КСЕ́НІІ (грэч. xenia гасціннасць ад xenos госць, чужы),

уплыў пылку вышэйшых кветкавых раслін на адзнакі эднасперму расліны, што апыляецца. Залежыць ад падвойнага апладнення. У выніку насенне або плады адрозніваюцца ад інш. насення ці пладоў той жа расліны афарбоўкай, велічынёй, формай (напр., наяўнасць зерня рознай афарбоўкі ў адным катаху кукурузы).

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЫФІКАВА́ННЕ металаў,

увядзенне ў расплавы металаў (сплаваў) невялікай колькасці (звычайна не больш за дзесятыя долі працэнта) спец. рэчываў — мадыфікатараў. Садзейнічае здрабненню структурных часцінак, якія ўтвараюцца ў працэсе крышталізацыі расплаву, іх раўнамернаму размеркаванню ў злітку, што паляпшае мех. ўласцівасці металаў. Выкарыстоўваюць пры вытв-сці высокатрывалага чыгуну і алюмініевых сплаваў.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФЕ́Й,

у стараж.-грэч. міфалогіі бог сноў, што сняць людзі, сын бога сну Гіпноса. Паводле міфаў, М. з’яўляецца людзям пад час сну ў розных чалавечых абліччах. У ант. мастацтве М. паказвалі як старога з крыламі за плячыма. У пераносным сэнсе «ўпасці ў абдымкі М.» — заснуць і сніць сны.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎКІ, наўкі,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злыя духі, якія часта прыносяць смерць, русалкі. Паводле ўкр. павер’яў, у М. ператвараюцца дзеці, што памерлі да хрышчэння. Імя М. (наўкі) утворана ад наў (увасабленне смерці). Паводле міфалагічных уяўленняў, М. спераду маюць чалавечае цела, а спіны ў іх няма і таму відаць усе вантробы.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАТРО́ФЫ [ад мез(а)... + ...троф(ы)],

расліны, сярэдне патрабавальныя да наяўнасці ў глебе элементаў мінер. жыўлення. Займаюць прамежкавае становішча паміж алігатрофамі і эўтрофамі. Да М. адносяць зялёныя імхі, некат. драўняныя пароды (напр., елка), з кусцікаў — чарніцы, брусніцы, а таксама нешматлікія травяністыя расліны, што растуць пад полагам цёмнахвойнага лесу (напр., кісліца, майнік і інш.).

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАГЕНЕ́З (ад мутацыі + ... генез),

1) працэс узнікнення мутацый пад уздзеяннем фактараў (мутагенаў) навакольнага і ўнутранага асяроддзя. Аснова — змены ў малекулах нуклеінавых к-т, што захоўваюць і перадаюць спадчынную інфармацыю, і парушэнні мітатычнага апарата клетачнага дзялення.

2) Штучнае атрыманне мутацый з дапамогай фіз. і хім. мутагенаў.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЫ САЮ́З,

міждзяржаўнае фарміраванне, у рамках якога значна зніжаны тарыфы на правоз тавараў у межах краін-удзельніц і ўстаноўлены агульны мытны тарыф, што забяспечвае аднастайныя для ўсіх членаў умовы прыёму тавараў з інш. дзяржаў. М.с. — больш высокая ступень інтэграцыі ў параўнанні з зонай свабоднага гандлю, але саступае агульнаму рынку.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГІ́МНІЯ, Палімнія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз. Лічылася дачкой Зеўса і Мнемасіны. П. — муза сур’ёзнай гімнічнай паэзіі, ёй прыпісвалі вынаходніцтва ліры. Імя П. паказвае на тое, што паэты — стваральнікі гімнаў набывалі бессмяротную славу. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі П. ў задуменнай позе і са скруткам у руках.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУПА́ЛЬНЫ РУХ,

рух цвёрдага цела, пры якім прамая, што злучае любыя 2 пункты, перамяшчаецца паралельна самой сабе. Пры П.р. ўсе пункты цвёрдага цела апісваюць аднолькавыя траекторыі і маюць у кожны момант часу аднолькавыя па модулі і напрамку скорасці і паскарэнні. Вывучэнне П.р. цела зводзіцца да задачы кінематыкі пункта.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМАТО́ЧНЫ КАЦЁЛ,

тып паравога катла, у якім нагрэў і выпарэнне вады, а таксама перагрэў пары, ажыццяўляецца за адзін праход асяроддзя па змеевіках, што знаходзяцца ў топцы (вада падаецца ў кацёл помпай). У адрозненне ад катлоў са шматразовай цыркуляцыяй у П.к. атрымліваюць пару звышкрытычнага ціску (больш за 22,1 МПа).

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)