ФЕ́НІІ (англ. Fenians ад стараж.-ірл. fiann — назвы легендарнай ваен. дружыны стараж. ірландцаў),
ірландскія рэвалюцыянеры-рэспубліканцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., члены тайных арг-цый «Ірл. рэсп. брацтва» (ІРБ, 1857—1924). Дзейнічалі ў Ірландыі, Вялікабрытаніі, сярод ірл. эмігрантаў ЗША, Канады, краін Паўд. Амерыкі, выступалі за вызваленне Ірландыі ад брыт. калан. панавання і стварэнне незалежнай Ірл. рэспублікі. Прытрымліваліся змоўніцкай, тэрарыст. тактыкі. Узнятае імі ў Ірландыі паўстанне 1867 пацярпела паражэнне. Члены ІРБ удзельнічалі ў Ірландскім паўстанні 1916. У 1905 на базе руху Ф. ўзнікла партыя Шын фейн.
т. 16, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВЫЯ РЭСУ́РСЫ,
грашовыя даходы, накапленні і паступленні, якія знаходзяцца ў распараджэнні суб’екта гаспадарання. Прызначаны для выканання фін. абавязацельстваў, ажыццяўлення выдаткаў на расшыранае ўзнаўленне, эканам. стымуляванне і задавальненне сац. і інш. патрэб працуючых. Іх фарміраванне ажыццяўляецца за кошт уласных і прыраўнаваных да іх сродкаў, мабілізацыі рэсурсаў на фін. рынку і паступлення грашовых сродкаў ад фін.-банкаўскай сістэмы ў парадку пераразмеркавання. Першапачатковае стварэнне адбываецца ў момант заснавання прадпрыемства, калі зацвярджаецца статутны фонд. Крыніцы Ф.р.: акцыянерны капітал, паявыя ўзносы членаў кааператываў, галіновыя Ф.р., доўгатэрміновы крэдыт, бюджэтныя сродкі.
т. 16, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́РСТЭР (Vorster) Балтазар Іаханес [13.12.1915, Джэймстаўн, Паўд.-Афр. Рэспубліка (ПАР) — 10.9.1983], дзярж. дзеяч ПАР. Вучыўся ў Стэленбаскім ун-це. За прагерм. сімпатыі ў 1942—44 інтэрніраваны. З 1953 чл. Нацыяналіст. партыі. З 1961 міністр юстыцыі, паліцыі і турмаў. У 1966—78 — прэм’ер-міністр ПАР. Імкнучыся да паляпшэння іміджу ПАР у сусв. супольнасці, пайшоў на невял. змякчэнне найб. адыёзных з’яў расавай сегрэгацыі (апартэіду). Для карэнных афрыканцаў ініцыіраваў стварэнне т.зв. «незалежных» хоўмлендаў (гл. Бантустаны). З кастр. 1978 — прэзідэнт ПАР, у крас. 1979 падаў у адстаўку з-за абвінавачанняў у карупцыі.
т. 16, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,
партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў у 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб. к-та «П.» уваходзілі І.М.Яфрэмаў, М.М.Кавалеўскі, М.М.Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.І.Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскай губ. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-т яўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні «Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.
Літ.:
Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;
Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.
М.М.Забаўскі.
т. 12, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС ПРОВИ́НЦИИ»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета леваліберальнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 31.3(13.4).1906 да 8(21).4.1907 у Мінску на рус. мове. Прадстаўляла інтарэсы розных саслоўяў і нацыянальнасцей, але найперш яўрэяў. Прапагандавала канстытуцыйны шлях пераходу да дэмакр. дзяржавы. На выбарах у Дзярж. думу падтрымлівала мясц. кандыдатаў ад партыі кадэтаў. Друкавала крытычныя аналізы дзейнасці Дзярж. думы, мясц. органаў улады. Падтрымлівала бел. нац. рух, вітала стварэнне бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца». Асвятляла тэатральнае жыццё Мінска, дзейнасць культ.-асв. і гуманітарных т-ваў. Друкавала маст. творы мясц. аўтараў.
У.М.Конан.
т. 5, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГІ́Х Уладзімір Віталевіч (н. 26.2.1969, г. Гродна),
бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1987, педагог Л.Чахоўскі). З 1989 саліст Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Творчасці Д. ўласцівы пластычная выразнасць, сэнсавая напоўненасць, тонкая псіхал. распрацоўка партый, высакародства і рамант. ўзнёсласць светаўспрымання яго герояў.
Сярод партый: Яраполк («Страсці» А.Мдывані, Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1996), Прынц, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Джэймс («Сільфіда» Х.Левенскольда), Палемон («Ундзіна» Г.Генцэ), Паэт («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Спартак («Спартак» А.Хачатурана).
Т.М.Мушынская.
т. 6, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ХАВЫЯ РАБО́ТЫ,
работы па стварэнні дахаў будынкаў і збудаванняў. Склад іх залежыць ад віду і вугла нахілу даху, дахавых матэрыялаў.
Звычайна Д.р. ўключаюць: падрыхтоўку (ачыстку, грунтоўку) асновы; параізаляцыю асн. канструкцыі пакрыцця слоем масцікі або 1—2 слаямі пергаміну, руберойду. толі, шклоруберойду (на гарачых і халодных масціках); цеплаізаляцыю з плітавых, маналітных або сыпкіх уцяпляльнікаў; стварэнне выраўноўвальнага слоя — т.зв. сцяжкі (цэментна-пясчанай, асфальтабетоннай); укладку дахавага пакрыцця з 2—5 слаёў рулонных матэрыялаў або масцік, арміраваных шкловалакном, і ахоўнага слоя. Пры выкарыстанні штучных матэрыялаў насцілаюць (укладваюць) азбестацэментныя лісты і пліткі, чарапіцу, дахавую сталь на драўляныя латы, жалезабетонныя, стальныя або драўляныя бэлькі.
т. 6, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГСБУРГСКІ РЭЛІГІ́ЙНЫ МІР 1555,
паміж германскімі пратэстанцкімі князямі і імператарам Карлам V. Абвешчаны 25 вер. на рэйхстагу ў Аўгсбургу (адсюль назва). Завяршыў шэраг войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Прызнаў раўнапраўе каталікоў і лютэран (не распаўсюджваўся на цвінгліянцаў, кальвіністаў, анабаптыстаў), устанавіў права князёў вызначаць веравызнанне сваіх падданых («чыя краіна, таго і вера»), санкцыянаваў усе царк. пераўтварэнні ў пратэстанцкіх княствах, у т. л. праведзеную там секулярызацыю царк. уласнасці і інш. Завяршыў распад Германіі на аўт. землі, умацаваў уладу князёў, прывёў да адрачэння ад прастола Карла V, пахаваўшы яго ідэю пра стварэнне сусв. імперыі Габсбургаў.
т. 2, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ МАСТАКО́Ў РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ РАСІ́І (АМРР),
творчае аб’яднанне сав. мастакоў у 1922—32 (з 1928 наз. Асацыяцыя мастакоў рэвалюцыі). Мастакі асацыяцыі (І.Бродскі, А.Герасімаў, М.Грэкаў, Б.Іагансон, Г.Ражскі і інш.) выступілі за стварэнне тэматычных карцін, якія б праўдзіва адлюстроўвалі рэчаіснасць на аснове традыцый рус. Рэаліст. жывапісу. Падобныя арг-цыі мастакоў існавалі і ў інш. рэспубліках, у т. л. на Беларусі — аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (арганізатары
А.Арлоў, П.Гаўрыленка, А.Глебаў і інш.).
Літ.:
Золотой век художественных объединений в России и СССР: (1820—1932): Справ. Спб., 1992.
т. 2, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАЛЕТА́РСКАЕ СТУДЭ́НЦКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВА ў Маскве.
Існавала ў 1923—30 як нац. студэнцкая арг-цыя (756 чал.). Аб’ядноўвала зямляцтвы 22 ВНУ Масквы. Статутныя мэты: «Змаганне з буржуазна-шавіністычнай і непралетарскай ідэалогіяй»; арганізацыя навук. і культурніцкай працы сярод бел. студэнтаў; падрыхтоўка для Беларусі кваліфікаваных спецыялістаў, якія ведаюць мясц. асаблівасці і бел. мову; стварэнне спецыялізаваных навук. гурткоў па вывучэнні гісторыі, геаграфіі, роднай мовы і л-ры; арганізацыя навуч. практыкі на Беларусі; размеркаванне пасля сканчэння ВНУ на працу ў Беларусь; матэрыяльная ўзаемадапамога. У 1930 усе згуртаванні па тэр.-нац. прыкметах скасаваны, а пытанні моладзі перададзены ў камсамольскія арг-цыі па месцы вучобы.
т. 2, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)