ЛУА́РА (Loire),

самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс. км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн. ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШЭ́ВІЧ ((Łukaszewicz) Юзаф Анджэй) (30.11.1799, в. Крамплева каля Познані, Польшча — 13.2.1873),

польскі гісторык, публіцыст, бібліёграф. Чл. Кракаўскага (1857) і Пазнанскага (1873) навук. т-ваў. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1829 у Познані; супрацоўнік, потым дырэктар б-кі Э.​Рачынскага, у 1832—42 настаўнік польскай мовы ў пратэстанцкай гімназіі імя Фрыдрыха Вільгельма, у гар. архіве. Рэдагаваў час. «Przyjaciel Ludu» («Сябра народу», 1839—45) і «Orędownik Nauk» («Прыхільнік навук», 1840—46). Аўтар прац па гісторыі арыянства, кальвінізму, лютэранства і інш. пратэстанцкіх кірункаў у Польшчы (па рэгіёнах) і ВКЛ. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮТЭ́ЦЫЙ (лац. Lutetium),

Lu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 71, ат. м. 174,967; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: ​175Lu (97,4%) і радыеактыўнага ​176Lu (перыяд паўраспаду 2,4 ∙ 10​10 гадоў). У зямной кары 8 ∙ 10​−5% па масе. Адкрыты франц. хімікам Ж.​Урбенам у 1907, названы па лац. назве Парыжа (Lutecia).

Серабрыста-белы метал, tпл каля 1660 °C, шчыльн. 9849 кг/м³. У паветры пакрываецца ўстойлівай аксіднай плёнкай. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, серай, вадародам і інш. неметаламі. Метал. атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду LuF3 кальцыем.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПЁХІН (Іван Іванавіч) (21.9.1740, С.​Пецярбург — 18.4.1802),

расійскі падарожнік і натураліст. Акад. Пецярбургскай АН (1771). У 1760—62 вучыўся ў ун-це пры АН, у 1762—67 у Страсбургскім ун-це. Д-р медыцыны. У 1768—72 кіраваў экспедыцыяй АН, якая даследавала Паволжа, Урал і Пн еўрап. ч. Расіі, у 1773 здзейсніў падарожжа па Беларусі і Прыбалтыцы. Выказаў ідэі аб пастаянных зменах зямной паверхні, прычынах утварэння пячор, змене ўласцівасцей раслін і жывёл пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя. У навук. працы «Дзённыя запіскі падарожжа...» (т. 1—4, 1771—1805) змясціў матэрыял па геаграфіі і этнаграфіі Расіі.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТУ́ДА ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ (ад лац. magnitudo велічыня),

умоўная велічыня, якая характарызуе колькасць энергіі, што выдзелілася ў ачагу землетрасення. Прапарцыянальная лагарыфму адносін макс. амплітуды зрушэння глебы да адпаведнага перыяду сейсмічнай хвалі, запісанай сейсмографам на адлегласці 100 км ад эпіцэнтра землетрасення. Максімальная М.з. каля 9, што адпавядае энергіі 10​19 Дж. Паміж магнітудай і інтэнсіўнасцю (вымяраецца па 12-бальнай шкале) землетрасенняў існуюць суадносіны па функцыі адлегласці ад эпіцэнтра і глыбіні гіпацэнтра землетрасення. На Беларусі адчуваюцца землетрасенні (амаль у 5 балаў), якія адбываюцца пад гарамі Уранча ў Румыніі (макс. магчымая магнітуда каля 7,5).

Г.​І.​Каратаеў.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЖЫНО́ ЛІ́НІЯ»,

сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў і загарод на паўн.-ўсх. граніцы Францыі. Пабудавана ў 1929—36 (удасканальвалася да 1940) па ініцыятыве ваен. міністра А.​Мажыно. Агульная працягласць па фронце 400 км і на глыб. 6—8 км. Мела з боку граніцы паласу забеспячэння глыб. 4—14 км. У час 2-й сусв. вайны ням. войскі ў маі 1940 ударам праз Бельгію прарвалі фронт франц. арміі на паўн. флангу, дзе буд-ва «М.л.» не было скончана, і выйшлі ў яе тыл. Пасля адыходу франц. палявых армій ад «М.л.», ням. войскі пераадолелі яе на вузкім участку.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-ГРОЎ-ХІЛ КО́МПАНІ ІНКАРПАРЭ́ЙТЭД (Mc Graw-Hill Company Incorporated),

адно з буйнейшых выдавецтваў ЗША. Засн. ў 1809 у Нью-Йорку. Выдае навукова-тэхн. л-ру — энцыклапедыі, энцыклапедычныя даведнікі, падручнікі, кнігі па прыродазнаўчых, дакладных, грамадска-паліт. навуках, медыцыне, тэхніцы, а таксама па пытаннях арганізацыі і кіравання вытворчасцю. Найб. значныя выданні — «Штогоднік навукі і тэхнікі» (т. 1—9, 1982—90), «Энцыклапедыя навукі і тэхнікі» (т. 1—15, 7-е выд. 1992). Выпускае магнітафонныя і відэакасеты, кампакт-дыскі. Мае фірмы ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Еўропе, Азіі, Аўстраліі. З 1980-х г. дзейнічае ў складзе амер. медыя-канцэрна «Мак-Гроў-Хіл».

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАЭКАНО́МІКА,

раздзел эканам. навукі, які даследуе буйнамаштабныя з’явы і працэсы эканомікі краіны, яе гаспадаркі як адзінае цэлае. Аб’ектамі даследавання М. з’яўляюцца зводныя абагульняльныя паказчыкі па гаспадарцы — нац. багацце, валавы нац. і валавы ўнутр. прадукт, нац. даход, сумарныя дзярж. і прыватныя інвестыцыі, агульная колькасць грошай у абарачэнні; вывучае таксама сярэднія па краіне паказчыкі (напр., сярэднія даходы, заработная плата, узровень інфляцыі, беспрацоўе, занятасць), абагульняльныя паказчыкі росту, тэмпы павелічэння або зніжэння велічынь, што характарызуюць эканоміку краіны і эканам. працэсы. Асноўнае кола паказчыкаў сучаснага макраэканамічнага аналізу склалася пад уплывам Дж.М.Кейнс. Гл. таксама Мікраэканоміка.

І.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАКАЛО́ГІЯ (ад грэч. malakion малюск + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае малюскаў. Асновы М. закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст. Ж.Кюўе вылучыў у асобную групу галаваногіх малюскаў (1797), англ. заолаг Р.​Оўэн распрацаваў класіфікацыю малюскаў (1836) і выдаў манаграфію па групе наўтылусаў. Далейшае вывучэнне малюскаў канцэнтравалася пераважна ў Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і інш. На Беларусі працы па М. вядомы з канца 19 — пач. 20 ст., апісана малакафауна рэгіёнаў — Белавежскай пушчы, Кобрынскага, Мазырскага, Пінскага паветаў і Гродзенскай губ., воз. Свіцязь. Сучасныя пытанні М. вывучаюцца ў БДУ, БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ГІН (Сцяпан Гаўрылавіч) (? — 1764),

расійскі даследчык Арктыкі, капітан-камандор (1762). У 1711—17 вучыўся ў Маскоўскай школе матэм. і навігацыйных навук. У 1733 склаў першы дапаможнік па навігацыі на рус. мове «Скарочаная навігацыя па карце дэ-Рэдукцыён». У 1736—37 кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1737 разам з А.​Скуратавым абагнуў морам п-аў Ямал, прайшоў пралівам паміж ім і в-вам Белы (Малыгіна праліў) і дасягнуў вусця р. Об. У выніку падарожжаў атрада М. апісана гэта частка ўзбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і складзена карта ўзбярэжжа паміж рэкамі Пячора і Об.

т. 10, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)