БЛА́ШКАВІЧ ((Blaškovič) Дзіяніз) (н. 2.8.1913, г. Ябланец, Чэхія),

чэшскі мікрабіёлаг і вірусолаг. Чл. Чэшскай АН; замежны чл. АН СССР (1966), Нью-Йоркскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў Славацкі ун-т у г. Браціслава, дзе працаваў да 1946. З 1947 у Ін-це аховы здароўя, з 1950 дырэктар Славацкага ін-та біялогіі, з 1953 — Інта вірусалогіі АН Чэхаславакіі. Навук. працы па агульнай і мед. вірусалогіі, натуральнай ачаговасці патагенных вірусаў (грыпу, клешчавога энцэфаліту), гігіене. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЧВАР (Андрэй Анатолевіч) (8.8.1902, Масква — 18.9.1984),

савецкі вучоны ў галіне металазнаўства. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1949, 1953). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1923). З 1952 дырэктар Усесаюзнага НДІ неарган. матэрыялаў, у 1961—65 у Маскоўскім ін-це металаў і сплаваў. Працы па крышталізацыі, рэкрышталізацыі металаў і сплаваў, іх дэфармацыі пры высокіх т-рах і цісках, структурнай тэорыі гарачатрываласці сплаваў, звышпластычнасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1953. Ленінская прэмія 1961.

А.А.Бочвар.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НЦАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (14.4.1883, С.-Пецярбург — 30.9.1961),

рускі рэжысёр, дзеяч т-ра для дзяцей. Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1908). Заснавальнік і кіраўнік Ленінградскага тэатра юных гледачоў (з 1921). Здзейсніў 48 пастановак, у т. л. «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова, «Выкрадальнік агню» П.​Горлава, «Беднасць не загана» А.​Астроўскага, «Цімошкаў руднік» Л.​Макар’ева, «Сын палка» паводле В.​Катаева. Аўтар кніг і артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі тэатра для дзяцей. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́ЕЎ (Аскар) (н. 10.11.1944, с. Кызыл-Байрак Кемінскага р-на, Кыргызстан),

дзярж. дзеяч Кыргызстана, вучоны. Акад. АН Кыргызстана (1987). Д-р тэхн. н. (1980). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі і оптыкі (1968). Працаваў у ім, на з-дзе ў Бішкеку, у Фрунзенскім політэхн. ін-це. У 1986—87 заг. аддзела ЦК Кампартыі Кіргізіі. З 1987 віцэ-прэзідэнт, у 1989—90 прэзідэнт АН Кыргызстана. З 1990 прэзідэнт Рэспублікі Кыргызстан. Навук. працы па фіз. оптыцы і галаграфіі.

А.Акаеў.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЁНАК (Пётр Сяргеевіч) (н. 22.7.1910, в. Вял. Мяхінічы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1960). Скончыў курсы культасветработнікаў у Магілёве (1932). З 1937 саліст Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі, у ансамблях песні і танца Адэскай і Прыбалтыйскай ваен. акруг. У 1953—73 гал. балетмайстар Дзярж. нар. хору БССР. Сярод пастановак: «На прывале», «Лянок», «Калгасная полька», «Лявоніха», «Мяцеліца», «Беларуская маладзёжная» і інш. Работы Акулёнка — яркі прыклад узаемаўзбагачэння нар. і прафес. харэагр. мастацтва.

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАБЯ́Н (Каро Сямёнавіч) (26.7.1897, г. Пяндж, Таджыкістан — 5.1.1959),

сав. архітэктар. Скончыў Маскоўскі вышэйшы дзярж. маст.-тэхн. ін-т (1929). Заснавальнік Усерас. т-ва пралет. архітэктараў, адказны сакратар Саюза архітэктараў СССР (1932—50), віцэ-прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР (1949—53). Асн. работы: Тэатр Сав. Арміі (1934—40) і павільён Арм. ССР на ВДНГ (1939 і 1954) у Маскве; ген. план аднаўлення Валгаграда (1945, у сааўт.), павільён СССР на Сусветнай выстаўцы ў Нью-Йорку (1939, з Б.​Іафанам).

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІХАНЯ́Н (Ісак Сямёнавіч) (7.2.1876, Душэты, Грузія — 15.3.1946),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1923) і Грузіі (1941). З 1897 працаваў у Баку, Тбілісі, Растове-на-Доне. Адзін з арганізатараў (1921) 1-га Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.​Сундукяна). З 1922 у Тбіліскім арм. т-ры. Сярод роляў: Пэпа (аднайм. п’еса Сундукяна), Элізбараў («З-за гонару» А.​Шырванзадэ), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага).

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЁЎ (Сяргей Іванавіч) (17.11.1886, Масква — 20.12.1951),

рус. заолаг. Д-р біял. н. (1935), праф. (1930). Засл. дз. нав. Расіі (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). Заснавальнік маскоўскай школы тэрыёлагаў (даследчыкаў млекакормячых). Вывучаў птушак Белавежскай пушчы. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных кніг. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951.

Тв.:

Звери СССР и прилежащих стран: (Звери Восточной Европы и Северной Азии). Т. 1—7. М.; Л., 1928—50;

Зоология позвоночных. 4 изд. М., 1945;

Очерки экологии млекопитающих. М., 1951.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАШЫ́ДЗЕ (Грыгол Рыгоравіч) (1.8.1914, г. Чыятура, Грузія — 29.7.1994),

грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1979). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тбіліскі ун-т (1936). Распрацоўваў гіст. і актуальныя тэмы сучаснасці: паэмы «Георгій Шосты» (1942), «Непераможны Каўказ» (1943), «Легенда пра першых тбілісцаў» (1959), цыкл вершаў «Продкі і сучаснікі. Літаратурныя пісьмы» (1979), зб. вершаў «Залаты вінаграднік» (1966) і інш. Раманы (трылогія) «Лашарэла» (1957), «Доўгая ноч» (1963), «Цотнэ, або Падзенне і ўзвышэнне Грузіі» (1975) прысвечаны Грузіі 11—13 ст. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВІНАВА́ЧАННЕ ў праве,

1) працэсуальная дзейнасць упаўнаважаных законам органаў ці службовых асоб, якая заключаецца ў даказванні віны асобы, што прыцягваецца да крымін. адказнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае 3 віды абвінавачвання: дзярж. (падтрымлівае пракурор), грамадскае (падтрымлівае ўпаўнаважаны прадстаўнік грамадскай арг-цыі ці прац. калектыву) і прыватнае (падтрымлівае пацярпелы або яго прадстаўнік — адвакат).

2) Змест абвінаваўчага тэзіса, сфармуляванага ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, а таксама ў абвінаваўчым заключэнні, выступленні абвінаваўцы ў судзе, у абвінаваўчым прыгаворы суда.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)