СУБЛІМА́ЦЫЯ ў псіхалогіі,

псіхічны працэс пераўтварэння і пераключэння энергіі афектыўных памкненняў на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. Ідэя С. адлюстравана ў творах пісьменнікаў 18 ст. (Г.​Штылінг, Наваліс), у працах філосафаў 19 ст. (А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ). У навук. ўжытак тэрмін «С.» ўвёў З.​Фрэйд у 1900. У пач. 20 ст. паняцце «С.» стала шырока выкарыстоўвацца ў псіхааналіт. філасофіі. У псіхааналізе Фрэйда С. — працэс, у выніку якога энергія, накіраваная першапачаткова на сексуальныя (лібіда) або агрэсіўныя мэты, перанакіроўваецца на дасягненне інш. сацыяльна і культурна санкцыянаваных мэт (спорт, інтэлектуальная праца, маст. творчасць, фарміраванне рэліг. абрадаў і культаў і інш.). На яго думку, сублімаваная энергія стварае цывілізацыю. М.​Шэлер лічыў, што здольнасць да С. ўласціва ўсім формам арганізацыі прыроднага свету, а чалавек — апошні акт С. ў прыродзе. «Звышсублімацыя», на яго думку, — «празмерная інтэлектуалізацыя», якая ўласціва сучаснай культуры і выклікае ў чалавека дэструктыўныя схільнасці. Псіхааналіт. тэорыя разглядае С. як адзін са сродкаў вырашэння ўнутр. канфліктаў, якія ў адваротным выпадку прывялі б чалавека да неўрозу, няздольнасці знайсці адэкватнае выйсце са складаных жыццёвых сітуацый. Ідэі С. выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапеўтычнай практыцы, псіхалогіі сацыяльнай, псіхалогіі творчасці, дзіцячай псіхалогіі, псіхалогіі спорту і інш.

Літ.:

Теория личности в западноевропейской и американской психологии. Самара, 1996;

Фрейд З. Введение в психоанализ // Фрейд З. Психоаналитические этюды. Мн., 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 15, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫБУНА́Л ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, Галоўны Літоўскі Трыбунал,

вышэйшы апеляцыйны суд дзяржавы, пастановы якога мелі сілу пастаноў сойма. Створаны ў 1581, дзейнічаў з 1582. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якіх выбіралі на павятовых сойміках па 2 ад кожнага павета тэрмінам на 1 год (з 1588 яшчэ выбіраліся 3 дэпутаты ад Жамойцкай зямлі).

Разглядаў апеляцыі на рашэнні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэнні павятовай адміністрацыі. Суддзямі маглі быць выключна шляхціцы, ураджэнцы ВКЛ, якія мелі ўласныя маёнткі і былі дасведчанымі ў праве і мясц. звычаях. Сесіі трыбунала праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся на аснове Статута ВКЛ, соймавых канстытуцый і звычаёвага права большасцю галасоў. Месцам сесій трыбунала была Вільня (штогод), Мінск і Навагрудак (па чарзе праз год); да 1588 сесіі праходзілі і ў Троках. Па 1-й інстанцыі трыбуналу былі падсудныя ўсе справы, аднесеныя да яго кампетэнцыі, а таксама справы аб неналежным выкананні старостамі і замкавымі ўраднікамі сваіх абавязкаў пры судаводстве і справы духоўных асоб (пры разглядзе апошніх бралі ўдзел дэпутаты ад духавенства). Парадак судаводства ў трыбунале рэгламентаваўся законам, яго рашэнні выконваліся павятовымі судамі. Акрамя разгляду спраў трыбунал ажыццяўляў натарыяльныя дзеянні: замацоўваў тастаменты (завяшчанні), сведчыў дагаворы куплі-продажу маёнткаў, пазыкі і інш.

Літ.:

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́НСКАЯ ВАЙНА́,

вайна кааліцыі ахейскіх цароў на чале з царом Мікенаў Агамемнанам супраць Троі. Археал. раскопкі пацвердзілі, што каля сярэдзіны 13 ст. да н.э. Троя была разбурана. У стараж. гістарыяграфіі Т.в. датуецца 1280—1270 да н.э. (Герадот) ці 1194—1184 да н.э. (Эратасфен), у археалогіі каля 1260—1200 да н.э. Паводле паданняў падставай для вайны стала выкраданне траянскім царэвічам Парысам жонкі спартанскага цара Менелая Алены. Менелай і яго брат Агамемнан з вял. флотам адплылі ў Трааду (ПнЗ Малой Азіі). Аблога Троі цягнулася 10 гадоў. Горад быў узяты дзякуючы кемлівасці Адысея (гл. Траянскі конь). Т.в. была адным з этапаў пранікнення грэкаў у М.​Азію, якое ўзмацнілася ў 13 ст. да н.э., асабліва пасля выцяснення дарыйцамі ахейцаў з тэр. Грэцыі. Падзеі Т.в. знайшлі адлюстраванне ў паэмах «Іліяда», «Адысея» і шэрагу інш. твораў.

Літ.:

Кравчук А. Троянская война: Пер. с пол. М., 1991;

Флоренсов Н.А. Троянская война и поэмы Гомера. М., 1991;

Гиндин Л.А., Цымбурский В.Л. Гомер и история Восточного Средиземноморья.

М., 1996; Гринчик Е. Троянская война. Мн., 1998.

А.​Г.​Зельскі.

Да арт. Траянская вайна. Падзенне Троі. Фрагменты размалёўкі: чырвонафігурнай кілікі (1), каля 490 да н.э., чырвонафігурнай гідрыі (2), каля 480 да н.э.

т. 15, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСО́ЎСКІ Мікола (1470-я г. — пасля 1533),

паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.​Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.

Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.

У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял. маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял. кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.​Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.​Каспровіч), літ. (Б.​Казлаўскас), рус. (Я.​Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.​Семяжон, У.​Шатон, Н.​Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.​Агуновіч, У.​Басалыга, А.​Кашкурэвіч, Я.​Кулік, М.​Купава, А.​Марачкін, М.​Селяшчук і інш., драматургі (А.​Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.

Тв.:

Песня пра зубра. Мн., 1973;

Песня пра зубра. Мн., 1980;

Песьня пра зубра. Мн., 1994.

Літ.:

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;

Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;

Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд. Мн., 1996.

В.​А.​Чамярыцкі.

Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЮРМО́РТ (франц. nature morte літар. мёртвая прырода),

1) жанр выяўленчага мастацтва (пераважна станковага жывапісу і графікі), прысвечаны адлюстраванню неадушаўлёных прадметаў, размешчаных у адзіным асяроддзі і арганізаваных праз пэўныя эстэт. і сэнсавыя сувязі ў групу. Можа адлюстроўваць і аб’екты жывой прыроды, ізаляваныя ад іх натуральных сувязей і ператвораныя ў рэч (рыба на стале, кветкі ў букеце і інш.), або якія дапаўняюць асн. матыў Н. (выявы птушкі, звера, чалавека).

2) Твор гэтага Жанру. Н. найчасцей складаецца спецыяльна для таго, каб быць адлюстраваным. Гэта абумоўлівае спецыфіку яго кампазіцыі, якая набывае выразна дэманстратыўны характар і з’яўляецца асноваўтваральнай уласцівасцю жанру. Адлюстраванне рэчаў у Н. можа мець самаст. значэнне, падпарадкоўвацца рашэнню дэкар. задач, ствараць складаны сэнсавы падтэкст, што адлюстроўвае сац. становішча, асаблівасці і характар жыцця гаспадара рэчаў, светапогляд мастака і яго адносіны да рэчаіснасці, пэўны сімвалічны змест, асацыяцыі і маст. паралелі і інш. Спецыфіка жанру вызначае павышаную ўвагу да праблем выразнасці маст. формы: архітэктонікі кампазіцыі, структуры і дэталяў аб’ёму, фактуры, характару арганізацыі прасторы ці плоскасці. Вял. ролю ў Н. адыгрываюць традыцыі жанру.

Вытокі Н. ў дэкар., сімвалічным і рытуальным адлюстраванні рэчаў у стараж. мастацтве (фрэскі і рэльефы Егіпта, Грэцыі, Рыма), сярэдневяковым рэліг. мастацтве Еўропы, класічным мастацтве Кітая і Японіі 11—18 ст. Як самаст. жанр склаўся ў эпоху Адраджэння ў Італіі (першы вядомы Н. — «Курапатка са стралой і пальчаткамі» Якопа дэ Барбары, 1504). Н. італьян., ісп. і нідэрл. мастакоў таго часу вызначаліся асаблівай увагай да матэрыяльнага свету рэчаў, ілюзіяністычна дакладнага іх адлюстравання (т. зв. Н.-падманкі).

Пераважна адлюстроўвалі інтэр’еры кухняў і корчмаў (т.зв. бадэгон, у якім аднолькавая ўвага аддавалася і рэчаваму асяроддзю, і персанажам), накрытыя сталы, т.зв. ванітас (тып Н., дзе прадметы, якія сімвалізуюць багацце прыроды і дзейнасці чалавека, супрацьпастаўляюцца элементам, што нагадваюць пра смерць). Станаўленне і росквіт Н. прыпадае на 17 ст., што звязана з ростам цікавасці да побыту, прыватнага жыцця чалавека, пашырэннем метаду маст. асваення свету, развіццём нац. школ жывапісу. У гэты перыяд вызначаліся ўсе асн. разнавіднасці, тэматычныя і іканаграфічныя варыянты Н. («сняданкі», «дэсерты», «рыбы», «кветкі і садавіна», «трафеі палявання», «кладоўкі», «бітая дзічына», «рынкі» і інш.). Стылістычныя асаблівасці італьян. і ісп. Н. у вял. ступені вызначылі маст. рэформы М.​Караваджа (творы П.​П.​Бонцы, М.​Кампідольё, Дж.​Рэка, Дж.​Б.​Руапола, Э.​Баскеніса, Італія; Х.​Санчэса Котана, Ф.​Сурбарана, А.​Перэды, Іспанія). У кампазіцыях галандскіх мастакоў Н. набыў камерны характар, дэмакратызм і паэтычнасць вобразаў у спалучэнні з дакладнай жывапіснай распрацоўкай прасторы і фактуры рэчаў, пластыкай форм (творы А.​Беерэна, Я.​Венікса, П. ван дэр Віліге, В.​Калфа, П.​Класа, В.​Хеды, Я.Д. дэ Хема, М.​Хондэкутэра і інш.). У флам. мастацтве вызначаўся жыццесцвярджальным характарам, манументальнасцю і веліччу гучання, складанасцю і дынамізмам кампазіцый, дэкаратыўнасцю (творы П. дэ Воса, Д.​Сегерса, Ф.​Снейдэрса, Я.​Фейта). Развіваўся таксама ў ням. (Г.​Флегель) і франц. (Л.​Бажэн, А.​Ф.​Дэпорт, Ж.​Б.​Мануае, Ж.​Б.​Удры) мастацтве. У 18 ст. адной з асн. маст. мэт жанру стала дакладнае ілюзіяністычнае адлюстраванне рэчаў. Н., прызначаныя пераважна для аздаблення інтэр’ераў, набылі дэкар. характар, у іх кампазіцыі пераважалі кветкі і садавіна. Дэмакратызмам і глыбінёй зместу, багаццем кампазіцыйных і каларыстычных вырашэнняў вызначаліся Н. франц. мастака Ж.Б.​С.​Шардэна. У сярэдзіне 18 ст. ўзнік тэрмін «nature morte», які перадаваў непаважлівыя адносіны да Н. з боку акад. мастацтва, якое аддавала перавагу «жывой натуры» і жанрам, звязаным з яе адлюстраваннем. Рус. нацюрморт 18 ст. вызначаўся натуралістычна-дакладнай перадачай рэчавага асяроддзя (П.​Багамолаў, Р.​Цяплоў і інш.). У пач. 19 ст. Н. існаваў пераважна ў якасці акад. вывучэння натуры. Пэўны ўздым жанру быў уласцівы асобным творам мастакоў бідэрмеера і рус. мастакоў (Ф.​П.​Талстой, школа А.​Венецыянава). З кампазіцыі Н. знікаюць рукатворныя рэчы, пераважаюць матывы кветак, напісаныя па кампазіцыйных схемах флам. дэкар. Н. 17 ст. У жанры Н. спецыялізаваліся А.​Фантэн-Латур (Францыя), У.​Харнет, Ч.​У.​Піль (ЗША), звярталіся да яго Ф.​Гоя (Іспанія), Э.​Дэлакруа, Г.​Курбэ (Францыя) і інш. У 2-й пал. 19 ст. пераважалі крыху мадэрнізаваныя традыц. акад. схемы, франтальныя цэнтрычныя кампазіцыі, Н. эцюднага характару. Супраць уяўлення Н. як замкнёнай кампазіцыі са статычных аб’ектаў выступалі імпрэсіяністы, што часта прадстаўлялі яго ў інтэр’еры або пейзажы як часткі прыроды. Рус. перасоўнікаў быт. рэчы як тэма асобнага твора не цікавілі, лічыліся ўвасабленнем банальнасці жыцця і яго фальшывага бляску. Сярод эцюдаў Н. перасоўнікаў пераважалі «букеты» (І.​Крамской, І.​Рэпін, В.​Сурыкаў, В.​Паленаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся ўздым Н., вырасла яго роля як самаст. жанру. Праз яго мастакі-постімпрэсіяністы рэалізоўвалі новыя шляхі ў мастацтве (П.​Сезан у Францыі, В. ван Гог у Галандыі). У 20 ст. да Н., у якім адкрыліся бязмежныя магчымасці распрацоўкі ўласнай стылістыкі, эксперыментаў з формай і раскрыцця ўнутр. сутнасці прадметаў, адлюстравання светаўспрымання канкрэтнага чалавека пачалі звяртацца прадстаўнікі ўсіх маст. кірункаў. У жанры Н. стваралі кампазіцыі Ж.​Абей, Э.​Афрэ, Ж.​Брак, Ф.​Геры-Кала, Х.​Грыс, Ж.​Гузі, А.​Дэрэн, П.​Дзюкардо, К.​Івель, К.​Лепап, Р.​Магрыт, А.​Матыс, Ж.​Міро, П.​Пікасо (Францыя), Ю.​Гес, А.​Канальт (Германія), Р.​Гутуза, Ф.​Казараці, Дж.​Марандзі, Дж.​Северыні (Італія), Ф.​Эліяс (Іспанія), І.​Альберт, Дж.​Энсар (Бельгія), Б.​Кубіша, Э.​Філа (Чэхія), Дж.​Біл, У.​Бэйлі, Э.​Уает, Дж.​Фіш (ЗША), Жэнь Банянь, Цы Байшы (Кітай), А.​Акапян, М.​Сар’ян (Арменія), Л.​Свемп, Л.​Эндзеліна (Латвія), А.​Асмёркін, А.​Галавін, Н.​Ганчарова, І.​Грабар, П.​Канчалоўскі, К.​Каровін, П.​Кузняцоў, А.​Купрын, М.​Ларыёнаў, А.​Лянтулаў, І.​Машкоў, І.​Пуні, К.​Пятроў-Водкін, В.​Раждзественскі, М.​Сапуноў, С.​Судзейкін, Р.​Фальк, А.​Экстэр (Расія) і інш.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. ў кніжнай графіцы: гравюра «Взор стола на немже бе хлеб посвященный» у кнізе Ф.​Скарыны «Зыход», алегарычную ролю адыгрывае прадметнае асяроддзе ў партрэце да яго «Бібліі». Элементы Н. трапляюцца ў ілюстрацыях да «Хронікі ўсяго свету» М.​Бельскага (16 ст.), паліванай кафлі 16—17 ст., іканапісе («Нараджэнне Марыі» П.​Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Тройца», 18 ст., і інш.), сармацкіх партрэтах 16—18 ст. (атрыбуты ўлады, зброя і інш.). У 19 ст. выдатным майстрам Н. быў І.​Хруцкі, які праз адлюстраванне рэчаў перадаваў асабістае адчуванне радасці быцця. У 1-й пал. 20 ст. лірычныя Н. стваралі І.​Ахрэмчык, В.​Волкаў, Я.​Красоўскі, Д.​Парахня, М.​Станюта, М.​Тарасікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. бел. Н. узбагаціўся новымі матывамі і вобразна-пластычнымі якасцямі. Пашырыліся тэмы Вял. Айч. вайны, дзе праз свет рэчаў раскрываюцца памяць і смутак народа пра тых, хто загінуў, нац. культурнай спадчыны, т.зв. сялянскі Н. і інш. У 1990-я г. вял. ўвагу ў Н. аддавалі асацыяцыям, сімвалам, знакавай сутнасці рэчаў, фармальным элементам кампазіцыі. У жанры Н. працавалі і працуюць Дз.​Алейнік, Б.​Аракчэеў, Я.​Батальёнак, Э.​Балагураў, Г.​Бржазоўскі, Н.​Варвановіч, Г.​Вашчанка, Н.​Воранаў, А.​Гугель, Ф.​Гумен, М.​Данцыг, Л.​Дударэнка, В.​Жолтак, Г.​Ізергіна, А.​Замай, М.​Ісаёнак, Б.​Казакоў, А.​Карпан, Р.​Кудрэвіч, С.​Лі, А.​Малішэўскі, Б.​Малкін, А.​Марачкін, В.​Маркавец, А.​Марыкс, У.​Мінейка, Н.​Паплаўская, А.​Паслядовіч, А.​Пашкевіч, Я.​Радзялоўская, В.​Сахненка, В.​Свентахоўская, У.​Сулкоўскі, В.​Сумараў, У.​Тоўсцік, У.​Хадаровіч, Я.​Харытоненка, А.​Шаўчэнка, Л.​Шчамялёў, Н.​Шчасная, В.​Цвірка і інш. Н. ў дэкар.-прыкладным мастацтве стварылі В.​Грыдзіна, В.​Крывашэева (габелены), М.​Байрачны, А.​Паддубны, В.​Прыешкін, Т.​Сакалова, У.​Угрыновіч (кераміка) і інш.

Літ.:

Кузнецов Ю.И. Западноевропейский натюрморт. Л.;

М., 1966;

Ракова М.М. Русский натюрморт конца XIX — начала XX в. М., 1970;

Пружан И.Н., Пушкарев В.А. Натюрморт в русской и советской живописи. Л., 1971;

Герчук Ю.Я. Живые вещи. М., 1977;

Герасімовіч П.М. Нацюрморт: Тв. бел. мастакоў. Мн., 1982;

Натюрморт в европейской живописи XVI — начала XX в.: Кат. М., 1984.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Нацюрморт. М.​Караваджа. Кошык з садавінай. 1596.
Да арт. Нацюрморт. І.​Хруцкі. Садавіна і свечка. 1840-я г.
Да арт. Нацюрморт. Х.​Грыс. Нацюрморт. 1917.
Да арт. Нацюрморт. В.​Маркавец. Нацюрморт з кларнетам. 1975.
Да арт. Нацюрморт. А.​Замай. Водар лесу. 1986.
Да арт. Нацюрморт. У.​Хадаровіч. На Каляды. 1990.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БА,

чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.

Літ.:

Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;

Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;

Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.

С.​П.​Макараў.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ САВЕ́Т РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ.

Утвораны 4(17).3.1917 паводле рэзалюцыі служачых Заходнефрантавога к-та Усерас. земскага саюза. У гэты ж дзень выбраны Часовы выканаўчы к-т з 9 чал. 8 сак. Савет выказаў падтрымку Часоваму ўраду. 10 сак. Савет рабочых дэпутатаў і Савет салдацкіх дэпутатаў аб’яднаны. Яго друкаваны орган — газ. «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов». У маі — пач. чэрв. адбыліся перавыбары (выбраны 265 чал.). Пры Савеце існавалі секцыі: ваенная, рабочая, чыгуначная, культ.-асв., рэдакцыйная, харч., фін. і інш. У выніку перавыбараў (2-я пал. вер. — пач. кастр.) з 337 дэпутатаў Савета 184 былі бальшавікі, 60 эсэраў, 21 меншавік, 21 бундавец, 48 беспартыйных. 3 ад Паалей-Цыёна і Аб’яднанай яўр. сацыяліст. рабочай партыі (АЯСРП); у склад выканкома выбраны 23 бальшавікі, 7 эсэраў, 4 бундаўцы, 1 паалейцыяніст, 1 ад АЯСРП, 2 месцы пакінуты за прафсаюзамі. Да кастр. 1917 адбылося не менш як 35 пасяджэнняў Савета. 25 кастр. з мэтай прадухілення ў горадзе магчымых беспарадкаў утвораны рэв. штаб; 26 кастр. ад імя выканкома Мінскага Савета выдадзены «Загад № 1. Да насельніцтва г. Мінска і яго наваколляў», у якім заяўлена пра пераход усёй улады да М.С.р. і с.д. Вызваленыя з турмы і гаўптвахт салдаты (каля 800 чал.) былі аб’яднаны ў Першы рэв. імя Мінскага Савета полк. 2 ліст. ўся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Зах. фронту. Да 25 студз. 1918 у М.С.р. і с.д. існавалі аддзелы: па арганізацыі чырв. гвардыі, па арганізацыі чырв. арміі Мінскага гарнізона, па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй, асветы, жыллёвы, кааперацыі, працы, мясц. самакіравання, агітацыі і арганізацыі і інш. З прычыны наступлення герм. войск 19.2.1918 кіраўніцтва Савета пакінула Мінск. Савет пачаў адраджацца ў снеж. 1918, калі напярэдадні эвакуацыі герм. войск адбыліся выбары ў гар. Савет рабочых дэпутатаў. Пасля абвяшчэння Беларускай ССР у выніку дагавору прэзідыума Савета з ВРК Мінскай губ. да канца студз. 1919 былі арганізаваны перавыбары Савета, які атрымаў назву Мінскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЕ́ГА Ян Казімір (? — 22.2.1730),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял. гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704 вял. кароннаму гетману А.​Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.​Д.​Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.

Літ.:

Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;

Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.

А.​М.​Лукашэвіч.

Ян Казімір Сапега. Гравюра 18 ст.

т. 14, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,

частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж. Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З.ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, а таксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;

Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;

Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1996. № 4;

Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал. зб. Мн., 1996. № 10;

Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;

Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.

Ю.​М.​Бохан.

Да арт. Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра візура*); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.
Да арт. Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).

т. 7, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАБІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. syllabe склад),

сістэма вершаскладання, заснаваная на аднолькавай колькасці складоў у паэтычных радках. Характэрна для моў з пастаянным націскам (франц., польскай, чэшскай і інш.). Рытмаўтваральную ролю ў С.в. адыгрывае таксама цэзура і метрычная канстанта. Найб. дасканаласці С.в. дасягнула ў франц. і італьян. паэзіі 11—12 ст. У 15 ст. засвоена польскай л-рай. Бел. С.в. пачало фарміравацца ў пач. 16 ст. Адзін з першых бел. сілабічных вершаў — з прадмовы Ф.​Скарыны да кн. «Іоў» (1517):

Богу в троици единому ко чти и ко славе,
Матери его пречистой Марии к похвале,
Всем небесным силам и святым его к веселию,
Людем посполитым к доброму научению.

У вершы яшчэ не вытрыманы ўсе адзнакі сілабікі, але ён вызначаецца строгай рэгламентаванасцю радка, выдзяленнем яго сэнсава-інтанацыйных частак паўзамі, спалучэннем радкоў парнай рыфмай. Бел. паэты 16—17 ст. А.​Рымша, Я.​К.​Пашкевіч, Афанасій Філіповіч і інш. ўдасканалілі форму сілабічнага верша, наблізілі яе да класічных узораў. Майстар сілабічнага верша ў бел. паэзіі 1-й пал. 17 ст. — Сімяон Полацкі, творам якога ўласцівы ўсе вызначальныя адзнакі сілабікі:

Паче нетерпимую / смерть себе избрати,
Неже оскверненную / плоть свою предати.
(«Паклёп»).

У 1664 Сімяон Полацкі пераехаў у Маскву, дзе паклаў пачатак рус. С.в., якое праіснавала да 1-й трэці 18 ст. (выйшла з ужытку ў выніку рэформы В.​Традзьякоўскага—М.​Ламаносава).

У бел. паэзіі С.в. сустракалася да 19 ст. Сярод яго прадстаўнікоў Я.​Баршчэўскі («Дзеванька»), Я.​Чачот («Да мілых мужычкоў»), В.​Дунін-Марцінкевіч («Халімон на каранацыі»), Ф.​Багушэвіч («У судзе») і інш. Бел. сілабічная паэзія 19 ст. вызначалася разнастайнасцю памераў: 15-складовік («Вечарынка» Ф.​Тапчэўскага), 14-складовік («Верш Навума Прыгаворкі»), 13-складовік («Ідылія») і 12-складовік («Халімон на каранацыі»; усе Дуніна-Марцінкевіча), 11-складовік («Пакуль новы год настане» Я.​Лучыны). Назіралася тэндэнцыя да 7- і 8-складовікаў («Купала» Дуніна-Марцінкевіча). Уплыў рус. сілаба-танічнага верша, а таксама сілаба-танічных форм нар. верша на бел. літ. сілабіку прывёў да яе паступовага адмірання. З канца 19 — пач. 20 ст. бел. С.в. саступіла месца сілаба-танічнаму вершаскладанню і танічнаму вершаскладанню.

Літ.:

Гл. да арт.: Сілаба-танічнае вершаскладанне.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)