НАВО́ТКА ((Nowotko) Марцэлій) (8.8.1893, Варшава — 28.11.1942),

дзеяч рэв. руху ў Польшчы, кіраўнік камуніст. плыні ў польскім руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. З 1916 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. У 1918 адзін з арганізатараў савета прац. дэпутатаў у г. Цяханаў (Польшча). З 1918 чл. Камуніст. партыі Польшчы (КПП). У сав.-польскую вайну 1920 удзельнічаў у працы Польск. рэв. к-та, узначальваў рэўком у г. Лапы (Беласточчына). У 1935 зняволены польск. ўладамі. У 1939—41 у СССР. У ліп. 1941 узначаліў ініцыятыўную групу па аднаўленні КПП (распушчана ў 1938). Са снеж. 1941 у акупіраванай Польшчы. Адзін з заснавальнікаў (студз. 1942) і сакратар Польскай рабочай партыі. Забіты пры нявысветленых абставінах.

Л.​А.​Козік.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКАЗНА́ЎСТВА,

комплекс навук. дысцыплін, якія даследуюць і абагульняюць заканамернасці функцыянавання навукі як сістэмы ведаў і сац. ін-та, ажыццяўляюць сістэмны аналіз арганізац.-эканам. і сац.-кіраўніцкіх умоў павышэння эфектыўнасці працэсаў навук. дзейнасці. Узнікла ў 1930-я г., у самаст. галіну ведаў аформілася ў пач. 1960-х г. Уключае розныя галіны ведаў: логіку навукі, сацыялогію навукі, эканоміку і метадалогію навукі, псіхалогію навук. творчасці, тэорыю арганізацыі навукі, навук.-тэхн. прагназаванне і інш. Прадметам іх даследавання з’яўляюцца сац.паліт., эканам., псіхал., прававыя і інш. аспекты н.-д. дзейнасці, структура навук. устаноў і іх сувязь з размеркаваннем навук. кадраў, сістэма камунікацый паміж вучонымі і інш. У Н. выкарыстоўваюцца ідэі і метады інфарматыкі, сістэмных даследаванняў інш. галін ведаў, навукаметрыя і інш.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЧЫК (Віктар Мікалаевіч) (н. 11.8.1946, г. Брэст),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1995), праф. (1999). Скончыў Брэсцкі тэхнікум чыг. транспарту (1965), фіз. ф-т БДУ (1973). У 1973—99 працаваў у БДУ, з 2000 заг. кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці Бел. ун-та культуры. Даследуе праблемы пед. эрганомікі, вучэбнага дэманстрацыйнага эксперыменту па фізіцы, выкладання фізікі ў сярэдніх навуч. установах і ВНУ, этыкі педагога, феномена творчасці і выхавання творчай асобы і інш.

Тв.:

Наглядность в демонстрационном эксперименте по физике: (Эргономический подход). Мн., 1983 (разам з А.​М.​Саржэўскім);

Воспитание творческой личности Мн., 1998;

Этика педагога. Мн., 1999 (разам з Я.​А.​Саўчанка);

Перевоспитание как педагогическая иллюзия // Гуманіт.-экан. весн. 1999. № 2.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГАЛЕРЭ́Я МАСТА́ЦТВАЎ у Вашынгтоне,

адзін з буйнейшых у ЗША збораў твораў мастацтва. Засн. ў 1937 у структуры Смітсанаўскага ін-та на аснове буйных прыватных калекцый, адкрыта ў 1941. У галерэі захоўваюцца шэдэўры зах.-еўрап. жывапісу і скульптуры розных часоў (творы Л.​Берніні, Я.​Вермера, Т.​Гейнсбара, Данатэла, Джарджоне, Э.​Дэга, Ф.​Клуэ, Э.​Манэ, Рафаэля, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, Тыцыяна, Эль Грэка і інш.), творы амер. мастакоў (Дж.​Коплі, Г.​Сцюарта і інш.), калекцыі графікі і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Гал. будынак галерэі пабудаваны ў 1939—40 у формах неакласіцызму (арх. Дж.​Р.​Поўп, О.​Р.​Эгерс, Д.​П.​Хігінс), усх. корпус — у 1978 (арх. І.​М.​Пей).

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,

грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел. нац. к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.​Карабач, К.​Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.​Будзька). Друкавала творы Я.​Бялькевіча, А.​Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЭЛЬ-БЕ́ЙКЕР ((Noel-Baker) Філіп Джон) (1.11.1889, Лондан — 8.10.1982),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Барон (з 1977). Чл., з 1946 старшыня Лейбарысцкай партыі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні 1932—35. З 1924 праф. у галіне міжнар. адносін Лонданскага ун-та. Удзельнік летніх Алімп. гульняў 1912, 1920, 1924 і 1928 (лёгкаатлет). У 1928—31 і 1936—70 дэп. палаты абшчын. У 1945—51 дзярж. міністр, міністр па справах Садружнасці; выступаў за міжнар. раззбраенне. Аўтар кніг «Ліга Нацый у дзеянні», «Раззбраенне» (абедзве 1926), «Гонка ўзбраенняў: праграма сусветнага раззбраення» (1958) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1959.

Ф.Ноэль-Бейкер.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГО́РНЫ (Мікалай Віктаравіч) (18.2.1903, г. Карлаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 11.1.1983),

украінскі і расійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1963, 1973). Скончыў Кіеўскі тэхнал. ін-т харч. прам-сці (1931). У 1931—39 на інж. пасадах у цукр. прам-сці Украіны, у 1939—42 і 1944—46 на кіруючых пасадах у наркаматах харч. прам-ці СССР і Украіны (у 1942—44 дырэктар Маскоўскага тэхнал. ін-та харч. прам-сці). Пастаянны прадстаўнік урада Украіны пры ўрадзе СССР з 1946. 1-ы сакратар Харкаўскага абкома (1950—53), 2-і (1953—57), 1-ы (1957—63) сакратар ЦК Кампартыі Украіны. Сакратар ЦК КПСС (1963—65). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1965—77).

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМБАХ (Аляксандр Адольфавіч) (10.9.1897, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 22.10.1963),

вучоны-цюрколаг. Праф. (1960). Засл. дз. л-ры і мастацтва Рэспублікі Тыва (1963). Скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та (1918). У 1918—22 настаўнічаў у Лёзне. Выкладаў у Камуніст. ун-це працоўных Усходу, Чэлябінскім пед. ін-це і інш. З 1930 працаваў у Тувінскім НДІ мовы, л-ры і гісторыі. Адзін са стваральнікаў тув. пісьменнасці (1930); сааўтар першай «Граматыкі тувінскай мовы» (1961), «Асноў тувінскай арфаграфіі» (1963). Перакладаў на рус. мову творы С.​Тока, С.​Сарыг-Оала і інш. Як пісьменнік і перакладчык адыграў значную ролю ў станаўленні тув. маст. л-ры.

Літ.:

Александр Пальмбах — писатель и человек. Кызыл, 1967.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Захар Філімонавіч) (12.3.1898, в. Буякі Брэсцкага р-на — 2.6.1965),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну з 1917 на Зах. фронце. З 1918 у Чырв. Арміі, ваяваў супраць Дзянікіна, польскіх інтэрвентаў. З 1921 удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1925 арыштаваны і зняволены на 5 гадоў у турму. З 1936 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі на гасп. рабоце. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 упаўнаважаны Брэсцкага абкома КП(б)Б у паўд. зоне Брэсцкай вобл. па кіраўніцтве партыз. рухам. З 1946 інструктар Брэсцкага абкома КПБ.

В.​П.​Ласковіч.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРСАДА́НАЎ (Георгій Арцёмавіч) (10.9.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 15.10.1989),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). З 1959 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект», у 1962—73 нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: генпланы гарадоў Мінск (1946), Слуцк Мінскай вобл. (1937—40, 1947), Рэчыца Гомельскай вобл. (1937—39, 1951), Магілёў (1947—50, 1961), Салігорск Мінскай вобл. (1958, 1971, апошнія 4 у сааўт.), карэкціроўка генплана Мінска (1959). Аўтар праектаў жылых раёнаў аўтамабільнага, падшыпнікавага з-даў, камвольнага камбіната (1945—55), мікрараёна па вул. Валгаградскай (1956, усе ў сааўт.) у Мінску; курортнай зоны воз. Нарач (1966, 1974—75).

А.​А.​Воінаў.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)