тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.
Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т. л. на Беларусі.
Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТА́НАВЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб сухіх стэпаў, што ўтвараюцца ва ўмовах кантынентальнага засушлівага клімату з раслінным покрывам з кавылю, ціпчаку, розных відаў палыну. Асн. падтыпы: цёмна-каштанавыя, каштанавыя, светла-каштанавыя. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, на Пд Еўразіі.
Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, саланцаватасцю, нізкімі порыстасцю і водапранікальнасцю, насычанасцю кальцыем (да 80%), нейтральнай ці слабашчолачнай рэакцыяй. Гумусавы гарызонт 20—25 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, алейных і кармавых культур, пашы і сенажаці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЭСТЫ (ад ісп. cuesta адхон, схіл гары),
асіметрычныя грады і ўступы ў рэльефе, часам горныя хрыбты, утвораныя ў выніку размыву і дэнудацыі монаклінальна залягаючых горных парод, складзеных з пластоў рознай трываласці. Спусцісты схіл супадае з нахілам пластоў, стромкі абрываецца ў бок іх падзення. Часам К. размяшчаюцца ў некалькі паралельных радоў, утвараюць куэставы тып рэльефу, які трапляецца на паўн. схілах Вял. Каўказа (Скалісты хр.), у Сярэдняй Азіі, Крымскіх гарах і інш. месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́НАС (ісп. llanos, множны лік ад llano раўніна),
назва некаторых раўнінных тэрыторый у раёнах ісп. каланізацыі (напр., Лана-Эстакада ў ЗША, Л.Арынока, Л.-Мохас і інш. у Паўд. Амерыцы). Таксама тып высакатраўнай саванны на раўнінах у бас.р. Арынока (тэр. Венесуэлы і Калумбіі). Укрыты густым і высокім травяным покрывам з перавагай злакаў, ёсць асобныя дрэвы або іх групы (тыпова маўрыкіева пальма). Па далінах рэк галерэйныя лясы. Выкарыстоўваюцца як паша, месцамі — пад земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎТАРА́К,
нізкапробная сярэбраная манета Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. вартасцю ў 1,5 гроша. Першыя П. з’явіліся ў 1614, вырабляліся да 1627 (маса 1,58—1,20 г). Іх чаканілі і ў 1648—68 пры Яне II Казіміру (маса 1,09 г). У абарачэнні заставаліся да сярэдзіны 18 ст. П. Рэчы Паспалітай 1753—56 змянілі тып, на іх з’явілася назва «PULTORAK», яны мелі стандартныя лігатурную масу і памеры. У Рас. дзяржаве курс П. адпавядаў сярэбранай капейцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́СТВЕННЫ СПЕЎ, дзямества,
аднагалосы спеў у правасл. царкве. Найб. ранняе ўпамінанне датуецца 1441 (Васкрасенскі летапіс), у пеўчых кнігах — канцом 15 — пач. 16 ст. З 16 ст. пашыраны ў Ноўгарадзе, на Беларусі і Украіне. Напачатку спеў запісвалі стаўповай натацыяй, у сярэдзіне 16 ст. выпрацаваны арыгінальны тып безлінейнай дзямественнай натацыі (камбінацыя знакаў стаўповага і пуцявога знамені; гл.Крукі). У наш час выпрацаваны ўстойлівыя пісьмовыя і пеўчая традыцыі Дз.с. Яго характэрныя прыкметы: адсутнасць тайназамкнёнасці ў графічных і рытмічных варыянтах; непадпарадкаванасць сістэме асмагласся; больш свабодны падыход да патрабаванняў тэксту, падпарадкаванне яго мелодыі; мелізматычны тып спеву; адсутнасць уніфікацыі яго спісаў; адыход ад строгіх канонаў знаменнага спеву, шматварыянтнасць графікі і рытмікі. У богаслужэнні Дз.с. выкарыстоўваюць толькі ва ўрачыстых выпадках (найб. важныя песнапенні ўсяночнай і літургіі, велічанне, асвячэнне храмаў, вянчанне і інш.). Раней абмежаваны рэпертуар Дз.с. ў 18 ст. ўзбагаціўся, пашырылася аднагалосая дзямественная натацыя (па расшыфроўцы дзямественнай натацыі позняга перыяду існуюць азбукі 2-й пал. 18—19 ст., даследаванні Г.Пажыдаевай, С.Фралова і інш.). Стараж.бел. дзямественныя манодыі змешчаны ў Супрасльскім ірмалоі 1598—1601 (каля 30 песнапенняў з усяночнага няспання, літургій Раней асвячоных дароў і Васіля Вялікага, велікодных свят; некат. ўзоры выкладзены ў некалькіх напевах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
фанетычнае літарна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на карэйскай мове. З першых стагоддзяў н.э. да канца 19 ст.асн.афіц. пісьмом было кітайскае пісьмо. Стварэнне К.п. датуецца 1444 і прыпісваецца правіцелю Седжону і групе прыдворных вучоных. Эдыктам Седжона «Хунмін чаным» («Настаўленне народу аб правільным вымаўленні», 1446) быў уведзены кар. алфавіт з 28 літар для уніфікацыі чытання кіт. іерогліфаў і запісу кар. мовы. З 2-й пал. 15 ст. ўзнікла змешанае (кіт.-кар.) пісьмо (знамянальныя словы пісаліся іерогліфамі, службовыя словы і грамат. паказальнікі — кар. літарамі). З 1949 у КНДР ужываецца толькі К.п., у Паўд. Карэі — змешанае. У сучасным кар. алфавіце 40 графем (24 простыя і 16 складаных). Літары камбінуюцца ў графічныя склады (лігатуры) у выглядзе квадратаў. Мінім. склад — «нямая» літара ў выглядзе кружка і літара для галоснай. Кірунак радка зверху ўніз і справа налева (кіт.тып), пашыраны і запіс тэксту злева направа і зверху ўніз (еўрап.тып). Асн. прынцып арфаграфіі (пасля рэформы 1933) — этымолага-марфал., у Паўд. Карэі з 1989 тэндэнцыя да фанет. напісання.
Літ.:
Хунмин чоным («Наставление народу о правильном произношении»). М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПЛЁТ,
1) комплекс аперацый па стварэнні знешняга пакрыцця (цвёрдай вокладкі) кнігі, дакумента і інш. Уключае змацаванне кніжнага блока, далучэнне да яго форзацаў, заклейванне і кругленне карашка, абразанне блока, прыклейку каптала, выраб і аддзелку пераплётных абкладак (накрывак), устаўку блока ў абкладкі, абцісканне і штрыхоўку (атрыманне паглыбленых ліній) гатовай кнігі. У пераплётнай вытв-сці выкарыстоўваюць блокаапрацоўчыя агрэгаты, накрыўкаробныя, кнігаўставачныя і інш. машыны.
2) Сукупнасць пераплётнай абкладкі і элементаў змацавання кніжнага блока і абкладкі з блокам.
У адрозненне ад звычайнай вокладкі, якую найчасцей робяць з паперы і выкарыстоўваюць для сшыткаў, часопісаў, брашур, кніжную абкладку як асн. элемент П. вырабляюць 3 больш трывалых і зносаўстойлівых матэрыялаў (кардону, скуры, тканіны, сінт. матэрыялаў і інш.). Існуе 5 тыпаў П. (ад 5-га да 9-га). Найб. пашыраны тып 5 (выкарыстоўваецца для школьных дапаможнікаў, дзіцячай л-ры і інш.) і тып 7 (з тканінным покрывам — для шматтомных падпісных выданняў, энцыклапедый, слоўнікаў, з покрывам на папяровай аснове — для выданняў менш інтэнсіўнага карыстання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,
тып высакагорнай расліннасці, пашыранай у альпійскім поясе. Расліны пераважна нізкарослыя, прысадзістыя, з яркімі кветкамі. Развіваюцца пры нізкіх т-рах, кароткім вегетац. перыядзе, хуткіх зменах цяпла і холаду, дастатковым увільгатненні. Тыповыя фітацэнозы — альпійскія лугі з перавагай злакаў (мятліц і інш.), прымул, гарычак, дубровак, увярэднікаў, астрагалаў, эдэльвейсаў, канюшыны і інш.; на камяністых участках — каменяломнік, крупкі і інш., зараснікі рададэндрану. Альпійская расліннасць характэрна для Альпаў, Карпат, Каўказа, Алтая, паўн., цэнтр. і ўсх. Цянь-Шаня, Гімалаяў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ЦІ (Amati),
італьянскія майстры смычковых інструментаў. Працавалі ў Крэмоне. Андрэа (каля 1520 — каля 1580) — заснавальнік крэмонскай школы. Упершыню вызначыў падбор дрэва і стварыў класічны тып скрыпкі з яркім серабрыстым, але не моцным гучаннем. Яго сыны — Антоніо (1540 — пасля 1600) і Джыралама (1561—1680) часта працавалі разам. Іх інструменты больш вытанчанай формы. Найб. вядомы Нікала Амаці (3.12.1596 — 12.4.1684), сын і вучань Джыралама. Стварыў новую мадэль скрыпкі «Гранд Амаці» з дасканалымі формамі, прыгожым моцным гукам. Сярод яго вучняў — А.Гварнеры, А.Страдывары.