МЯСІ́ШЧАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (11.10.1902, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 14.10.1978),

расійскі авіяканструктар. Д-р тэхн. н. (1959), праф. (1947). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1972). Ген.-м.-інжынер (1944). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Баўмана (1926). З 1925 у Цэнтр, аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАП). З 1939 узначальваў спец. канструктарскае бюро (КБ); з 1942 гал. канструктар з-да па выпуску пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў Пе-2. Пасля вайны ген. канструктар, кіраўнік КБ; у 1960—67 узначальваў ЦАГІ. Пад яго кіраўніцтвам створаны бамбардзіроўшчыкі з турбарэактыўнымі рухавікамі 201М і 203М, на мадыфікацыях якіх устаноўлена каля 20 сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1957.

Літ.:

Пономарев АН. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.

т. 11, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г. Рагачоў. Утвораны 2.8.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі, з 2.4.1777 у Магілёўскай губ., з 23.12.1796 — у Беларускай губ. У гэты час паўд. частка павета далучана да Гомельскага пав., а на Пн яму перададзена частка Чэрыкаўскага і большая частка скасаванага Быхаўскага пав. З 27.2.1802 у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. З 1861 падзяляўся на 18 валасцей, меў 9 мястэчак. Пл. каля 7451 км², нас. 121,6 тыс. чал. (1864), 142,9 тыс. чал. (1885). У 1917 было 14 валасцей. З 26.4.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 3.3.1924 у складзе БССР. 17.7.1924 скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў Бабруйскую і Магілёўскую акругі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТШТЭ́ЙН (Фёдар Аронавіч) (26.2.1871, г. Каўнас, Літва — 30.8.1953),

савецкі гісторык, дыпламат. Акад. АН СССР (1939). У 1890—1920 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. З 1895 чл. англ. С.-д. федэрацыі, з 1911 адзін з лідэраў левага крыла Брыт. сацыяліст. партыі. Удзельнічаў у стварэнні кампартыі Вялікабрытаніі (1920). У 1920—23 паўнамоцны прадстаўнік РСФСР у Іране. У 1922—26 правадз. чл. Сацыялістычнай (з 1924 — Камуніст.) акадэміі. У 1923—30 адказны рэд. час. «Международная жизнь». У 1924—25 дырэктар Ін-та сусв. гаспадаркі і сусв. палітыкі. У 1927—45 чл. гал. рэдакцыі Вял. Сав. Энцыклапедыі. Працы па гісторыі рабочага руху, каланіяльнай палітыкі і міжнар. адносін: «З гісторыі пруска-германскай імперыі» (1948), «Захоп і закабаленне Егіпта» (2-е выд. 1959).

т. 13, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн. ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.

Літ.:

Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКУ́ЛАЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 13.9.1922, в. Емяльянаўская Валагодскай вобл., Расія),

рускі паэт. Скончыў Валагодскі пед. ін-т (1951). У 1968—89 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў паэзіі «Заваяванае шчасце» (1949), «Зялёны цэх» (1954), «Плуг і баразна» (1974, Дзярж. прэмія РСФСР імя А.​М.​Горкага 1974), «Вогнішча, якое грэла цябе» (1975), «Усходы» (1982), паэм «У завею» (1955), «Табою б ён ганарыўся...» (1957), «Пераадоленне» (1962), «Іў-гара» (1970), «Застаўся ў полі след» (1978), «Споведзь» (1980), кніг нарысаў. Лірыка Вікулава адметная глыбінным пранікненнем у нар. душу, спробай асэнсавання сацыяльных, духоўных і патрыятычных яе пачаткаў, лірычнай напеўнасцю, набліжанасцю да фальклору.

Літ.:

Коробов В.И. Сергей Викулов. М., 1980;

Оботуров В.А. Сергей Викулов: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983.

С.В.Вікулаў.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАБАЛЕ́ЎСКІ (Іван Іванавіч) (9.10.1905, Масква — 21.9.1977),

савецкі вучоны ў галіне тэорыі машын і механізмаў. Акад. АН СССР (1946). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1945). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1926). З 1927 выкладаў у ВНУ Масквы, у 1932—49 праф. Маскоўскага ун-та, з 1937 у Ін-це машыназнаўства АН СССР. Распрацаваў класіфікацыю прасторавых механізмаў і вызначыў метады іх кінематычнага аналізу. Вывучаў праблемы тэарэт. і эксперым. метадаў даследавання дынамікі рабочых машын, стварыў новыя метады выпрабавання машын-аўтаматаў. Прэмія імя П.​П.​Чабышова АН СССР (1946), сярэбраны медаль Чэхаславацкай АН (1966), міжнар. залаты медаль імя Дж.​Уата Ін-та інжынераў-механікаў (Англія, 1967).

Літ.:

И.​И.​Артоболевский: [Биобиблиогр.]. 2 изд. М., 1975.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́НСКІ (Андрэй Януаравіч) (10.12.1883, г. Адэса, Украіна — 22.11.1954),

савецкі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1915 на юрыд. і адм. рабоце. З 1931 у органах пракуратуры РСФСР. У 1935—39 ген. пракурор СССР. У 1937—41 дырэктар Ін-та права АН СССР, у 1939—44 нам. старшыні СНК СССР, у 1940—49 нам. міністра. У 1949—53 міністр замежных спраў СССР. У 1953—54 пастаянны прадстаўнік СССР у ААН. Дзярж. абвінаваўца на многіх фальсіфікаваных працэсах 1930-х г. у СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Тэарэт. палажэнні, выкладзеныя ў яго работах (прызнанне абвінавачанага як гал. доказ віны), былі накіраваны на абгрунтаванне грубых парушэнняў законнасці, масавых рэпрэсій.

Літ.:

Инквизитор: Сталинский прокурор Вышинский. М., 1992.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (6.6.1880, г. Мазыр — 18.8.1956),

савецкі вучоны ў галіне механікі. Чл.-кар. АН СССР (1946), д-р тэхн. н., праф. (1920). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1943). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). У 1922—49 у ВНУ Масквы. Адначасова ў 1937—53 у Ін-це машыназнаўства. Навук. працы па тэорыі механізмаў, дастасоўнай механіцы, кінематычнай геаметрыі. Распрацаваў класіфікацыю механізмаў, тэорыю сферычных і складаных зубчастых механізмаў. Аўтар навуч. дапаможнікаў па матэматыцы, механіцы, тэорыі механізмаў і машын. Прэмія імя П.​Л.​Чабышова АН СССР (1946).

Тв.:

Теория механизмов. 2 изд. М., 1953.

Літ.:

Артоболевский И.И. Краткий очерк жизни и деятельности В.​В.​Добровольского // Тр. семинара по теории машин и механизмов. М.; Л., 1950. Т. 9, вып. 36.

А.​А.​Гусак.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНІЛЯКЕ́ВІЧ (Міхаіл Паўлавіч) (6.2.1887, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 11.8.1945),

дзяржаўны дзеяч БССР. У 1907—14 працаваў на з-дах Пецярбурга. За ўдзел у рэв. руху быў зняволены. З 1914 у арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917, адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Петраградзе. Удзельнічаў у баях супраць Каледзіна. З 1919 на парт. і прафс. рабоце ў БССР. З мая 1929 нарком працы БССР, у сак. 1931 — вер. 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1933 на парт. і прафс. рабоце ў РСФСР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—27, 1930—32, чл. ЦКК КП(б)Б у 1927—30, 1932—33 і яе Прэзідыума ў 1929—30, 1932—33. Чл. ЦВК БССР у 1922—33 і яго Прэзідыума ў 1933—33.

т. 5, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАВА (Леакадзія Ігнацьеўна) (8.3.1918, г. Саратаў, Расія — 18.6.1995),

расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. РСФСР (1961). Нар. арт. Расіі (1995). Скончыла Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1941), Кіеўскую кансерваторыю (1946). З 1944 салістка Укр. т-ра оперы і балета (Кіеў), у 1946—69 — Вял. т-ра ў Маскве. З 1976 выкладала ў Рас. акадэміі музыкі (з 1983 дацэнт). Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру, вял. муз. культурай, мастацтвам фразіроўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Даша («Варожая сіла» А.​Сярова), Вольга («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Графіня («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны). Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)