БЕ́НІ (Beni),

рака ў Паўд. Амерыцы, у Балівіі, адзін з вытокаў р. Мадэйра (сістэма Амазонкі). Даўж. каля 1500 км, пл. бас. 850 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Кардыльеры-Рэаль (Цэнтр. Анды), перасякае высокія плато і хрыбты ў глыбокіх цяснінах з парогамі і вадаспадамі, у нізоўях па паўд.-зах. ускраіне Амазонскай нізіны ўтварае шмат меандраў. Буйны левы прыток Мадрэдэ-Дзьёс. Паводка са снеж. да мая. Сярэдні расход вады 6200 м³/с. Суднаходства ад. г. Рурэнабаке да вадаспадаў Эсперанса (29 км вышэй вусця).

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНЫ ПАЎВО́СТРАЎ (да 1961 Зямля Грэяма),

частка тэрыторыі Антарктыды, выцягнутая на Пн у напрамку Паўд. Амерыкі паміж морамі Уэдэла і Белінсгаўзена. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. Выш. да 4191 м. Цэнтральная ч. — ледавіковае плато выш. 1500—2000 м; на ўзбярэжжах горныя масівы, месцамі свабодныя ад лёду. Клімат антарктычны (пад уплывам акіяна менш суровы, чым на мацерыку). На паўн.-зах. узбярэжжы зрэдку трапляюцца каля 10 відаў дробных травяністых кветкавых раслін. На Антарктычным паўвостраве антарктычныя навук. станцыі Вялікабрытаніі, Аргенціны, Чылі.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКАГО́РНЫ КЛІ́МАТ,

разнавіднасць горнага клімату. Фарміруецца на вышыні больш за 2—3 тыс. м над узр. м. Характарызуецца паніжэннем (адносна нізін, раўнін і нізкіх гор) атм. ціску, т-ры і вільготнасці паветра, значнай чысцінёй атмасферы, павышэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, багатай на ультрафіялетавыя прамяні, і эфектыўнага выпрамянення. Амплітуда т-ры на працягу сутак памяншаецца на горных вяршынях, але павялічваецца на плато. Колькасць ападкаў, як правіла, з вышынёй памяншаецца, а на наветраных схілах павялічваецца. Высакагорны клімат спрыяльны для здароўя і лячэння некаторых хвароб чалавека.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСАНА ПУСТЫ́НЯ (Gibson Desert),

пустыня на З Аўстраліі, паміж. Вял. Пясчанай пустыняй на Пн і Вял. пустыняй Вікторыя на Пд. Пл. 240 км². Паверхня — друзаватае плато выш. 300—500 м, складзенае з дакембрыйскіх парод; на У — астанцавыя кражы з гранітаў і пясчанікаў выш. да 762 м, на З — саланчакі. Клімат трапічны пустынны. Ападкаў менш чым 250 мм за год. Рэдкія зараснікі хмызняковай акацыі і злака спініфекс. Пашавая жывёлагадоўля. Адкрыта ў 1873 англ. экспедыцыяй Э.​Джайлса. Названа імем загінуўшага ўдзельніка экспедыцыі А.​Гібсана.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НГА, Куангу (Kwango, Cuango),

рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Касаі (бас. р. Конга). Даўж. каля 1200 км, пл. бас. 263,5 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, цячэ на Пн у шырокай і глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады (Тваза, Франца-Іосіфа і інш.). Гал. прытокі — Вамба і Квілу (справа). Паводкі з вер. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 2700 м³/с. Рыбалоўства. Суднаходная ад парогаў Кінгушы да вусця (307 км) і часткова ў сярэднім цячэнні.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́МСКІЯ ГО́РЫ, плато Шылонг, Мегалая,

нагор’е на ПнУ Індыі. Даўж. каля 350 км, выш. да 1961 м. Зах. частка Асамскіх гор расчлянёна на групы невысокіх купалападобных узвышшаў і гор са спусцістымі вяршынямі і глыбока ўрэзанымі рачнымі далінамі. Усх. частка — пласкагор’е са стромкімі паўд. схіламі. Складзены пераважна з гнейсаў, крышталічных сланцаў, гранітаў; схілы моцна эрадзіраваны. Радовішчы каменнага вугалю. Асамскія горы — адно з самых вільготных месцаў на зямным шары (да 12 тыс. мм ападкаў за год у Чэрапунджы). Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя зараснікі. Чайныя і цытрусавыя плантацыі.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНД-КА́НЬЁН (Grand Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, штат Арызона. Засн. ў 1908, да 1919 — нац. помнік. Пл. 493 тыс. га. Створаны з мэтай аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання унікальнага прыроднага ўтварэння — цясніны р. Каларада працягласцю да 320 км, глыб. да 1800 м, выпрацаванай у тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў. На дне цясніны — тыповы пустынны мексіканскі ландшафт: разнастайныя кактусы, агавы, юкі; на плато Кайбаб — хвойныя лясы. У фауне 60 відаў млекакормячых (у т. л. занесеныя ў Міжнар. Чырв. Кнігу кайбабская белахвостая вавёрка), 100 відаў птушак, 25 відаў паўзуноў і земнаводных. Турызм.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБАДЖЫ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,

нізінная раўніна на Пд п-ва Індакітай, пераважна ў Камбоджы. Пл. каля 200 тыс. км². Сярэднія выш. каля 100 м. Абмежавана на З хр. Кравань, на Пн уступам плато Карат, на У гарамі Чыянгшон. Складзена з рыхлых алювіяльных і азёрных адкладаў р. Меконг і яе прытокаў. На К.р. знаходзіцца самае вялікае на п-ве Індакітай воз. Танлесап. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў ад 700 да 1500 мм за год. Пасля зведзеных лясоў пераважаюць рэдкалессі і саванны, месцамі лугі і балоты. Густа населена; развіта рысаводства.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАСІ́, Жэхэ,

нагор’е на ПнУ Кітая. Пл. каля 120 тыс. км². На ПнЗ — сістэма хвалістых плато і невысокіх масіваў выш. 500—1300 м, на ПдУ — скалістыя горы выш. 1000—1600 м, найб. — 2050 м (г. Улуншань). Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Радовішчы каменнага вугалю. Перадгор’і глыбока расчлянёныя далінамі рэк бас. Луаньхэ, Ляахэ і інш. У даліне р. Жэхэ (прыток Луаньхэ) гарачыя мінер. крыніцы. Стэп, месцамі зараснікі хмызнякоў і гаі з дубу, клёну, арэху. Даліны густа населены і апрацаваны (палі чумізы, гааляну; сады).

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГЫШЛА́К,

паўвостраў на ўсх. узбярэжжы Каспійскага м., у Казахстане. Удаецца ў мора прыблізна на 250 км. Асн. ч. — горы Мангістау (выш. да 556 м, г. Бесшокы); на Пд плато Мангышлак (выш. 200—275 м) з асобнымі саланчаковымі ўпадзінамі, днішчы якіх ляжаць ніжэй узр. мора (Карагіе, -132 м, і Каунды, -57 м); на Пн нізкая акумулятыўная раўніна п-ва Бузачы. Пераважаюць гліністыя, палыновыя, саланчаковыя, месцамі пясчаныя і камяністыя пустыні. Клімат кантынентальны, сухі. Ападкаў каля 160 мм за год. Расліннасць пустынная. Радовішчы нафты, газу, марганцу і фасфарытаў.

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)