ДАРЫЕ́НКА (Пётр Сцяпанавіч) (16.4.1923, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна — 9.7.1976),
малдаўскі паэт. У 1963—67 міністр культуры Малдавіі. У лірычных зб-ках «Светлыя дарогі» (1951), «Раскажы мне, Днестр!» (1955), «Сляды чалавека» (1964), «Лёс кахання» (1977), «Станцыя адпраўлення» (1977, на рус. мове) і інш. апаэтызаваў гераізм сав. людзей у Вял.Айч. вайну, іх працу ў гады мірнага буд-ва. Аўтар драм. твораў «Калі спее вінаград» (1961), «Перад адпачынкам» (1973), кніг нарысаў, эсэ «Новыя знаёмствы: Пуцявыя нататкі» (1973), «Людзі маёй біяграфіі» (1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЦБУРГ (Ілья Якаўлевіч) (27.5.1859, г. Гродна — 3.1.1939),
рус. скульптар. Вучыўся ў М.Антакольскага (з 1871) і Пецярбургскай АМ (1878—86). Ствараў жанравыя фігуркі («Хлопчык, які збіраецца купацца», 1886), партрэтныя статуэткі дзеячаў рус.культуры («В.В.Верашчагін за работай», 1892). Аўтар надмагілля У.В.Стасава (1908), помнікаў М.В.Гогалю ў с. Сарочынцы Палтаўскай вобл., (Украіна; 1910), Г.В.Пляханаву (1925), Дз.І.Мендзялееву (адкрыты ў 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС ВЁСКІ»,
газета. Выдавалася з 1.10.1941 да 16.6.1944 у Мінску на бел. мове з дазволу і пры дапамозе герм. улад. Распаўсюджвалася пераважна ў сельскіх раёнах акупіраванай тэр. Беларусі. Друкавала распараджэнні акупац. улад, прамовы А.Гітлера, А.Розенберга, В.Кубэ, тэндэнцыйна асвятляла падзеі на франтах 2-й сусв. вайны. Усхваляла гітлераўскі «новы аграрны парадак», аналізавала гасп. магчымасці бел. зямель, сял. жыццё ў замежных краінах. Асвятляла пытанні гісторыі і культуры Беларусі. Апублікавала раман «Насуперак лёсу» М.Дуброўскага (Р.Мурашкі). Выйшла 130 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРДАНО́Н,
таксанамічная катэгорыя ніжэйшага рангу, чым від: група індывідуумаў, ідэнтычных марфалагічна, генетычна і экалагічна, здольных пастаянна захоўваць свае прыкметы ў культуры. Тэрмін прапанаваў галандскі батанік Я.Лотсі (1916) у гонар франц. батаніка А.Жардана, які вызначыў, што звычайны «лінееўскі від» можна раскласці на вял. колькасць канстантных форм. Спадчынная ўстойлівасць прыкмет звязана з апаміксісам. Гэта значыць, што размнажэнне насеннем адбываецца ў спадчынна ўстойлівых форм таксама, як пры вегетатыўным размнажэнні. У аналітычнай сістэматыцы культ. раслін вылучэнне вял. колькасці ўнутрывідавых адзінак мае істотнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́РЫНЫ,
археалагічныя помнікі (паселішча каменнага і могільнік бронзавага вякоў, гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі) каля в. Загорыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. У ніжнім гарызонце паселішча знойдзены мезалітычныя крамянёвыя прылады працы, мікраліты, зброя і кераміка позняга мезаліту і ранняга неаліту (7—4-е тыс. да н.э.), у верхнім — позняга неаліту і бронз. веку (3—2-е тыс. да н.э.). Выяўлены рэшткі неаліт. стаянкі і грунтавых пахаванняў культуры шнуравой керамікі Палесся. На гарадзішчы 12—13 ст. знойдзены рэшткі посуду і касцей чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАЛАТО́Е КАЛЬЦО́ РАСІ́І»,
турысцкі маршрут, які ўключае стараж. гарады Уладзімір, Суздаль, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Угліч, Яраслаўль, Кастраму, Сергіеў Пасад і інш. Пачынаецца звычайна з Масквы, праходзіць па Маскоўскай, Уладзімірскай, Іванаўскай, Яраслаўскай і Кастрамской абласцях. Працягласць больш за 1000 км. На «З.к.Р.» помнікі рус. гісторыі і культуры, якія складаюць яе «залаты фонд» (адсюль назва) і маюць сусв. значэнне. Усе гарады «З.к.Р.» развіваюцца як цэнтры турызму. Помнікі Уладзіміра, Суздаля, арх. ансамбль Троіца-Сергіевай лаўры ў Сергіевым Пасадзе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАРО́Ў,
гарадзішча жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі каля в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на левым беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана валам і ровам. Выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жытла мілаградскай культуры, у культурным пласце эпохі Кіеўскай Русі — рэшткі наземнага жытла з глінабітнай печчу, сляды сцен 2-камернай пабудовы. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, кавалкі бронзавых і шкляных бранзалетаў, бронзавы энкалпіён і інш. На думку археолага Г.Ф.Салаўёвай, у 12 ст. гарадзішча было рэзідэнцыяй рагачоўскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
усходняя частка Крымскага п-ва, на Украіне. Абмываецца на Пн Азоўскім м., на Пд Чорным м., на У — Керчанскім пралівам. Пл. каля 3 тыс.км². Паўн.-ўсх. частка ўзгорыстая (выш. да 190 мг. Анук), паўд.-зах. — раўнінная. Гразевыя вулканы. Саляныя азёры-ліманы. На К.п. — Керчанскі жалезарудны басейн. Б. ч. тэрыторыі ўзарана (збожжавыя, тэхн., бахчавыя культуры і вінаграднікі). У Вял.Айч. вайну на К.п. праведзены Керчанска-Феадасійская аперацыя 1941—42 і Керчанска-Эльтыгенская аперацыя 1943. Найбуйнейшы горад і порт — Керч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́БІ ((Klibi) Шэдлі) (н. 6.9.1925, г. Туніс),
туніскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны ў галіне араб. л-ры і філасофіі. Скончыў Парыжскі ун-т. З 1951 выкладчык, журналіст, у 1958—61 ген. дырэктар радыё і тэлебачання Туніса. У 1961—78 (з перапынкамі) міністр культуры і інфармацыі. Адзін з кіраўнікоў Сацыяліст. дустураўскай партыі (з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). У 1979—85 і ў 1989—91 ген. сакратар Лігі арабскіх дзяржаў. Аўтар кніг «Арабы і праблемы Палесціны», «Культура: выклік цывілізацыі», «Іслам і сучаснасць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЯНДЗО́ВА ГАРА́,
паселішча 2200—1400 да н.э.сярэднедняпроўскай культуры ў пойме правага берага Дняпра, на ўзгорку Ксяндзова гара, на ўскраіне г. Быхаў Магілёўскай вобл. У выніку даследаванняў К.М.Палікарповіча (1928) і І.І.Арцёменкі (1956 і 1958) выяўлены рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі, каменных агнішчаў, ачаговых ям. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, скрэблы, нажы, клінападобныя сякеры, наканечнікі дроцікаў і стрэл, фрагменты керамікі 3 тыпаў: посуд з круглаватым тулавам і плоскім дном, неарнаментаваныя пласкадонныя пасудзіны слоікападобнай формы, танкасценныя пасудзіны з шарападобным тулавам і круглаватым дном.