ГРЭНЛА́НДЫЯ (эскімоская назва Kalaallit Nunaat, дацкая Grønland),
аўтаномная частка Даніі на найб. востраве зямнога шара — Грэнландыі. Знаходзіцца паміж Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі, каля берагоў Паўн. Амерыкі. Падзяляецца на 3 інспектараты. Пл. 2176 тыс.км². Нас. 58 тыс.чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Нук (Готхаб). Афіц.мовы — эскімоская і дацкая.
Прырода. Больш за 80% паверхні ўкрыта лёдам таўшчынёй да 3,5 км. Аб’ём лёду каля 2,6 млн.км³. Па далінах у акіян спаўзаюць вял. ледавікі, пры гэтым утвараецца штогод 13—15 тыс. айсбергаў. Участкі свабоднай ад лёду сушы (шыр. да 250 км) выцягнуты ўздоўж берагоў (асабліва на ПдЗ і Пн) і з’яўляюцца ўскраінамі пласкагор’яў (выш. Да 400—600 м) і горных масіваў (выш. да 2000 м). Каля ўсх. ўзбярэжжа, у хр. Уоткінса — г. Гунб’ёрн (3700 м, найвышэйшы пункт вострава). Берагі моцна парэзаны фіёрдамі. Клімат субарктычны і арктычны, на ўзбярэжжы марскі, у цэнтр.ч. ледавіковага покрыва кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы ад -7 °C на Пд да -36 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 10 °C да 3 °C. У цэнтр.ч. вострава сярэдняя т-растудз. -47 °C, ліп. -12 °C. Зімой адзначаюцца т-ры каля -70 °C (адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я). Ападкаў на Пд 800—1100 мм за год, на Пн 150—250 мм, на ледавіковым покрыве 300—400 мм. На ўзбярэжжы тундравая расліннасць, на крайнім Пд месцамі крывалессе, на Пн арктычная пустыня. На ПнУГрэнландскі нацыянальны парк.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць грэнландскія эскімосы, каля 10% — датчане. Паводле веравызнання ўсе жыхары вострава лютэране. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на паўд.-зах. і паўд. узбярэжжы, на ПнЗ жыве толькі 1,5%, на ўсх. узбярэжжы — 6%. На востраве існуе каля 150 невял. населеных пунктаў з насельніцтвам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў.
Гісторыя. Тэр. Грэнландыі чалавек пачаў засяляць каля 5 тыс.г. назад. Тут выяўлены сляды стараж.-эскімоскай культуры Дорсет, якую змяніла культура Туле. Каля 875 востраў заўважыў вікінг Ульфсан Гунб’ёрн. Першым з еўрапейцаў на ўзбярэжжы Грэнландыі высадзіўся ў 982 ісландскі вікінг Эйрык Рыжы. Ён даследаваў паўд.ч. вострава і назваў яго Грэнландыя (Зялёная краіна). У 986 тут засн. нарманскія (ісландскія) пасяленні, якія праіснавалі да 15 ст. Адначасова працягвалася засяленне вострава эскімосамі. З 1261 Грэнландыя фактычна належала Нарвегіі. У пач. 17 — пач. 18 ст. ў водах вострава вялі промысел да 10 тыс.англ., галандскіх, франц. і дацкіх кітабояў. З 1721 Грэнландыя каланізавана датчанамі. У 1750 дацкія ўлады заснавалі Каралеўскую грэнландскую гандл. кампанію, якая да 1950 захоўвала дзярж. манаполію на гандаль з Грэнландыяй. Пасля скасавання ў 1814 дацка-нарв. уніі 1380 востраў пад уладай Даніі. У 1925 Грэнландыя адміністрацыйна падзелена на Усх. і Паўднёвую. У 1933 Міжнар. суд у Гаазе адхіліў тэр. прэтэнзіі Нарвегіі на Усх. Грэнландыю. У 2-ю сусв. вайну дацкі ўрад заключыў з ЗША і Канадай пагадненне аб прызнанні апошнімі правоў Даніі на Грэнландыю, за што яны атрымалі права будаваць на востраве ваен. базы. У выніку дацка-амер. пагаднення аб сумеснай абароне вострава (1951) у Туле створана ваен.-паветр. база ЗША. У 1953 Грэнландыя стала раўнапраўнай ч. Дацкага каралеўства. З 1979 мае ўнутр. аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Пасля рэферэндуму 1982 Грэнландыя ў 1985 выйшла з Еўрап.эканам. супольнасці, дзе яна мела членства разам з Даніяй (з 1973). У 1984 парламент Грэнландыі абвясціў яе зонай, свабоднай ад ядз. зброі. У 1980-я г. дацкія назвы населеных пунктаў зменены на эскімоскія. У 1991 кіраўніком урада Грэнландыі стаў Л.Э.Іохансен. У 1995 адбыліся выбары ў парламент (ландстынг). Дзейнічаюць с.-д. партыя Сіумут, партыі Атасут, Інуіт атакатыніт, Усегрэнландскі прафсаюз і інш.
Гаспадарка. Гал. галіны — рыбная лоўля (пераважна траскі), промысел крэветак і паляванне на цюленяў, маржоў, нарвалаў і бялух. Штогадовы ўлоў рыбы каля 100 тыс.т, нарыхтоўваецца каля 50 тыс. шкур цюленяў. З рыбалоўствам і рыбаперапрацоўкай звязана больш за 25% насельніцтва. Грэнландыя багатая карыснымі выкапнямі, аднак здабываецца толькі невял. колькасць урану, графіту, цынку, свінцу, серабра, бурага вугалю. Ёсць прадпрыемствы па буд-ве рыбалоўных суднаў і суднарамонце, буд. прам-сці. Невялікую ролю адыгрываюць авечкагадоўля (каля 20 тыс. галоў), аленегадоўля (каля 10 тыс. галоў), агародніцтва. Замежны турызм. Транспарт марскі і паветраны. Экспарт — рыба і морапрадукты (каля 85%), карысныя выкапні, імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, ЗША, Германіяй, Швецыяй, Японіяй, Нарвегіяй. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),
пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.
У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх. аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх.ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.
Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал.цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.
У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр.мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.
У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл.Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз.навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн.муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).
Літ.:
Композиция в современной архитектуре. М., 1973.
Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА,
пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́ЛАВЫ АСТРАВЫ́ (Marshall Islands),
Рэспубліка Маршалавы Астравы (Republic of the Marshall Islands), дзяржава на аднайм. астравах у Ціхім ак., на Пн ад экватара. Пл. 181 км². Hac. 63 тыс.чал. (1999). Афіц.мовы — маршальская і англійская. Сталіца — г. Маджура (Далап-Уліга-Дарыт) на аднайм. атоле. Падзяляецца на 25 раёнаў. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1 мая).
Дзяржаўны лад. М.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пытанні абароны і знешняй палітыкі належаць да прэрагатывы ЗША. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам са свайго складу на 4 гады. Заканад. ўлада ў лакальных справах належыць парламенту (33 дэпутаты), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады.
Прырода. Налічваецца 34 атолы, якія аб’ядноўваюць 1150 дробных нізінных каралавых астраўкоў і рыфаў; падзяляюцца на 2 групы — Ралік (на З, 18 атолаў), Радак (на У, 16 атолаў). Астравы працягнуліся з Пн на Пд і з З на У на 1500 км, раскіданы ў цэнтр. частцы Ціхага ак. на пл. больш за 2 млн.км². Макс. вышыні не перавышаюць 5 м. У склад астравоў уваходзіць адзін з найб. атолаў у свеце — Кваджалейн (пл. сушы 16,4 км², пл.ўнутр. лагуны 1683 км²). Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. На Пн выпадае 1500—2000 мм ападкаў (максімум у ліп.—ліст.), на Пд — да 4500 мм. На Пн бываюць засушлівыя перыяды, на Пд у ліп.—снеж. здараюцца трапічныя цыклоны. Рэк і ручаёў няма. Пераважае культурная расліннасць, гаі какосавых пальмаў. Берагі ўнутр. лагун атолаў акаймаваны мангравымі зараснікамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы-маршальцы складаюць 92%. Жывуць таксама амерыканцы, палінезійцы, кітайцы і інш. Вернікі пераважна пратэстанты (90%) і католікі. Сярэднегадавы прырост 3,8%. Сярэдняя шчыльн. 348 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва засяроджана на в-ве Маджура (пл. 30 км²), дзе знаходзіцца адзіны г. Маджура (каля 30 тыс.ж.). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. Першыя еўрапейцы з’явіліся на М.А. у 1529 (ісп. экспедыцыя А.Сааведры), у 1788 даследаваны англічанінам Дж.Маршалам (адсюль назва). У 1855 афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 прадала іх Германіі. У 1914 астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1945 ЗША 3 1947 паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэр. ЗША (у складзе падапечнай тэр. Ціхаакіянскія астравы). З 1979 Рэспубліка М.А. 3 1983 «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне 3 1991 член ААН.
Гаспадарка. М.А. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Асн. таварная культура — какосавая пальма. Копра з яе пладоў ідзе на продаж. Невял. таварнае значэнне мае вырошчванне агародніны, фруктаў (цытрусавых, папайі, манга, ананасаў), чорнага перцу. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Большасць прамысл. прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Перапрацоўка копры, мылаварная ф-ка, вытв-сць алею з какосавых арэхаў. Ёсць рыбакансервавыя прадпрыемствы, лесапільні і верфі па буд-ве невял. суднаў і лодак. Невял. здабыча фасфарытаў на атоле Аілінглапалап. Вытв-сць электраэнергіі — 80 млн.кВт∙гадз. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Большасць валютных паступленняў ад замежнага турызму. Турыстаў (пераважна з ЗША і Японіі) сюды прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. Транспарт пераважна марскі і авіяцыйны. На астравах 23 аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Горад і порт Маджура звязаны рэгулярнымі авіярэйсамі з Гавайскімі а-вамі і в-ам Гуам. Штогадовы экспарт каля 20 млн.дол., імпарт — каля 70 млн. долараў. У экспарце пераважаюць какосавы алей, копра, рыбныя кансервы, каралы, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры ЗША і Японія.
Дадатковай крыніцай даходу з’яўляецца рэгістрацыя гандл. суднаў замежных краін (з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў заканадаўства), выпуск паштовых марак. М.А. атрымліваюць фін. дапамогу, а таксама плату за арэнду ваенных і навук. аб’ектаў, у т. л. станцыі назірання за запускам штучных спадарожнікаў і ракет, ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1921,
дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога пра спыненне польска-сав. вайны 1919—20 (гл. ў арт.Савецка-польская вайна 1920) і нармалізацыю адносін; падпісаны 18.3.1921 у Рызе. У ходзе польска-сав. вайны, развязанай Польшчай пры ваен.-матэрыяльнай і дыпламат. падтрымцы краін Антанты, што па часе супала з грамадз. вайной у Расіі, урады БССР, Літ.-Бел. ССР і РСФСР неаднойчы заклікалі польскі ўрад «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэр. пытанні». Але Польшча не адказвала, бо не прызнавала БССР як суб’ект міжнар. права, імкнулася захапіць бел., укр. і літ. землі, аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772. Дзяржавы Антанты прапаноўвалі вызначыць усх. мяжу Польшчы паводле «Керзана лініі». Толькі пасля контрнаступлення сав. войск (ліп. 1920), а потым іх паражэння ў Варшаўскай аперацыі 1920 польскі бок пагадзіўся на перагаворы (пачаліся 17.8.1920 у Мінску, з 21.9.1920 працягваліся ў Рызе). Яны праходзілі без удзелу прадстаўнікоў БССР і БНР, бо ў гэтым не былі зацікаўлены як Польшча і Антанта, так і РСФСР. Дзеля заключэння міру сав. ўрад быў гатовы пайсці на значныя тэр. ўступкі, у т. л. за кошт бел. зямель. А.Р.Чарвякоў — кіраўнік (да пач.кастр. 1920) дэлегацыі БССР (знаходзілася ў Рызе з 18.9.1920) ставіў перад кіраўніком рас. дэлегацыі А.А.Іофе пытанне пра допуск сваёй дэлегацыі на перагаворы, але Іофе адмовіў. ВРКБССР даручыў прадстаўляць інтарэсы рэспублікі на перагаворах рас. боку, што потым пацвердзіў Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (снеж. 1920). 25.9.1920 Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі УССР. 12.10.1920 падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Канчатковы дагавор ад 18.3.1921 (ад імя БССР яго падпісалі Іофе і інш. прадстаўнікі РСФСР) складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Да Польшчы адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, усх. мяжа Польшчы (дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі яе ў 1923) устанаўлівалася на У ад «лініі Керзана» (гл. карту). Бакі абавязаліся паважаць дзярж. суверэнітэт адзін аднаго, не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арг-цый і груп, дзейнасць якіх магла быць скіравана супраць аднаго з бакоў, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутр. справы і варожай прапаганды; Польшча абавязалася забяспечыць беларусам, украінцам і рускім свабоду веравызнання і развіцця іх культуры і мовы, тое ж атрымлівалі палякі на тэр.БССР, УССР і РСФСР (на практыцы многае з гэтага парушалася). Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць выдаткі і страты, прычыненыя ў час вайны, прадастаўлялі грамадзянам поўную амністыю за паліт. злачынствы. РСФСР і УССР пагадзіліся вярнуць Польшчы ваен. трафеі, вывезеныя з гэтай краіны са студз. 1772, а таксама архівы, б-кі і інш.культ. каштоўнасці, вывезеныя з Польшчы ў Расію ў час 1-й сусв. вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і інш.фін. абавязацельствы былой Рас. імперыі, Расіі належала выплаціць Польшчы 30 млн.руб. золатам за ўклад апошняй у рас. эканоміку. Неадкладна пасля падпісання дагавора ўстанаўліваліся дыпламат. адносіны паміж бакамі. Дадаткі да Р.м.д. рэгулявалі эканам. і юрыд. пытанні. Дагавор ратыфікаваны Прэзідыумам ВЦВК 14.4.1921, Польшчай — 16.4.1921, УВК УССР — 17.4.1921; абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30.4.1921.
Супраць падрыхтоўкі і падпісання Р.м.д. пратэставалі Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), кіраўніцтва БНР (В.Ластоўскі і інш.), прадстаўнікі нац. інтэлігенцыі БССР. У прынятым 25.3.1921 урадам БНР звароце «Усяму культурнаму свету» заяўлялася пра непрызнанне дагавора бел. народам. Адозва ЦК БПС-Р «Да лепшых сыноў польскай нацыі» заклікала прагрэс.дэмакр. сілы Польшчы да выступлення супраць несправядлівага ў адносінах да Беларусі Рыжскага міру. Напярэдадні падпісання дагавора ЦККП(б)Б санкцыянаваў арышт у БССР 860 бел. эсэраў і больш як 60 дзеячаў БСДП і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, што сарвала акцыі бел. эсэраў супраць падзелу Беларусі. Дагавор асудзілі Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага), Другая Усебеларуская канферэнцыя (1925, Берлін), а таксама праз друк бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, У.Дубоўка, А.Дудар. Р.м.д. дзейнічаў да пач. 2-й сусв. вайны і далучэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны да СССР (адпаведна ў складзе БССР і УССР; 1939).
Літ.:
Пічэта У. Польска-савецкія адносіны і Рыжскі мір // Полымя. 1928. № 4;
Ольшанский П.Н. Рижский договор и развитие советско-польских отношений, 1921—1924. М., 1974;
Дуж-Душэўскі К. Беларусь і Рыжскі мір // Спадчына. 1995. № 6;
Dąbski J. Pokój ryski. Warszawa, 1931;
Kumaniecki J. Pokój polsko-radziecki, 1921. Warszawa, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ЛЮСІ́Я (Saint Lucia),
дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. востраве ў групе Наветраных а-воў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы). Пл. 620 км². Нас. 156,3 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мясц. крэольскі дыялект франц.мовы (патуа). Сталіца, найб. горад і порт — Кастры. Адм. падзел — 11 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 лют.).
Дзяржаўны лад. С.-Л. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з сената (11 чл., прызначаюцца ген.-губернатарам) і палаты сходу (17 чал., выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік большасці ў палаце сходу).
Прырода. Востраў С.-Л. вулканічнага паходжання. Рэльеф горны, выш. да 959 м (г. Жымі). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры 18—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1500—1700 мм на ўзбярэжжы да 2500—3500 мм на ўсх. схілах гор. Ёсць гарачыя крыніцы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Жывёльны свет прадстаўлены ў асн. птушкамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 96% складаюць сентлюсійцы, нашчадкі рабоў, прывезеных з Афрыкі, у антрапал. адносінах негры (больш за 90%) і мулаты. У гарадах невял. колькасць выхадцаў з Індыі і англічан. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць пратэстанты (7%) і англікане (3%). Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. каля 250 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы каля 500 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%. Найб. гарады: Кастры (з прыгарадамі больш за 50 тыс.ж., 2000), В’е-Фор, Міку, Суфрыер. У сельскай гаспадарцы занята 43% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 18%, у абслуговых галінах — 39%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.
Гісторыя. Стараж. насельнікі С.-Л. — індзейцы аравакі і карыбы, б.ч. якіх знішчана еўрапейцамі. Адкрыта Х.Калумбам у 1502. У 1605 тут засн.англ. пасяленне. У 17—18 ст. за валоданне С.-Л. ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацавана за апошняй паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. У 1958—62 чл. Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 22.2.1979 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці. У С.-Л. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаная рабочая партыя С.-Л., Лейбарысцкая партыя, Прагрэсіўная лейбарысцкая партыя. С.-Л. — чл.ААН (з 1979).
Гаспадарка. С.-Л. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для эканомікі мае замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 4100 дол. за год. 32% яго ствараецца ў прам-сці, 11% — у сельскай гаспадарцы, 57% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.-Л. — краіна развітога міжнар. турызму (штогод наведваюць 300—350 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—291 млн.дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 22 тыс.га зямлі, у т. л. каля 19 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 3 тыс.га пад пашай. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур. Каля палавіны с.-г. зямель пад пасадкамі бананаў (штогадовы збор каля 100 тыс.т). Вырошчваюць таксама манга, какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, батат, маніёк, цукр. трыснёг, рыс, вінаград. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 15, свіней каля 10, авечак і коз каля 15. Птушкагадоўля (260 тыс. курэй у 1997). Марское рыбалоўства. Гал.прамысл. прадпрыемствы — нафтавы тэрмінал для перагрузкі супертанкераў (прывозяць нафту для ЗША з Б.Усходу) і нафтаперапр.з-д (б.ч. прадукцыі экспартуецца). Працуюць невял. прадпрыемствы па зборцы электронных кампанентаў, вытв-сці паперы і кардону, тытунёвых вырабаў, тканін, адзення, цацак. Апрацоўчая прам-сць базіруецца на перапрацоўцы мясц.с.-г. сыравіны (вытв-сць копры, какосавага алею, мыла, рому, безалкагольных напіткаў). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр.прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі — 110 млн.кВт∙гадз. (1998). Развіты саматужныя промыслы (ганчарныя вырабы, сувеніры і інш.). Транспарт аўтамаб. і марскі. На востраве 1,2 тыс.км аўтадарог, у т. л. каля 100 км з цвёрдым пакрыццём, 10 тыс. легкавых аўтамабіляў, 9,1 тыс. грузавых і аўтобусаў; 2 міжнар. аэрапорты. Марскія парты Кастры і В’е-Фор. У 1997 экспарт склаў 70,1 млн.дол., імпарт — 292,4 млн.дол. У экспарце пераважаюць бананы (41% па кошце), нафтапрадукты, адзенне, какава, агародніна, фрукты, какосавы алей і копра, у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту, 36% імпарту), Вялікабрытанія (50% экспарту, 11% імпарту), карыбскія краіны (16% экспарту і 22% імпарту), Японія, Канада. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТСВА́НА (Botswana),
Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс.км². Нас. 1,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц.мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).
Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-растудз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.
Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.
Асн.паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл.ААН (з 1966), Садружнасці і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх.ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс.км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Батсваны.Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА ДРАЎЛЯ́НАЯ Вядома ў мастацтве многіх народаў з глыбокай старажытнасці. На тэр. Беларусі самыя раннія ўзоры вядомыя з эпохі неаліту
(статуэтка мужчыны са стаянкі Асавец). З 14 ст. развівалася пераважна ў рэліг. мастацтве. С.д. размяшчалася ў касцёлах у алтарах храмаў і характарызавалася цеснай узаемасувяззю з архітэктурай і пануючымі маст. стылямі. З канца 14 — пач. 15 ст. ўзмацніліся зах.-еўрап. ўплывы. Рысы раманскага стылю ўласцівы «Укрыжаванню» з в. Галубічы Глыбоцкага р-на, выявам Міколы Мажайскага і Параскевы Пятніцы (16 ст). Маст. каштоўнасцю вылучаецца разны абраз пінскага разьбяра Ананія «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1459—1525). У познегатычных традыцыях выкананы алтарныя кампазіцыі 15 ст. «Марыя з дзіцем» (г.п. Рось Ваўкавыскага р-на, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на),
выявы пач. 16 ст. Марыі і Іаана Багаслова (в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на) з характэрнымі напружанымі позамі, парывістымі паваротамі, выцягнутымі прапорцыямі. Рысы позняй готыкі і Адраджэння прасочваюцца ў С.д. 16 — пач. 17 ст.: «Гжэгаж» (Полацк), Ганна і Іаакім (в. Здзітава Жабінкаўскага р-на). Уплывы рэнесансу праяўляюцца ў выбары тыпажу, індывідуалізацыі вобразаў, імкненні выявіць формы чалавечай фігуры; Кацярына, Лізавета (г.п. Шарашова Пружанскага р-на), Марыя з дзіцем (Нясвіж), алтарная скульптура касцёлаў у в. Будслаў Мядзельскага р-на і Воўпа Ваўкавыскага р-на (17 ст.). У С.д. праваслаўных храмаў была пашырана рэльефная разьба ў афармленні іканастасаў, царскіх варот. У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. разьбяроў працавалі ў Расіі (гл.Беларуская рэзь). Вядомы скульптуры «Укрыжаванне» і «Мікола Мажайскі», выкананыя старцам Іпалітам. Пад уплывам барока ў С.д. павысіліся эмацыянальнасць, пачуццёвасць, кантрасты маштабаў, святлоценявыя эфекты. Яна арганічна звязваецца з прасторавай кампазіцыяй інтэр’ера, утвараючы разам з інш. элементамі дэкору цэласны ансамбль (алтары касцёлаў і кляштараў езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, 18 ст.), асобныя скульптуры, што ўваходзілі ў алтарныя ансамблі (Пётр і Павел у в. Дварэц Дзятлаўскага р-на, Хрыстос ля слупа ў в. Сакалова Бярозаўскага р-на). З 2-й пал. 18 ст. С.д. набыла рысы ракако (выявы евангелістаў з в. Нягневічы Навагрудскага р-на, Іосіф з дзіцем з в. Правыя Масты Мастоўскага р-на і інш.). Творы канца 18—19 ст. з прыкметамі класіцызму вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў (Маці Божая з в. Ганута Вілейскага р-на і інш.). У нар. С.д. гэтага перыяду таксама панавала рэліг. тэматыка. Зробленыя нар. майстрамі выявы святых ставілі ў невял. храмах, капліцах, на крыжах, мемарыяльных слупах і інш. Своеасаблівасць пласт. мовынар. С.д. — статычнасць, франтальнасць поз, выразнасць сілуэта, непрапарцыянальная ўзбуйненасць галавы і рук, паліхромная размалёўка, у якой пераважалі насычаныя чырвоны, сіні, белы, зялёны колеры. Вобразы святых вызначаюцца жыццёвасцю, непасрэднасцю і шчырасцю пачуццяў: выявы архістратэга Міхаіла, Ядвігі, Іосіфа з дзіцем з в. Забалаць Воранаўскага р-на, «Укрыжаванне» з Брэстчыны і інш. Сярод найб. вядомых разьбяроў 18—19 ст. І.Астапчык, Булоўскі, І.Гарбацэвіч, А.Занеўскі, А.Івашкевіч, Каліноўскі, А.Малышэвіч, В.Пікулік, П.Якавіцкі.
У 1930—50-я г. ў самадзейнай творчасці сярод вобразаў пераважалі дзярж. і паліт. дзеячы, сюжэтныя кампазіцыі на тэмы працы і ваен. падзей. Сярод майстроў С.д. — М.Астроўскі, А.Бялоў, С.Бык, С.Вольскі, М.Івінскі, У.Мацюк, Г.Паварыч і інш. Уплыў нар. мастацтва, лаканізм, унутр. напружанасць вылучаюць творы прафес. скульптара А.Грубэ. У 1970—90-я г. самадзейныя майстры (Г.Асіпкова, Б.Васількоў, А.Міхеенка, А.Пупка, С Шаўроў) побач з сюжэтна-тэматычнымі і партрэтнымі кампазіцыямі працавалі ў пластыцы малых форм (гл.Скульптура малых форм), звярталіся да анімалістычнага, быт. і гіст. жанраў, багатай фалькл. і культ. спадчыны. Традыцыі нар. С.д. працягвалі П.Зяляўскі (культавая скульптура), Ф.Максімаў (сатыр. кампазіцыі, работы на тэмы нар. казак, легенд і інш.), М.Рышкевіч (быт. тэматыка), І.Супрунчык (кампазіцыі на тэмы нар. свят, сельскага побыту, вобразы дзеячаў бел. гісторыі). Прафес. скульптары шмат увагі аддаюць стварэнню партрэтных вобразаў герояў Вял.Айч. вайны, гіст., культ., грамадскіх і паліт. дзеячаў (С.Вакар, А.Глебаў, Л.Гумілеўскі, Г.Мурамцаў). Пратэст супраць вайны і гераізм народа ў творах А.Бачкарова, Л.Давідзенкі, Л.Зільбера, У.Церабуна. У пошуках эмацыянальна напоўненай выразнай формы скульптары выкарыстоўваюць сімвалы і алегорыі (Г.Буралкін, Г.Гаравая, У.Слабодчыкаў, А.Фінскі і інш.). Самадзейныя скульптары ўдзельнічаюць у стварэнні мемарыяльных помнікаў-комплексаў: «Коласаўскі шлях» (1991; скульптары У.Балдоўскі, У.Ганчарук, Т.Дзялендзік, М.Корабаў, М.Скляр, Супрунчык), святах-конкурсах («Дрэва жыцця» ў г.п. Мір Карэліцкага р-на, 1999; В.Казлоў, А.Маголін, А.Пагажэльскі, В.Пятровіч, В.Сілкоў, Скляр, У.Яленскі).
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Да арт.Скульптура драўляная. Невядомы мастак. Разныя царскія вароты. 16 ст.Да арт.Скульптура драўляная. Пётр. Вёска Нягневічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Скульптура драўляная. Іосіф. Скульптура алтара касцёла ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1633—44.Да арт.Скульптура драўляная. П.Зяляўскі. Маці Божая. 1980—90-я г.Да арт.Скульптура драўляная. У.Слабодчыкаў. Спелыя яблыкі. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл.Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл.Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц.правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл.Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел.мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл.Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.
Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.
Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр.ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.
У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг.л-ра.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);
Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;
Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;
Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.