглядзе свабоднага абразіву (парашок, паста, суспензія, зярняты).
Для звязвання (сцэментоўвання) абразіўных зярнят карыстаюцца керамічнай, бакелітавай, метал., вулканітавай звязкамі. Па цвёрдасці абразіўны інструмент падзяляюць на мяккі, сярэднямяккі, сярэдняцвёрды, цвёрды, вельмі цвёрды і звышцвёрды. Звычайна эксплуатуюць з кругавой скорасцю да 30 м/с, а ўмацаваны абразіўны інструмент (напр., кругі з электракарунду і карбіду крэмнію, арміраваныя тканінай, шкляной сеткай, метал. кольцамі) — да 100 м/с. Выкарыстоўваюць дляабразіўнай апрацоўкі металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІНАТЭРМІ́Я (ад алюміній + грэч. thermē цяпло),
від металатэрміі; тэрмічны працэс, заснаваны на аднаўленні парашкападобным алюмініем кіслародных злучэнняў металаў.
Адбываецца ў плавільнай шахце ці тыглі, куды засыпаецца парашкападобная шыхта, якая падпальваецца з дапамогай запальнай сумесі. Пры гарэнні развіваецца высокая т-ра (да 3000 °C), цеплата рэакцыі складае не менш за 2300 кДж/кг сумесі. Калі цеплата рэакцыі меншая, то сумесь вокісу металу з алюмініем падаграваюць у эл. печы (алюмінатэрмія электрапечная), калі пры аднаўленні вылучаецца вял. колькасць цяпла (без дадатковага яго падвядзення), ажыццяўляецца алюмінатэрмія пазапечная. Алюмінатэрмія выкарыстоўваецца для награвання і расплаўлення кантаў метал. вырабаў, што зварваюцца (напр., пры тэрмічнай зварцы рэек), для запальных сумесяў, у металургіі для атрымання з аксідаў металаў і сплаваў (безвугляродзістых металаў, ферасплаваў, лігатур).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЮ АКСІ́Д, гліназём,
хімічнае злучэнне алюмінію з кіслародам, Al2O3. Існуе ў крышт. мадыфікацыях, з якіх устойлівыя α-форма (tпл 2053 °C) і γ-форма (вышэй за 900 °C неабарачальна ператвараецца ў α-форму), і ў аморфным стане (гл.Алюмагель). У прыродзе α-Al2O3 — мінерал карунд і яго афарбаваныя разнавіднасці рубін, сапфір і інш. У вадзе нерастваральны, амфатэрны. α-форма хімічна больш актыўная, гіграскапічная. Атрымліваюць: α-Al2O3 перапрацоўкай баксітаў, штучны карунд (алунд) плаўкай баксітаў з вугалем, монакрышталі зоннай плаўкай; γ-Al2O3 награваннем гідраксіду ці соляў алюмінію да 600—900 °C. Выкарыстоўваюць:α-Al2O3 у вытв-сці алюмінію; алунд у эл.-тэхн. кераміцы, вогнетрывалых матэрыялах для металургічных і эл. печаў; карунд — абразіўны матэрыял; монакрышталі — рабочыя целы для лазераў, апорныя камяні дакладных і гадзіннікавых механізмаў, ювелірныя камяні; ніткападобныя крышталі — для арміравання металаў (Al, Ag); γ-Al2O3 — адсарбент у храматаграфіі, каталізатар, носьбіт каталізатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ (біял.),
здольнасць раслін, а таксама арганізмаў і іх згуртаванняў (часцей раслін) пераносіць вял. канцэнтрацыі шкодных газападобных рэчываў атмасферы (серавадарод, вокіслы вугляроду, серы, азоту, фтор, фторысты вадарод, хларыды і інш.). У выніку пранікнення газаў у раслінныя клеткі ў іх назапашваюцца ядавітыя рэчывы, якія парушаюць працэсы абмену рэчываў. Пры высокай газаўстойлівасці раслін адбываецца эфектыўнае ачышчэнне паветра ў прамысл. гарадах. Для гэтай мэты выкарыстоўваюць віды раслін, якія ўтвараюць вял. біямасу і маюць інтэнсіўны газаабмен: з травяністых — аўсяніцу, мятліцу, райграс, кавыль і інш., з дрэвавых і кустовых — лох серабрысты, вяз, клён серабрысты, брызгліну, бружмель і інш. На Беларусі даследаванні па падборы газаўстойлівых раслін для азелянення тэр.прамысл. прадпрыемстваў пачаліся ў 1970-я г. ў Цэнтр.бат. садзе АН. Дляпрамысл. і гарадскіх умоў рэкамендавана больш за 150 відаў і сартоў дрэвава-кустовых і кветкава-дэкар. раслін, устойлівых да фітатаксікантаў.