КО́ЛЬЧАК Мікалай Мікалаевіч (12.7. 1905, г. Іванава Брэсцкай вобл. — 14.2. 1969),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую пях. школу (1928). Удзельнік грамадз. вайны. У 1921—24 працаваў на буд-ве Волхаўскай ГЭС. З 1925 у Чырв. Арміі. З 1937 выкладчык курсаў «Выстрал». У Вял. Айч. вайну з 1942 нач. снайперскай школы, з 1944 камандзір стралк. палка на 3-м Бел. фронце. Полк на чале з палк. К. вызначыўся 15—17.8.1944 у баях за выхад на мяжу з Усх. Прусіяй, дзе знішчыў шмат баявой тэхнікі і жывой сілы ворага. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НІН (Cronin) Джэймс Уотсан (н. 29.9.1931, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967) і Нац. АН ЗША (1970). Скончыў Чыкагскі ун-т (1953). З 1955 у Брукхейвенскай нац. лабараторыі, з 1958 у Прынстанскім (з 1964 праф.), з 1971 у Чыкагскім ун-тах. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў, астрафізіцы высокіх энергій. Вывучаў распады гіперонаў; удасканаліў іскравую камеру, адным з першых выкарыстаў яе як дэтэктар часціц. Эксперыментальна выявіў парушэнне CP-інварыянтнасці пры распадзе нейтральнага К-мезона (1964). Нобелеўская прэмія 1980 (разам з В.Фітчам).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Кронін.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ЕЎ Мікалай Аляксеевіч (н. 16.4.1949, г. Ніжнія Сяргі Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. музыкант, педагог. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1976). З 1976 канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1979 саліст Дзярж. камернага аркестра, з 1980 канцэртмайстар групы кантрабасаў Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. З 1979 адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі і ў гімназіі-каледжы пры ёй. Выконвае сола ў аркестры, у т. л. канцэрты для кантрабаса з арк., выступае з сольнымі канцэртамі. Аўтар транскрыпцый для кантрабаса многіх твораў бел. кампазітараў. Дыпламант міжнар. конкурсу імя Я.​Кокі (1997, Кішынёў).

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МНІЮ КАРБІ́Д, карбарунд,

хімічнае злучэнне крэмнію з вугляродам, SiC.

Бясколерныя крышталі з алмазным бляскам (пры наяўнасці прымесей мае зялёны, цёмна-шэры ці чорны колер). Тугаплаўкі (tпл 2830 °C, плавіцца з раскладаннем); па цвёрдасці саступае толькі алмазу і карбіду бору; паўправаднік. Хімічна ўстойлівы: не ўзаемадзейнічае з к-тамі (акрамя канцэнтраваных плавікавай і азотнай), растворамі шчолачаў. Атрымліваюць узаемадзеяннем дыаксіду крэмнію з вугалем пры 1600—2800 °C, крэмнію з вугляродам пры т-ры вышэй за 1150 °C. Выкарыстоўваюць як абразіўны матэрыял для шліфавальных кругоў, брускоў, як кампанент вогнетрывалых матэрыялаў, для вырабу варыстараў, паўправадніковых дыёдаў і фотадыёдаў.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́КА Міхаіл Канстанцінавіч (23.9 1872, в. Казелле Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.2.1920),

вучоны-металург, заснавальнік школы рас. доменшчыкаў. З 1890 працаваў на металургічных з-дах Пд Расіі. За ўдзел у рэв. падзеях 1905 сасланы. З 1908 нач. доменнага цэха Юзаўскага металургічнага з-да (Данбас). Сканструяваў і пабудаваў першы ў Расіі мех. скіпавы падымальнік для загрузкі шыхты, распрацаваў арыгінальную канструкцыю горна, удасканаліў фурменны механізм падачы паветра. Распрацоўваў праект буйнога металургічнага з-да ў Кузбасе (з 1917), пры будаўніцтве якога ажыццёўлены многія яго вынаходкі.

Літ.:

Бек А.А. Мои герои. Повести. М., 1967.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

М.К.Курака.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН Пётр Рыгоравіч (5.1.1907, в. Ізлягошча Усманскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 9.7.1974),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай і Віцебскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1929. З 1934 у органах НКУС, з 1936 на чыг. ст. Мінск. У 1941 камандзір аддзялення, узвода партыз. атрада спец. прызначэння «Міця», які дзейнічаў на тэр. Магілёўскай, Смаленскай і Арлоўскай абл. З сак. 1942 кіраўнік партыз. спец. развед.-дыверсійнай групы НКДБ СССР «Бывалыя», са жн. 1942 — камандзір партыз. брыгады «Дзядзькі Колі». З 1944 на сав. і гасп. рабоце ў Барысаве.

П.Р.Лапацін.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДКА,

1) малое судна (вёславае, ветразевае або маторнае). Вядомая з неаліту. На Беларусі здаўна бытавалі Л., выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 2-й пал. 19 ст. дашчаныя з прамымі і разагнутымі бартамі. Спараныя Л. з дашчаным насцілам служылі паромам. Многія народы вырабляюць Л. з кары дрэў («веткі», «амарочкі» народаў Сібіры, «пірогі» лясных індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), са скур марскіх жывёл («байдаркі» алеутаў, «каякі» эскімосаў). У наш час Л. пашыраны ў вяслярным спорце і турызме. Іх вырабляюць з лёгкіх метал. сплаваў, пластмас, гумы.

2) Судны спец. прызначэння (падводная Л., кананерская Л.).

І.​М.​Браім.

Дашчаныя лодкі.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЬКЕ́ВІЧ Рыгор Часлававіч (н. 17.9.1952, в. Коласава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф і гісторык. Канд. філас. н. (1992). Скончыў Энгельскае вышэйшае зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1972) і БДУ (1982). З 1974 на камсам., парт. і выкладчыцкай рабоце ў войсках ППА. З 1990 у Львоўскім ваен. ін-це культуры. З 1992 у Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь (з 1995 праф.), з 1997 адначасова кіраўнік групы «Ваенная справа» ў выд-ве «Беларуская энцыклапедыя». Даследуе праблемы філасофіі гісторыі, ваен. гісторыі і гісторыі стараж. гарадоў Беларусі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў «Актуальныя праблемы філасофіі» (1991), «Ваенная эканоміка» (1996).

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛІЯ,

рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.

А.​В.​Лоў.

Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСПЕРО́ (Maspéro) Анры (15.12.1883, Парыж — 17.3.1945),

французскі гісторык і філолаг, кітаязнавец, спецыяліст па мовах і гісторыі краін Індакітая. Сын Г.К.Ш.Масперо. З 1908 выкладчык, з 1911 праф. Франц. школы Д. Усходу ў г. Ханой (В’етнам), з 1920 праф. кіт. мовы і л-ры Калеж дэ Франс у Парыжы. З 1935 чл., з 1944 прэзідэнт франц. Акадэміі надпісаў. Аўтар больш як 150 прац, прысвечаных Кітаю і Індакітаю, у т. л. кн. «Старажытны Кітай» (1927, ахоплівае гісторыю і культуру Кітая з 12 да 3 ст. да н.э.), «Кітайская мова» (1931). Загінуў у лагеры смерці Бухенвальд.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)