ВАЙНІЛО́ВІЧ (Восіп Мікалаевіч) (1860, Віцебск — 24.5.1890),

рэвалюцыянер-народнік. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. У час вучобы ў Віцебскай гімназіі быў чл. Віцебскага рэв. гуртка. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (з 1882) адзін са стваральнікаў Варшаўскага нарадавольскага гуртка беларускіх студэнтаў, які цесна супрацоўнічаў з польскай рабочай партыяй «Пралетарыят». Кватэра Вайніловіча выкарыстоўвалася для канспіратыўных сувязей з «Пралетарыятам», сюды паступалі пісьмы, нелегальнае друкарскае абсталяванне. За ўдзел у выступленнях варшаўскіх студэнтаў (крас. 1883) выключаны з ун-та. Жыў у Віцебску пад тайным наглядам паліцыі, 8.3.1884 арыштаваны. Пасля выхаду з турмы (снеж. 1884) быў пад наглядам паліцыі; даваў прыватныя ўрокі, займаўся літ. творчасцю.

В.​М.​Чарапіца.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́Ў (Іван Іванавіч) (5.3.1905, в. Малыгіна Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 1.11.1943),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1930 на парт. рабоце ў Ленінградзе. З сак. 1941 сакратар Брэсцкага абкома КП(б)Б. У пач. Вял. Айч. вайны ў палітупраўленні Зах., Цэнтр. франтоў. Са жн. 1942 у ЦШПР, з ліст. 1942 у распараджэнні БШПР. З сак. 1943 пам. упаўнаважанага БШПР па Брэсцкай вобл., з крас. 1943 сакратар Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, адначасова чл. штаба і нам. камандзіра Брэсцкага партыз. злучэння. Загінуў у баі каля в. Бялавічы Івацэвіцкага р-на, ратуючы моладзь ад вывазу ў Германію.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРО́ДСКАЯ РАЗЬБА́,

рускі нар. промысел разьбяных цацак і скульптуры з драўніны. Існуе з 16—17 ст. у в. Багародскае (Загорскі р-н Маскоўскай вобл.). Да канца 19 ст. захоўвалася традыц. тэхніка неглыбокіх парэзак з фігуркамі людзей, жывёл і рухомых цацак з характэрнымі персанажамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэхніка парэзак змянілася больш дэтальнай распрацоўкай фігур, аб’яднаных у кампазіцыі і быт. сцэны на сюжэты баек, казак, вершаў, а таксама на тэмы сучасных падзей і гісторыі. На пач. 20 ст. майстры аб’ядналіся ў арцель (з 1923 — «Багародскі разьбяр», з 1960 Багародская ф-ка маст. разьбы).

Літ.:

Розова Л. Богородская игрушка и скульптура: [Альбом]. М., [1970].

А.​К.​Лявонава.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НСКІ ДРАЦЯ́НА-ЦВІКО́ВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі з 1873 каля маёнтка Барань (цяпер горад Віцебскай вобл.). Выпускаў дрот, кастылі, цвікі, мэблевыя спружыны, шыны, вінты, шайбы. Меў паравы кацёл. У 1908 з згарэў. У 1909—10 пабудаваны цагляныя карпусы, устаноўлена замежнае абсталяванне, з пачаў выпускаць абівачныя цвікі, ручны тэкс і інш. вырабы для абутковай прам-сці. У 1913 працавалі 350 рабочых, 3 вадзяныя і 3 газагенератарныя рухавікі. У 1-ю сусв. вайну выпускаў калючы дрот і інш. прадукцыю для фронту. З 1921 з «Чырвоны Кастрычнік», рэканструяваны і расшыраны. У 1941 абсталяванне з-да эвакуіравана ў г. Благавешчанск (Башкірыя).

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-САВЕ́ЦКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1942 аб саюзе.

Падпісаны 29 студз. ў Тэгеране. Яго падпісанню папярэднічаў часовы ўвод сав. і англ. войскаў у Іран у жн.вер. 1941 з мэтай перашкодзіць фаш. Германіі выкарыстаць тэрыторыю і рэсурсы Ірана ў вайне супраць СССР і Англіі. Дагавор забяспечваў супрацоўніцтва Ірана з антыгітлераўскай кааліцыяй у 2-й сусв. вайне. СССР і Англія абавязваліся абараняць Іран ад агрэсіі з боку Германіі або інш. дзяржавы, не займаць пазіцыі, якая магла б пашкодзіць інтарэсам Ірана ва ўзаемаадносінах з інш. краінамі. Іран у сваю чаргу абавязваўся не ўсталёўваць адносін, несумяшчальных з дагаворам. Пасля заканчэння 2-й сусв. вайны войскі саюзнікаў выведзены з Ірана.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́НЬКІ,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад Касцюковічаў, 185 ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Бялынкавічы. 523 ж., 204 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

У 19 ст. вёска ў Клімавіцкім пав. Працавала царкоўнапрыходская школа, з 1909 — нар. вучылішча. З крас. 1919 Баронькі ў Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 у Бялынкавіцкім раёне, з 20.8.1924 цэнтр сельсавета. З 4.8.1927 у Касцюковіцкім раёне. У жн. 1941—вер. 1943 вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 было 627 ж., 180 двароў.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАІЛО́ЎСКІ (Уладзімір Веньямінавіч) (н. 4.1.1947, Масква),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1980 на Беларусі. З 1984 заг. муз. часткі Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1990 дырэктар і маст. кіраўнік Магілёўскай абл. філармоніі; арганізатар (1995) Міжнар. фестывалю «Залаты шлягер». Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: кантата (1983), вак.-сімф. паэма «Дваццаць восем» (1983); сімфонія (1984), сімфаньета, З сімф. уверцюры, фантазія для кларнета з сімф. арк.; сюіта для скрыпкі і фп.; канцэрт для валторны з арк.; 12 прэлюдый для фп. (1984); накцюрны, вак. цыклы, інстр. п’есы; папуры і фантазіі; апрацоўкі нар. песень; песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КА,

аднагадовыя культурныя віды роду гарошак. У свеце вырошчваюць 12 відаў, з іх на Беларусі 2: віка пасяўная, або яравая (Vicia sativa), і касматая, або азімая (Vicia villosa).

Віка пасяўная культывуецца з 18 ст. Высяваецца на зялёны корм у сумесі пераважна з аўсом. Раянаваныя сарты: Льгоўская 31/293 і Белацаркоўская 222. Вільгацялюбная, холадаўстойлівая, малапатрабавальная да якасці глеб культура. Віка касматая культывуецца з канца 19 ст. Высяваецца ў сумесі з азімым жытам, радзей з пшаніцай. Раянаваныя сарты: Стаўбцоўская, Слонімская, Серпухаўская палепшаная. Засухаўстойлівая, але недастаткова зімаўстойлівая культура. Сена і зялёная маса вікі багатыя бялкамі, карацінам, фосфарам і кальцыем. Сідэратныя расліны (абагачаюць глебу азотам).

Віка: 1 — касматая; 2 — пасяўная.

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ДАЛАМІ́Т».

Створана ў 1931 у г.п. Руба Віцебскага р-на як вапнавы з. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1949 адноўлены. Пасля пуску ў 1967 1-й чаргі з-да даламітавай мукі — камбінат вапнавых матэрыялаў. У 1971 пушчана 2-я чарга гэтага з-да, у 1974 пабудаваны з «Гралева 1», у 1978 — «Гралева 2».

З 1978 ВА «Даламіт», з 1995 сучасная назва. Працуе на мясц. сыравіне — даламітах радовішча Гралева. Асн. прадукцыя (1996): даламітавае ўгнаенне для вапнавання кіслых глеб, мінер. парашок для асфальтабетонных сумесей, напаўняльнік для покрыўнага слоя руберойду, здробнены даламіт для буд. работ і інш.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСІ́Й II (да пастрыжэння ў манахі Рыдзігер Аляксей Міхайлавіч; н. 23.2.1929, г. Талін),

патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў ленінградскія духоўную семінарыю (1949) і духоўную акадэмію (1953) са ступенню кандыдата багаслоўя. З 1950 свяшчэннік і настаяцель царквы ў г. Іыхві Талінскай епархіі, з 1957 настаяцель Успенскага сабора г. Тарту. У 1961 пастрыжаны ў манахі, узведзены ў сан архімандрыта, потым епіскапа Талінскага і Эстонскага. З 1964 архіепіскап, з 1968 мітрапаліт. З 1964 кіраўнік справамі Маскоўскай патрыярхіі, з 1986 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1990 выбраны патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі.

Г.​М.​Шэйкін.

Аляксій II на плошчы Перамогі ў Мінску. 1991.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)