працэсуальная дзейнасць судоў па праверцы законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў, вызначэнняў і пастаноў судоў, па дачы суд. органам кіруючых тлумачэнняў выкарыстання заканадаўства пры разглядзе крымін. і цывільных спраў, а таксама вырашэнне спрэчак паміж судамі. У вузкім сэнсе Н.с. — разгляд спраў па пратэстах, што ўносяцца ў парадку нагляду ўпаўнаважанымі службовымі асобамі на рашэнні (прыгаворы) судоў, якія набылі законную сілу, і вызначэнні касацыйнай інстанцыі. Н.с. з’яўляецца адной з гарантый выпраўлення суд. памылак. забеспячэння правільнага і аднастайнага выкарыстання законаў, спрыяючы тым самым найб. поўнаму дасягненню мэт правасуддзя. Ажыццяўляецца шляхам разгляду спраў: па касацыйных скаргах і пратэстах на рашэнні (прыгаворы), якія не набылі законнай сілы (гл.Касацыя); па пратэстах, што ўнесены ў парадку нагляду на рашэнні (прыгаворы), якія набылі законную сілу, па заключэннях пракурораў у сувязі з аднаўленнем спраў па новаадкрытых акалічнасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ З ВІ́ЗНЫ,
дзеяч Рэфармацыі ў ВКЛ 2-й пал. 16 ст. Быў віленскім суперінтэндантам, «міністрам». Як ідэолаг антыпрыгонніцкай партыі бел. і літоўскіх антытрынітарыяў выступіў на сінодзе ў Іўі (1568) супраць феад. эксплуатацыі, прыгоннай залежнасці сялян, іх цяжкай працы на паноў. Асуджаў існуючую сац. несправядлівасць. Як сведчыць пратакол сінода, П. з В. сцвярджаў: «Я так разумею і так веру, што сапраўднаму хрысціяніну нельга мець падданых, а тым больш нявольнікаў і нявольніц, бо гэта паганства панаваць над сваім братам, карыстацца з яго поту і крыві. Святое пісанне ясна сведчыць, што Бог стварыў род чалавечы з адной крыві, таму ўсе мы родныя, усе браты».
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — нач. XX в. Мн., 1962;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я ХРАМАСО́МЫ,
храмасомы, якія вызначаюць адрозненне карыятыпаў асобін розных полаў у раздзельнаполых арганізмаў. Гомагаметны пол мае 2 аднолькавыя храмасомы (X-храмасомы). Гетэрагаметны пол мае адну X-храмасому (тып ХО, характэрны для клапоў, конікаў) або пару розных П.х. — X і Y (тып XY, характэрны для млекакормячых і чалавека) — і адносіцца пераважна да мужчынскага полу. Апладненне яйцаклеткі сперматазоідам, што нясе X-храмасому, прыводзіць да ўтварэння XX-зіготы, з якой развіваецца жан. асобіна; апладненне сперматазоідам, што не мае X-храмасомы, прыводзіць да паяўлення мужчынскай асобіны. У П.х. знаходзяцца таксама гены, якія вызначаюць не толькі палавыя, але і інш. прыкметы арганізма (т.зв. счэпленыя з полам). У параўнанні з X-храмасомай Y-храмасома часта мае менш генаў, шмат структурнага гетэрахрамаціну і меншая па велічыні. Неразыходжанне П.х. у аднаго з бацькоў у час утварэння палавых клетак прыводзіць да парушэнняў развіцця арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯў электрахіміі,
адхіленне значэння электроднага патэнцыялу ад раўнаважнага пры праходжанні праз электрод знешняга эл. току. Велічыня П. можа мяняцца ад долей мілівольт да некалькіх вольт, залежыць ад матэрыялу электрода, характару электродных працэсаў, саставу раствору, т-ры і звычайна тым большая, чым большая шчыльнасць эл. току.
Адрозніваюць П. канцэнтрацыйную і электрахімічную. Канцэнтрацыйная П. абумоўлена адрозненнем, прыэлектроднай канцэнтрацыі рэчыва, што ўдзельнічае ў электродным працэсе, ад яго канцэнтрацыі ў аб’ёме, выкліканым малой скорасцю дыфузіі кампанентаў раствору. Электрахімічная П., ці перанапружанне, абумоўлена канечнай скорасцю працэсаў, што адбываюцца непасрэдна на паверхні электродаў: перанос электрона праз мяжу электрод/раствор, гетэрагенныя хім. рэакцыі, утварэнне новай фазы і інш. Звычайна П. непажаданая (павышае расход эл. энергіі пры электролізе, зніжае карыснае напружанне гальванічных элементаў), аднак у некаторых выпадках карысная: прыпыняе працяканне непажаданых пабочных працэсаў (напр., выклікае тармажэнне карозіі металаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАГО́НКА НА́ФТЫ,
дыстыляцыя нафты, раздзяленне нафты на асобныя фракцыі з рознымі тэмпературнымі інтэрваламі выкіпання; пачатковы працэс нафтаперапрацоўкі. Засн. на тым, што пры награванні нафты ўтвараецца паравая фаза, састаў якой адрозніваецца ад саставу вадкасці (гл.Дыстыляцыя).
У прам-сці ажыццяўляюць на неперарыўна дзейных нафтаперагонных устаноўках. Асн. апараты ўстановак — рэктыфікацыйныя калоны (гл.Рэктыфікацыя), трубчастыя печы і цеплаабменныя апараты. Адрозніваюць атм. трубчастыя, ці АТ-устаноўкі, і атм.-вакуумныя трубчастыя, ці АВТ-устаноўкі. У АТ-устаноўках П.н. ажыццяўляюць пад ціскам 150—400 кПа; у АВТ-устаноўках — спачатку пры атм., а потым пры нізкім ціску (5—15 кПа). На АТ-устаноўках атрымліваюць светлыя фракцыі, што выкіпаюць да 350 °C (вуглевадародны газ, бензін, газа, газойль) і мазут, на АТВ-устаноўках — тыя ж фракцыі, а таксама вакуумны газойль, дыстылятнае масла (гл.Нафтавае масла) і гудрон.
Літ.:
Александров И.А. Перегонка и ректификация в нефтепереработке. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТЫЦЭ́РЫУМ, аленевы рог (Platycerium),
род папарацей сям. мнаганожкавых. 17 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях культывуюць П. двойчывілаваты, або аленярогі (P.bifurcatum).
Шматгадовыя буйныя эпіфітныя расліны. Замацоўваюцца на вял. галінах, часцей на кары ствалоў буйных вечназялёных і лістападных дрэў, што стаяць паасобку. У папярочніку дасягаюць 1,8 м, пад іх цяжарам дрэвы часам выварочваюцца з каранямі. Маюць стэрыльнае і спараноснае лісце. З дапамогай стэрыльнага лісця П. ўкараняюцца на дрэвах (ніжняя і бакавыя ч. ліста шчыльна прыціскаюцца да ствала ці галіны, а верхняя адыходзіць ад апоры так, што ўтвараецца ніша, у якой з цягам часу збіраецца перагной (масай да 100 кг) пранізаны каранямі эпіфіту. Спараноснае (і асімілюючае) лісце глыбока рассечана і нагадвае рогі аленя (адсюль назва). У сталых папарацей ніжняя паверхня разгалінаваных канцоў ліста пакрываецца цагельна-чырв. налётам шматлікіх спарангіяў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯў матэматыцы,
раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл.Пале ў матэматыцы).
У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасці адносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЫТ,
прадстаўленая на рынку патрэба ў таварах і паслугах, абмежаваная дзеючымі цэнамі і плацежаздольнасцю спажыўцоў. Характарызуецца велічынёй, якая вызначае колькасць тавараў (паслуг), што пакупнік жадае і здольны набыць па дадзенай цане ў дадзены перыяд часу. Аб’ём і структура П. залежаць ад цэн на тавар і ад інш. нецэнавых фактараў (мода, даходы спажыўцоў, цэны на інш. тавары, у т. л. на тавары-заменнікі і спадарожныя тавары). Таварная структура П. — сукупнасць удзельнай вагі асобных тавараў і таварных груп у агульным аб’ёме П. Часавая структура П. характарызуе час узнікнення П. (бягучы і перспектыўны П.). Адрозніваюць індывідуальны П. адной асобы, рыначны П. на дадзеным рынку і сукупны П. на ўсіх рынках дадзенага тавару (паслугі) альбо на ўсе тавары (паслугі), што вырабляюцца і прадаюцца. П. у эканоміцы звязаны з прапановай тавараў і паслуг; раўнавага паміж імі — неабходная ўмова раўнавагі ў нар. гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОШ-ХАША́НА,
іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮЛЕТЭ́НЬ (франц. bulletin ад італьян. bulletino запіска, лісток),
1) збор афіц. актаў, распараджэнняў і інш. 2) Кароткае інфарм. паведамленне.
3) Перыяд. выданне ці выданне, якое працягваецца. Змяшчае афіц. матэрыялы, артыкулы на тэмы, што ўваходзяць у кампетэнцыю арг-цыі, якая выдае бюлетэнь.
4) Выбарчы бюлетэнь — дакумент для галасавання з прозвішчамі кандыдатаў.