БА́БКА, бабка-павітуха,

у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЮСТ (ад ням. Wollust сладастраснасць),

сладастраснае пачуццё, якое ўзнікае ў час палавога акта. Пры фрыкцыях у час палавой блізкасці ў партнёраў адбываецца нарастанне спецыфічных адчуванняў, што прыводзіць да макс. сексуальнага ўзбуджэння і аргазму. У залежнасці ад псіхаэмацыянальнага і фіз. стану чалавека волюст мае розныя пачуццёвыя адценні: ад вельмі прыемных і востраўзбуджальных да згладжаных, а пры некаторых захворваннях нерв. сістэмы або палавых органаў — да хваравіта-раздражняльных. Аслабляюць інтэнсіўнасць волюсту алкагольнае ап’яненне, захворванні палавой сферы, сексуальныя дысфункцыі.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫМЕРВА́ЛЬДСКАЯ ЛЕ́ВАЯ,

міжнародная група рэв. сацыялістаў — праціўнікаў удзелу пралетарыяту і пралет. партый у 1-й сусв. вайне; дзейнічала ў складзе т.зв. Цымервальдскага аб’яднання 1915—19. Створана па ініцыятыве У.А.Леніна напярэдадні Цымервальдскай канферэнцыі 1915, у час і пасля якой супрацьстаяла цэнтрыстам і блізкім да іх групам. Ідэі Ц.л. прапагандаваў Ленін, яе Бюро выпусціла 2 нумары час. «Vorbote» («Прадвеснік»). Ц.л. ўдзельнічала ў Кінтальскай канферэнцыі 1916. Спыніла існаванне з утварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала ў сак. 1919.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРМА́САЎ Аляксандр Пятровіч (1752—25.11.1819),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1801). Граф (1816). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. Ў час паўстання 1794 атрад рас. войск на чале з Т. быў разбіты 4 крас. А.Т.Касцюшкам каля Рацлавіц. З 1803 кіеўскі, з 1807 рыжскі ваен. губернатар. У 1808—11 галоўнакамандуючы ў Грузіі і на Каўказскай лініі. кіраваў баявымі дзеяннямі ў рус.-тур. 1806—12 і рус.-іранскай 1804—13 войнах. У 1812 камандаваў 3-й Зах. арміяй, войскі якой у Кобрынскім баі 1812 нанеслі паражэнне часцям саксонскага корпуса ген. Ж.​Л.​Рэнье, утрымалі свае пазіцыі ў Гарадзечанскай бітве 1812, але вымушаны былі адысці на Валынь. Пасля смерці П.І.Баграціёна часова камандаваў 2-й арміяй. У час восеньскага контрнаступлення рас. войск удзельнічаў у баях каля Малаяраслаўца, Вязьмы, Краснага. Вясной 1813 у час хваробы М.І.Кутузава выконваў абавязкі галоўнакамандуючага. У 1814—16 маскоўскі ваен. губернатар і галоўнакамандуючы, у 1816—19 маскоўскі ген.-губернатар.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМІ́ДАЎ Васіль Аляксандравіч (12.4.1921, г. Віцебск — 10.6.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Омскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Камандзір звяна асобнага разведвальнага авіяпалка ст. лейт. Дз. вызначыўся 2.11.1944 у час палёту над Усх. Прусіяй: з падбітага самалёта паранены сфатаграфаваў паласу абароны праціўніка. За час вайны зрабіў 226 баявых вылетаў, удзельнічаў у 16 паветр. баях з варожымі знішчальнікамі. Да 1961 у Сав. Арміі.

В.А.Дзямідаў.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЗА́,

у мусульман абавязковы пост на працягу месяца рамазан, адно з 5 прадпісанняў ісламу. Заключаецца ў поўным устрыманні ад ежы, пітва, шлюбнай блізкасці і курэння ў светлы час сутак; з наступленнем цемнаты забароны здымаюцца. Ад У. вызваляюцца хворыя, цяжарныя і кормячыя жанчыны, дзеці, састарэлыя, усе, хто не можа выконваць яго па аб’ектыўных прычынах (воіны у час ваен. дзеянняў, людзі, што знаходзяцца ў дарозе, і г.д.). Вернікі, якія вызваляліся ад У. або яго парушылі, павінны пасціцца пасля сканчэння месяца рамазан на працягу страчаных дзён.

т. 16, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на в-ве Замак каля сутокаў Дзісны і Зах. Дзвіны ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. У хроніках Лівонскага ордэна згадваецца каля 1374 і 1377. У 14 — пач. 15 ст. выконваў ролю фарпоста Полацка на Зах. Дзвіне. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 страціў стратэг. значэнне. У час Лівонскай вайны 1558—83 прыйшоў у заняпад, 25.7.1654 быў заняты рус. войскам. Замак хутка быў адноўлены, у 1655 меў 14 вежаў, каля 40 гармат. 10.4.1660 заняты войскам ВКЛ. Знішчаны ў час Паўн. вайны 1700—21.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЦЫ́ПА (Анцыпа-Чыкунскі) Ільдафонс Дзяменцьевіч

(1815 ?, в. Мілавань каля Гродна — 6.6.1863),

удзельнік рэв. руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Слонімскім павятовым вучылішчы. Удзельнік паўстання 1830—31. У эміграцыі (Францыя) чл. Польскага дэмакр. т-ва, выступаў у друку па пытаннях арганізацыі ўзбр. паўстання. У час паўстання 1848 камандаваў сял. атрадам на Пазнаншчыне. У 1859 вярнуўся ў Расію, жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтку брата на Быхаўшчыне. У час паўстання 1863—64 узначаліў паўстанцкі атрад у Быхаўскім пав. 28.4.1863 яго атрад разбіты. Анцыпа расстраляны ў Магілёве.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАМА́Т,

1) адна з форм мусульманскай тэакратыі.

2) У гісторыі народаў Каўказа І. — дзяржава мюрыдаў у Дагестане і Чэчні, якая ўзнікла ў канцы 1820-х г. у час Каўказскай вайны 1817—64. Ідэйная апора І. — мюрыдызм, а таксама газават і джыхад. І. узначальвалі імамы. Асабліва вызначыўся Шаміль [1834—59]. У пач. 1850-х г. паглыбіўся ўнутр. крызіс І., у т. л. абвастрыліся супярэчнасці паміж феадаламі і сялянамі. Асобныя праяўленні І. мелі месца ў 20 ст., у т. л. ў Чэчні ў час ваен. дзеянняў 1995—96.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЫ́КА Іван Васілевіч (1894, в. Гатава Мінскага р-на — 1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. Скончыў нар. вучылішча. Працаваў на ліцейным заводзе, служыў мараком на Балт. флоце. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Зах. фронце, дзе трапіў у палон да немцаў. У час ням. акупацыі 1918 удзельнічаў у падп. баявой арг-цыі. У час польск. акупацыі са студз. 1920 узначаліў спец. падрыўны партыз. атрад на радзіме, які пусціў пад адхон 3 варожыя эшалоны на ўчастках чыг. Міханавічы—Рудзенск і Замір’е—Пагарэльцы. Загінуў у баі.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)