ДУБЛЁР (франц. doubleur ад doubler падвойваць),
1) той, хто паралельна з кім-н. выконвае аднолькавую работу (напр., прадпрыемства-Д., Д. касманаўта — які праходзіць разам з ім падрыхтоўку і здольны яго замяніць).
2) Акцёр, які замяняе асн. выканаўцу ролі, а таксама акцёр, які ўзнаўляе тэкст пры перакладзе фільма з адной мовы на другую.
т. 6, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛІ́Ў,
частка акіяна, мора ці возера, якая дастаткова глыбока ўразаецца ў сушу, але мае свабодны водаабмен з асн. вадаёмам. У залежнасці ад прычын узнікнення, памераў, канфігурацыі, звязанасці з асн. вадаёмам адрозніваюць бухты, гафы, лагуны, фіёрды і эстуарыі. Часам З. называюць асобныя ч. Сусветнага ак., якія па сваім гідралагічным рэжыме належаць да мораў (напр., Мексіканскі, Гудзонаў).
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШГУКАВО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,
рух газу, пры якім скорасць часціц перавышае мясц. скорасць гуку ў разгляданай вобласці газу. Ажыццяўляецца, напр., пры руху пары або газу праз звышгукавое сапло (сапло Лаваля), пры абцяканні паветраным патокам самалётаў, ракет, артыл. снарадаў, метэарытаў і інш., скорасць якіх перавышае скорасць гуку ў паветры. Суправаджаецца ўтварэннем скачкоў ушчыльнення (гл. Ударная хваля).
т. 7, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛІ́НІІ (ад іза + лінія),
лініі на геагр. картах, разрэзах і графіках, якія злучаюць кропкі з роўнымі колькаснымі значэннямі пэўнай велічыні. Даюць характарыстыку безупынных з’яў у некаторы перыяд або момант часу (напр., ізабары, ізабаты). Выкарыстоўваюцца пры картаграфаванні прыродных і сац.-эканам. з’яў, для атрымання іх колькаснай характарыстыкі і для аналізу карэляцыйных сувязей паміж імі.
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР (франц. isolateur ад isoler раз’ядноўваць),
1) рэчыва з вельмі вял. удзельным эл. супраціўленнем (гл. Дыэлектрыкі).
2) Прыстасаванне, частка канструкцыі, што прадухіляе ўтварэнне эл. кантакту, а таксама забяспечвае мех. сувязь паміж часткамі эл. абсталявання (гл. Ізалятар электрычны).
3) Адасобленае памяшканне для хворых (гл. Бокс) або асоб, для якіх ёсць патрэба ў ізаляцыі (напр., следчы ізалятар).
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МА́СЛЫ,
нафтавыя і сінтэтычныя (напр., крэмнійарганічныя) маслы, якія маюць уласцівасці дыэлектрыкаў. Выкарыстоўваюцца для ізаляцыі токаправодных частак і ахаладжэння трансфарматараў (трансфарматарнае масла), насычэння і заліўкі папяровай ізаляцыі эл. кандэнсатараў (кандэнсатарнае масла), заліўкі сілавых масланапоўненых кабеляў (кабельнае масла). Трансфарматарнае масла выкарыстоўваюць таксама ў рэастатах (для ахаладжэння), масляных выключальніках (для гашэння эл. дугі) і інш.
т. 7, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАПРЭНО́ДЫ,
група прыродных злучэнняў, якія фармальна разглядаюцца як прадукты пераўтварэння (полімерызацыі, цыклізацыі, акіслення і інш.) ізапрэну. Утвараюцца ў жывых арганізмах з мевалонавай к-ты. Падзяляюць на тэрпены і іх вытворныя, смаляныя кіслоты, стэроіды і поліізапрэноіды (напр., каўчук натуральны). Да І. адносяцца многія фізіялагічна актыўныя рэчывы: вітаміны A, D, E, K, антыбіётыкі, гармоны, ферамоны і інш.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМА́ГА (ад лац. imago вобраз),
дарослая стадыя індывід. развіцця насякомых і некаторых іншых членістаногіх. У гэтай стадыі членістаногія размнажаюцца, іншы раз рассяляюцца, не ліняюць і не растуць. Працягласць стадыі І. ад некалькіх гадзін да некалькіх гадоў. Напр., у аўсяніка І. цягнецца гадзіны, у матылькоў-мяшочніц — мінуты; у жукоў (даўганосікі, чарнацелкі) 2—3 гады.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФІ́КС у граматыцы,
словаўтваральная марфема, якая служыць для злучэння 2 асноў пры ўтварэнні складанага слова. У якасці І. у бел. мове ўжываюцца галосныя «о» (не пад націскам — «а»), «е» (у 1-м складзе перад націскам — «я»), напр., вадохрышча, лесастэп, знешнегандлёвы, землямер. У бел. мове І. называюць таксама злучальнымі галоснымі.
П.П.Шуба.
т. 7, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАТА́Ж (франц. cabotage),
суднаходства паміж партамі, якія належаць адной дзяржаве. Адрозніваюць вял. К. — перавозкі грузаў і пасажыраў паміж партамі розных мораў, і малы К. — перавозкі паміж партамі аднаго мора. У Расіі, напр., адносна К. разглядаюць як адно мора Чорнае і Азоўскае, Белае м. і Паўн. Ледавіты ак., Японскае, Ахоцкае і Берынгава моры.
т. 7, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)