ГЕАФІЗІ́ЧНЫЯ АНАМА́ЛІІ,
адхіленне значэнняў фіз. палёў (гравітацыйнага, магнітнага, геатэрмічнага, электрамагнітнага) ад нармальнага поля Зямлі. Абумоўлены рознымі фіз. ўласцівасцямі горных парод, неаднароднасцю саставу і будовы зямной кары і мантыі. Адрозніваюць анамальнае значэнне (лічба, якая характарызуе велічыню анамаліі ў пэўным пункце назірання, напр., анамаліі Бучэ, Фая і інш.) і анамальнае поле (участак, на якім назіраюцца адхіленні; бываюць мазаічныя, лінейныя, паласавыя і інш.). Паводле памераў і глыбіні геафізічныя анамаліі падзяляюцца на лакальныя і рэгіянальныя. Па геафізічных анамаліях вывучаюць унутр. будову Зямлі і зямной кары, вырашаюць гідрагеал. і інж.-геал. задачы, вядуць пошук і разведку радовішчаў карысных выкапняў.
Г.І.Каратаеў.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НЧАНКА (Яўген Іванавіч) (н. 27.6.1943, г. Глазаў, Удмурція),
бел. спартсмен (плаванне). Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Засл. трэнер БССР (1976), СССР (1981). Чэмпіён і рэкардсмен Беларусі 1961—63 па плаванні. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1966). Трэнер зборных каманд Беларусі (1966—67), СССР (1975—84) па плаванні. З 1989 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1995 прарэктар. Аўтар навуч. і метадычных дапаможнікаў, у т. л. «Плаванне ў комплексе ГПА» (1976, з Г.Э.Васілеўскім), «Навука пра спартыўнае плаванне» (1993), «Тэорыя і практыка спорту» (ч. 1—3, 1996—97).
т. 7, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯДА́ (Андрэй Аляксеевіч) (н. 18.7.1946, в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне камп’ютэрнай алгебры, інфарматыкі і кібернетыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (1990). Скончыў БДУ (1969), дзе і працаваў. З 1978 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. Навук. працы па тэорыі, метадах, праграмна-алгарытмічных і апаратных сродках арганізацыі паралельных вылічэнняў. Распрацаваў новы кірунак у тэорыі мадулярных выліч. структур (МВС) — мінімальна залішнія МВС. Дзярж. прэмія СССР 1991.
Тв.:
Модулярные структуры конвейерной обработки цифровой информации. Мн., 1992 (разам з І.Ц.Пакам);
Высокоскоростные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996 (у сааўт.).
т. 7, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 18.4.1950, в. Цна Мінскага р-на),
бел. спартсмен (веласпорт). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1980). Засл. майстар спорту СССР (1976). Канд. пед. н. (1992). Алімп. чэмпіён (1976, г. Манрэаль, Канада) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км; чэмпіён свету (1977, г.
Сан-Крыстобаль, Венесуэла); сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1974, г. Манрэаль, Канада; 1975, г. Метэ, Бельгія; 1978, г. Кёльн, ФРГ), чэмпіён СССР (1976—78, 1980) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км. З 1980 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. трэнер нац. каманды Беларусі па веласпорце.
В.Л.Працкайла.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЯЗО́ЎСКІ (Ігар Мікалаевіч) (н. 1.7.1963, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. спартсмен (скарасны бег на каньках). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1984). Засл. майстар спорту (1985), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1994). Чэмпіён свету (1985, 1986, 1989, 1991—93) і ўладальнік Кубка свету 1992—93 у спрынтарскім мнагабор’і, сярэбраны (1994) і бронзавы (1988) прызёр зімовых XVII і XV Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 1000 м, рэкардсмен свету на дыстанцыі 1500 м, неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен СССР, пераможца Спартакіяды народаў СССР (1986, на 1000 і 1500 м). З 1996 прэзідэнт Паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКА́НЧЫКАЎ (Аляксей Уладзіміравіч) (30.7.1940, г.п. Ягаднае Магаданскай вобл., Расія — 29.1.1972),
бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Засл. майстар спорту СССР (1966). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1962). Сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка) у камандным першынстве. Чэмпіён свету ў асабістым (1966, Масква; 1967, г. Манрэаль, Канада; 1970, Анкара) і камандным (1967, Манрэаль; 1969, Гавана) першынстве. Сярэбраны (1966, Масква; 1971, Вена) і бронзавы (1962, Буэнас-Айрэс; 1965, Парыж) прызёр чэмпіянатаў свету ў камандным першынстве, сярэбраны (1969) прызёр у асабістым першынстве. Чэмпіён СССР (1969, 1971) у асабістым першынстве. Лепшы шпажыст свету (1969).
т. 11, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЬЧЫК (Эдуард Міхайлавіч) (н. 11.1.1939, в. Вялікія Нямкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык. Д-р. фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1960). З 1967 у Магілёўскім маш.-буд.
ін-це (у 1985—90 заг. кафедры). З 1992 у Полацкім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі канечных групп.
Тв.:
р-фактор-группы конечных групп // Весці АН БССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1981. № 2;
(Z, J)-факторизация конечных p-скованных групп // Там жа. 1985. № 1;
(Z, J) свойства конечных р-локальных групп // Алгебра и анализ. 1991. Т. 3, вып. 1.
т. 12, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЫ ШТУ́ЧНЫЯ (сінтэтычныя),
мінералы, створаныя на аснове сучасных прамысл. тэхналогій (фіз. і хім. метадамі), паводле хім. саставу, фіз. уласцівасцей і крышт. структуры адпавядаюць прыродным прататыпам. У 1837 штучна быў зроблены першы сінт. рубін масай у 1 карат франц. хімікам М.Гадэнам. У 1892 франц. даследчык А.Вернейль распрацаваў першую прамысл. тэхналогію атрымання рубінаў у шырокім маштабе. Існуюць 2 віды М.ш.: сінт. мінералы, што маюць прыродныя аналагі (александрыт, алмаз, апал, біруза, ізумруд, кварц, рубін, рутыл, сапфір, шпінель і інш.); штучныя мінералы, якія не маюць прыродных аналагаў (фабуліт-тытаніт стронцыю, ніабат літыю і інш.).
У.Я.Бардон.
т. 10, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНКЕ́ВІЧ (Альберт Вітольдавіч) (н. 13.3.1941, Мінск),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1963), дзе і працуе. Навук. працы па гравітацыі і касмалогіі. Развіў калібровачны падыход пры даследаванні праблем рэлятывісцкай астрафізікі і касмалогіі, прапанаваў рашэнне праблемы гравітацыйных сінгулярнасцей агульнай тэорыі адноснасці, атрымаў вывад пра магчымае існаванне ў прыродзе гранічнай шчыльнасці масы. эфекту вакуумнага гравітацыйнага адштурхоўвання, звышшчыльных гравітавальных аб’ектаў.
Тв.:
Generalized cosmological Friedmann equations without gravitational singularity // Physics Letters. 1980. Vol. 80A, № 4;
Гравитирующие системы в экстремальных условиях и калибровочные теории тяготения // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1995. № 4.
т. 10, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАДЖЭ́ННЕ ў квантавай механіцы,
уласцівасць некаторых фізічных велічынь, што апісваюць фіз. сістэму (атам, малекулу і інш.), мець аднолькавае значэнне для розных станаў сістэмы. Колькасць станаў сістэмы, якім адпавядае адно і тое ж значэнне пэўнай фіз. велічыні, наз. кратнасцю выраджэння дадзенай фіз. велічыні. Напр., калі не ўлічваць эл.-магн. і слабыя ўзаемадзеянні («выключыць» іх), то ўласцівасці пратона і нейтрона будуць аднолькавыя і іх можна разглядаць як 2 станы адной часціцы (нуклона), якія адрозніваюцца толькі эл. зарадам.
Найб. важнае выраджэнне ўзроўняў энергіі: сістэма мае пэўнае значэнне энергіі, але пры гэтым можа быць у розных станах. Напр., свабодная часціца мае бясконцакратнае выраджэнне энергіі: энергія вызначаецца модулем імпульсу, а напрамак імпульсу можа быць любым. Пры руху часціцы ў знешнім сілавым полі выраджэнне можа поўнасцю або часткова здымацца, напр., у магн. полі выяўляецца залежнасць энергіі ад напрамку магн. моманту часціцы: пры ўзаемадзеянні з полем часціцы атрымліваюць дадатковую энергію і ўзроўні энергіі «расшчапляюцца» (гл. Зеемана з’ява). Расшчапленне ўзроўняў энергіі часціц у знешнім эл. полі гл. ў арт. Штарка з’ява.
Л.М.Тамільчык.
т. 4, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)