САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1945, Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай,

падпісаны 16.8.1945 у Маскве нам. Старшыні СНК СССР В.​М.​Молатавым і Старшынёй СМ Польскай Рэспублікі Э.​Асубка-Мараўскім замест пагаднення ад 26.7.1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення. Заключаны ў адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 21.4.1945 (гл. Савецка-польскія дагаворы і пагадненні). Вызначыў дзярж. граніцу паміж СССР і Польшчай згодна з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 уздоўж «Керзана лініі» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некат. раёнах на 5—8 км. Пры гэтым Польшчы дадаткова ўступаліся землі на У ад «Керзана лініі» да рэк Зах. Буг і Салокія, на Пд ад г. Крылаў з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэр. Украіны); частка Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў—Ялаўка на У ад «Керзана лініі», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэр. Беларусі). Усяго ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. (частка Белавежскай пушчы) — тэр. плошчай 14,3 тыс. км² з прыбл. 638 тыс. жыхароў (паводле польск. перапісу 1946), сярод якіх было 61% католікаў, 23% праваслаўных. 15% іудзеяў (даныя 1921). Польшча перадавала БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. 20.8.1945 Вярх. Савет БССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы б.ч. зямель Беластоцкай вобл. Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай 31.12.1945 і Прэзідыумам Вярх. Савета СССР 13.1.1946. Ён прадугледжваў таксама стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы (знаходзілася ў Варшаве), якая працавала з мая 1946 і скончыла дэмаркацыю граніцы ў крас. 1947. У 1946—55 граніца паміж БССР і Польшчай па рашэнні сав. ўрада 4 разы адсоўвалася на У. Польшчы былі перададзены некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага р-наў, жыхары якіх былі пераважна католікамі. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора ажыццяўляліся без удзелу прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзярж. улады Беларусі, чые нац.-дзярж. інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 і Канстытуцыі БССР 1937, што патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змену яе граніц. З пункту гледжання міжнар. права дагавор быў чарговым падзелам тэр. Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 уваходзіла ў склад дзяржаў — заснавальніц ААН. Разам з тым паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23.6.1992 бакі пацвердзілі існуючую паміж імі граніцу, вызначаную дагаворам ад 16.8.1945.

Літ.:

Волаціч М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР // Беларускі зборнік. Мюнхен, 1956. Кн. 4;

Снапкоўскі У.Е. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. // Бел. гіст. часоп. 1994. №3;

Мірановіч Я Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XII канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 20—26.3.1923 у Мінску. Прысутнічалі 154 дэлегаты з рашаючым і 115 з дарадчым голасам ад 3850 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦБ КП(б)Б

(В.​А.​Багуцкі),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Л.​М.​Бунін), Кантрольнай камісіі (А.​Х.​Гетнер), ЦК КСМБ (М.​Б.​Кузенец); арганізацыя дзярж. прам-сці (А.​С.​Карпешын), нац. момант у дзярж. і парт. буд-ве (А.​Р.​Чарвякоў), падатковая палітыка ў вёсцы (В.​А.​Нодэль), аб кааперацыі (А.​С.​Славінскі), аб арганізац.-выхаваўчай рабоце (І.​А.​Вайнер); выбары кіруючых органаў і дэлегатаў на XII з’езд РКП(б). У ходзе з’езда ў парадак яго работы дадаткова ўключаны даклад ЦК РКП(б) (П.​М.​Кержанцаў).

З’езд ухваліў дзейнасць КП(б)Б ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі (нэпа), адзначыў, што асновай пралетарскай дыктатуры з’яўляецца дзярж. прамысловасць, таму асн. ўвага павінна аддавацца развіццю цяжкай індустрыі, а лёгкая — павінна дапамагаць яе развіццю. Важнае месца адводзілася пашырэнню розных форм кааперацыі. З’езд выказаў задавальненне стварэннем СССР. Адзначалася, што хутка адрадзіць Беларусь можна толькі шляхам яе ўзбуйнення і перагляду існуючага адм. падзелу БССР, Віцебскай і Гомельскай губ., што неабходна прывесці яго ў адпаведнасць з натуральна-гіст., эканам., вытв. і нац.-культ. асаблівасцямі і далучыць да БССР тэрыторыі з большасцю бел. насельніцтва. Такую пазіцыю камуністаў Беларусі падтрымліваў І.​В.​Сталін і інш. члены ЦК РКП(б), супраць выступалі М.​І.​Калінін і шэраг партработнікаў Віцебскай і Гомельскай губ. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення класавага прынцыпу ў падаткаабкладанні. Былі акрэслены канкрэтныя мерапрыемствы па далейшым росце і ўмацаванні парт. і камсам. ячэек на прадпрыемствах, рэгуляванні сац. складу КП(б)Б, паляпшэнні ідэйна-выхаваўчай работы сярод камуністаў. Падкрэслівалася, што сакратары буйных ячэек на прадпрыемствах, у абласцях, саўгасах павінны быць вызвалены ад інш. работы. У дакументах з’езда праглядаюцца тэндэнцыі па стварэнні парт. бюракратыі, супярэчнасці паміж тэарэт. палажэннямі аб нэпе, якія распрацоўвалі У.​І.​Ленін і яго паплечнікі, і той палітыкай, што праводзілася камуністамі ў жыццё. З’езд выбраў ЦБ КП(б)Б з 13 чл. і 6 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 3 чл. і 3 канд., Кантрольную камісію з 5 чл. і 3 канд., 5 дэлегатаў на XII з’езд РКП(б).

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. Мн., 1983;

Платонаў Р. Як пачалася беларусізацыя: Дыскусія на XII Усебел. парт. канф. // Роднае слова. 2000. №4.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРАТУРА. КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ

Пракуратуру Рэспублікі Беларусь утвараюць рэсп. пракуратура, якая з’яўляецца цэнтр. апаратам сістэмы органаў пракуратуры, пракуратуры абласцей, г. Мінск, раёнаў (гарадоў), міжраённыя, а таксама спецыялізаваныя пракуратуры, прыраўнаваныя да іх. Адзіную і цэнтралізаваную сістэму органаў пракуратуры ўзначальвае Генеральны пракурор, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі і падначалены Прэзідэнту. Ніжэйстаячыя пракуроры назначаюцца Генеральным пракурорам. Паводле Канстытуцыі і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі) дзейнасць пракуратуры накіравана на забеспячэнне вяршэнства закона, умацаванне законнасці з мэтай абароны правоў і свабод грамадзян, законных інтарэсаў дзяржавы, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Генеральны пракурор і падначаленыя яму пракуроры ажыццяўляюць нагляд: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў рэсп. органамі дзярж. кіравання, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, вайсковымі фарміраваннямі і ўстановамі, органамі ўнутр. спраў і дзярж. бяспекі, суб’ектамі гаспадарання незалежна ад прыналежнасці і форм уласнасці, арганізацыямі і ўстановамі, паліт. партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў, адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадз., крымін. справах і справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах знаходжання затрыманых, папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, назначаных судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе следства, падтрымлівае дзярж. абвінавачванне ў судах. У ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў органы пракуратуры кіруюцца заканадаўствам і незалежныя ад органаў дзярж. улады і кіравання, службовых асоб, сродкаў масавай інфармацыі, паліт., інш. грамадскіх і рэліг. арганізацый; забяспечваюць захаванне гарантаваных дзяржавай правоў і свабод асобы незалежна ад грамадзянства, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, мовы, полу, узросту, адукацыі, адносін да рэлігіі, паліт. і інш. поглядаў. Пры расследаванні злачынстваў пракурорскія работнікі прадастаўляюць затрыманым і зняволеным пад варту магчымасць рэалізацыі права на юрыд. абарону.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, Парламента, Урада і інш. дзярж. органаў, якія рэгулююць адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Камітэт утвараецца Прэзідэнтам, яго Старшыня таксама назначаецца Прэзідэнтам. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, Законам «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» ад 9.2.2000 і інш. нарматыўнымі актамі камітэт і яго тэр. органы ажыццяўляюць кантроль за захаваннем заканадаўства ў сістэме мясц. бюджэтаў і дзярж. мэтавых бюджэтных і небюджэтных фондаў; за расходаваннем сродкаў на ўтрыманне дзярж. органаў, захаваннем і выкарыстаннем дзярж. маёмасці; за выкананнем актаў заканадаўства па пытаннях арэнды, прыватызацыі, інвестыцыйнай дзейнасці, выкарыстання крэдытных і валютных сродкаў, атрымання, расходавання, уліку і захоўвання каштоўных металаў і каштоўных камянёў, выкарыстання чорных і каляровых металаў; за выкарыстаннем удзельнікамі рынку і Нац. банкам заканадаўства пры выпуску, размяшчэнні і абарачэнні каштоўных папер; выкананнем заканадаўства ў сферы гандлю і абслугоўвання насельніцтва, знешнеэканам. дзейнасці.

т. 18, кн. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТЫКА (грэч. ēthika ад ēthos нораў, звычай, характар),

вучэнне аб духоўнасці і маральнасці; адна з форм грамадскай свядомасці. Цэнтр. пытанні Э.: аб прыродзе маралі, яе сутнасці і крыніцах; пра дабро і зло, сумленнасць, справядлівасць, свабоду і адказнасць; пра прынцыпы і нормы належных паводзін, дабрачыннасці і заганах; пра шчасце і сэнс жыцця. Паступова ў Э. сталі адрозніваць 2 роды праблем: пытанні пра тое, як павінен паводзіць сябе чалавек (нарматыўная Э.) і ўласна тэарэт. пытанні пра паходжанне і сутнасць маралі (філас. Э.).

Арыстоцель разглядаў Э. як спец. дысцыпліну ў раздзеле практычнай філасофіі. Ён упершыню выкарыстаў тэрмін «Э.» ў трактатах «Эўдэмава этыка», дзе разважаў аб прыярытэтнай ролі маральнасці ў духоўнай культуры, паказваў сац. сэнс маралі праз узаемасувязь з палітыкай, вучэннем аб дзяржаве, дзе рэалізуецца найвыш. дабрадзейнасць — справядлівасць. і практычнае значэнне Э., якое заключаецца ў выхаванні дабрадзейнага грамадзяніна. І.​Кант абвясціў асн. законам Э. катэгарычны імператыў, сцвярджаючы. што ў маралі чалавек падпарадкаваны голькі свайму ўласнаму закону, які знаходзіцца ўнутры нас. Ён сцвярджаў, што мараль засн. на свабодзе. абавязковасці, добраахвотнасці ўчынкаў. альтруізме — гэтых вечных, нязменных, універсальных прынцыпах. Г.​Гегель аналізаваў сац. ролю маралі з пазіцыі філасофіі духу, лічыў, што ў межах грамадства абс. ідэя праходзіць праз ступені права, сям’і, маральнасці; толькі ў грамадстве, дзяржаве індывід можа сцвярджаць сваю суб’ектыўнасць. ЁН сцвярджаў, што духоўнасць ёсць сапраўднасць маралі, а катэгорыямі маралі з’яўляюцца намер, віна, імкненні, дабро, сумленне. катэгорыямі маральнасці — сям’я, грамадзянская супольнасць, дзяржава. Вял. пашырэнне набыў прагматызм, у аснове маралі якога закладзена вывучэнне структур. што забяспечваюць паспяховасць, карыснасць і прадукцыйнасць чалавечых дзеянняў, якія маюць сітуацыйны характар (Ч.​Пірс. У.​Джэймс, Дж.​Дзьюі). У рус. рэліг. філас. Э. 19—20 ст. аснова маралі ў боскім абсалюце; гал. тэмы: усеадзінства, дабро, пачуццё сораму, жаласлівасць, спрыянне. свабода і творчасць асобы; калектыўнасць выступае як рэліг.-духоўная агульначалавечая саборнасць (У.​С.​Салаўёў, С.​М.​Булгакаў, М.​А.​Бярдзяеў). Марксісцкае вучэнне аб Э. зыходзіла з матэрыяліст. разумення гісторыі і звязвала Э. з практычным увасабленнем грамадскага ідэалу ў камунізме; Э. ў яе традыц. разуменні страціла ўласны прадмет. Прыхільнікі этычнага рэлятывізму настойваюць на адноснасці і зменлівасці маральных установак у залежнасці ад канкрэтных інтарэсаў і сітуацый; некат. адмаўляюць каштоўнасць абавязковых маральных норм наогул (С.​К’еркегор, Ф.​Ніцшэ, Л.​І.​Шастоў) як варожых індывідуальнай свабодзе.

Этычная думка Беларусі адлюстравала развіццё маральна-прававой свядомасці народа і выявілася ў розных тыпах культуры. Маральныя нормы першабытнага грамадства садзейнічалі стабільнасці роду — племяннога ладу жыцця, арыентаванага на адзінства з прыродай і сакралізацыю касм. з’яў, адлюстраваных у міфалагічных вобразах, матывах, сюжэтах, абрадах, шматлікіх табу, якія забаранялі ўчынкі і эгаістычныя паводзіны. Хрысц. сярэдневяковая Э. грунтавалася на біблейскіх маральна-прававых імператывах (Дзесяць запаведзей, вучэнне прарокаў), евангельскіх ідэалах дасканалага чалавека ў адзінстве з Богам. На Беларусі Э. выявілася ў асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, якія сцвярджалі прынцыпы хрысц. гуманізму, перавагу духоўных каштоўнасцей над матэрыяльнымі інтарэсамі. Бел. асветнікі эпохі Адраджэння пазбеглі эгацэнтрысцкіх тэндэнцый рэнесансавай еўрап. Э., сцвярджалі прыярытэт агульначалавечых і нац. каштоўнасцей, гармонію веры, ведаў і маралі (Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, Ян Вісліцкі, В.​Цяпінскі, пазней — Сімяон Полацкі), спрабавалі абгрунтаваць аўтаномнасць пазнання і маралі (С.​Будны, А.​Волан, інш. прыхільнікі рэфармацыі хрысц. царквы). У перыяд дамінавання неасхаластыкі (2-я пал. 17 — пач. 18 ст.) рацыяналістычная плынь у філас. думцы грунтавалася на этычнай спадчыне антычнасці (Арыстоцеля і яго паслядоўнікаў), яе хрысц. і дагматычнай інтэрпрэтацыі. Заснавальнікі свецкай філас. Э. і мысліцелі эпохі Асветніцтва (К.​Нарбут, А.​Доўгірд, Я.​Снядэцкі) захавалі папярэднюю традыцыю хрысц. маралі, але абгрунтавалі этычныя катэгорыі лагічнымі аргументамі і сац. каштоўнасцямі. У творчасці пачынальнікаў (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Дунін-Марцінкевіч) і класікаў (Ф.​Багушэвіч, А.​Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч) новай бел. літаратуры этычныя каштоўнасці набылі значэнне важных аргументаў для абгрунтавання права беларусаў на культ.-нац. адраджэнне і дзярж. паліт. самавызначэнне. Гэтая плынь у этычнай думцы развівалася дзеячамі БНР, асветнікамі нац. адраджэння ў БССР. У 1930—50-я г. вульгарна-сацыялагічныя тэндэнцыі, арыентацыя ўлады на атэізм і тэорыю класавасці ўсіх форм свядомасці і пазнання выцеснілі Э. як самаст. кірунак даследавання і адукацыі, часткова замянілі яе дагматычным тлумачэннем маралі. Цікавасць да гэтай навукі адрадзілася ў 1960—80-я г. (даследаванні С.​Д.​Лапцёнка, Т.​В.​Мішаткінай і інш.). У канцы 1990 — пач. 2000 у кантэкст айч. думкі вяртаюцца шматвяковыя традыцыі сусв. і нац. Э. Выдадзены навуч. дапаможнікі па гісторыі і тэорыі Э., праводзяцца даследаванні праблем этычнага выхавання.

Літ.:

Очерк истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Лаптенок С.Д. Этика и этикет. Мн., 1998;

Саватер Ф. Беседы об этике: (Свобода — делай что хочешь?): Пер. с исп. М., 2002.

Э.​В.​Шыкунова, У.​М.​Конан.

т. 18, кн. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦОЎНАЕ ПРАВА

Навук. даследаванні ў галіне прац. права Беларусі ў сав. час развіваліся ў цеснай сувязі з развіццём рас. навукі прац. права. Пашырэнне заканатворчых правоў саюзных рэспублік, аднаўленне і фарміраванне асн. навук. цэнтраў — БДУ, АН Беларусі — дало магчымасць стварыць у 1960-я г. перадумовы для падрыхтоўкі навук. кадраў і даследаванняў у галіне прац. права Беларусі. Фарміраванне бел. школы прац. права звязана з імёнамі Л.​Я.​Астроўскага і В.​І.​Семянкова, якія былі пачынальнікамі даследаванняў у галіне прац. часу, аховы працы ў Беларусі. Вывучаліся роля прафсаюзаў у галіне аховы працы, праблемы прац. часу ў прамысловасці, прававыя праблемы аховы працы (Ю.​П.​Смірноў). У 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар прац. і гаспадарчага права. У 1970—80-я г на кафедрах грамадз. працэсаў і прац. права юрыд. ф-та БДУ праводзіліся навук. і метадычныя даследаванні па пытаннях выкарыстання прац. часу, адпачынку, прац. дысцыпліны, атэстацыі працоўных і служачых (Я.​М.​Ануфрыеў, В.​П.​Дуюн, Х.​Т.​Мялешка), прац. спрэчак (В.​Г.​Ціхіня, М.​Р.​Юркевіч), віны ў сав. прац. праве, матэрыяльнай адказнасці работнікаў (А.​М.​Хвастоў), сумяшчэння прафесій і пасад, рэгулявання працы работнікаў аўтатранспарту, прац. дагавора (В.​А.​Глозман) і інш. Падрыхтаваны навук. і навукова-метадычныя працы, у т. л. «Практыкум па савецкаму працоўнаму праву» (1984). Падрыхтоўкай праектаў нарматыўных актаў, сістэматызацыяй заканадаўства аб працы і яго тлумачэннем займаўся Б.​А.​Волкаў, праблемамі прафес. падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў у Рэспубліцы Беларусь — В.​М.​Арцёмава.

Завяршэнне фарміравання бел. школы прац. права звязана з арганізацыяй і правядзеннем комплексных даследаванняў па праблемах калект. дагавору (Г.​І.​Лях), прававога рэгулявання размеркавання прац. рэсурсаў (М.​А.​Гарбаток), прававога стану вытворчай адзінкі і вытворчага аб’яднання ў сістэме прац. адносін (Л.​І.​Ліпень), прац. дагавору (Дз.​А.​Калбасін), матэрыяльнай адказнасці работнікаў сістэмы дзярж. гандлю (Р.​А.​Васілевіч), судовай практыкі і ўдасканалення прац. заканадаўства (В.​С.​Курылёва) і інш. Вывучаліся таксама пытанні ўжывання норм прац. права аб заахвочваннях і спагнаннях, прававыя праблемы ўзгаднення інтарэсаў уласніка і прац. калектыву ў сферы кіравання працай, прававога становішча жанчын у сувязі з мацярынствам, нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы (А.​А.​Войцік, Т.​М.​Петачэнка, М.​М.​Сатоліна, Н.​І.​Красоўская). Тэарэтычныя праблемы кадыфікацыі заканадаўства аб працы вывучаў В.​І.​Крывы, пад кіраўніцтвам якога аўтарскія калектывы ў 1993 падрыхтавалі каментарыі да Кодэкса законаў аб працы Рэспублікі Беларусь, у 2000 — паартыкульнага каментарыя да Працоўнага кодэкса Беларусі. Вучоныя-юрысты БДУ даследуюць асаблівасці прававога рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў (А.​А.​Войцік, К.​Л.​Тамашэўскі), пытанні забеспячэння законнасці і дысцыпліны працы (А.​П.​Дубавец), прынцыпы і крыніцы прац. права (Х.​Т.​Мялешка, Т.​М.​Петачэнка), супярэчнасці ў заканатворчасці і правапрымяненні прац. права (В.​С.​Курылёва), калект. і параўнаўчага прац. права (В.​У.​Часаліна). У аддзеле прац. і грамадз. права Ін-та дзяржавы і права Нац. АН Беларусі аналізуюцца асаблівасці прац. статуса наймальніка (Н.​М.​Чарнаруцкая), прац. адносін асоб, якія працуюць па сумяшчальніцтве (Т.​В.​Каробкіна), пытанні прававога рэгулявання прац. дагавора (Н.​І.​Тарасевіч), кампенсацыі маральнай шкоды ў прац. праве (Я.​У.​Моціна), права на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (В.​І.​Семянкоў) і інш. Навукова-даследчай і выкладчыцкай дзейнасцю ў сферы прац. права займаюцца супрацоўнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Т.​Н.​Важанкова, К.​І.​Кенік, Г.​Б.​Шышко), Акадэміі МУС (М.​А.​Гарбаток, А.​А.​Грачанкоў, Дз.​А.​Калбасін). Даследаванні ў галіне прававога рэгулявання працы вядуць таксама Т.​К.​Брытава, К.​К.​Уржынскі і прадстаўнікі Гродзенскай школы права сац. забеспячэння Л.​Я.​Абрамчык, С.​У.​Агіявец, Л.​Р.​Беразоўская, І.​А.​Бялова, І.​В.​Гушчын, В.​С.​Елісееў, Я.​А.​Пажога.

Апублікаваны «Каментарый да Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (пад рэдакцыяй Р.​А.​Васілевіча, 1999, 2-е выд. 2003). Падрыхтаваны і выдадзены першыя падручнікі для студэнтаў: «Працоўнае права» (пад рэдакцыяй В.​І.​Семянкова; 1997, 2002). У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнага ажыццяўлення і абароны прац. правоў як гарантый стварэння прававой дзяржавы, удасканалення арганізац.-прававых форм узаемадзеяння прац., грамадзянскага і гасп. права, тэндэнцыі іх развіцця. Працягваюцца даследаванні тэарэт. і практычных праблем рэалізацыі прац. права.

Літ.:

Семенков В.И. Надзор и контроль за охраной труда в СССР. Мн., 1963;

Яго ж. Охрана труда в СССР. Мн., 1976;

Островский Л.Я. Рабочее время по советскому трудовому законодательству. Мн., 1963;

Яго ж. Нормы затрат труда рабочих и служащих. Мн., 1970;

Хвостов А.М. Вина в советском трудовом праве. Мн., 1970;

Дуюн В.П. Рабочее время и время отдыха. Мн., 1985;

Кривой В.И. Вахтовый метод: правовые вопросы. М., 1989;

Яго ж. Кодификация законодательства о труде Беларуси. Мн., 1997;

Курылева О.С. Судебная практика и совершенствование трудового законодательства. Мн., 1989;

Мелешко Х.Т. Правовые проблемы аттестации рабочих и служащих. Мн., 1990;

Кеник К.И. Судебная практика по трудовым делам. Мн., 2000;

Шишко Г.Б. Трудовая дисциплина. Мн., 2000;

Важенкова Т.Н. Трудовое право Республики Беларусь. Мн., 2003.

В.​С.​Курылёва, В.​У.​Часаліна.

т. 18, кн. 2, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),

шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:

Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.​Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.​Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.​Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБ Тамаш Тамашавіч (19.3.1895, в. Паляны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 25.1.1938),

бел. паліт. і культ. дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Пецярбургу. Скончыў філас. ф-т Карлава ун-та ў Празе (1928). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Чл. Рады БНР і яе Выканаўчага к-та, нар. сакратар земляробства ва ўрадзе Я.​Варонкі. Уваходзіў у Цэнтр. Бел. вайсковую раду. Быў дэлегатам 3-га Усерас. з’езда Саветаў (Петраград, студз. 1918). У 1919 выдаваў у Вільні газ. «Грамадзянін». Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Арыштоўваўся польск. ўладамі летам 1919 у Гродне як супрацоўнік газ. «Родны край», вясной 1920 як чл. Мінскага падп. паўстанцкага к-та. З канца 1920 у эміграцыі ў Коўне (Каўнас), дзе ўдзельнічаў у выданні газ. «Сялянская доля»; з восені 1922 у Празе. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пытанне народа і нацыі». Быў чл. замежнага бюро БПС-Р, сакратаром-кіраўніком Беларускага навуковага кабінета, удзельнічаў у рабоце Бел. рады ў Празе, Бел. культурнага т-ва імя Ф.​Скарыны, Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1934—38 заг. Беларускага загранічнага архіва, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Друкаваўся ў час. «Перавясла», «Іскры Скарыны», «Студэнцкая думка», «Золак», «Бюлетэні загранічнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў». Аўтар брашуры «Прамова бунтаўшчыка аб сацыялізме» (1922—24, пад псеўд. Антон Небарака), артыкулаў па гісторыі, пытаннях бел. адраджэнскага руху. Апублікаваў урыўкі з рамана «Паўстанцы» (Іскры Скарыны. 1934. № 3). На бел. мову пераклаў брашуру «Аб кааперацыйным ідэале» М.​Туган-Бараноўскага, на чэшскую — кн. «Дэмакратыя, дыктатура, сацыялізм» В.​Чарнова.

Літ.:

Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974;

Ліс А. Рыцар беларускай свабоды // Спадчына. 1995. № 4.

А.​С.​Ліс.

Т.Т.Грыб.

т. 5, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ВЕСЦЬ СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ,

жанр старажытнарускай л-ры, які аб’ядноўвае апавядальныя творы розных відаў (воінская, жыційная, бытавая, сатырычная аповесці, сказанне, гісторыя, слова, павучанне).

Вядома з 11 ст. Напачатку гэта былі перакладныя (пераважна з грэч.) творы — «Гісторыя Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія, прыгодніцка-фантастычная «Александрыя» пра Аляксандра Македонскага, гераічнае «Дзяўгеніева дзяянне», павучальныя «Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», апакрыфічныя «Пра стварэнне Адама», «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах». Амаль адначасова ўзніклі і арыгінальныя, пераважна гістарычныя, аповесці. Для кожнай жанравай разнавіднасці існавала свая літ.-эстэтычная рэгламентацыя. У 11—13 ст. пераважаў стыль манум. гістарызму, якому ўласцівыя значнасць тэм і праблем (веліч радзімы, сэнс чалавечага жыцця), ахоп падзей у буйных гіст. маштабах і вял. прасторах. На пач. 12 ст. ўзніклі агіяграфічныя аповесці «Сказанне аб Барысе і Глебе», «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш. (гл. Жыціе). Асаблівую папулярнасць набылі воінскія аповесці пра гераічную барацьбу за незалежнасць роднай зямлі («Слова пра паход Ігараў»). Блізкія да іх і царк. біяграфіі вядомых гіст. асоб («Аповесць пра жыццё Аляксандра Неўскага»). Аповесць старажытнаруская перыяду Кіеўскай Русі належыць да культурнай спадчыны рус., бел. і ўкр. народаў. У далейшым яна развівалася ў межах рускай літаратуры.

Аповесці старажытнарускія шырока бытавалі на Беларусі, а многія з іх у 15—17 ст. перакладаліся на бел. мову, перапрацоўваліся, уваходзілі ў буйныя творы інш. жанраў. Так, у 15—16 ст. з’явіліся бел. апрацоўка апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» — «Аб дванаццаці пакутах», бел. рэдакцыя «Сказання пра Мамаева пабоішча» — «Мамаева пабоішча»; «Аповесць пра разбурэнне Батыем Разані» была ўключана ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.

Літ.:

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

История русской литературы Х—XVII веков. М., 1980;

Старинная русская повесть: Статьи и исслед. М.; Л., 1941.

Л.​Л.​Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФАГРА́ФІЯ (ад грэч. orthos правільны + ...графія), правапіс,

сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел. арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.

Бел. арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел. фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел. літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.​Ф.​Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). Пастановай СНК БССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМ БССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;

Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНШАВІКІ́,

прадстаўнікі паліт. плыні (фракцыі) у Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП), з 1912 самаст. паліт. партыя (таксама наз. РСДРП). Паняцце «М.» ўзнікла на II з’ездзе РСДРП (1903), калі частка дэлегатаў засталася ў меншасці па пытаннях аб выбарах у кіруючыя органы партыі. Гал. лідэры-ідэолагі: Л.​Мартаў, П.​Б.​Аксельрод, А.​С.​Мартынаў (ураджэнец г. Пінск), Г.В.Пляханаў. Выступалі супраць строгага цэнтралізму ў рабоце партыі і надзялення ЦК вял. паўнамоцтвамі. Лічылі, што ў рэвалюцыю 1905—07 пралетарыят павінен дзейнічаць у саюзе з ліберальнай буржуазіяй супраць самадзяржаўя; адмаўлялі рэв. патэнцыял сялянства; аддавалі перавагу мірным метадам дзейнасці. У 1-ю сусв. вайну б.ч. М. стала на пазіцыі сацыял-патрыятызму. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, у маі 1917 увайшлі ў яго і разам з ім падзялілі адказнасць за прамаруджванне з вырашэннем пытанняў аб міры, нац., агр., што прывяло да абвастрэння паліт. сітуацыі. У Беларусі і ў некаторых інш. месцах М. ў гэты перыяд разам з бальшавікамі ўваходзілі ў агульныя парт. арг-цыі (аб’яднанкі). Да восені 1917 яны разам з эсэрамі мелі большасць у Саветах. М. не прынялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, бо лічылі, што Расія не выспела для сацыялізму. У грамадз. вайну ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкіх урадах і ўзбр. выступленнях (у Беларусі сумесна з Бундам), аднак былі супраць інтэрвенцыі краін Антанты. 14.7.1918 ВЦВК выключыў М. са свайго складу і з мясц. Саветаў. У 1924 меншавізм як арганізаваная сіла спыніў існаванне на тэр. СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» былі абвінавачаны ў шпіянажы і шкодніцтве і асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Літ.:

Меньшевики в 1917 г. Т. 1—3. Мн., 1995—96.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)