БАЛАНДЫ́СТЫ,

навуковае таварыства бельгійскіх езуітаў, што рэдагуе і выдае жыціі святых каталіцкай царквы. Засн. ў Антверпене Ж.​Боландам, які ў 1643 пачаў выдаваць «Жыціі святых» (Acta Sanctorum; да 1942 выйшла 67 т.). Выдаюць таксама штоквартальнік Analekta bollandiana (з 1882) і бюлетэнь бягучых агіяграфічных выданняў (з 1886). Цэнтр т-ва ў Бруселі.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІАНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + антыкліналь),

кароткая антыклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку мясц. тэктанічнага ўздымання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахіантыкліналь, нахілены ва ўсе бакі ад цэнтр. часткі яе скляпення, дзе знаходзяцца найб. стараж. пароды.

Брахіантыкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫК, кубельчык,

бандарны выраб у беларусаў, пасудзіна на 3—4 л для дастаўкі стравы ў «рабочы вугал» — на жніво, сенажаць і інш. Меў форму невял. кадачкі з накрыўкай, што заціскалася паміж вушак папярэчынай і прыстасаванай да яе гнутай ручкай.

Бельчык. Вёска Валькі Талачынскага раёна Віцебскай вобл. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВЫ́ КАЭФІЦЫЕ́НТ (матэм.), лік k ва ўраўненні прамой лініі на плоскасці y=kx+b, што характарызуе нахіл прамой да восі абсцыс. У прамавугольнай сістэме каардынат k = tgφ , дзе φ — вугал паміж дадатным напрамкам восі абсцыс і разгляданай прамой лініяй, які адлічваецца ў дадатным напрамку (ад восі Ox да восі Oy).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАКО́КІ,

від бактэрый шарападобнай формы (кокі), размешчаных парамі. Будова Д. абумоўлена тым, што пры дзяленні бактэрый у адной плоскасці 2 новыя асобіны не разыходзяцца. У Д. адсутнічаюць жгуцікі, яны не ўтвараюць спораў. Сярод Д. ёсць сапрафіты, якія жывуць у глебе, вадзе, і ўзбуджальнікі інфекц. хвароб — пнеўмакокі, менінгакокі, ганакокі і інш.

Дыпладок.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГА́НТЫ, зоркі-гіганты,

зоркі вялікіх памераў (10—1000 радыусаў Сонца) і вялікіх свяцільнасцей (100—1000 адзінак свяцільнасці Сонца). Маюць малыя сярэднія шчыльнасці (10​−2—10​−4 кг/м³) з прычыны працяглых разрэджаных абалонак. У некаторых гігантах адбываецца інтэнсіўнае выцяканне рэчыва з паверхні (карпускулярная няўстойлівасць), што можа прывесці да ўтварэння планетарнай туманнасці.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),

1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.

2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ, пункт нулявога зараду,

стан паверхні цела (ці часцінкі дысперснай фазы) у кантакце з растворам электраліту, які характарызуецца аднолькавай колькасцю станоўчых і адмоўных зарадаў у адсарбцыйным слоі. Адзін з асн. параметраў, што вызначае эл.-хім. ўласцівасці амфалітаў (напр., амінакіслот і бялкоў). Вызначэнне І.п. розных субстратаў арганізма праводзіцца з мэтай дыягностыкі.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́НАВЫЯ ВАЛО́КНЫ,

разнавіднасць валокнаў злучальнай тканкі жывёл і чалавека. Складаюцца з бялку калагену, што сінтэзуецца фібрабластамі, хандрабластамі і астэабластамі. К.в. ўтвораны пучкамі фібрыл, якія складаюцца з протафібрыл. Фарміруюцца ў пазаклетачнай прасторы полімерызацыяй трапакалагену. Моцныя на разрыў, мала эластычныя, выконваюць мех. (апорную) функцыю. У храстку К.в. наз. хандрынавымі, у касцях — асеінавымі.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)