СТАТУ́Т УНУ́ТРАНАЙ СЛУ́ЖБЫ Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь,

нарматыўна-прававы дакумент, які вызначае агульныя абавязкі ваеннаслужачых і ўзаемаадносіны паміж імі, правілы ўнутр. парадку ў часцях і падраздзяленнях, абавязкі службовых асоб, салдат і матросаў, размеркаванне часу, паўсядзённы парадак, нарады на ўнутр. службу, развод сутачнага нарада і яго абавязкі, размяшчэнне вайсковых часцей і падраздзяленняў у населеных пунктах і інш. Статут зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001); уведзены ў дзеянне замест часовага статута, прынятага ў 1997.

С.​М.​Абрамаў.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАФО́ІДА (ад грэч. strophos кручаная стужка + eidos выгляд),

алгебраічная крывая 3-га парадку. Апісваецца ўраўненнем у дэкартавых каардынатах: y​2 = x​2(a + x)/(a − x); сіметрычная адносна восі Ox; вяршыня ў пункце A(−a, 0) і вузлавы пункт у пачатку каардынат; мае асімптоты y = ±x. Уласцівасці С. даследаваў Э.​Тарычэлі (1645).

Графік страфоіды y​2 = x​2(a + x)/(a − x): прамая x = a — асімптота; пункцір — датычныя ў вузлавым пункце x = 0.

т. 15, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭПАНЕ́МА (Treponema),

род бактэрый сям. трэпанем парадку спірахет. Найб. вядомая Т. бледная, або спірахета бледная (T. pallidum) — узбуджальнік сіфілісу.

Даўж. Т. бледнай 4—14 мкм, дыяметр 0,2—0,5 мкм. Форма пераважна спіралепадобная з раўнамернымі завіткамі (колькасць завіткоў у час руху можа мяняцца). Рухаецца павольна з дапамогай фібрыл хвалепадобна, вярчэннем, паступальна. Анаэроб. Афарбоўваецца слаба (адсюль назва Т. бледнай). Размнажаецца папярочным дзяленнем. Гіне ад ультрафіялетавага святла. высушвання (т-ра больш за 48 °C), дэзінфіцыруючых рэчываў, антыбіётыкаў.

т. 16, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІЯ́ЦЫЯ (франц. filiation ад лац. filius сын),

у канстытуцыйным праве набыццё грамадзянства па нараджэнні. У парадку Ф. грамадзянства набываецца на аснове прынцыпаў «права крыві» або «права глебы». У першым выпадку дзіця набывае грамадзянства бацькоў незалежна ад месца нараджэння, у другім — дзіця становіцца грамадзянінам той дзяржавы, на тэрыторыі якой яно нарадзілася, незалежна ад грамадзянства бацькоў. Прынцып «права глебы» прымяняецца пераважна ў краінах Лац. Амерыкі. Найчасцей абодва прынцыпы ў пэўнай ступені спалучаюцца (напр., у Рэспубліцы Беларусь).

т. 16, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МАНА ГЕАМЕ́ТРЫЯ, эліптычная геаметрыя,

геаметрычная тэорыя, заснаваная на аксіёмах, патрабаванні якіх адрозныя ад патрабаванняў эўклідавай геаметрыі; адна з неэўклідавых геаметрый. Першае паведамленне аб Р.г. зроблена Г.Ф.Б.Рыманам у 1854 (апублікавана ў 1867).

Уласцівасці Р.г. — прамая не падзяляе плоскасць на 2 часткі (любыя 2 пункты плоскасці можна злучыць неперарыўнай крывой, якая ляжыць на плоскасці і не перасякае дадзеную прамую), сума вуглоў трохвугольніка большая за π і інш. Асн. аб’екты (элементы) трохмернай Р.г. — пункты, прамыя і плоскасці; асн. паняцці Р.г. — паняцці прыналежнасці (пункты прамой, пункты плоскасці), парадку (напр., пунктаў на прамой, прамых, што праходзяць праз зададзены пункт у дадзенай плоскасці) і кангруэнтнасці фігур. Патрабаванні прыналежнасці і парадку Р.г. супадаюць з патрабаваннямі аксіём праектыўнай геаметрыі. Р.г. адрозніваецца ад праектыўнай геаметрыі тым, што разглядае кангруэнтнасць фігур і вымярэнне геам. велічынь (даўжынь, вуглоў, плошчаў, аб’ёмаў).

У дачыненні да кангруэнтнасці патрабаванні аксіём Р.г. падобныя на патрабаванні адпаведных аксіём эўклідавай геаметрыі. Метрычныя ўласцівасці рыманавай плоскасці «ў малым» супадаюць з метрычнымі ўласцівасцямі звычайнай сферы. Мадэль плоскасці Рымана можна атрымаць «атаясамліваннем» дыяметральна процілеглых пунктаў звычайнай сферы (такія пункты разглядаюцца як 1 аб’ект — «пункт») і вял. кругоў сферы — як «прамых». Метрычныя ўласцівасці трохмернай прасторы Рымана «ў малым» супадаюць з метрычнымі ўласцівасцямі трохмернай сферы чатырохмернай эўклідавай прасторы.

В.​І.​Бернік.

т. 13, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШЭ́ЎСКІ (Olszewski) Кароль Станіслаў (29.1.1846, Бранішаў Тарноўскі, Польшча — 24.3.1915),

польскі фізік і хімік. Чл. Кракаўскай АН (1888). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1872). З 1876 праф. Кракаўскага ун-та. У 1883 разам з З.​Ф.​Урублеўскім упершыню атрымаў вадкі кісларод, у 1895 — вадкі аргон. Адыябатычным расшырэннем сціснутага і ахалоджанага вадароду дабіўся яго звадкавання. У 1896—1905 спрабаваў атрымаць вадкі гелій і дасягнуў пры гэтым т-ры парадку некалькіх кельвінаў. Даследаваў фіз. ўласцівасці кандэнсаваных газаў (метану, цвёрдага азоту і інш.).

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. appellatio зварот, скарга),

у праве многіх краін абскарджанне прыгавораў ці інш. суд. рашэнняў па крымін. і цывільных справах, якія не набылі законнай сілы. Апеляцыйны суд нанава даследуе сабраныя доказы па справе і мае права або зацвердзіць раней прынятае рашэнне, або вынесці новае. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае апеляцыі, а перагляд суд. рашэнняў (прыгавораў), якія не набылі законнай сілы, адбываецца ў касацыйным парадку (гл. Касацыя).

2) У пераносным сэнсе — просьба падтрымаць у чым-н.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́Н (араб., літар. чытанне),

галоўная свяшчэнная кніга мусульман; зборнік рэліг. догмаў, міфаў і прававых палажэнняў ісламу. Кананізаваны спіс К. складзены ў 7—8 ст., напісаны на араб. мове рыфмаванай прозай. Уключае 114 сур (раздзелаў), размешчаных у парадку памяншэння колькасці аятаў (вершаў), якіх 6625. Суры падзяляюцца на «мекканскія» і «медынскія». К. змяшчае заклінанні і праклёны, вял. запазычанні з даісламскіх культаў, стараж.-іудзейскай і хрысц. міфалогіі. К. з’яўляецца літ. помнікам і адной з найважнейшых крыніц мусульм. права — шарыяту.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,

орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),

аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)