АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,

алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял. група пародаўтваральных мінералаў кл. сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім. працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1500—03,

вайна за аб’яднанне ўсх.слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. Фармальнай прычынай для вайны сталі ганенні ў ВКЛ на праваслаўных і новы пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Адна група рус. войск заняла гарады Бранск, Старадуб, Гомель, Рыльск і інш., другая накіравалася да Смаленска. Конны корпус ВКЛ у бітве на Вядрошы 1500 быў амаль цалкам разбіты. У маі 1501 рус. войскі рушылі далей, а ў чэрв. на паўд. землі ВКЛ напалі крымскія татары. Іван III накіраваў ва ўсх. Беларусь аб’яднаныя сілы, якія пад Мсціславам разбілі войскі ВКЛ. Летам 1502 маскоўскае войска зноў асадзіла Смаленск, але вымушана было адступіць. Яно заняло Оршу, мсціслаўскія воласці, землі на Віцебшчыне і Полаччыне. 4.3.1503 у Маскву прыбыло пасольства ВКЛ; былі падрыхтаваны «перамірчыя граматы», якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е і вызначылі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вял. тэрыторыі з гарадамі Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Чарнігаў і інш.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКЦЫ́НЫ,

група імунапрэпаратаў з мікраарганізмаў, што выкарыстоўваюцца для стварэння актыўнага спецыфічнага набытага імунітэту людзей і жывёл з мэтай прафілактыкі і лячэння інфекц. і паразітарных хвароб. Уводзяць вакцыны (вакцынацыя, імунізацыя, прышчэпкі) праз рот, дыхальныя шляхі, на скуру, пад скуру, у мышцы і інш. Упершыню вакцыны выкарыстаў у 1796 англ. ўрач Э.​Джэнер, які прышчэпліваў людзям для папярэджання ад захворвання натуральнай воспай воспу каровы (адсюль назва).

Адрозніваюць вакцыны інактываваныя карпускулярныя, жывыя карпускулярныя, хім. і анатаксіны. Інактываваныя вакцыны рыхтуюць з мікраарганізмаў, забітых фіз. (награванне) і хім. метадамі, жывыя вакцыны — са спецыяльна аслабленых культур мікраарганізмаў, якія не здольны выклікаць захворванне, але могуць фарміраваць імунітэт. Хім. вакцыны — рэчывы, вылучаныя з бактэрыяльных клетак, маюць асн. кампаненты, якія ствараюць імунітэт. Вакцыны могуць быць прыгатаваны з узбуджальнікаў адной інфекцыі — монавакцыны або ў выніку камбінацыі двух і болей узбуджальнікаў (асацыіраваныя вакцыны). Прынцып прыгатавання і класіфікацыя вакцын супраць хвароб жывёл не адрозніваюцца ад медыцынскіх. Вакцыны выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння больш як 20 інфекц. хвароб жывёл.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬВЕТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

унітарная рэспубліка, якая існавала на тэр. Швейцарыі ў 1798—1803. (Пад уздзеяннем Французскай рэвалюцыі 1789—99 у шэрагу кантонаў Швейцарыі пачаліся нар. хваляванні, якія дасягнулі асаблівага размаху ў 1798.) 5.4.1798 франц. войскі занялі г. Берн. Старая канфедэрацыя распалася, 12 крас. ў г. Аараў абвешчана «адзіная і непадзельная Гельветычная рэспубліка» з канстытуцыяй накшталт франц. 1795. У выніку Швейцарыя станавілася унітарнай дзяржавай: кантоны страцілі права мець свае ўрады, выдаваць законы і ператвараліся ў правінцыі. Заканад. ўлада перадавалася Вялікаму савету і Сенату, выканаўчая — Дырэкторыі. Усе грамадзяне ўраўнаваны ў паліт. правах. Адменены ўсе саслоўныя адрозненні, абвешчана свабода сумлення, друку, гандлю, рамяства. Разам з тым краіна трапляла ў поўную залежнасць ад Францыі. Уцягненне Гельветычнай рэспублікі ў вайну з 2-й антыфранц. кааліцыяй выклікала шырокія нар. хваляванні і абвастрыла барацьбу паміж «патрыётамі», якія падтрымлівалі унітарную рэспубліку, і рэспубліканцамі — прыхільнікамі федэралісцкага прынцыпу. 19.2.1803 Напалеон выдаў т.зв. «Акт аб медыяцыі», паводле якога Швейцарыя вярталася да старога кантоннага парадку і станавілася саюзам дзяржаў.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЫЯ́ТАРЫ (лац. gladiatores ад gladius меч),

у старажытна-рым. дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты ад стараж. плямён этрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст. н.э.

Літ.:

Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.

Бой гладыятараў. Мазаічная выява на падлозе старажытнарымскай вілы. Каля 250 н.э.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛІ, дыолы, двухатамныя спірты,

арганічныя злучэнні, якія маюць 2 гідраксільныя групы (OH), звязаныя з насычанымі атамамі вугляроду. У залежнасці ад узаемнага размяшчэння груп OH у малекуле адрозніваюць 1,2-гліколі (напр., 1,2-прапілен-гліколь HOC​1H2C​2H(OH)C​3H3), 1,3-гліколі і г.д. Гліколі, у якіх абедзве групы OH размешчаны пры адным атаме вугляроду, звычайна няўстойлівыя гідратныя формы альдэгідаў і кетонаў.

Найпрасцейшы гліколі — этыленгліколь і інш. ніжэйшыя гліколі (з 2—7 атамамі вугляроду ў малекуле) — вязкія бясколерныя вадкасці, якія лёгка змешваюцца з вадой і не змешваюцца з эфірам, вуглевадародамі гліколі маюць усе хім. ўласцівасці спіртоў (утвараюць алкагаляты, простыя і складаныя эфіры і г.д.; групы OH могуць рэагаваць незалежна адна ад адной і адначасова). Пры дэгідратацыі ў залежнасці ад умоў рэакцыі і будовы гліколі могуць утварацца цыклічныя эфіры (напр., дыаксан). Гліколі з’яўляюцца растваральнікамі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пластыфікатарамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліэфірных валокнаў, пластыфікатараў, мыйных сродкаў, кляёў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КАПІС у музыцы,

увасабленне сродкамі музыкі розных гукавых і пазагукавых з’яў навакольнага свету. Апіраецца на выяўл. магчымасці муз. мастацтва, якія выступаюць у 2 асн. тыпах: гукавая імітацыя і выяўленчасць асацыятыўнага характару. Сярод рэальных гучанняў прадметнага асяроддзя, якія часта імітуюцца ў музыцы: пляск хваль, шум мора, шапаценне лесу (у оперы «Марынка» Р.​Пукста), гучанне муз. інструментаў, гаворка, стогны, плач чалавека і інш. Імітацыя можа быць ідэнтычная аб’екту пераймання па тэмбры, інтанацыях ці больш апасродкаванай. Гукавыяўленчасць асацыятыўнага тыпу засн. на слыхавым успрыманні муз. гукаў як узаемазвязаных з рознымі пазагукавымі з’явамі (дынамічнымі, каларыстычнымі, аптычнымі). Асацыятыўны гуказапіс часта выступае як элемент праграмнай музыкі, дзе загалоўкі і рэмаркі канкрэтызуюць вобразны змест. На практыцы імітацыйны і асацыятыўны гуказапісы часта аб’ядноўваюцца (харэаграфічная навела «Мушкецёры» Я.​Глебава). З узнікненнем электроннай музыкі (муз. камп’ютэраў, сінтэзатараў і інш. эл.-муз. канструкцый) у гуказапісе шырока выкарыстоўваюцца новыя гукавыяўл. эфекты, незвычайныя, «незямныя», «касмічныя» гучнасці (у т. л. ў кіно, драм. т-ры, на эстрадзе і інш.).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,

сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.​Дунс Скот, У.​Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.​Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.​Кампанела, Г.​Галілей).

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРКГЕ́ЙМ ((Durkheim) Эміль) (15.4.1858, г. Эпіналь, Францыя — 15.11.1917),

французскі філосаф і сацыёлаг, заснавальнік франц. сацыялагічнай школы. Праф. сацыялогіі і педагогікі ў Бардо (з 1896) і Сарбоне (з 1902). Грамадства разглядаў як асобую рэальнасць, аснову якой складаюць сац. факты, якія існуюць незалежна ад індывідаў і здольныя аказваць на іх прымусовы націск. Сац. факты Дз. падзяляў на марфалагічныя (складаюць матэрыяльны субстрат грамадства — шчыльнасць насельніцтва, развіццё шляхоў зносін і інш.) і духоўныя (утвараюць у сукупнасці калектыўную або агульную свядомасць). Кожнае грамадства мае розную ступень сац. салідарнасці, згуртаванасці. Грамадскае развіццё — пераход ад «механічнай» салідарнасці, заснаванай на падабенстве індывідаў і функцый, якія яны выконваюць, да «арганічнай», якая грунтуецца на падзеле працы. Антыпод сац. салідарнасці — анамія. Сацыялогія Дз. — першы разгорнуты варыянт структурна-функцыян. падыходу пры вывучэнні грамадства. які атрымаў класічнае адлюстраванне ў працах Т.​Парсанса і Р.​Мертана.

Тв.:

Рус. пер. — О разделении общественного труда: Метод социологии. М., 1990;

Самоубийство: Социол. этюд. М., 1994.

А.​У.​Рубанаў.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + сенсібілізацыя),

пазбаўленне ад празмернай адчувальнасці (гіперадчувальнасці), змененай рэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне «чужога» антыгену (алергена). Дазваляе адысці ад сенсібілізацыі — імуннай рэакцыі, якая пры паўторных сустрэчах з алергенам суправаджаецца пашкоджаннем або праяўленнем хваробы. Павышаная адчувальнасць да антыгену можа быць неадкладнай, ажыццяўляцца праз 1—30 мін з дапамогай спецыфічных антыцел або запаволенай (праз 24—48 і больш гадз) з дапамогай вызначаных клетак імунітэту. Д. значна зніжае рэагаванне ў адказ на ўздзеянне антыгену. Стан Д. набываецца праз мэтанакіраваныя ўздзеянні алергенам на арганізм з павышанай адчувальнасцю. Гіпасенсібілізуючая тэрапія ажыццяўляецца ўрачом алерголагам пры ўвядзенні ў арганізм пацярпелага малых доз алергена, канцэнтрацыю якога з кожным днём павялічваюць, што садзейнічае выпрацоўцы інш. імуннага адказу, з’яўленню «блакіруючых антыцел», якія блакіруюць антыген і не дазваляюць яму выклікаць алергічную рэакцыю. Д. пры алергічных рэакцыях запаволенага (клетачнага) тыпу дасягаецца зняццем прычыны, якая іх правакуе. Дасягнуць Д. ўдаецца рознымі спосабамі, якія забяспечваюць зніжэнне гіперрэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне антыгену (алергена).

М.​А.​Скеп’ян.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)