БЛУ́МАРТ (Bloemaert) Абрахам (25.12.1564, г. Горынхем, Нідэрланды — 27.1.1651),
галандскі жывапісец. Зазнаў уплыў франц. мастакоў-маньерыстаў; адышоўшы ад маньерызму, стварыў уласны просты і ясны барочны стыль. Тонавае вырашэнне яго карцін адпавядала прынцыпам караваджызму (святлоценявыя кантрасты). Звяртаўся да біблейскіх і міфал. сюжэтаў. Аўтар жанравых кампазіцый і пейзажаў: «Вяселле Тэтыды» і «Казанне Яна Хрысціцеля» (1638), «Укрыжаванне» (1640), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1631), «Ігрок на флейце» (1643) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
А.Блумарт. Адпачынак на шляху ў Егіпет. Фрагмент. 1631.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БПР (BPR),
першапачаткова ББПР (BBPR), творчы калектыў італьян. архітэктараў 20 ст. Назва ад першых літар прозвішчаў яго членаў: Дж.Л.Банфі (1910—45), Л.Бельджаёза, Э.Перэсуці, Э.Н.Роджэрс. Для творчасці БПР характэрна спалучэнне прынцыпаў рацыяналізму з індывід. выразнасцю пабудоў, імкненне да паэтычнасці агульнага выгляду з улікам нац. традыцый і гіст. асяроддзя (санаторый у Леньяна, 1937—38; помнік ахвярам вайны, 1948, і небаскроб Торэ Веласка, 1956—58, абодва ў Мілане).
Літ.:
Кацнельсон Р.А. Новейшая архитектура Италии. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНВІТЭ́ЛІ (Vanvitelli) Луіджы (12.5.1700, г. Неапаль, Італія — 1.3.1773),
італьянскі архітэктар неапалітанскай школы. Працаваў у Рыме, Анконе, Ф’юмічына, Брэшыі, Неапалі, Мілане. Творчасць Ванвітэлі — пераход ад барокадакласіцызму. У ягогал. збудаванні Палацца Рэале ў Казерце, каля Неапаля (пач. ў 1752; прамавугольнае ў плане, з 4 унутр. дварамі, утворанымі крыжападобным перасячэннем карпусоў), барочная пластычнасць дэкору і дынамізм прасторавай арганізацыі інтэр’ераў спалучаюцца з класіцыстычнай строгасцю і плоскаснасцю фасадаў.
Л.Ванвітэлі. Лесвіца ў Палацца Рэале ў Казерце каля Неапаля. Пачаты ў 1752.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК Саламон Аронавіч (7.7.1913, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.10.1941),
Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Ленінградскую ваен. школу авіяц. тэхнікаў (1932). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце: пад варожым агнём рамантаваў падбітыя танкі, удзельнічаў у баях як камандзір танка. 22.10.1941 у баі пад Белгарадам яго танк быў падбіты і загарэўся; экіпаж змагаўся да апошняга снарада. Гарэлік загінуў у гэтым баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВА-КЛІМАТЫ́ЧНАЯ АКРУ́ГА,
састаўная частка глебавай правінцыі з аднолькавым генетычным тыпам рэльефу, складам глебаўтваральных парод і глеб, адным пераважным тыпам глебаўтварэння. Адрозніваецца асаблівасцямі мясц. клімату і складам расліннага покрыва. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучана 7 глебава-кліматычных акруг: Паўночна-заходняя (займае 15,4% тэр.), Паўночна-ўсходняя (14,3%), Заходняя (18,5%), Цэнтральная (10,3%), Усходняя (13,9%), Паўднёва-заходняя (14,5%), Паўднёва-ўсходняя (13,1%). Глебава-кліматычная акруга падзяляецца на аграглебавыя раёны. Гл.Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту даяго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЛО́Ў Аляксандр Паўлавіч (10.12.1798, С.-Пецярбург — 21.1.1877),
рускі архітэктар. Прадстаўнік позняга класіцызму. Брат К.П.Брулова. Вучыўся ў бацькі — скульптара П.Бруло, потым у Пецярбургскай АМ (1810—21). Вывучаў архітэктуру ў Італіі (1822—26) і Францыі (да 1830). Выкладаў у Пецярбургскай АМ (1831—71). Паводле яго праектаў у Пецярбургу ўзведзены Міхайлаўскі т-р (1831—33), будынак Штаба гвардзейскага корпуса на Дварцовай плошчы (1837—43), Пулкаўская абсерваторыя каля Пецярбурга (1834—39). У некаторых працах наследаваў гатычнай архітэктуры. Стварыў шэраг акварэльных партрэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХВО́СТАЎ Якаў Рыгоравіч, рускі архітэктар 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Адзін з вядучых майстроў «нарышкінскага стылю». Яго мураваныя пабудовы з белакаменнымі дэталямі вызначаюцца стройнасцю, цэласнасцю кампазіцыі і належаць да лепшых узораў маскоўскага дойлідства канца 17 ст.: сцены з шатровымі вежамі (1690—94) і надваротная царква (1694—97) Нова-Іерусалімскага манастыра ў Істры, Успенскі сабор у Разані (1693—99, пяцікупальны на падклецці, з трыма радамі вял. вокнаў), цэнтрычная ярусная царква Спаса ў падмаскоўным сяле Уборы (1694—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БУС,
шырокафюзеляжны самалёт для перавозкі вял. колькасці пасажыраў на далёкія адлегласці. Адрозніваецца высокім узроўнем камфорту, а таксама магчымасцю спрошчаных аперацый з багажом (напр., пасажыр можа здаваць багаж або ўзяць яго з сабой і паставіць у спец. адведзеным месцы). Выкарыстанне аэробусаў павялічвае аб’ём пасаж. перавозак (напр., Іл-86 да 350 пасажыраў) пры змяншэнні колькасці рэйсаў і павышэнні бяспекі паветр. руху. Найб. вядомыя на міжнар. лініях аэробусы вытв-сці ЗША, зах.-герм. фірмаў («Боінг», А-310 і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛАТАН (Balaton),
возера ў Венгрыі, на Сярэднедунайскай раўніне, каля паўд.-ўсх. падножжа гор Бакань на выш. 105 м. Пл. 598 км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ 78 км. Глыб.да 11 м. Берагі пераважна нізкія, часткова забалочаныя, уздоўж паўн. ўзбярэжжа месцамі высокія. У Балатан упадае шмат кароткіх рэк, сцёк з возера праз канал у р. Шыо (бас. Дуная). Суднаходства. Рыбалоўства. Балатан і яго наваколле — курортны раён міжнар. значэння. Па берагах гарады Шыяфок, Кестхей; ландшафтны заказнік Ціхань, рэзерват Кішбалатан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́РЫХ I (Alaricus, Alarich; каля 370—410),
кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых I узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.