«БЕЛДЗІПРАБУДМАТЭРЫЯ́ЛЫ», Дзяржаўнае прадпрыемства «Белдзіпрабудматэрыялы» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у Мінску як Бел. дзярж. ін-т па праектаванні прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў («Белдзіпрабудматэрыялы») на базе Мінскага аддз. Усесаюзнага ін-та «Саюздзіпрабудматэрыялы». З ліп. 1995 сучасная назва. Галаўны ін-т па праектаванні, рэканструкцыі і тэхн. перааснашчэнні прадпрыемстваў будматэрыялаў. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі для вытворчасці нестандартызаванага абсталявання, тэхн. мерапрыемстваў па змяншэнні страт паліва, электраэнергіі і зніжэнні выкідаў у навакольнае асяроддзе.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́ТНЫ КАПІТА́Л,

частка пастаяннага прадукцыйнага капіталу, вартасць якога ў працэсе яго вытв. расходавання цалкам пераносіцца на прадукт і цалкам вяртаецца да прадпрымальніка ў грашовай форме ў канцы кожнага кругаабароту капіталу. Да абаротнага капіталу адносіцца капітал, авансаваны на куплю сыравіны, паліва, дапаможных матэрыялаў і інш. прадметаў працы, а таксама пераменны капітал. Абаротны капітал абарачаецца хутчэй за асноўны капітал. Чым большая доля абаротнага капіталу ў авансаваным капітале, тым меншы час абароту ўсяго капіталу і большы прыбытак.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГЕ́ННЫ РЭА́КТАР,

від ядзернага рэактара, у якім ядзернае паліва аддзелена ад інш. элементаў і матэрыялаў актыўнай зоны. Блокі з ядз. палівам у выглядзе стрыжняў (цеплавыдзяляльныя элементы) размешчаны ў паліўных каналах, што ахалоджваюцца цепланосьбітам, і ўтвараюць правільную прасторавую рашотку (найб. пашыраныя гетэрагенныя рэактары). У параўнанні з гамагеннымі рэактарамі ў гетэрагенным рэактары на прыродным або слабаабагачаным уране значна лепш выкарыстоўваюцца нейтроны (у працэсе дзялення) і меншыя іх страты ў працэсе запавольвання. Найб. пашыраныя ў сучаснай ядз. тэхніцы.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

запасы сыравіны і матэрыялаў, паліва, некат. відаў машын і абсталявання, зерня і інш. прадуктовых тавараў, якія ствараюцца і планамерна папаўняюцца дзяржавай, неабходныя для бесперабойнага функцыянавання эканомікі на выпадак стыхійных бедстваў, патрэб абароны і інш., для пераадолення дыспрапорцый, якія могуць узнікнуць у ходзе развіцця нар. гаспадаркі. Дз. р. Рэспублікі Беларусь складаюць асобы цэнтралізаваны фонд дзяржавы, які пастаянна абнаўляецца. Расходаванне Дз.р. дапускаецца ў выключных выпадках толькі па спец. пастановах і распараджэннях урада.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАСХО́ВІШЧА,

рэзервуар ці сістэма рэзервуараў для захоўвання нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.). Бываюць: наземныя, паўпадземныя і падземныя; стальныя, жалезабетонныя і пластмасавыя; цыліндрычныя (верт. і гарыз.), сферычныя, прамавугольныя і кроплепадобныя. Абсталёўваюцца люкамі (для агляду, праветрывання і інш.), проціпажарнымі прыстасаваннямі, засцерагальнымі клапанамі, прыладамі дыстанцыйнага кіравання напаўненнем і апаражненнем і інш. Найб. пашыраны наземныя стальныя і падземныя жалезабетонныя. Ёмістасць пераважна 100—1000 м³, часам да 50—100 тыс. м³.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДМАСКО́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН Складаецца з больш як 90 радовішчаў у Наўгародскай, Цвярской, Смаленскай, Калужскай, Тульскай і Разанскай абл. Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Вуглі выяўлены ў 1722, здабываюцца з 1855. Балансавыя запасы да глыб. 200 м — 4,1 млрд. т. Вугляносная тоўшча ніжняга карбону (магутнасць да 50 м) мае 4 прамысл. пласты (магутнасць 1,4—12 м) бурага вугалю (тэхн. група В-2). Цеплыня згарання на рабочае паліва 11,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабам.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЖА (франц. barge),

пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТА́НЫ,

насычаныя вуглевадароды агульнай формулы C4H10. Існуюць 2 ізамеры: нармальны бутан CH3(CH2)2CH3 (tкіп -0,5 °C) і ізабутан (CH3)3CH (tкіп -11,7 °C).

Бясколерныя газы, раствараюцца ў арган. растваральніках, не раствараюцца ў вадзе, сумесі з паветрам (1,5—8,5% бутаны) выбухованебяспечныя. Змяшчаюцца ў нафтавых і прыродных газах і ў газах нафтаперапрацоўкі. З нармальнага бутану атрымліваюць бутадыен, ізабутану — ізабутылен, неагексан і ізаактан. Сумесь бутану з прапанам выкарыстоўваецца як паліва. Аказваюць слабае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 300 мг/м³.

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯ́НЫ ВУ́ГАЛЬ,

сітаваты высокавугляродзісты прадукт піролізу драўніны. З 1 м³ сыравіны атрымліваюць 140—180 кг Д.в., шчыльнасць якога залежыць ад віду драўніны: найменшая 260 кг/м³ (елка), найб. 380 кг/м³ (бяроза). Яго элементны склад вызначаецца т-рай піролізу, напр., прамысл. Д.в. (піроліз пры 450—550 °C) мае 80—92% вугляроду, 4—4,8% вадароду, 5—15% кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці актыўнага вугалю, крышт. крэмнію, серавадароду, як паліва ў побыце (цеплата згарання 30—35 МДж/кг).

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНА-РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,

камбінаваны рэактыўны рухавік, у якім спалучаюцца рабочыя цыклы паветрана-рэактыўнага рухавіка і ракетнага рухавіка. Бываюць ракетна-праматочныя, у якіх ажыццяўляюцца цыклы праматочнага паветрана-рэактыўнага рухавіка і вадкаснага ракетнага рухавіка, і ракетна-турбінныя, у якіх ажыццяўляюцца цыклы турбарэактыўнага і вадкаснага ракетнага рухавіка. Могуць выкарыстоўвацца для паветрана-касм. лятальных апаратаў.

Схемы паветрана-ракетных рухавікоў: а — ракетна-праматочнага; б — ракетна-турбіннага; 1 — паветразаборнік; 2 — камера згарання; 3 — сапло; 4 — фарсункі ўпырсквання дадатковага паліва; 5 — кампрэсар; 6 — турбіна.

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)