ЖЭ́ЛЕЎ (Жэлю) (н. 3.3.1935, с. Весялінава Шуменскай акр., Балгарыя),
балгарскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф. Д-р філас. н. (1987). Скончыў Сафійскі ун-т. З 1960-х г. за ідэйна-паліт. пазіцыі праследаваўся ўладамі, выключаны з Балг. камуніст. партыі. Лідэр Саюза дэмакр. сіл (снеж. 1989 — жн. 1990). У 1990—96 прэзідэнт Балгарыі; праводзіў курс на дэкамунізацыю балг. грамадства. Аўтар прац «Фашызм» (1982, забаронена і канфіскавана з продажу і бібліятэк, зноў выдадзена ў 1990), «Рэальная фізічная прастора» (1989) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Фашизм: Тоталитар. государство. М., 1991.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ ((Kot) Станіслаў) (22.10.1885, в. Руда Падкарпацкага ваяв., Польшча — 26.12.1975),
польскі гісторык культуры, паліт. дзеяч. Чл. Польск. АН (1928). Вучыўся ў Львоўскім ун-це. У 1920—23 праф. Кракаўскага ун-та. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Стронніцтво людовэ». З 1939 у Францыі, блізкі супрацоўнік ген. У.Сікорскага. У 1941—42 пасол Польшчы ў СССР, у 1942—43 дзярж. міністр урада Польшчы на Б. Усходзе, у 1943 міністр інфармацыі, у 1945—49 пасол у Італіі. Застаўся ў эміграцыі. Даследаваў гісторыю паліт. і грамадскай думкі Рэчы Паспалітай, яе культ. сувязі з краінамі Еўропы.
т. 8, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́СТЭНСЕН ((Christensen) Енс Крысціян) (21.11.1856, Побёль, Данія — 19.12.1930),
дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1890—1924 дэп., у 1912—13 старшыня фолькетынга (парламента). У 1891—97 лідэр парламенцкай фракцыі партыі Венстрэ, у 1897—1908 старшыня гэтай партыі. З 1901 міністр культаў і асветы, у 1905—08 прэм’ер-міністр і ваен. міністр, у 1909 ваен. міністр. Урад К. надаў выбарчае права жанчынам, зменшыў мытныя стаўкі на імпартаваныя прадметы шырокага ўжытку, садзейнічаў узмацненню ўзбр. сіл. У 1916—18 міністр без партфеля, у 1920—22 міністр культаў. Пасля 1924 адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 8, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),
дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.В.Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.
Э.А.Ліпецкі.
т. 8, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВЕЛЕ́ ((Laveleye) Эміль Луі Віктор дэ) (5.4.1822—2.1.1892),
бельгійскі эканаміст і сацыёлаг. Вучыўся ў Лёвенскім і Генцкім ун-тах. З 1864 праф. палітэканоміі ў Льежскім ун-це. Падзяляў погляды аўстрыйскай школы і лічыў, што вартасць тавараў вызначаецца каштоўнасцю і рэдкасцю, а цана — попытам і прапанаваннем; цэнтр. месца адводзіў паліт. ладу, выступаў за ўмяшанне дзяржавы ў паліт. жыццё, але супраць сацыяліст. ідэі ўсебаковага рэгулявання гаспадаркі. Ідэалам грамадскага жыцця лічыў саюз «свабодных» «самакіравальных абшчын», дэцэнтралізацыю. У сваёй асн. працы «Уласнасць і яе першабытныя формы» (1874) даў гіст.-этналагічны аналіз прыватнай уласнасці.
т. 9, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 2.10.1990 у Мінску на бел. і рус. мовах штодзённа. Заснавальнік — адкрытае акц. т-ва «Народная газета». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., міжнар. жыцця, праблемы эканомікі, культуры, навукі, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Шмат увагі аддае пытанням маралі і права, адносінам чалавека і грамадства. Публікуе заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па пытаннях эканомікі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, спорце і інш. Дае магчымасць выказацца людзям розных паліт. поглядаў, перакананняў. Шырока выкарыстоўвае лісты чытачоў, пазаштатных аўтараў.
А.А.Юдчыц.
т. 11, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЕРЭ́РЭ ((Nyerere) Джуліус Камбараджэ) (1922, Бутыяма, Танзанія — 14.10.1999),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Танзаніі. Скончыў каледж Макерэрэ (Уганда) і Эдынбургскі ун-т. З 1946 настаўнічаў. Заснавальнік Афр. нац. саюза Танганьікі (ТАНУ), яго старшыня ў 1954—77. У 1977—90 прэзідэнт Рэв. партыі (створана ў выніку аб’яднання ТАНУ і партыі Афра-шыразі). З 1958 чл. Заканад. сходу Танганьікі, з 1960 гал. міністр, у 1961—62 прэм’ер-міністр, з 1962 прэзідэнт Танганьікі. У 1964—85 прэзідэнт Аб’яднанай Рэспублікі Танзанія. У 1990 адышоў ад паліт. дзейнасці. Тэарэтык афр. сацыялізму паводле кіт. мадэлі.
т. 11, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́МЛАДЗІНА»
(сербскае моладзь),
«Аб’яднанне сербскай моладзі», культурна-асветніцкая і грамадска-паліт. арг-цыя ў Сербіі і Ваяводзіне (уваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі) у 1866—72. Аб’яднала культ.-асв. гурткі студэнтаў і інтэлігенцыі і абвясціла сябе прадстаўнічым органам усіх паўд.-слав. народаў; падтрымлівала кантакты з балг. нац.-вызв. рухам, культ. дзеячамі Чэхіі, Славакіі, Расіі. З 1870 у складзе «О.» аформілася рэв.-дэмакр. плынь на чале з С.Маркавічам, якая імкнулася ператварыць «О.» ў рэв. паліт. партыю. У 1871 «О.» забаронена ўладамі Сербіі і Аўстра-Венгрыі, але яшчэ некаторы час існавала тайна.
т. 11, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБО́ ((Rambaud) Альфрэд) (2.7.1842, г. Безансон, Францыя — 10.11.1905),
французскі гісторык, дзярж. дзеяч. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1897), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1864). З 1881 праф. Сарбоны. У 1895—1903 сенатар, у 1896—98 міністр нар. адукацыі. Даследаваў паліт. гісторыю (у асн. Візантыі, Расіі, Германіі) і гісторыю міжнар. адносін. Прыхільнік франка-рус. збліжэння і актывізацыі Францыі ў сферы каланіяльнай палітыкі. Рэдактар (разам з Э.Лавісам) шматтомнай калект. працы «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901).
т. 13, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРАСІГНАТУ́РА, контрасігнацыя (ад контра... + signare падпісваць),
форма замацавання акта кіраўніка дзяржавы подпісам міністра, якая азначае, што юрыд. і паліт. адказнасць за дадзены акт нясе міністр.
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)