СТАНІСЛАВО́ЎСКІ ЦАГЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1820—1914 у маёнтку Станіславова (цяпер вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл.). Вырабляў цэглу, рознакаляровыя цэментавыя пліткі, бетонныя і мазаічныя прыступкі, цэментавыя і ганчарныя трубы. З 1886 размяшчаўся ў мураваным будынку. Меў паравыя машыны, паравы кацёл. У 1913 працавала 70 чал.

т. 15, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНАГРАФІ́ЧНАЯ МАШЫ́НА,

друкарская машына для стэнаграфіі. На ёй з дапамогай клавішаў вусная мова запісваецца на рухомую папяровую стужку звычайнымі літарамі і іх спалучэннямі (акордамі), а не стэнаграфічнымі знакамі. Скорасць запісу 120—150 слоў за мінуту. З развіццём магнітнага запісу і паяўленнем дыктафонаў С.м. страцілі сваё значэнне.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЯСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (? — 1003),

князь полацкі [1001—03]. Сын полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча, пасля смерці якога атрымаў трон у Полацку. Звестак пра дзейнасць У.І. летапісы не даюць. Некат. даследчыкі, абапіраючыся на паведамленне В.​М.​Тацішчава, лічаць, што полацкі трон у 1001 заняў Брачыслаў Ізяславіч, брат У.І.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЯ́ЎНЫ ЛІК,

лік выгляду z = x + iy, дзе x і y — сапраўдныя лікі і y ≠ 0, i — уяўная адзінка — камплексны лік, які не з’яўляецца сапраўдным. Чыста У.л. (часам У.л.) — лік віду iy. Тэрмін «У.л.» узнік, калі гэтыя лікі былі ва ўжытку, аднак сэнс іх быў неакрэслены.

т. 16, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́К,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 59 км на ПнУ ад горада і 56 км ад чыг. ст. Гарадок, 98 км ад Віцебска. 358 ж., 178 двароў (2002). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯРЭ́НІЧЫ,

вёска ў Гомельскім р-не, на р. Уза, каля аўтадарогі Гомель—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на ПнЗ ад Гомеля. 567 ж., 216 двароў (2003). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 17, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАМО́РСКІЯ ПРАЛІ́ВЫ,

агульная назва праліваў Басфор, Дарданелы і размешчанага паміж імі Мармуровага мора. Паводле міжнар. канвенцыі (Мантро канферэнцыя 1936) караблі чарнаморскіх краін (калі яны не ў стане вайны) выкарыстоўваюць зону Ч.п. без абмежаванняў, нечарнаморскіх краін — з абмежаваннямі паводле класа, водазмяшчэння і тэрміну знаходжання ў Чорным моры.

т. 17, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНУ́ЙКА, Чарнушка,

рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 97 км². Пачынаецца за 500 м на ПнЗ ад в. Першамайка, вусце за 700 м на У ад в. Воўкава. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзвышша.

т. 17, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛІ́ЗАЎСКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў ва ўрочышчы Ялізава (цяпер р.п. Ялізава ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл.) у 1901—16. Вырабляў дошкі з хвойных і паркет з цвёрдых лісцевых парод. У 1910 меў 2 паравыя машыны, працавалі 52 чал. Частка дошак ішла на Ялізаўскі шклозавод.

т. 18, кн. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАЁНАК Андрэй Ягоравіч (12.11.1920, в. Борхаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.11.1982),

бел. драматург. Нар. пісьменнік Беларусі (1977). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1949). У Вял. Айч. вайну цяжка паранены. У 1944—47 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1949 у час. «Вожык», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1966—77 гал. рэдактар час. «Нёман». Друкаваўся з 1946. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 на сцэне Бел. т-ра імя Я.​Купалы пастаўлена яго паліт. драма «На досвітку» пра пасляваен. Францыю. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (паст. тамсама ў 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва нар. гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (паст. тамсама ў 1959) і «Лявоніха на арбіце» (паст. тамсама ў 1961; Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1962) прысвечаны жыццю пасляваен. вёскі. Сац.-паліт. накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (паст. тамсама ў 1971) і «Трыбунал» (паст. Бел. т-рам Я.​Коласа, 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўл. манеры аўтара. Сатыр. камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю маст. тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым маст. канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый нар. драмы, М. спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў бел. драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм М. прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (паст. т-рам імя Я.​Купалы ў 1973; разам з «Трыбуналам» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1974), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (паст. тамсама пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сац.-паліт. узаемаадносін, гуманіст. пафасам. У канцы 1970 — пач. 1980-х г. на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (нап. 1966, апубл. 1980, паст. тамсама ў 1981) і камедыя «Верачка» [аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, паст. Брэсцкім і Магілёўскім («Не сумуй, Верачка») абл. т-рамі ў 1979], якія адкрылі новыя грані драматургічнага таленту М. У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурніцтва, аўтар адмовіўся ад традыц. сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі».

Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах. Апошні закончаны твор М. — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апубл. 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы. Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973). Імя М. прысвоена Гродзенскай цэнтр. гар. б-цы і Журавіцкай СШ Рагачоўскага р-на, у якой створаны музей М.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1987—90;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980.

Літ.:

Вишневская И. Комедия на орбите. М., 1979;

Сохар Ю.М. На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і бел. тэатр. Мн., 1979;

Усікаў Я.К. Андрэй Макаёнак. Мн., 1984.

С.​С.​Лаўшук.

А.Я.Макаёнак.

т. 9, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)