КАКІ́СІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,78 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 33,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км Пл. вадазбору 2,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м (на З і У 2—6 м), разараныя. Пойма шырокая, месцамі забалочаная. Берагі пясчаныя, зах. і паўн. забалочаныя. Мелкаводдзе шырокае, выслана пясчанымі адкладамі, глыбакаводная ч. дна — сапрапелем. Вада вызначаецца чысцінёй і празрыстасцю. Выцякае ручай у воз. Вогзіна.

т. 7, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКО́РЫНАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (10.7.1726, г. Табольск, Расія — 21.3.1772),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Табольску (з 1740), у Маскоўскай арх. школе Дз.​В.​Ухтамскага. З 1754 жыў у Пецярбургу, з 1761 дырэктар, з 1765 праф., з 1769 рэктар АМ. Раннія творы звязаны з архітэктурай барока (палац-сядзіба К.​Р.​Разумоўскага ў Пятроўска-Разумоўскім у Маскве, 1752—53, перабудавана), больш познія ў духу ранняга класіцызму (палац Разумоўскага, 1762—66, і Акадэмія мастацтваў, 1764—88, з Ж.Б.​М.​Вален-Дэламотам — у Пецярбургу). Творчая манера вылучаецца рацыянальнасцю, геам. строгасцю планаў, стрыманасцю дэкар. прыёмаў апрацоўкі фасадаў.

т. 7, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІМА́Х (Kallimachos; 310 да н.э., г. Кірэна, цяпер г. Шахат, Лівія — каля 240 да н.э.),

старажытна грэчаскі паэт і філолаг; прадстаўнік александрыйскай паэзіі. Жыў пры егіп. двары Пталамеяў, узначальваў Александрыйскую бібліятэку.

Стваральнік новага літ. жанру — паэзіі малых форм: паэма «Гекала» (эпілій — малы эпас); зб-кі апавяд. элегій у 4 кн. «Прычыны», вершаў «Ямбы». Аўтар шматлікіх эпіграм, гімнаў, «Табліц» — першага каталога грэч. пісьменнікаў і іх твораў з біягр. звесткамі. Творчасць К. паўплывала на больш познюю грэч. і рым. паэзію.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Александрийская поэзия. М., 1972.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́,

стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.​Купалы, М.​Багдановіча, П.​Панчанкі, апавяданнях М.​Зарэцкага, К.​Чорнага, М.​Стральцова і інш.

В.​П.​Рагойша, Я.​І.​Клімуць.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ВЫ ШАРЛО́ТЫ АСТРАВЫ́ (Queen Charlotte Islands),

архіпелаг у Ціхім ак., каля ўзбярэжжа Канады (прав. Брыт. Калумбія). Пл. 10,3 тыс. км². Нас. больш за 3 тыс. чал. Буйныя а-вы — Грэям (выш. да 1250 м) і Морсбі. Належаць да знешняга пояса кан. горнай сістэмы Кардыльераў, часткова затопленага. Зах. берагі гарыстыя, фіёрдавыя. На ПнУ шырокая нізіна з унутр. бухтай Масет. Радовішчы каменнага вугалю. Клімат умераны, вельмі вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўка, рыбалоўства. Правінцыяльны парк Найкун. Гал. населены пункт — Куін-Шарлот. Адкрыты ў 1774 ісп. экспедыцыяй Х.​Перэса. Названы ў гонар англ. каралевы.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,

аб’ядноўвае прыблізна 3,5 тыс. астравоў і скал у Жоўтым м. і пралівах Карэйскім і Чэджу, каля паўд. і паўд.-зах. берагоў Карэйскага п-ва. Найб. а-вы Каджэдо, Намхэдо, Чындо (Рэспубліка Карэя); пл. 300 км² і больш. Берагі моцна парэзаныя, шмат бухтаў. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і. Выш. да 786 м (на в-ве Намхэдо). Клімат субтрапічны мусонны. Вечназялёныя лясы і хмызнякі. Прылівы (да 3 м) ствараюць паміж астравамі магутныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз), што перашкаджае мараплаванню. Рыбалоўства, лоў малюскаў.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТШЭ́ЎСКІ ((Kostrzewski) Юзаф) (25.2.1885, мяст. Венглева, Пазнанскага ваяв., Польшча — 19.10.1969),

польскі археолаг, гісторык археалогіі, музеязнавец. Акад. Польскай АН (1957). Праф. Пазнанскага ун-та (1919—56), дырэктар музея Велікапольшчы ў Познані (1924—58), заснавальнік пазнанскай школы археалогіі. Займаўся вывучэннем лужыцкай культуры (раскопкі Біскупінскага гарадзішча) і слав. старажытнасцей больш позняга часу (раскопкі ў Гнезне, Познані, на Памор’і, Сілезіі і У Малой Польшчы). Значная частка даследаванняў прысвечана аўтахтоннасці славян у міжрэччы Одэра і Эльбы. Быў рэдактарам навук. выданняў «Przegląd Archeologiczny» («Археалагічны агляд»), «Z otchłani wieków» («З глыбінь стагоддзяў») і інш.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСЦЕ́ША»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 200 родаў у Беларусі, на Украіне, у Літве і Польшчы, у т. л. Барэйкі, Верашчакі, Дарагастайскія, Дольскія, Пілсудскія, Сланчэўскія, Статкевічы, Хадкевічы, Шымковічы. У Польшчы вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — з 15 ст. На чырв. фоне выява стралы, накіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуе шмат варыянтаў герба: страла з двума перакрыжаваннямі або без іх, з шасціпрамянёвымі зоркамі па баках і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),

падклас вымерлых найб. стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.

Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШАЛІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Кашалі. Паклад у выглядзе 6 лінзаў звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода шэрая, бураватая, з праслойкамі і лінзамі розназярністых пяскоў, месцамі гліністая; жвіру больш за 5 мм у ёй 24—30%. Пяскі-адсевы сярэдне- і буйназярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 18,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—23,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—5,7 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)