ВАЛЮ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,

від банкаўскай дзейнасці па куплі-продажу замежнай валюты і каштоўных папер, выражаных у замежнай валюце, а таксама па ажыццяўленні інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі. Уключае аперацыі, звязаныя з пераходам права ўласнасці на валютныя каштоўнасці (замежную валюту, каштоўныя паперы ў замежнай валюце, каштоўныя металы, прыродныя камяні і інш.), выкарыстаннем у якасці сродку плацяжу замежнай валюты ў знешнеэканам. дзейнасці, увозам і перасылкай валютных каштоўнасцей, ажыццяўленнем міжнар. грашовых пераводаў. Валютныя аперацыі бываюць бягучыя і звязаныя з рухам капіталу. Да бягучых адносяцца: аперацыі па куплі-продажу валютных каштоўнасцей, тавараў і паслуг, рэалізацыі права на інтэлектуальную ўласнасць, разлікі за якія ажыццяўляюцца без адтэрміноўкі плацяжу і не маюць на мэце давання і залучэння пазыковых сродкаў; пераводы сродкаў за мяжу і з-за мяжы, працэнтаў, дывідэндаў і інш. даходаў ад банкаўскіх фін. аперацый; пераводы сродкаў негандл. характару. Валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, уключаюць: інвестыцыі, у т. л. набыццё і продаж каштоўных папер; даванне і атрыманне крэдытаў, залучэнне сродкаў і размяшчэнне іх на рахунках і ўкладах; рух капіталу ў таварнай форме па экспартна-імпартных аперацыях; фін. аперацыі, выкананне якіх праз пэўны тэрмін прадугледжвае плацяжы ці пераход права ўласнасці на валютныя каштоўнасці. Адрозніваюць валютныя аперацыі наяўныя («своп»: разлік ажыццяўляецца ў момант заключэння здзелкі ці праз мінімальна кароткі тэрмін па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі) і тэрміновыя («форвард»: маюць на мэце плацяжы ў тэрмін і па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі).

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],

асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХАРЫЁН (ад бія... + харыён),

структурная частка экасістэмы; цэнтр актыўнасці арганізмаў у біятопе. У біяхарыёне (на падле, у экскрэментах, на вышэйшых грыбах, пнях, у гнёздах і інш.) трапляюцца асаблівыя, часта вельмі багатыя відамі, але пераважна кароткажывучыя згуртаванні. Тэрмін прапанаваў ням. вучоны В.​Тышлер (1955). Гл. таксама Сінузія.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРЫ́Я (грэч. aporia літар. бязвыхаднасць),

тэрмін, які абазначае цяжкавырашальную праблему, звычайна звязаную з супярэчнасцю паміж данымі вопыту і мысленным аналізам. Упершыню апарыі выкарыстаны ў стараж.-грэч. філасофіі. Найб. вядомыя апарыі Зянона з Элеі (выяўлялі супярэчнасці ў паняццях неперарыўнасці руху, часу і прасторы), Сакрата, Платона, Арыстоцеля і скептыкаў.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАДАГЕНЕ́З (ад грэч. klados галіна + ...генез),

форма эвалюцыі арганізмаў, што праз адаптыўную радыяцыю прыводзіць да ўтварэння з адной групы (таксона) некалькіх у межах папярэдняга ўзроўню арганізацыі. Тэрмін «К.» прапанаваны ням. біёлагам Б.​Рэншам (1947). Уключае ўсякае павелічэнне разнастайнасці форм у працэсе эвалюцыі. Паняцце К. блізкае да ідыяадаптацыі.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т Існаваў у 1953—59 у г. Полацк Віцебскай вобл. Засн. на базе пед. вучылішча. Рыхтаваў настаўнікаў 8—10-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. Меў ф-ты рус. і бел. мовы і л-ры, фізіка-матэматычны. Аб’яднаны з Віцебскім пед. ін-там.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́НТНАЯ СТА́ЎКА,

адносная велічыня працэнтных плацяжоў, якія выплачваюцца пазычальнікам крэдытору за пэўны перыяд часу (месяц, год). Ад П.с. залежыць прыбытак крэдытора. Ва ўмовах інфляцыі П.с. павялічваецца, паколькі ўключае ў сябе цалкам або часткова чакаемы ўзровень інфляцыі. Плаваючая П.с. — стаўка, памер якой не фіксуецца на ўвесь тэрмін крэдыту.

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСВІ́ТЭР (ад грэч. presbyteros старэйшына),

кіраўнік у раннехрысц. абшчыне, свяшчэннаслужыцель пасля ўзнікнення хрысц. царквы. У праваслаўі тэрмін «П.» звычайна ўжываецца як урачыстая назва святара. У пратэстантызме П. — адм. кіраўнік абшчыны, які выбіраецца, як і пастар, са складу прыхаджан. У прыхільнікаў кальвінізму на Беларусі П. наз. таксама сіньёр.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРС НО́ВА (лац. ars nova літар. новае мастацтва),

прагрэсіўны кірунак у французскай і італьянскай музыцы 14 ст.; процілеглы тэрміну арс антыква (лац. ars antiqua старое мастацтва), які мае на ўвазе муз. мастацтва да пач. 14 ст. Тэрмін узнік каля 1320 у выніку дыскусіі паміж прадстаўнікамі новага мастацтва (Іаан дэ Мурыс, Філіп дэ Вітры) і старога (Якаб Льежскі) і адлюстраваў пералом, што адбыўся ў франц. музыцы таго часу. У сучасным музыказнаўстве тэрмін «арс нова» часта выкарыстоўваюць у значэнні шырокай гісторыка-стылявой катэгорыі, якая характарызуе зах.-еўрап. музыку 14 ст. як новы этап у развіцці муз. мастацтва на шляху ад сярэднявечча да Адраджэння. Гал. рысы: адмаўленне ад выкарыстання выключна жанраў царк. музыкі і зварот да свецкіх вак.-інстр. камерных жанраў (ронда, балада, вірэле ў Францыі, балаты, мадрыгалы, качы ў Італіі), збліжэнне з бытавой песеннасцю, выкарыстанне розных муз. інструментаў.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1951, 1960.

Дагавор бяспекі 1951. Падпісаны 8 вер. ў Сан-Францыска на нявызначаны тэрмін. Навязаны Японіі ЗША як умова заключэння мірнага дагавора. Паводле яго ЗША атрымалі права мець на тэр. Японіі свае ўзбр. сілы і выкарыстоўваць іх для аперацый на Д.​Усходзе і задушэння хваляванняў унутры краіны; без згоды ЗША на яп. тэр. не маглі размяшчацца базы і войскі трэцяй дзяржавы. Страціў сілу ў сувязі з заключэннем дагавора 1960. Дагавор аб узаемным супрацоўніцтве і гарантыі бяспекі падпісаны 19.1.1960 у Вашынгтоне тэрмінам на 10 гадоў (прадоўжаны на няпэўны тэрмін у ліст. 1969); ратыфікаваны 22.6.1960. Паводле яго ЗША замацавалі сваё права мець на тэр. Японіі ўзбр. сілы і ваен. базы. Японія абавязвалася нарошчваць свой ваен. патэнцыял і выкарыстоўваць яго ў выпадку агульнай небяспекі. Дагавор адмоўна ўспрыняты народам і выклікаў хваляванні ў Японіі.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)