«ІМПІ́РЫЯЛ КЕ́МІКАЛ ІНДА́СТРЫС ЛІ́МІТЭД»
(Imperial Chemical Industries P.L.C.),
брытанскі хім. канцэрн, адно з буйнейшых хім. прамысл. аб’яднанняў у свеце. Створаны ў 1926 у Лондане. Прадпрыемствы больш як у 100 краінах свету. Прадукцыя ўключае с.-г. і спец. хімікаліі, фарбы, кінаплёнку, тэхн. ўзрыўчатку, парфумерыю, фармацэўтычныя прэпараты, поліурэтан, прадукцыю нафтахіміі, пластмасы, сінт. валокны і інш.
т. 7, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКА́ТА, Партыя свабоды Інката,
палітычная партыя ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Створана ў 1975 як грамадска-культ. арг-цыя зулусаў. Да 1990 наз. Рух Інката (Inkhata inkululeko ye sizwe — Рух культурнага вызвалення нацыі). Змагалася з апартэідам, пасля яго скасавання — гал. паліт. канкурэнт Афрыканскага нацыянальнага кангрэса. На выбарах 1994 І. заваявала 10,5% галасоў выбаршчыкаў.
т. 7, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́Р—ТАСС, Інфармацыйнае тэлеграфнае агенцтва Расіі,
цэнтральная дзярж. інфарм. служба. Створана ў 1962 на базе Тэлегр. агенцтва Сав. Саюза (ТАСС, засн. ў 1925, мела аддзяленні і карэспандэнцкія бюро больш як у 110 краінах). Збірае і забяспечвае інфармацыяй органы друку, радыёвяшчання і тэлебачання, урадавыя ўстановы і інш. арг-цыі ў Рас. Федэрацыі і за мяжой.
т. 7, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАТА́Ж (франц. cabotage),
суднаходства паміж партамі, якія належаць адной дзяржаве. Адрозніваюць вял. К. — перавозкі грузаў і пасажыраў паміж партамі розных мораў, і малы К. — перавозкі паміж партамі аднаго мора. У Расіі, напр., адносна К. разглядаюць як адно мора Чорнае і Азоўскае, Белае м. і Паўн. Ледавіты ак., Японскае, Ахоцкае і Берынгава моры.
т. 7, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЫКАЛО́ГІЯ (ад лац. codex кніга + ...логія),
спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае стараж. і сярэдневяковыя рукапісныя кнігі; раздзел кнігазнаўства. Даследуе сучасны стан стараж. кнігі, пераплёт, запісы і бібліятэкарскія паметы, нумарацыю сшыткаў і аркушаў і інш. надпісы, што не адносяцца да тэксту кнігі; разглядае кнігу як аб’ект, які змяшчае звесткі пра яе геаграфію і гісторыю.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ДЗІ, гумі,
высокамалекулярныя вугляводы, галоўны кампанент сокаў, выпатаў, якія выдзяляюць расліны пры мех. пашкоджаннях кары ці пры хваробах; поліцукрыды мікраарганізмаў. Утвараюцца ў шматклетачных сакраторных сістэмах (слізевыя хады, залозкі). Выкарыстоўваюцца (агар-агар, гуаран, гуміарабік, дэкстраны і інш.) у харч., папяровай і інш. прам-сці ў якасці клею, стабілізатараў эмульсій і суспензій; у медыцыне як слізі.
т. 7, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАСХЕ́МА,
спрошчаная карта, звычайна без картаграфічнай сеткі. Дазваляе атрымаць у нагляднай форме агульнае ўяўленне пра пэўную з’яву (падзею), вылучыць яе найб. істотныя рысы. Выкарыстоўваюць як картаграфічныя ілюстрацыі да тэкстаў у навук.-папулярнай л-ры, падручніках, у якасці асновы для геагр. карт, на якіх абагульнена (схематычна) падкрэсліваецца пэўны змест і інш.
Р.А.Жмойдзяк.
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭКТУ́РА (ад лац. correctura выпраўленне),
праверка і выпраўленне друкарскага набору, з дапамогай якіх у паліграфіі ўзнаўляюць тэкст і графічныя выявы. Таксама пробны адбітак з друкарскай формы, які звераны ці які трэба зверыць з арыгіналам. У К. неабходна выявіць памылкі і недакладнасці набору і паказаць сістэмай карэктарскіх знакаў, як іх паправіць у друкарскіх формах.
т. 8, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІН Андрэй Восіпавіч (16.7.1837, с. Селезні Тамбоўскага р-на, Расія — 13.8.1906),
расійскі фотамастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1864). Адкрыў фотаатэлье ў Кастраме, потым у Ніжнім Ноўгарадзе. Разглядаў фатаграфію як частку выяўл. мастацтва, у жанравых кампазіцыях (сцэнах-пастаноўках) ішоў па шляху жывапісцаў-перасоўнікаў. Прыўнёс шмат новага ў фотамастацтва (пабудова мізансцэн, эфекты асвятлення) і тэхніку фатаграфавання (вывучэнне оптыкі).
т. 8, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРУПО́ЛЬ (ад лац. quadrum чатырохвугольнік + полюс),
сістэма з 4 эл. зарадаў, якая складаецца з 2 блізка размешчаных дыполяў, эл. моманты якіх роўныя па модулі і процілеглыя па арыентацыі. Патэнцыял К. на вял. адлегласцях r змяняецца як 1/r3. Пры змене значэння зарадаў ці адлегласці паміж імі К. выпрамяняе эл.-магн. хвалі.
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)