чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб.нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст. Аўтар філас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРАЎ (Мікалай Васілевіч) (1830, Масква — 16.5.1904),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл.Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.Р.Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.С.Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКІЯ́НЕ (грэч. Paulikianoi, ад імя апостала Паўла),
удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі. Засн. ў 1-й пал. 7 ст. ў Зах. Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэліг.-філас. дактрыну П. моцна паўплывалі маніхейства і маздакізм (гл.Маздакіцкі рух). Для веравучэння П. (канчаткова аформлена ў пач. 9 ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне 9 ст. П. пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на У Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў інш. раёны імперыі. У 872 візант. войскі разбілі П. каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія П. прымусова пераселены на Балканскі п-аў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ЦЫ ((Pemzzi) Бальдасарэ) (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),
італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св.Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЧЫШЧАЎ (Васіль Васілевіч) (1702—29.8.1736),
расійскі мараплавец. Са старадаўняга шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Маскоўскую школу матэм. і навігацыйных навук (1718). У 1733 лейтэнант і кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі па апісанні берагоў Паўн. Ледавітага ак. ад вусця р. Лена да вусця р. Енісей. У 1735 на парусна-вяслярнай дубель-шлюпцы «Якуцк» прайшоў па р. Лена з Якуцка да вусця, з правядзеннем інструментальнай здымкі гэтай ч. ракі. У 1736 даследаваў усх. бераг п-ва Таймыр і ўздоўж яго падняўся на Пн да 77°29′паўн. ш., адкрыў в-аўПятра і ўсх. групу а-воў Самуіла (цяпер — Камсамольскай Праўды). На зваротным шляху П. памёр ад цынгі. У плаваннях П. прымала ўдзел яго жонка Марыя Прончышчава — першая рас. палярная падарожніца. Імем П. названы ч.ўсх. берага п-ва Таймыр, краж паміж вусцем рэк Алянёк і Анабар. У гонар М.Прончышчавай — бухта ў м. Лапцевых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ВІЧ (Касьян) (свецкае імя Калікст; 1578?, в. Пацеліч Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 1647),
украінскі пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Скончыў Кракаўскую і Замойскую акадэміі. У 1620—24 выкладчык, потым рэктар Кіеўскай брацкай школы. За рэдагаванне і выданне «Апалогіі...» М.Сматрыцкага (1628, на польскай мове) пракляты кіеўскім правасл. саборам. У 1641 перайшоў з уніяцтва ў каталіцызм, быў прапаведнікам у Кракаве. Пісаў на польскай, стараж.бел. і ўкр. мовах. Аўтар філас. трактата «Арыстоцелевы праблемы» і царк.-багаслоўскіх твораў, накіраваных супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў: «Трактат пра душу» (1625), «Кіеўскі сабор...», «Пра мытарствы», «Дыялог, або Размова Мацка з Дзянісам, папом схізматыцкім» (усе 1641), «Перспектывы» (1642). З паэт. спадчыны зберагліся «Вершы на жалобнае пахаванне... Пятра Канашэвіча Сагайдачнага, гетмана войска... запарожскага» (1622, на ўкр. мове), у якіх аўтар апявае яго гераічнае жыццё.
Літ.: Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М, 1981; Wiszniewski M. Historya literatury polskiej. T. 8. Kraków, 1851; Siarczyński F. Obraz wieku panowania Zygmunla III... T. 2. Poznań, 1858.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАПА́ДСКІ (Іван Ільіч) (1645, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 14.7.1722),
украінскі дзярж. дзеяч. З 1674 на Левабярэжнай Украіне, у часы гетманства І.С.Мазепы (1687—1708) быў генеральным бунчужным з 1698, генеральным есаулам з 1701, старадубскім палкоўнікам (1706—08). У Паўночную вайну 1700—21, калі Мазепа з часткай укр.старшыны казацкай перайшоў на бок шведаў (1708), С. захаваў вернасць Расіі і на старшынскай нарадзе ў г. Глухаў (17.11.1708) паводле рэкамендацыі цара Пятра I выбраны гетманам Левабярэжнай Украіны (1708—22). Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. Найбуйнейшы землеўладальнік (валодаў больш як 20 тыс. двароў); праводзіў у інтарэсах старшыны далейшае запрыгоньванне ўкр. сялян (у т. л. забараніў сялянам скардзіцца на паноў), раздаваў укр. землі рус. памешчыкам. Фактычна С. дзейнічаў пад поўным кантролем царскіх улад. Яго спробы ўзмацніць самастойнасць укр. казацкай старшыны ў кіраванні Левабярэжнай Украінай былі беспаспяховымі. Адхіліўшы пратэсты С., які бараніў Сакавіцкія артыкулы 1654, Пётр I 27.5.1722 стварыў Маларасійскую калегію, якая абмежавала ўладу гетмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НЫ,
гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Ружанка. На скрыжаванні аўтам. дарог Пружаны—Слонім і Ваўкавыск—Косава. За 45 км ад г. Пружаны, 130 км ад Брэста і 38 км ад чыг. ст. Івацэвічы на лініі Баранавічы—Брэст. 3,4 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552. Належалі Тышкевічам. У 1598 Р. купіў канцлер ВКЛ Л.Сапега, які ўладкаваў там адну з гал. рэзідэнцый роду Сапегаў. Р. ўваходзілі ў Слонімскі пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. 20.6.1637 атрымалі магдэбургскае права і герб. У 17 ст. ў Р. больш за 400 дамоў, Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян, Ружанскі Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў, кляштар кармелітаў, палац Сапегаў, дзе зберагалася значная б-ка. У 1698 Р. разбураны ў час вайны Сапегаў са шляхтай ВКЛ. У 18 ст. архітэктар Я.С.Бекер перабудаваў палац (гл.Ружанскі палацавы комплекс), выканаў праекты новых пабудоў. У Р. дзейнічаў прыгонны тэатр, працавалі паперня, палатняныя мануфактуры, Ружанскія суконныя прадпрыемствы. вырабляліся дываны. З 1795 Р. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага пав. У 1831 за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31 Р. канфіскаваны і перададзены ў казну. У 19 ст. ў Р. 2 гарбарныя з-ды, палатняная і 3 суконныя ф-кі. У 1897 у Р. 5016 ж., 769 будынкаў, 5 дробных прадпрыемстваў, нар. вучылішча, у 1914—6815 ж., 26 прадпрыемстваў (341 рабочы), выраблялася ружанская кераміка. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 3622 ж. (1921). Дзейнічаў райком КПЗБ. З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Ружанскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 5491 чал., дзейнічаў падп. антыфашысцкі к-т. З 1962 у Пружанскім р-не.
Працуюць мэблевая ф-ка, вытворча-харчовы з-д, вытворча-гандлёвы камбінат; сярэдняя і муз. школы, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана; брацкая магіла сав. воінаў і Курган Славы (за 2 км ад Р. каля шашы на Ваўкавыск). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян, Троіцкі касцёл, Палацавы комплекс, сінагога (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА,
1) ранейшая назва тэрыторыі порта з верфямі, стапелямі, майстэрнямі, складамі, пад’язнымі шляхамі і інш. для рамонту і забеспячэння ваенных караблёў. У Расіі ў канцы 17 — пач. 19 ст.дзярж. адміралцействы былі ў Варонежы, Санкт-Пецярбургу (Галоўнае адміралцейства), Архангельску, Астрахані, Кранштаце, Севастопалі і Нікалаеве.
2) У Вялікабрытаніі вышэйшы орган кіравання ВМС, які адпавядае марскому мін-ву. Існаваў з 1690 як калегія з часовых членаў адміралцейства замест былога адзінаўладнага кіравання лорда вярхоўнага адмірала. З 1869 адміралцейства ўзначальвае першы лорд адміралцейства, ён жа марскі міністр, якому падначалены савет адміралцейства з вышэйшых марскіх афіцэраў.
3) Будынак у Санкт-Пецярбургу (кампазіцыйны цэнтр, да якога сыходзяцца тры гал. магістралі горада), выдатны твор архітэктуры рускага ампіру. Закладзены ў 1704 паводле задумы Пятра I як карабельная верф. Пазней перабудоўваўся рас. архітэктарамі І.К.Корабавым у 1727—38 і А.Дз.Захаравым у 1806—23. З 19 ст. тут размяшчаліся цэнтр. ўстановы Марскога мін-ва, пасля 1917 — установы ВМФ.
Да арт.Адміралцейства. Вежа Адміралцейства ў Санкт-Пецярбургу. 1806—23. Архітэктар А.Дз.Захараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДА,
1) у Стараж. Русі і іншых слав. краінах — начальнік княжацкай дружыны або кіраўнік народнага апалчэння. Згадваецца ў рус. летапісах з 10 ст. У канцы 15—17 ст. кожны з 5 асн. палкоў рус. войска меў аднаго ці некалькі ваявод. Вайсковая пасада ваяводы ліквідавана Пятром I на пач. 18 ст. 2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай — службовая асоба, кіраўнік мясц. адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі 1569 і ў сенаце Рэчы Паспалітай.
3) У Расійскай дзяржаве з сярэдзіны 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік вайск. і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце. Пасля рэформы Пятра I у 1719 ваявода — кіраўнік правінцыі. У 1775 правінцыі былі скасаваны, а разам з імі пасады ваявод захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губ. 4) У Польшчы, у т. л. і ў Зах. Беларусі, у 1920—39 — кіраўнік адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэр. самакіравання. У 1944 пасада ваяводы адноўлена і існавала ў Польшчы да 1950, адноўлена ў 1973.