СТЭРЭАПА́РА,

сукупнасць 2 плоскіх відарысаў аднаго і таго ж аб’ёмнага аб’екта, атрыманых з 2 роўнааддаленых ад яго пунктаў здымкі. Пры разгляданні С., напр., праз стэрэаскоп адзін відарыс успрымаецца наглядальнікам левым вокам, другі — правым, што стварае ўражанне аб’ёмнасці відарысу (гл. Стэрэаскапічны відарыс). С. выкарыстоўваюць у стэрэаскапічным кіно, стэрэаскапічным тэлебачанні і інш.

т. 15, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАГРАФІ́Я (ад грэч. tomos частка, слой + ...графія),

метад паслойнага даследавання ўнутр. структуры аб’екта з атрыманнем адлюстравання яго асобных «зрэзаў» (тамаграм). Адрозніваюць Т. рэнтгенаўскую камп’ютэрную, магнітарэзанансную, пазітронна-эмісійную, акустычную, лазерную і інш. Выкарыстоўваюць у дыягностыцы хвароб розных органаў, напр., лёгкіх (пухліны, кісты, іншародныя целы), сэрца, касцей і суставаў.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРОФАЦЭНО́З (ад троф... + цэноз),

згуртаванне арганізмаў, звязаных паміж сабой выкарыстаннем частак адной здабычы. Напр., здабычай ільвіц карыстаюцца акрамя членаў прайда гіены, шакалы, птушкі. У Т. уключаюцца шматлікія віды насякомых і мікраарганізмаў. Найб. характэрны для саваннаў. У таежных лясах за кошт здабычы ваўкоў існуюць расамахі, часткова лісы, куніцавыя, вароны, сарокі і інш.

т. 15, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕСІГНАЛІЗА́ЦЫЯ,

перадача на адлегласці дыскрэтнай інфармацыі аб стане падкантрольнага аб’екта (напр., «адкрыта» — «закрыта», «уключана» — «выключана») сродкамі тэлемеханікі; від тэлекантролю. Прызначана для аператыўнага кантролю за выкананнем каманд аператара, перадачы сігналу аб выхадзе параметраў аб’екта па-за дапушчальныя межы ці пра аварыю на аб’екце, а таксама для перадачы дыскрэтнай вымяральнай інфармацыі (гл. Тэлевымярэнні).

т. 16, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРМЕ́НТНЫЯ Я́ДЫ,

рэчывы прыроднага ці сінт. паходжання, якія тармозяць актыўнасць пэўных ферментаў. Ф.я. прыгнечваюць жыццёва важныя функцыі арганізма (напр., сінільная к-та і яе солі, злучэнні цяжкіх металаў і інш. прыгнечваюць акісляльныя ферменты і выклікаюць тканкавую гіпаксію). Могуць выкарыстоўвацца ў якасці ядахімікатаў, лекавых сродкаў, атрутных рэчываў і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЕБІ́Т [ад грэч. phleps (phlebos) вена],

запаленне сценкі вены. У спалучэнні з трамбозам вены прыводзіць да тромбафлебіту. Адрозніваюць Ф. паверхневых або глыбокіх вен канечнасцей, тазавых вен; варотнай вены (пілефлебіт) як ускладненне запаленчага або гнойнага працэсу ў брушной поласці; асептычны (напр., пры варыкозным расшырэнні вен); цэрэбральны (Ф. галаўнога мозга). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАЭЛЕКТРО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

электравакуумныя ці паўправадніковыя прылады, якія пераўтвараюць энергію эл.-магн. выпрамянення аптычнага дыяпазону ў электрычную, а таксама відарыс у нябачных (напр., інфрачырвоных) прамянях у бачны відарыс. Прынцып дзеяння заснаваны на ўнутр. ці знешнім фотаэфекце. Да Ф.п. адносяць перадавальныя тэлевізійныя трубкі, узмацняльнікі яркасці відарыса, фотарэзістары, фотаэлектронныя памнажальнікі, фотаэлементы, электронна-аптычныя пераўтваральнікі.

т. 16, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛ (ад грэч. kyklos круг),

1) сукупнасць узаемазвязаных працэсаў, з’яў, дзеянняў, што складае замкнёны круг (напр., вытворчы цыкл, цыкл тэрмадынамічны).

2) Шэраг, паслядоўны рад чаго-н. (лекцый, канцэртаў, маст. твораў), што складае закончанае цэлае і аб’яднана агульнай тэматыкай.

3) Пэўная група навук (грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн.), аб’яднаных паводле якога-н. агульнага прынцыпу.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСО́ВЫ РАБО́ТНІК,

асоба, прынятая на работу на пэўны тэрмін. Тэрмін не павінен перавышаць 2 мес, а для замяшчэння часова адсутных работнікаў, за якімі захоўваецца іх месца работы, — да 4 мес. Адрозніваюць Ч.р. і сезонных, што прыняты на пэўны сезон года, які не перавышае 6 мес (напр., перапрацоўка агародніны і садавіны).

т. 17, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШАЧКА,

вонкавая частка падвоенага калякветніка, звычайна зялёная. Бывае раздзельналістая (калі чашалісцікі, што яе ўтвараюць, свабодныя) і зрослалістая (у ёй адрозніваюць трубку і зубцы). Асн. функцыя — ахова інш. ч. кветкі, таму Ч. вельмі рана развіваецца. Мае лісцевае паходжанне. У некат. раслін (напр., верас, гартэнзія) Ч. буйная, яркаафарбаваная для прываблівання насякомых, замест вяночка.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)