ХВА́ЛЕВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня. ва ўсіх пунктах якой хваля мае ў дадзены момант часу аднолькавую фазу. У ізатропным асяроддзі напрамак распаўсюджвання патоку энергіі (гл. Умава вектар) супадае з нармаллю да Х.п. Форма Х.п. залежыць ад умоў узнікнення і распаўсюджвання хваль. У найпрасцейшых выпадках — плоскасці (гл. Плоская хваля), сферы (гл. Сферычная хваля) ці цыліндры (гл. Цыліндрычная хваля). У оптыцы Х.п. наз. фронтам хвалі.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕНЧ (Hench) Філіп Шоўалтэр (28.2.1896, г. Пітсбург, ЗША — 30.3.1965),

амерыканскі ўрач-рэўматолаг. Скончыў мед. школу Пітсбургскага ун-та (1920). З 1923 у клініцы Мэё. З 1928 (з 1947 праф.) ва ун-це Мінесоты (г. Рочэстэр). Навук. працы па вывучэнні ролі эндакрынных фактараў у клініцы рэўматычных захворванняў; для лячэння выкарыстоўваў гармоны кары наднырачнікаў. Нобелеўская прэмія 1950 (з Э.К.Кендалам і Т.Рэйхштэйнам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Ф.Ш.Хенч.

т. 17, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІДА́,

хрыбет у цэнтральнай частцы в-ва Хонсю, у Японіі. Даўж. каля 140 км. Выш. да 3190 м (г. Ярыгатаке). Складзены з кварцытаў, сланцаў, вапнякоў, гранітаў і вулканічных парод. Грэбень альпійскага тыпу з карамі і цыркамі. Вулканы Онтаке, Нарыкура і інш. На схілах у ніжняй ч. — шыракалістыя і мяшаныя лясы, вышэй — хвойныя. Нац. парк Цюбу-Сангаку. Радовішчы свінцова-цынкавых руд.

т. 17, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ЯС (Chios),

востраў у Эгейскім м., каля берагоў п-ва М. Азія, тэр. Грэцыі. Пл. 830 км². Паверхня гарыстая, выш. да 1297 м. Складзены пераважна з вапнякоў і сланцаў. Міжземнаморскія хмызнякі, гаі з алепскай хвоі. Плантацыі цытрусавых, вінаграднікі, масліны. Рыбалоўства, козагадоўля, вінаробства. Радовішчы руд сурмы. Адзін з цэнтраў эгейскай культуры. Помнікі стараж.-грэч. і сярэдневяковай архітэктуры. Гал. горад і порт — Хіяс.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ШЧАНКА Яўген Міхайлавіч (н. 7.12.1960, г. Гродна),

бел. вучоны ў галіне медыцыны. Д-р мед. н. (2002). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1983), дзе і працуе (з 2002 заг. кафедры). Віцэ-старшыня Бел. навук. т-ва гісторыкаў, медыцыны і фармацыі (з 1995). Навук. працы па гісторыі медыцыны і ахове здароўя Беларусі 19—20 ст.

Тв.:

История здравоохранения Беларуси в XX в. Гродно, 2001.

т. 17, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯРПЕ́ННЯ ЗАЛІ́Ў У Ахоцкім м., каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа в-ва Сахалін, з Пн часткова абмежаваны п-вам Цярпення. Даўж. 65 км, шыр. каля 130 км, глыб. да 50 м. Упадае р. Паранай. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,5 м). Зімой замярзае. Рыбалоўства. Порт — Паранайск. Адкрыты і названы ў 1643 мараплаўцам М.Г. дэ Фрызам, які чакаў там, пакуль скончыцца працяглы густы туман.

т. 17, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НЫ КАСТРЫ́ЧНІК,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Балачанка. Да 1922 наз. Забалеўскі Двор. Цэнтр сельсавета і т-ва дадатковай адказнасці «Ізабалёва». За 25 км на У ад г. Мар’іна Горка, 80 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Пухавічы. 327 ж., 116 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 17, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУРАЛЁЎ Уладзімір Міхайлавіч (3.4.1935, г. Каўроў Уладзімірскай вобл., Расія),

генерал арміі (1989). Скончыў Ваен. акадэміі бранятанк. войск (1965), Генштаба (1975). З 1975 нам. камандуючага і камандуючы танк. арміяй, 1-ы нам. глаўкома Групы сав. войск у Германіі. У 1985—89 камандуючы Беларускай ваеннай акругай, пазней нам. камандуючага Аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў-удзельніц Варшаўскага дагавору, гал. інспектар інспекцыі Мін-ва абароны, нач. курсаў «Выстрал».

т. 17, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАНІ (Bárány) Роберт (22.4.1876, Вена — 8.4.1936),

аўстрыйскі отарыналарынголаг; адзін з заснавальнікаў атыятрыі. Скончыў Венскі ун-т (1900). У 1903—11 у клініцы вушных захворванняў. У 1914—18 ваен. ўрач. З 1917 заг. кафедры ва ун-це г. Упсала (Швецыя). Навук. працы па фізіялогіі і паталогіі вестыбулярнага апарата, метадах яго даследавання і хірург. лячэння. Нобелеўская прэмія 1914.

В.​Ф.​Ермакоў.

Р.Барані.

т. 18, кн. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ЭНЕРГЕ́ТЫКА, атамная энергетыка,

галіна энергетыкі, якая выкарыстоўвае ядзерную энергію для вытв-сці эл. і цеплавой энергіі; галіна навукі і тэхнікі, што распрацоўвае метады і сродкі пераўтварэння ядз. энергіі ў эл. і цеплавую. Аснова Я.э. — атамныя электрастанцыі (АЭС). Ядз. энергія пераўтвараецца ў карысную таксама на атамных цеплаэлектрацэнтралях, атамных станцыях цеплазабеспячэння і ядзерных сілавых устаноўках (на ледаколах, падводных лодках і інш.). Перспектыўныя (пры рэалізацыі кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу) тэрмаядз. электрастанцыі.

Крыніцай энергіі на АЭС з’яўляецца ядзерны рэактар, у якім ажыццяўляецца кіравальная ланцуговая ядзерная рэакцыя дзялення некаторых цяжкіх ядраў урану, плутонію, торыю. У гэтым працэсе вылучаецца вял. колькасць цяпла, у асноўным (больш за 90%) пры тармажэнні асколкаў дзялення ядраў у матэрыяле ядзернага паліва. Адвод атрыманага цяпла і ператварэнне яго ў карысную энергію ажыццяўляецца метадамі прамысл. цеплаэнергетыкі (для атрымання электраэнергіі выкарыстоўваецца паратурбінны спосаб). У адрозненне ад звычайнай ЦЭС на АЭС замест топкі паравога катла для атрымання рабочага цела (вадзяной пары) выкарыстоўваецца ядз. рэактар.

Развіццё Я.э. пачалося з пуску ў 1954 у СССР першай АЭС магутнасцю 5000 кВт (г. Обнінск Калужскай вобл.). Аснову сусветнай Я.э. склалі АЭС з рэактарамі на цеплавых нейтронах. З цеплавых рэактараў найб. пашырэнне атрымалі корпусныя рэактары пад ціскам тыпу PWR (ВВЭР у Расіі) і кіпячыя рэактары BWR. Асн. недахоп цеплавых рэактараў — нізкая эфектыўнасць выкарыстання прыроднага урану. Больш перспектыўныя рэактары на хуткіх нейтронах (хуткія рэактары), у якіх разам з выпрацоўкай электраэнергіі атрымліваецца новае ядз. паліва — плутоній (каэф. узнаўлення 1,4 і вышэй). Аднак з-за больш высокага кошту іх буд-ва абмежавалася доследнымі блокамі. Энергетычны крызіс пач. 1970-х г. прывёў да масавага буд-ва АЭС. Яго тэндэнцыямі былі павелічэнне магутнасці энергаблокаў да 1—1,5 млн. кВт, магутнасці АЭС да 4—6 млн. кВт. павышэнне параметраў ядз. рэактараў і інш. абсталявання. У пач. 1980-х г. з-за паніжэння і стабілізацыі цэн на арган. паліва тэмпы буд-ва АЭС запаволіліся. хаця ў некат. краінах (Францыя. Германія. Японія. СССР) Я.э. працягвала развівацца апераджальнымі тэмпамі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 некаторыя краіны прынялі мараторый на далейшае развіццё Я.э., інш. закансервавалі буд-ва АЭС. Новыя АЭС будавалі пераважна ў краінах Азіі. З цягам часу былі прыняты меры па павышэнні бяспекі і надзейнасці працуючых АЭС. распрацаваны ўдасканаленыя і больш бяспечныя ядз. рэактары. Удасканаленыя праекты энергаблокаў 3-га пакалення адпавядаюць сучасным патрабаванням па бяспецы і практычна выключаюць цяжкія аварыі з выкідам радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе. Аднак шэраг праблем, звязаных з бяспекай, рэсурсамі ядз. паліва. пахаваннем радыеактыўных адходаў і інш., стрымліваюць развіццё Я.э. На пач. 2003 у свеце эксплуатаваўся 441 ядз. энергаблок эл. магутнасцю больш за 377 ГВт. будаваліся 32 блокі. У Еўропе Я.э. склала 34% ад усёй энергетыкі, у вядучых ядз. краінах — ад 40 да 80%. На бліжэйшую перспектыву (2010—15) развіццё Я.э. звязана з павышэннем канкурэнтаздольнасці АЭС, павелічэннем тэрміну службы, надзейнасці 1 бяспекі дзейных энергаблокаў, буд-вам удасканаленых АЭС. Буйнамаштабныя праграмы развіцця Я.э. ажыццяўляюцца ў Японіі, Францыі. Паўд. Карэі, Кітаі, Індыі. на Тайвані; аднавіў буд-ва АЭС Іран. Энергет. стратэгіяй Расіі на перыяд да 2020 прадугледжана апераджальнае развіццё Я.э. У шэрагу інш. краін Еўропы (Аўстрыя. Данія, Італія, Галандыя. Швецыя. Германія) прынята палітыка адмовы ад выкарыстання Я.э. Прагназуецца, што макс. ўклад Я.э. ў сусв. вытв-сць электраэнергіі чакаецца на мяжы 2010, потым у выніку вываду з эксплуатацыі энергаблокаў I і II пакаленняў да 2020 яе доля можа панізіцца. Сярэднетэрміновая перспектыва (2025—30) будзе характарызавацца масавым вывадам з эксплуатацыі энергаблокаў, якія вычарпалі свой рэсурс, буд-вам удасканаленых энергаблокаў 3-га пакалення, распрацоўкай і ўкараненнем рэактараў 4-га пакалення. Буйнамаштабная Я.э. будучага можа развівацца толькі на аснове хуткіх рэактараў. Для энергетычнага забеспячэння ўстойлівага развіцця чалавецтва ў доўгатэрміновай перспектыве неабходна стварыць новую ядз. тэхналогію натуральнай бяспекі, якая будзе гарантаваць: неабмежаваную забяспечанасць паліўнымі рэсурсамі (прыродным уранам. у далейшым — торыем); выключэнне цяжкіх аварый з радыяцыйнымі выкідамі пры любых адказах абсталявання, памылках персаналу і знешніх уздзеяннях; экалагічна бяспечную утылізацыю радыеактыўных адходаў; ліквідацыю канала распаўсюджвання ядз. зброі выключэннем тэхналогій здабывання плутонію з адпрацаванага паліва; канкурэнтаздольную эканамічнасць.

На Беларусі ў 1983 было пачата буд-ва Мінскай атамнай цеплаэлектрацэнтралі магутнасцю 2000 МВт, распрацаваны праект Беларускай АЭС магутнасцю 6000 МВт. Пасля Чарнобыльскай катастрофы праграма развіцця Я.э. на Беларусі спынена. У апошні час выкананы даследаванні магчымасці і мэтазгоднасці развіцця Я.э. ў краіне. Яны паказалі эканам. мэтазгоднасць буд-ва АЭС, магчымасць яе размяшчэння на тэр. рэспублікі, наяўнасць бяспечных і эканамічных праектаў энергаблокаў.

М.​М.​Груша.

Адзін з асноўных аб’ектаў (крыніц энергіі) сучаснай ядзернай энергетыкі — двухблочная АЭС з рэактарамі ВВЭР-440. А — знешні выгляд. Б — блочны шчыт кіравання з дысплеямі, прыладамі, сігнальнымі табло, індыкатарамі, мнемасхемамі, друкавальнымі прыстасаваннямі. В — схема станцыі: 1,2 — рэактарныя будынкі; 3 — стальная ахоўная абалонка; 4 — лядовы кандэнсатар; 5 — корпус рэактара; 6 — парагенератар; 7 — вылічальная машына; 8 — блочны шчыт кіравання; 9 — турбагенератары; 10 — адкрытае размеркавальнае ўстройства; 11 — вентыляцыйная труба; 12 і 13 — дапаможныя будынкі контураў; 14 — адміністрацыйны будынак.

т. 18, кн. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)