ДЭШЭЛЕ́Т ((Dēchelette) Жазеф) (8.1.1862, г. Руан, Францыя — 4.10.1914),
французскі археолаг. Вывучаў сярэдневяковы жывапіс, гала-рымскую рэльефную чырваналакавую кераміку. У 1897—1901 кіраваў раскопкамі гарадзішча Мон-Бёўрэ (гл.Бібракта). Аўтар шматтомнай працы «Кіраўніцтва па археалогіі першабытнай, кельцкай і гала-рымскай» (т. 1—6, 1908—34), складзенай у асн. на франц. матэрыяле, якая дае класіфікацыю і храналогію шырокага кола археал. помнікаў Зах. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТО́Н ((Martonne) Эмануэль дэ) (1.4.1873, г. Шабры, Францыя — 25.7. 1955),
французскі географ, прадстаўнік франц. школы «геаграфіі чалавека». Чл. Парыжскай АН (1942). Праф. Сарбоны (1909). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы. З 1938 прэзідэнт Міжнар.геагр. саюза (з 1952 ганаровы прэзідэнт). Навук. працы па пытаннях геаграфіі чалавека, агульнай і рэгіянальнай фіз. геаграфіі, краіназнаўстве і інш. Распрацаваў адну з класіфікацый кліматаў Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́НСКІ ДАГАВО́Р 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі, сынамі Людовіка Набожнага. Заключаны ў г.Вердэн. Аформіў канчатковы распад Франкскай дзяржавы (пачаўся ў 814). Паводле дагавора ўладанні на З ад Рэйна (Зах.-Франкскае каралеўства, будучая Францыя) атрымаў Карл Лысы, землі на У ад Рэйна (Усх.-Франкскае каралеўства, будучая Германія) — Людовік Нямецкі, а паласу зямлі па левабярэжжы Рэйна (будучая Латарынгія) і Паўн. Італію — старэйшы ўнук Лотар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр.Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],
французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯКАМПА́НІЯ,
авіятранспартнае прадпрыемства, якое ажыццяўляе міжнар. і ўнутр. паветраныя зносіны. У 1993 у краінах свету было 660 авіякампаній па перавозцы пасажыраў (перавезены 1171 млн.чал.) і 60 па перавозцы грузаў (перавезена каля 18 млн.т). Сярод авіякампаній найбольшыя: «Юнайтэд», «Амерыкан», «Дэльта», «Нортуэст» (усе ЗША), «Брытыш эруэйз» (Вялікабрытанія), «Люфтганза» (Германія), ДЖАЛ (Японія), «Эр Франс» (Францыя), «Аэрафлот» (Расія). Найб. авіякампанія ў паветраным транспарце Рэспублікі Беларусь «Белавія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЭ́Н ((Bodin) Жан) (1530, г. Анжэ, Францыя — 1596),
французскі мысліцель, сацыёлаг, прававед. Вывучаў права ў Тулузе. У працы «Метад лёгкага вывучэння гісторыі» (1566) разглядаў грамадства як суму кроўна-гасп. саюзаў. У творы «Шэсць кніг пра рэспубліку» (1576), адмаўляючы боскае паходжанне ўлады, абгрунтоўваў ідэю спадчыннай манархіі. Прычынай паліт. пераваротаў лічыў маёмасную няроўнасць. У кн. «Дыялог сямі чалавек» (1593) абараняў дэістычную ідэю прыроднага паходжання рэлігіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЮІ́, Аюі (Haüy) Рэнэ Жуст (28.2.1743, г. Сен-Жу-ан-Шасэ, Францыя — 1.6 або 3.6.1822), французскі крышталёграф і мінералог. Чл. Парыжскай АН (1783). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1806). У 1794—1802 праф. Горнай школы (Парыж). Зрабіў вял. ўклад у развіццё крышталяграфіі; адкрыў закон цэлых лікаў (рацыянальнасці параметраў), названы яго імем, распрацаваў тэорыю памяншэння колькасці малекул у слаях, якія паслядоўна фарміруюць крышталь. Яго імем названы мінерал гаюін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТАРЫ́НГСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,
буйнейшы ў Зах. Еўропе рудны раён на паграніччы Францыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга. Пл. басейна каля 1100 км². Асадкавага паходжання. Руданосная пясчана-карбанатная тоўшча юрскага ўзросту, магутнасць 10—60 м, рудных пластоў — 1—13 м. Руды дробнааалітавыя, з гётыту, жалезістых хларытаў і сідэрыту. Агульныя запасы руд 15 млрд.т, дзе жалеза 31—32%. Здабыча падземным спосабам. Цэнтр здабычы — г. Мец (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Марыс Кантэн дэ (5.9.1704, г. Сен-Кантэн, Францыя — 17.2.1788), французскі жывапісец. З 1737 член Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1750 жывапісец франц. караля. Ствараў пераважна камерныя партрэты ў тэхніцы пастэлі, якія вызначаюцца лірычнасцю, мяккай градацыяй колеравых адценняў. Аўтар партрэтаў дзеячаў эпохі Асветніцтва (Ж.Ж.Русо, Ж.Д’Аламбера, абодва 1753), каралеўскай сям’і і прыдворных, аўтапартрэтаў, эцюдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕН ((Lehn) Жан Мары П’ер) (н. 30.9. 1939, г. Расэм, Францыя),
французскі хімік-арганік. Чл. Парыжскай АН (1985). Скончыў Страсбурскі ун-т (1960), дзе працаваў у 1963—79 (з 1970 праф.). З 1979 у Калеж дэ Франс. Навук. працы па хіміі макрагетэрацыклічных злучэнняў (краўн-эфіраў). Распрацаваў агульныя метады сінтэзу полімакрацыклічных краўн-сістэм, у т. л. металаарган. характару. Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Д.Дж.Крэмам, Ч.Педэрсенам).