АТАНІ́Я (ад грэч. atonia расслабленасць, вяласць),

адсутнасць фізіял. тонусу ў мышцах шкілета і ўнутраных органаў. Узнікае пры захворванні нерв. сістэмы, унутр. органаў, пры эндакрынных і інфекц. хваробах, недастатковым харчаванні і парушэнні абмену рэчываў. Можа быць прыроджаная і набытая. Ва ўнутр. органах трапляецца атанія страўніка (парушэнне стрававання), кішак (запоры), маткі пры родах (цяжкія роды) і пасля родаў (крывацёк). Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення, лакалізацыі і ступені пашкоджання.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАРЫ́ЗМ (грэч. aphorismos),

трапнае выслоўе, якое ва ўстойлівай і лаканічнай форме перадае змястоўную і арыгінальную думку — жыццёвае назіранне, маральную сентэнцыю, разважанне і інш.: «Воля сонейку раўня» (Я.​Купала), «Лес не сякуць языкамі» (К.​Крапіва), «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць» (А.​Звонак). Афарызмы маюць канкрэтнага стваральніка (пісьменніка, вучонага і інш.), ужываюцца ў вуснай і пісьмовай мове для вобразнай характарыстыкі з’яў і падзей.

І.​Л.​Бурак.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ КАНДЫ́ТАРСКАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ ХАРЧАВІ́К».

Засн. ў 1870 у г. Бабруйск як дражджавы з-д. З 1931 спецыялізуецца на вырабе пасцілы, павідла, мармеладу. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1951 пабудаваны літаграфскі ўчастак, у 1959 — халвічны, у 1973 — мармеладны. У 1987 рэканструявана, пушчаны гал. вытв. і падрыхтоўчы цэхі. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Чырвоны харчавік». Асн. прадукцыя (1995): мармелад, зефір, ірыс, дражэ, халва.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗЕЛЬСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1795,

сепаратныя мірныя дагаворы, заключаныя ў Базелі (Швейцарыя) паміж рэсп. Францыяй і двума ўдзельнікамі першай антыфранц. кааліцыі — Прусіяй і Іспаніяй: 5 крас. — паміж Францыяй і Прусіяй (да Францыі далучаўся левы бераг Рэйна); 22 ліп. — паміж Францыяй і Іспаніяй (да Францыі адыходзіла ісп. частка в-ва Гаіці, да Іспаніі — тэр. Каталоніі, Навары і баскскія правінцыі). Заключэнне дагавораў стала пачаткам распаду першай антыфранц. Кааліцыі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЛО́ВІЧ Іван Ільіч (н. 15.6.1922, в. Малыя Жаберычы Крупскага р-на Мінскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Удзельнік Курскай бітвы 1943, вызвалення Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Вызначыўся: у чэрв. 1944 у час прарыву варожай абароны на ПнЗ ад Рагачова; у пач. 1945 у 3-дзённых баях каля г. Гумбінен; у сак. 1945 пры ліквідацыі ўсх.-прускай групоўкі праціўніка.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАЗЕ́Я,

рака на ПнУ Рэспублікі Саха (Якуція). Даўж. 1590 км, пл. бас. 64,7 тыс. км². Утвараецца ў сутоках рэк Нелькан і Кадылчан на Алазейскім пласкагор’і. Цячэ па Калымскай нізіне, упадае 2 пратокамі ва Усх.-Сібірскае мора. Найбольшы прыток Расоха (злева). Ледастаў з канца вер. — пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Сярэднегадавы расход у ніжнім цячэнні 300 м³/с. У бас. Алазеі больш за 24 тыс. азёраў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́-ПАША́ ТЭПЕЛЕ́НСКІ (Ali Pashë Tepelena), Алі-паша Янінскі (каля 1744, г. Тэпелена, Албанія — 5.2.1822),

албанскі феадал, правіцель (з 1787) на значнай тэр. Балканскага п-ва (уключала ч. тэр. Албаніі і Грэцыі, цэнтр г. Яніна). Дамогся ад тур. султана фактычнай незалежнасці, меў армію і флот. У ліп. 1820 тур. султан Махмуд II пачаў супраць яго вайну. Алі-паша Тэпеленскі быў забіты, а дзяржава яго распалася.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМЕ́ЙДА (Almeida) Франсішку (каля 1450, Лісабон — 1.3.1510),

партугальскі мараход; 1-ы віцэ-кароль Індыі (1505—09). Заваяваў тэр. ў Зах. Індыі, стварыў апорныя пункты на ўзбярэжжы Індыйскага ак., у Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі. Пабудаваў форты ў Канануры і на в-ве Анджыдыў. У 1509 каля в-ва Дыу разбіў флот егіп. султана, пасланы для выгнання партугальцаў з Індыйскага ак. Забіты афрыканцамі ў час вяртання на радзіму.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФЁРАЎ Мікалай Сямёнавіч (26.9.1917, г.п. Кампанееўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.11.1982),

рускі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1978). Чл.-кар. АМ СССР (1978). Скончыў Харкаўскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). Выкладаў у Свярдлоўскім арх. ін-це, у 1972—82 рэктар. Работы: жылыя дамы з выкарыстаннем элементаў ордэрнай архітэктуры (1955), ансамбль гіст.-рэв. сквера (1974) — усе ў Екацярынбургу. Аўтар прац па гісторыі і тэорыі прамысл. архітэктуры.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯСКІ́Т (ад назвы п-ва Аляска, дзе ўпершыню знойдзены),

інтрузіўная субшчолачная горная парода; граніт, у якім менш за 5% цёмнаколерных мінералаў. Складаецца з каліевага палявога шпату (каля 65%) і кварцу (каля 35%). Структура крышт.-зярністая, радзей парфірападобная. Колер мяса-чырвоны, ружовы, белы, светла-шэры. Магматычнага, іншы раз метасаматычнага паходжання. Утварае буйныя масівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці шкла, тонкай керамікі, як буд. друз і абліцовачны камень.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)