АРХІПА́СТЫР,

агульная назва для свяшчэннаслужыцеляў вышэйшай (трэцяй) ступені хрысціянскай царк. іерархіі: епіскапаў, архіепіскапаў, мітрапалітаў, экзархаў, патрыярхаў. Выкарыстоўваецца нароўні з назвамі «архірэй», «іерарх».

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМАФО́С,

фосфарарганічны інсектыцыд. Раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў, дрэнна — у вадзе. Таварная форма — канцэнтрат эмульсіі. Малатаксічны для млекакормячых: ЛД50 > 2,8 г/кг.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАГРУ́ПА,

аднавалентная група атамаў — NH2, характэрная для першасных амінаў. Мае пірамідальную будову, праяўляе ўласцівасці асноў. Уваходзіць у састаў амінакіслот, амінаспіртоў, амідаў кіслот.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СМА,

парашок з лісця кветкавай расліны індыгаферы фарбавальнай (Indigofera tinctoria) сям. бабовых. Выкарыстоўваецца разам з хной для афарбоўкі валасоў у чорны колер.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬЯЦІ́НА (франц. guillotine),

прыстасаванне для абезгалоўлівання асуджаных на пакаранне смерцю, уведзенае ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 па прапанове ўрача Ж.​Гіятэна.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ТАР,

1) механічная прылада для вылічэння некаторых інтэгралаў (напр., момантаў інерцыі, плошчаў плоскіх фігур). Гл. таксама Планіметр.

2) Тое, што інтэгравальнае прыстасаванне.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ТКА,

1) часовае, звычайна летняе памяшканне з непрамакальнай тканіны або скуры, нацягнутай на каркас.

2) Лёгкая пабудова з прылаўкам для дробнага гандлю.

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́ЛЬ (ад франц. parole слова),

сакрэтнае ўмоўнае слова або фраза для апазнавання сваіх на вайсковай службе, у канспіратыўных арг-цыях і інш.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЫЁН (ад лац. motio рух),

хадзьба, прагулка пяшком з мэтай умацавання здароўя або для адпачынку; можа быць састаўной часткай лячэбнага рэжыму хворага.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА,

тэхнічныя сродкі для папярэджання, абмежавання або тушэння пажару, ратавання людзей, матэрыяльных каштоўнасцей і прыродных аб’ектаў. Асн. П.т. — пажарныя машыны: пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, танкі, мотапомпы і інш. Да П.т. адносяцца таксама пажарныя драбіны, пажарная аўтаматыка (у т. л. сістэмы пажарнай сігналізацыі), сродкі проціпажарнага водазабеспячэння, процідымнай аховы і экстраннага абвяшчэння, першасныя сродкі пажаратушэння, пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнае абсталяванне.

Пажарныя паязды прызначаны тушыць пажары паблізу чыг. палатна і на рухомым саставе чыг. транспарту. Складаюцца з вагонаў, у якіх размешчаны помпавая станцыя, спец. і пажарна-тэхн. абсталяванне, бокс для пажарных аўтамабіляў, ёмістасці для пенаўтваральніка, чыг. цыстэрны з вадой. Пажарныя судны (цеплаходы, катэры і інш.) тушаць пажары на плаўсродках і ў прыбярэжнай зоне. Яны абсталяваны помпамі, якія нагнятаюць ваду (да 1000 м³/гадз) у рукаўныя лініі ці лафетныя ствалы (брандспойты); маюць запас пенаўтваральніка для тушэння суднаў і нафтапрадуктаў. Пажарныя самалёты (Ан-2, Ан-12, Ан-24, Іл-76, Як-12) і верталёты (Мі-4, Мі-6, Мі-8, Ка-26) прызначаны для авіяпатрулявання, дастаўкі да месца пажару ў аддаленых і цяжкадаступных раёнах людзей, тэхнікі і вогнетушыльных рэчываў. Маюць сістэмы забору вады ў палёце (да 10 т), могуць перавозіць бульдозеры. аўтацыстэрны і інш., распыляць аэразольныя рэагенты, якія ствараюць штучны заліўны дождж. Пажарныя танкі выкарыстоўваюць для тушэння пажараў і ліквідацыі аварый на пажаравыбухованебяспечных аб’ектах, базах і складах боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. На іх устанаўліваюць ёмістасці для вогнетушыльных рэчываў, пажарна-тэхн. абсталяванне, сістэмы жыццезабеспячэння для работы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі. Мотапомпы (пераносныя і прычапныя) служаць для тушэння лясных пажараў, падачы вады на верхнія паверхі вышынных будынкаў, запаўнення пажарных ёмістасцей; уваходзяць у камплект пажарных паяздоў і аўтамабіляў хуткага рэагавання. Складаюцца з цэнтрабежнай помпы і рухавіка ўнутр. згарання.

Стварэнне П.т. распачата ў глыбокай старажытнасці. Грэч. механік з Александрыі Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.) вынайшаў пажарную помпу (поршневую 2-цыліндравую), якая «выкідвала ваду наверх». Падобную ручную помпу пабудаваў у 16 ст. А.​Платнер (Германія), яна давала струмень да 8 м. У 1672 у Амстэрдаме Я. ван дэр Гейдэ вынайшаў выкідны рукаў, што зрабіла помпу гал. сродкам тушэння пажару. Арыгінальную канструкцыю пажарнай помпы прапанаваў у 1739 рус. вынаходнік А.​К.​Нартаў. У 1829 у Лондане з’явілася паравая пажарная машына, з 1862 паравыя пажарныя помпы пачалі выкарыстоўваць у Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. у Германіі, потым у інш. краінах пачалі выкарыстоўвацца аўтамабілі, абсталяваныя мех. помпамі, пажарныя драбіны. З 1920-х г. пачалося развіццё П.т. ў СССР: першыя пажарныя машыны выпушчаны ў 1925 у С.-Пецярбургу, пазней наладжаны выпуск пенаўтваральнікаў, тэхнікі тушэння газавых і нафтавых фантанаў і інш.

На Беларусі выкарыстанне простай П.т. вядома з 13 ст. Прафесійная пажарная каманда створана ў 1853 у Мінску; яна мела ручныя помпы, скураныя і пяньковыя рукавы, брандспойты і інш. У наш час аснову тэхн. сродкаў пажарнай аховы складаюць пажарныя аўтамабілі і мотапомпы.

Літ.:

Машины и аппараты пожаротушения. М., 1972;

Шувалов М.Г. Основы пожарного дела. 3 изд. М., 1983;

Пожарная техника. Т. 1—2. М., 1988;

Эксплуатация пожарной техники: Справ М., 1991.

А.​У.​Кузняцоў, С.​А.​Лосік, М.​С.​Місюкевіч.

Пажарная тэхніка: 1 — пажарны верталёт; 2 — пажарны танк; 3 — пажарнае рачное судна; 4 — прычапная мотапомпа.
Пажарныя аўтамабілі: 1 — аўтацыстэрна (ВА «Белкамунмаш»); 2 — пеннага пажаратушэння; 3 — парашковага тушэння; 4 — камбінаванага тушэння; 5 — газавадзянога тушэння; 6 — аэрадромны (на шасі МЗКЦ); 7 — пад’ёмнік каленчаты; 8 — тэхнічнай службы, сувязі і асвятлення; 9 — хуткага рэагавання.
Пажарная тэхніка Аўтамабільная лінейка (пачатак 20 ст.).

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)