САМАНАЗІРА́ННЕ,

назіранне, аб’ектам якога з’яўляюцца псіхічны стан і дзеянні самога суб’екта. Узнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі, засваення сац. вопыту і сродкаў яго асэнсавання. Адыгрывае значную ролю ў фарміраванні самасвядомасці і самакантролю асобы. Ужывалася ў эмпірычнай псіхалогіі 18—19 ст. У сучаснай псіхалогіі С. ўлічваецца як факт, які патрабуе навук. тлумачэння.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГЕТА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад лац. segetalis які расце сярод збажыны),

расліны ў пасевах с.-г. культур, жыццёвы цыкл якіх прыстасаваны да пэўных культур і звязаны з іх цыклам развіцця. Напр., рыжак ільняны і жыцік ільняны сустракаюцца толькі ў пасевах лёну, а брыца рысавая — у пасевах рысу. Зрэдку тэрмін «С.р.» ўжываюць як сінонім пустазелля.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕСТЭЗІ́Я (ад грэч. synaisthesis адначасовае адчуванне),

адзін з відаў тропа. Засн. на своеасаблівым спалучэнні розных асацыяцый: зрокавых, слыхавых, дотыкавых.

Пад полазам белым,
з’інелай падковай
Галінкай азяблаю
крохне
хрусь,
Як яблык, крамянае і
хрупаткое
Слова марознае: «Беларусь».
(Р.​Барадулін. «Заінелая Ушаччына»).

Паэт. вобраз ствараецца тут спалучэннем зрокавых і слыхавых асацыяцый.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНАБІ́ЗМ (англ. snobbism),

погляды, манеры, паводзіны, уласцівыя снобам — прадстаўнікам арыстакратычнага кола, якія слепа прытрымліваюцца густаў, манер і моды вышэйшага свету, прэтэндуюць на вытанчанасць густу, на выключнае кола заняткаў, інтарэсаў і зняважліва ставяцца да ўсяго, што выходзіць па-за межы іх правіл і паводзін. Абвінавачанне каго-н. у С., як правіла, мае неадабральнае адценне.

т. 15, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЕВЫ АЛЕ́Й,

раслінны тлусты алей з зярнят соі. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Светла-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924—934 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -8 да -18 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, у вытв-сці маргарыну, мыла, а таксама пакосту, алкідных смол, алейных лакаў. мыйных сродкаў.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯБРЫ́НА,

народны звычай сумеснага карыстання сенажаццю, пашай, пчоламі, падоранай жывёлай і г.д. Саўладальнікаў маёмасці называлі сябрамі. Характэрнымі рысамі адносін паміж імі была дружба і ўзаемадапамога. Звычай С., як і бонда, патранімічнага паходжання. Была найб. пашырана ў 14—16 ст. на Пд Беларусі. Рэшткі С. захоўваліся да 20 ст. Вядома была і на Украіне.

т. 15, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЁНАЎ (мянушка Куцень) Максім, бел. майстар сярэбраных спраў 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з г.п. Копысь (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.). Працаваў у Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля як чаканшчык і майстар чэрневай справы. Сярод работ: рэльефныя абклады абразоў, праразныя кадзілы, сярэбраны і медны посуд; магчыма, зрабіў сярэбраны ківот для палат царэўны Наталлі Аляксееўны.

т. 15, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАХІЁНЫ (ад грэч. tachys хуткі),

гіпатэтычныя часціцы, што рухаюцца са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. Эксперыментальна не выяўлены. Іх існаванне не супярэчыць адноснасці тэорыі, аднак вядзе да цяжкасцей з пункту гледжання прычыннасці прынцыпу. Ад гэтых цяжкасцей пазбаўляюцца дапушчэннем, што Т. ўзнікаюць у працэсах узаемадзеяння як віртуальныя часціцы і ў свабодным стане не назіраюцца.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЛЕМСЕ́Н,

горад на ПнЗ Алжыра. Адм. ц. аднайм. вілайі. Вядомы з 3 ст. н.э. як рым. горад Памарыя. Каля 200 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., апрацоўка кары коркавага дуба. Дыванаткацтва. Ун-т. Археал. музей. У Т. і паблізу — арх. помнікі 12—14 ст.; руіны рым. паселішчаў.

т. 15, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУФІ́Т,

асадкава-вулканагенная горная парода, складзеная на 50—90% з вулканагеннага матэрыялу (шлак, попел, пемза, абломкі парод) і асадкавага матэрыялу (50—10%). Паводле памераў часцінак (пераважна піракластычных) адрозніваюць Т. псефітавы, псамітавы, алеўрытавы, пелітавы. Цэмент карбанатны або гліністы. Колер стракаты, шэры, бураваты або зеленаваты. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял. Гл. таксама Вулканагенна-асадкавыя пароды.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)